АПТЫ́ЧНЫ РЭЗАНА́ТАР,

сістэма люстраных адбівальных паверхняў, у якой узбуджаюцца і падтрымліваюцца стаячыя ці бягучыя электрамагнітныя хвалі аптычнага дыяпазону. У адрозненне ад аб’ёмнага рэзанатара аптычны з’яўляецца адкрытым (няма бакавых сценак). Аптычны рэзанатар — адзін з важнейшых элементаў лазера. Асн. характарыстыка аптычнага рэзанатара — дыхтоўнасць (вызначае страты светлавой энергіі і характарызуе рэзанансныя ўласцівасці).

Прасцейшы аптычны рэзанатар — інтэрферометр Фабры—Перо, які складаецца з 2 плоскіх строга паралельных люстэркаў, што знаходзяцца на адлегласці L, значна большай за даўжыню хвалі λ. Калі паміж люстэркамі ўздоўж восі рэзанатара распаўсюджваецца плоская светлавая хваля, то ў выніку адбіцця ад люстэркаў і інтэрферэнцыі адбітых хваляў утвараецца стаячая хваля. Умова рэзанансу: L = q∙λ/2. дзе q — падоўжны індэкс ваганняў (колькасць паўхваляў, што ўкладаюцца ўздоўж восі аптычнага рэзанатара). У лазернай тэхніцы выкарыстоўваюцца канфакальныя рэзанатары, утвораныя сферычнымі люстэркамі, якія разнесены на адлегласць, роўную радыусу іх крывізны, а таксама кальцавыя аптычныя рэзанатары, што складаюцца з 3 і болей плоскіх або сферычных люстэркаў. У аптычным рэзанатары са сферычнымі люстэркамі ўзбуджаюцца таксама незалежныя бягучыя насустрач адна адной хвалі.

Літ.:

Ананьев Ю.А. Оптические резонаторы и проблема расходимости лазерного излучения. М., 1979.

В.​В.​Валяўка.

Схема аптычнага рэзанатара.
Віды аптычных рэзанатараў: 1 — плоскі лінейны; 2 — сферычны лінейны; 3 — плоскі кальцавы; 4 — сферычны кальцавы.

т. 1, с. 439

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ІНДУ́КЦЫЯ ў фізіялогіі,

дынамічнае ўзаемадзеянне нервовых працэсаў узбуджэння і тармажэння. Выражаецца ў тым, што тармажэнне ў групе нерв. клетак выклікае ўзбуджэнне (станоўчая І.) і, наадварот, калі першаснае ўзбуджэнне індуцыруе тармажэнне (адмоўная І.). Мае 2 формы: адначасовую, калі ўзбуджэнне ў адным участку мозга выклікае тармажэнне ў суседніх і наадварот; паслядоўную, калі змена адносін праходзіць з цягам часу. Характэрна для ўсіх аддзелаў нерв. сістэмы. Абмяжоўвае распаўсюджванне нерв. працэсаў і спрыяе іх канцэнтрацыі. Прыклад адмоўнай І.: моцнае раздражненне слыхавога цэнтра (напр., рэзкі званок) выклікае тармажэнне ў харчовым, бо спыняецца слінавыдзяленне. У эмбрыялогіі І. — уздзеянне адных частак (індуктараў) зародка, які развіваецца, на другія яго часткі (сістэмы, якія рэагуюць). Адкрыта ням. эмбрыёлагам Г.​Шпеманам (1901). Адбываецца пры кантакце і вызначае напрамак развіцця сістэмы, якая рэагуе, гоматыпічны, калі дыферэнцыроўка падобна індуктару, і гетэратыпічны, калі адрозніваецца ад яго. Пашырана сярод хордавых і многіх беспазваночных жывёл. Ажыццяўляецца пры ўмове, што клеткі сістэмы, якая рэагуе, здольны ўспрымаць індуцыраваны стымул і адказваць на яго стварэннем адпаведных структур. Тэрмінам «І.» вызначаюць таксама больш шырокі круг з’яў у індывід. развіцці жывёл і раслін: дыферэнцыроўка другасных палавых прыкмет, лінька лічынак насякомых, дыферэнцыроўка і рост раслін фітагармонамі, святлом, т-рай і інш.

