ГІСТА... (ад грэч. histos тканка),

першая састаўная частка складаных слоў, што абазначае: які адносіцца да тканак жывёльнага арганізма, напр., гісталогія, гістагенез.

т. 5, с. 265

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГРАФА... (ад грэч. graphō пішу),

першая састаўная частка складаных слоў, што абазначае: які адносіцца да пісьма, почырку, напісання, напр., графалогія, графаманія.

т. 5, с. 411

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАЛЕА... (ад грэч. palaios старажытны), першая састаўная частка складаных слоў, якая абазначае: старажытны, што належыць да старажытнасці (напр., палеаантрапалогія, палеабатаніка, палеаліт).

т. 11, с. 542

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГІПЕРРЭАЛІ́ЗМ (ад англ. hyperrealism звышрэалізм), фотарэалізм,

кірунак у амер. і зах.-еўрап. мастацтве канца 1960-х—80-я г. Склаўся пераважна на аснове поп-арта. Імкнуўся ўзнавіць страчаную ў мадэрнізме жыццёвую канкрэтнасць маст. мовы за кошт імітацыі вобразаў фатаграфіі. Прадстаўнікі гіперрэалізму (Чак Клоўз, Дон Эдзі ў ЗША, Дуэйн Хансан у Канадзе і інш.) выкарыстоўвалі ў асноўным тэхн. прыёмы, якія да мінімуму зводзілі асабісты почырк мастака. У іх творах дамінавала халодная безаблічнасць, мех. фіксацыя прадметаў і жыццёвых з’яў, што па сутнасці вяло да той жа містыфікацыі рэчаіснасці, што і ў інш. мадэрнісцкіх плынях.

т. 5, с. 257

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПРАВО́ДНЫЯ ТКА́НКІ раслін,

тканкі, якія служаць для перамяшчэння па расліне пажыўных рэчываў. Па ксілеме ад каранёў да лісця з глебы паступае вада з мінер. рэчывамі, па лубе (флаэме) ад лісця да інш. органаў (каранёў, пупышак, кветак, пладоў) — рэчывы, што сінтэзуюцца ў лісці, пераважна прадукты фотасінтэзу. Ксілема і луб размяшчаюцца звычайна побач і ўтвараюць цяжы, ці праводныя пучкі, што фарміруюць у целе расліны бесперапынную разгалінаваную сістэму, якая злучае ўсе органы. У склад П.т. уваходзяць праводныя, мех., назапашвальныя і выдзяляльныя элементы. Высокаспецыялізаваныя П.т. з сасудамі развіліся ў працэсе эвалюцыі толькі ў вышэйшых, т.зв. сасудзістых раслін.

т. 12, с. 529

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РАЎНАВА́ГА ЭКАЛАГІ́ЧНАЯ,

баланс кампанентаў асяроддзя і прыродных працэсаў, які забяспечвае працяглае існаванне экалагічных сістэм і біясферы ў цэлым. Падтрымліваецца сукупнасцю фактараў, што склаліся ў працэсе эвалюцыі: пастаянства біятычнага кругавароту рэчываў, суадносіны аўтатрофаў і гетэратрофаў, адаптацыі арганізмаў адзін да аднаго і навакольнага асяроддзя і інш. Прыродныя згуртаванні арганізмаў здольны процістаяць разнастайным шкодным уздзеянням і вяртацца ў зыходны стан, але пры ваганнях умоў асяроддзя, што выходзяць за пэўныя межы, узнікаюць парушэнні Р.э., якія могуць весці да крызісу экалагічнага ці экалагічнай катастрофы. Захаванню Р.э. і яе падтрыманню спрыяюць рацыянальнае прыродакарыстанне і мерапрыемствы па ахове прыроды.

т. 13, с. 376

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РЭПРЭСА́ЛІІ (позналац. repressaliae ад reprehendere стрымліваць, спыняць),

правамерныя прымусовыя дзеянні дзяржавы, накіраваныя на аднаўленне сваіх правоў, парушаных інш. дзяржавай, без пагрозы і ўжывання сілы. Міжнар. права забараняе Р., якія спалучаны з выкарыстаннем сілы (узброеныя Р.). Важная ўмова правамернасці Р. — абавязак дзяржаў, што маюць намер звярнуцца да Р., выкарыстаць мірную працэдуру спагнання шкоды, нанесенай правапарушэннем. Адмова дзяржавы-правапарушальніцы ад такой працэдуры або ад выканання рашэння, прынятага з прычыны выкарыстання гэтай працэдуры, адкрывае правамерную магчымасць для звароту да Р. Меры, што выкарыстоўваюцца ў якасці Р., павінны быць прапарцыянальныя правапарушэнню, якое іх выклікала, і спыняюцца з моманту аднаўлення становішча, якое яму папярэднічала.

т. 14, с. 20

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РЭФЛЕКТО́НАЯ ДУГА́,

сукупнасць утварэнняў, якія ажыццяўляюць рэакцыю арганізма (рэфлекс) на раздражненне рэцэптараў. У састаў Р.д. ўваходзяць нерв. канцы, што ўспрымаюць раздражненне (рэцэптары); адчувальныя (аферэнтныя) нерв. валокны (перадаюць імпульсы ад рэцэптараў у ц. н. с.); нервовы цэнтр (успрымае ўзбуджэнне і перадае яго ўставачным і эфектарным нейронам); рухальныя (эферэнтныя) нерв. валокны (праводзяць узбуджэнне ад нерв. цэнтра да выканаўчых апаратаў); эфектары, выканаўчыя органы (мускулатура, залозы і інш.), якія мяняюць сваю дзейнасць у выніку рэфлексу. У Р.д. нерв. імпульс праводзіцца ў адным напрамку ад аферэнтнага нейрона да эферэнтнага, што вызначаецца механізмам сінаптычнай міжнейроннай перадачы.

А.​С.​Леанцюк.

т. 14, с. 32

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВІДЭА... (ад лац. video бачу, гляджу),

першая састаўная частка складаных слоў, якая паказвае на іх дачыненне да эл. сігналаў, што нясуць інфармацыю аб відарысе (відэасігнал), а таксама да ўстройстваў, якія выкарыстоўваюцца ў сістэмах перадачы відарысаў, напр., відэамагнітафон, відэатэлефон.

т. 4, с. 143

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДЭГІДРАГЕНА́ЗЫ,

ферменты класа аксідарэдуктаз, што каталізуюць акісляльна-аднаўленчыя рэакцыі пераносу вадароду (электрона) ад субстрату да акцэптара. Вельмі пашыраны ў прыродзе, удзельнічаюць у рэакцыях, што складаюць аснову акіслення біялагічнага і энергет. забеспячэння клетак (гл. Дыханне), некаторыя ў аднаўленчых біясінт. працэсах.

Паводле хім. прыроды Д. — пратэіды з пірымідзінавымі (НАД, НАДФ) ці флавінавымі (ФАД, ФМН) каферментамі — акцэптарамі атамаў вадароду. Падзяляюцца на аэробныя (пераносяць вадарод непасрэдна на малекулярны кісларод) і анаэробныя (акцэптарам вадароду можа быць іншая Д.). Назва Д. даецца па субстраце, што акісляецца (напр., Д., якая дэгідрыруе этылавы спірт, наз. алкагольдэгідрагеназай, малочную кіслату — малатдэгідрагеназай і інш.).

т. 6, с. 324

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)