А.​С.​Леанцюк.

т. 7, с. 236

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАЛІ́БР (франц. calibre ад араб. форма),

1) К. зброі — адна з асн. велічынь, якая вызначае яе магутнасць. К. агнястрэльнай зброі — дыяметр канала ствала (у наразной зброі ў краінах СНД і інш. — адлегласць паміж процілеглымі выступамі нарэзаў, у ЗША, Вялікабрытаніі і інш. — паміж паглыбленнямі нарэзаў), а таксама найб. дыяметр снарада (міны, кулі). К. вызначаюць: у дзюймах (25,4 мм), лініях (2,54 мм) і міліметрах, часам у сотых (ЗША) або тысячных (Вялікабрытанія) долях дзюйма (напр., .22 азначае 5,6 мм). К. авіяц. бомбы — яе маса ў кілаграмах; К. паляўнічага ружжа — лік шаравых куль, адлітых з 1 англ. фунта (453,6 г) свінцу і ўкладзеных у адзін рад у канал ствала.

2) К. у метралогіі — бясшкальны вымяральны інструмент для кантролю памераў, формы і размяшчэння паверхняў дэталей. Бываюць гранічныя (для праверкі найбольшых і найменшых дапушчальных памераў гладкіх цыліндрычных, конусных, разьбовых і шліцавых паверхняў) і нармальныя, або шаблоны (для кантролю складаных профіляў).

3) К. у пракатнай вытворчасці — профіль адтуліны, утворанай выразамі (ручаямі) двух спалучаных валкаў пракатных. Прапусканнем праз такі К. надаюць металу, які пракатваецца, патрэбную форму і памеры.

У.​М.​Сацута.

Калібры: 1, 2 — гранічныя для праверкі гладкіх і разьбовых адтулін; 3 — калібр-скаба для праверкі гладкіх валоў; 4 — профільны.

т. 7, с. 463

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СЯЧЭ́ННЕ рассеяння ў квантавай механіцы,

фізічная велічыня, што характарызуе імавернасць пераходу сістэмы дзвюх сутыкняльных часціц у пэўны канечны стан у выніку пругкага ці няпругкага рассеяння, напр., пучка часціц на нерухомай мішэні. Выражаецца формулай: dσ = dN/nv, дзе dN — лік такіх пераходаў за адзінку часу: n — канцэнтрацыя часціц, якія па даюць на мішэнь, v — іх скорасць.

У прасцейшым выпадку вызначае памеры плошчы, пры праходжанні праз якую часціца рассейваецца (гл. Рассеянне мікрачасціц). Пругкае рассеянне часціц характарызуюць дыферэнцыяльным С. dσ/dΩ, дзе dΩ — элемент цялеснага вугла, у які рассейваюцца часціцы і поўным пругкім С. σ, роўным інтэгралу дыферэнцыяльнага С., узятаму па поўным цялесным вугле. У фізіцы элементарных часціц эфектыўнае С. (С. рэакцыі) характарызуе працэсы іх узаемадзеяння (рассеянне, распад анігіляцыю, мноствавае нараджэнне часціц і інш.). Эксперыментальныя вымярэнні С. даюць звесткі аб структуры сутыкняльных часціц. Напр., вымярэнні пругкага рассеяння альфа-часціц атамамі рэчыва дазволілі адкрыць атамнае ядро, а пругкага рассеяння электронаў нуклонамі — вызначыць радыусы нуклонаў і размеркаванне ў іх эл. зараду магн. моманту (эл.-магн. формфактар). Паняццем С. карыстаюцца таксама ў кінетычных ураўненнях. што апісваюць нераўнаважныя працэсы ў статыст. фізіцы і фіз. кінетыцы.

А.​А.​Бом.

т. 15, с. 364

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ТЭМПЕРАТУ́РА ПАВЕ́ТРА,

найважнейшы элемент надвор’я і клімату, які характарызуе цеплавы рэжым атмасферы. Вызначае ўмовы развіцця дзікарослай і культ. расліннасці, жывёльнага свету, уплывае на самаадчуванне чалавека. Ад Т.п. залежаць колькасць вільгаці ў паветры і выпарэнне яе з паверхні водных аб’ектаў і глебы. Для назіранняў за Т.п. каля зямной паверхні выкарыстоўваюцца тэрмометры і тэрмографы, у верхніх слаях атмасферы — метэарографы і радыёзонды. Да характарыстык тэмпературнага рэжыму адносяцца сярэднія, макс. і мінім. т-ры за суткі, месяц, год, шматгадовы перыяд, паўтаральнасць і даты надыходу розных значэнняў т-ры, амплітуды за пэўны перыяд і інш. На зямной паверхні Т.п. размяркоўваецца занальна і паніжаецца ад экватара да полюсаў, а таксама з падняццем уверх; часам назіраецца інверсія тэмпературы. Сярэдняя гадавая Т.п. Зямлі 14 °C, абс. максімум 57,8 °C (Эль-Азізія ў Лівіі), абс. мінімум -89,2 °C (станцыя «Усход» у Антарктыдзе). Сярэдняя гадавая Т.п. на Беларусі 5,8 °C, абс. максімум 38 °C, мінімум -41 °C. У самым цёплым месяцы — ліп. — сярэдняя месячная т-ра павялічваецца з ПнЗ на ПдУ ад 17,5 °C да 18,5 °C, у самым халодным — студз. — паніжаецца з ПдЗ на ПнУ ад -4,5 °C да -8 °C.

т. 16, с. 125

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЦЫРКУЛЯ́ЦЫЯ АТМАСФЕ́РЫ, агульная цыркуляцыя атмасферы,

планетарная сістэма паветраных плыняў над зямным шарам, у выніку якой ажыццяўляецца абмен паветраных мас у гарыз. і верт. напрамках, найб. важны кліматаўтваральны працэс, які забяспечвае цепла- і вільгацезварот на Зямлі, вызначае характар надвор’я. Ц.а. абумоўлена нераўнамерным размеркаваннем т-ры паветра і атм. ціску, адхіляючай сілай вярчэння Зямлі (Карыяліса сіла) і трэннем. У трапасферы да ўстойлівых паветр. плыней належаць пасаты, мусоны, паветраныя плыні, звязаныя з цыклонамі і антыцыклонамі, мясцовыя вятры; у верхняй трапасферы і ніжняй стратасферы — струменныя плыні. Над зямным шарам сфарміраваліся 3 цыркуляцыйныя сістэмы ўсх. плыняў (трапічная і 2 палярныя) і 2 сістэмы зах. плыняў умераных шырот. Для ўмераных і палярных шырот характэрна актыўная цыкланічная дзейнасць, якая развіваецца на арктычным і ўмераным франтах. Трапічныя шыроты ахоплены ўстойлівымі ўсх. плынямі — пасатамі, што рухаюцца ад тропікаў з высокім атм. ціскам да экватара з нізкім атм. ціскам. На ўсх. узбярэжжы мацерыкоў і ўнутры тропікаў узнікае мусонная цыркуляцыя — сезонныя плыні, якія змяняюць напрамак на супрацьлеглы — ад зімы да лета і наадварот. У межах агульнай Ц.а. ўзнікаюць мясц. вятры: брызы, горна-далінныя, бара, фён і інш. Тэр. Беларусі знаходзіцца пад пераважным уплывам заходняга пераносу паветраных мас умераных шырот.

П.​А.​Каўрыга.

т. 17, с. 151

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПРЫРОДАРЭСУРСНАЕ ЗАКАНАДАЎСТВА.

Вызначае парадак выкарыстання і аховы асобных прыродных аб’ектаў і ўключае асобныя галіны адпаведнага заканадаўства — зямельнае, лясное, воднае, аб нетрах, аб раслінным свеце, аб жывёльным свеце, аб атмасферным паветры. Галіновае прыродарэсурснае заканадаўства заснавана на канстытуцыйным прызнанні нетраў, вод, лясоў выключнай уласнасцю дзяржавы, дзярж. і прыватнай уласнасці на зямлю, а таксама на агульных нормах і прынцыпах экалагічнага заканадаўства.

Зямельнае заканадаўства. Асн. заканад. актам, у якім сістэматызаваны нормы зямельнага права, з’яўляецца Кодэкс Рэспублікі Беларусь аб зямлі ад 4.1.1999. Кодэкс рэгулюе пытанні (кампетэнцыя дзярж. органаў, кіраванне, права на зямлю, ахова зямель), змяшчае нормы, прысвечаныя выкарыстанню і ахове асобных катэгорый і відаў зямель. Да актаў зямельнага заканадаўства належаць Закон Рэспублікі Беларусь «Аб плацяжах за зямлю» ад 18.12.1991, нарматыўныя акты Прэзідэнта, пастановы Савета Міністраў, Камітэта па зямельных рэсурсах, геадэзіі і картаграфіі пры Савеце Міністраў, Міністэрства прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя Рэспублікі Беларусь, ведамасныя нарматыўныя прававыя акты, якія выдаюцца адносна асобных катэгорый і груп зямель, акты мясц. Саветаў дэпутатаў, выканаўчых і распарадчых органаў.

Заканадаўства аб нетрах складаецца з Кодэкса Рэспублікі Беларусь аб нетрах ад 15.12.1997, інш. актаў заканадаўства, выдадзеных у яго развіццё Саветам Міністраў, Міністэрствам прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя, Дэпартаментам па наглядзе за бяспечным вядзеннем работ у прамысловасці і атамнай энергетыцы Міністэрства па надзвычайных сітуацыях Рэспублікі Беларусь, інш. органамі ў межах іх кампетэнцыі. Нормы заканадаўства аб нетрах замацоўваюць: права дзярж. уласнасці на нетры; паўнамоцтвы дзяржавы па рэгуляванні адносін нетракарыстання і аховы нетраў (вядзенне дзярж. геалагічнага фонду, кадастру нетраў, балансаў запасаў карысных выкапняў, участкаў нетраў для мэт, не звязаных са здабычай карысных выкапняў; спісанне запасаў карысных выкапняў; дзярж. кантроль за вядзеннем работ па геал. вывучэнні нетраў, іх рацыянальным выкарыстаннем і аховай; нагляд за бяспечным вядзеннем работ, звязаных з карыстаннем нетрамі; ліцэнзаванне і выдача інш. дазвольных дакументаў); рэгулююць адносіны, якія ўзнікаюць у сувязі з геал. вывучэннем, карыстаннем і аховай нетраў; адказнасць за парушэнне заканадаўства аб нетрах.

Да спец. актаў воднага заканадаўства адносіцца Водны кодэкс ад 15.7.1998, нормы якога канкрэтызуюцца ў актах Савета Міністраў, Міністэрства прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя Рэспублікі Беларусь і інш. дзярж. органаў. Вызначае прававыя асновы: уласнасці на воды (водныя аб’екты); дзярж. кіравання ў галіне выкарыстання і аховы вод (стандартызацыя і нарміраванне, кантроль за выкарыстаннем і аховай вод, маніторынг вод, дзярж. ўлік вод і іх выкарыстання, дзярж. водны кадастр); эканам. механізму рацыянальнага выкарыстання і аховы вод; водакарыстання; аховы вод (водных аб’ектаў) ад забруджвання, засмечвання, высільвання; адказнасці за парушэнне воднага заканадаўства.

Гал. актам ляснога заканадаўства з’яўляецца Лясны кодэкс ад 14.7.2000, які вызначае прававыя асновы рацыянальнага выкарыстання, аховы, абароны, аднаўлення лясоў, павышэння іх экалагічнага і рэсурснага патэнцыялу. Нормы, якія рэгулююць лясныя праваадносіны, змяшчаюцца таксама ў нарматыўных прававых актах Савета Міністраў, Міністэрства лясной гаспадаркі Рэспублікі Беларусь, інш. органаў дзярж. кіравання. Лясное заканадаўства рэгулюе: адносіны ўласнасці на лясы; дзярж. кіраванне лясамі (улік ляснога фонду і вядзенне дзярж. ляснога кадастру, планаванне выкарыстання лясоў, лесаўпарадкаванне, кантроль, ліцэнзаванне, вырашэнне спрэчак аб лесакарыстанні); вядзенне лясной гаспадаркі; лесакарыстанне; аднаўленне лясоў і лесаразвядзенне; ахову і абарону лясоў; адказнасць за лесапарушэнні.

Заканадаўства аб раслінным свеце рэгулюе адносіны ў галіне аховы, выкарыстання, аднаўлення дзікарослых нелясных раслін. Адпаведныя прававыя нормы змешчаны ў Законе «Аб раслінным свеце» ад 14.6.2003, які рэгулюе пытанні прававой аховы рэдкіх і знікаючых раслін, аховы зялёных насаджэнняў, што не ўваходзяць у лясны фонд, нарыхтоўкі дзікарослай расліннай прадукцыі.

Заканадаўства аб жывёльным свеце складаецца з Закона «Аб ахове і выкарыстанні жывёльнага свету» ад 19.9.1996, актаў Савета Міністраў, Міністэрства прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя Рэспублікі Беларусь і інш. дзярж. органаў. Закон рэгулюе: адносіны ўласнасці на жывёльны свет; кіраванне (дзярж. экалагічная экспертыза праектаў будаўніцтва аб’ектаў, якія могуць паўплываць на стан жывёльнага свету, праектаў уладкавання паляўнічых і рыбалоўных угоддзяў, акліматызацыі і гібрыдызацыі; дзярж. ўлік жывёлы і аб’ёмаў іх выкарыстання, дзярж. кадастр і маніторынг жывёльнага свету; ліцэнзаванне); ахову жывёльнага свету; ажыццяўленне розных відаў карыстання жывёльным светам; адказнасць за парушэнне заканадаўства аб жывёльным свеце.

Заканадаўства аб атмасферным паветры складаецца з Закона «Аб ахове атмасфернага паветра» ад 15.4.1997, актаў Савета Міністраў і Міністэрства прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя Рэспублікі Беларусь, заканадаўства аб ахове азонавага слоя, аснова якога — Закон «Аб ахове азонавага слоя» ад 12.11.2001. Вызначае прававыя асновы кіравання, нарміравання якасці атмасфернага паветра, аховы і забеспячэння яго рацыянальнага выкарыстання для вытв. патрэб, эканам. механізму аховы атмасфернага паветра, вырашэння спрэчак і адказнасці за парушэнне заканадаўства аб ахове атмасфернага паветра.

Літ.:

Бобылев А.И., Демичев Д.М., Шингель Н.А. Правовой режим использования и охраны природных объектов и природных ресурсов. Мн., 1992;

Мороз Л.Н. Недра в Республике Беларусь: Проблемы правового регулирования, использования и охраны. Мн., 1995;

Зайчук Г.И. Животный мир: правовые проблемы использования и охраны. Мн., 2003;

Станкевич Н.Г. Земельное право. Мн., 2003.

І.​С.​Шахрай.

т. 18, кн. 2, с. 132

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГЕН (ад грэч. genos род, паходжанне), спадчынны фактар,

структурна-функцыянальная адзінка генетычнага матэрыялу, адказная за фарміраванне якой-небудзь элементарнай прыкметы. З дапамогай гена адбываецца запіс, захаванне і перадача генетычнай інфармацыі. Умоўна ген можна ўявіць як адрэзак малекулы ДНК (у некаторых вірусаў і фагаў — малекулы РНК), які ўключае нуклеапратэідную паслядоўнасць з закадзіраванай у ёй першаснай структурай поліпептыду (бялку) або малекулы транспартнай ці рыбасомнай РНК, сінтэз якіх кантралюецца гэтым генам. У вышэйшых арганізмаў (эўкарыёт) ген знаходзіцца ў храмасомах і ў арганелах цытаплазмы (мітахондрыях, хларапластах і інш.); кожны з іх займае ў храмасоме дакладнае месца — локус. Сукупнасць усіх генаў арганізма складае яго генатып. Кожны ген, які ўключае ад некалькіх соцень да 1500 нуклеатыдаў, адказны за сінтэз пэўнага бялку (поліпептыднага ланцуга), ферменту і г.д. Кантралюючы іх утварэнне, ген кіруе ўсімі хім. рэакцыямі арганізма і тым самым вызначае яго прыкметы (гл. Генетычны код).

Дыскрэтныя спадчынныя задаткі адкрыў у 1865 Г.Мендэль, у 1909 В.Іагансен назваў іх генам. У 1911 Т.Морган і яго супрацоўнікі даказалі, што ген з’яўляецца ўчасткам храмасомы, склалі першыя храмасомныя карты, на якіх пазначылі размяшчэнне асобных генаў на храмасомах (гл. Генетычная карта храмасом). Адрозніваюць гены: структурныя, што нясуць інфармацыю пра паслядоўнасць амінакіслот у поліпептыдзе, і рэгулятарныя (кантралююць і рэгулююць дзейнасць структурных генаў); алельныя і неалельныя (гл. Алелі); паводле лакалізацыі на храмасоме аўтасомныя (гл. Аўтасомы) і счэпленыя з полам (гл. Палавыя храмасомы). Важная ўласцівасць генаў — спалучэнне іх высокай устойлівасці (нязменнасці ў шэрагу пакаленняў) са здольнасцю да мутацый, якія служаць асновай зменлівасці арганізмаў, што дае матэрыял для натуральнага адбору; у чалавека зрэдку прыводзіць да генных хвароб (гл. Спадчынныя хваробы). Распрацаваны метады выдзялення, сінтэзу і кланавання (размнажэння) генаў. Створаны банк генаў для розных груп арганізмаў.

А.​Г.​Купцова.

т. 5, с. 149

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАНСТЫТУ́ЦЫЯ (ад лац. constitutio устанаўленне, пабудова),

асноўны закон дзяржавы, які вызначае грамадскі і дзярж. лад, парадак і прынцыпы ўтварэння прадстаўнічых органаў улады, выбарчую сістэму, правы і абавязкі грамадзян; аснова заканадаўства дзяржавы. У матэрыяльным сэнсе К. — пісаны акт, сукупнасць актаў або канстытуцыйных звычаяў, якія перш за ўсё абвяшчаюць і гарантуюць правы і свабоды чалавека і грамадзяніна, а таксама вызначаюць асновы грамадскага ладу, форму праўлення і тэр. пабудовы, асновы арганізацыі цэнтр. і мясц. органаў улады, правасуддзя, іх кампетэнцыю і ўзаемаадносіны, дзярж. сімволіку, сталіцу; у фармальным сэнсе — закон, які валодае найвыш. юрыд. сілай адносна ўсіх астатніх законаў. Яна афіцыйна замацоўвае каштоўнасці, ін-ты і нормы канстытуцыйнага ладу, асновы дзярж.-прававога рэгулявання грамадскіх сувязей і адносін дзярж. улады. Паводле формы К. падзяляюцца на кадыфікаваныя (калі яна ўяўляе сабой адзіны пісаны акт, што рэгулюе ўсе асн. пытанні канстытуцыйнага характару), некадыфікаваныя (калі тыя ж пытанні рэгулююцца некалькімі пісанымі актамі) і змешаныя (калі апрача парламенцкіх законаў, суд. прэцэдэнтаў, уключае звычаі і дактрынальныя тлумачэнні — меркаванні вучоных). Паводле спосабу ўнясення ў іх змяненняў К. бываюць гібкія (змены ўносяць шляхам звычайнага закона) і цвёрдыя (папраўкі ўносяць толькі праз спец. ўскладненую працэдуру, якая патрабуе кваліфікаванай большасці галасоў членаў парламента, а часам правядзення рэферэндуму). Паводле тэрмінаў дзеяння К. падзяляюцца на пастаянныя і часовыя. Кантроль за выкананнем К. ў розных краінах ускладаецца на вярх. або канстытуцыйныя суды.

Тэрмін «К.» існуе з часоў Стараж. Рыма, дзе К. наз. кадыфікацыя публічна-нарматыўных актаў (т.зв. імператарскія К.). Першымі К. ў сучасным сэнсе лічацца паліт. акты перасяленцаў у Амерыку, а таксама канстытуцыйныя акты Вялікабрытаніі (13—16 ст.). На Беларусі ў 16 ст. своеасаблівымі феад. К. былі Статуты ВКЛ 1529, 1566, 1588.

Г.​А.​Маслыка.

т. 7, с. 598

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛАД ДЗЕЯСЛО́ВА,

граматычная катэгорыя, якая выражае адносіны дзеяння (або стану) да рэчаіснасці; грамат. спосаб выражэння мадальнасці. Грамат. значэнне форм Л.дз. выводзіцца з іх моўнага ўжывання, што абумоўлівае прысутнасць суб’екта, які гаворыць (піша) і маўленне якога перадае суб’ектыўныя адносіны таго, хто гаворыць да дзеяння (ацэнка дзеяння як жадаемага, магчымага, мяркуемага і г.д.). У залежнасці ад уласцівых ім мадальных значэнняў розныя мовы маюць розны набор парадыгматычных форм Л.дз. Адрозніваюць 2 тыпы Л.дз.: прамы і ўскосны. Прамым з’яўляецца індыкатыў (абвесны Л.дз.), які служыць для аб’ектыўнай канстатацыі факта ў яго адносінах да рэчаіснасці. Гэтым вызначаецца абавязковая наяўнасць індыкатыва ў мовах розных тыпаў. Ва ўскосных Л.дз. адлюстроўваюцца адносіны суб’екта маўлення да выказваемага, што і вызначае разнастайнасць парадыгмаў ускосных Л.дз. ў розных мовах.

У бел. мове 3 Л.дз.: абвесны, загадны і ўмоўны. Абвесны Л.дз. абазначае дзеянне, якое рэальна існуе, сцвярджаецца або адмаўляецца. Яму ўласцівы формы часу (цяперашняга, прошлага, будучага), асобы (за выключэннем безасабовых дзеясловаў) і ліку: «піша», «пісала», «будуць пісаць», «напішу», «не пісаў». Загадны Л.дз. выражае пабуджэнне да дзеяння, якое накіравана да інш. асобы (асоб), неадушаўлёных прадметаў або паняццяў, калі яны ўяўляюцца як адушаўлёныя (можа абазначаць заклік, загад, патрабаванне, прапанову, просьбу, параду). Асн. яго формы — 2-я асоба адзіночнага («ідзі») або мн. л. («ідзіце»), 1-я асоба мн. л. («ідзём»), апісальныя формы 3-й асобы адзіночнага і мн. л. з загаднай часціцай «няхай» («хай»): «няхай ідзе», «хай ідуць». Умоўны Л.дз. абазначае дзеянне, якое можа ці магло б адбыцца пры наяўнасці пэўных умоў. Выражаецца формамі прошлага часу дзеяслова ці інфінітыва з часціцай «бы» («б»): «спявалі б».

Літ.:

Беларуская граматыка. Ч. 1. Мн., 1985;

Шуба П.П. Сучасная беларуская мова: Марфаналогія. Марфалогія. Мн., 1987;

Янкоўскі Ф.М. Гістарычная граматыка беларускай мовы. 3 выд. Мн., 1989.

т. 9, с. 94

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)