МАРКЕ́ВІЧ (Ануфрый [1750) (?),

Навагрудчына — 1807 ?], бел. юрыст, асветнік. Скончыў Віленскі ун-т. У адзінай вядомай сваёй працы «Пра ўдасканаленне прыроды ў стварэнні чалавека» (Вільня, 1806) выклаў ідэі эвалюцыянізму, матэрыялізму ў антрапагенезе, антрапалагічнага гуманізму. Чалавек для яго — вынік працяглай дзейнасці прыроды ў яе развіцці. Выступаў супраць ненавуковых, містычна-тэалагічных домыслаў пра паходжанне чалавека, аргументавана крытыкаваў зародкі расісцкіх канцэпцый.

Літ.:

Идеи материализма и диалектики в Белоруссии (дооктябрьский период). Мн., 1980.

т. 10, с. 117

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НАТУ́РА ў выяўленчым мастацтве,

рэальныя аб’екты рэчаіснасці (чалавек, рэчы, ландшафт і інш.), якія мастак выкарыстоўвае як мадэль пры рабоце над творам. З Н. выконваюць замалёўкі, накіды, эцюды, часта партрэты, пейзажы, нацюрморты. Працуюць у натуральных прыродных умовах (пленэр) або ў майстэрні (перадача вобраза натуршчыка). Часам пры падрыхтоўцы твора работу з Н. спалучаюць з работай па памяці ці фантазіі. Праз выбар Н. і яе інтэрпрэтацыю мастак выяўляе сваё светаадчуванне і творчую задачу.

т. 11, с. 207

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«РЭНО́»

(Renault),

сям’я аўтамабіляў і аўтобусаў аднайм. франц. канцэрна. Легкавыя аўтамабілі выпускаюцца з 1898, грузавыя — з 1980. Большасць мадэлей легкавых аўтамабіляў пярэднепрывадныя, маюць бензінавыя рухавікі магутнасцю ад 40 да 123 кВт, найб. скорасць ад 150 да 250 км/гадз. Грузавыя аўтамабілі рознага прызначэння маюць рухавікі магутнасцю ад 36 да 390 кВт, поўную масу ад 1,31 да 40 т (аўтапаязды да 100 т). Пасажыраўмяшчальнасць аўтобусаў ад 17 да 165 чалавек.

т. 14, с. 12

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЯРО́ЗКІН (Рыгор Саламонавіч) (3.7.1918, Магілёў — 1.12.1981),

бел. крытык. Вучыўся ў Мінскім пед. ін-це (1936—38). Друкаваўся з 1935. У крас. 1941 арыштаваны. Калі 26.6.1941 калону арыштаваных кінуў канвой, вярнуўся ў Магілёў, папрасіўся на фронт. Ваяваў да канца вайны. Паўторна арыштаваны ў 1949, да 1955 у лагерах Карагандзінскай і Омскай абласцей. Рэабілітаваны ў 1956. Працаваў у рэдакцыях літ. перыяд. выданняў, у 1970—75 у рэдакцыі бюлетэня «Помнікі гісторыі і культуры Беларусі». Даследаваў пераважна паэзію, пытанні культуры творчасці, майстэрства творчых індывідуальнасцей («Паэзія праўды», 1958; «Спадарожніца часу», 1961; «Пімен Панчанка», 1968; «Постаці», 1971; «Аркадзь Куляшоў», 1978). У кн. «Свет Купалы» (1965), «Чалавек на досвітку» (1970, на рус. мове), «Звенні» (1976) даследаваў спадчыну Я.​Купалы, Я.​Коласа, М.​Багдановіча, Цёткі, узаемадзеянне бел. і рус. літаратур.

Тв.:

Кніга пра паэзію. Мн., 1974;

Свет Купалы;

Звенні. Мн., 1981;

Чалавек напрадвесні: Расказ пра М.​Багдановіча. Мн., 1986;

Паэзія — маё жыццё. Мн., 1989.

Літ.:

Клышко А. Мастерство критика // Дружба народов. 1960. № 1;

Адамовіч А. Талент крытыка // Полымя. 1962. № 6;

Каваленка В. Крытык і паэт // Там жа. 1969. № 5;

Лойко О. Открытие поэта // Вопр. лит. 1967. № 3;

Бечик В.В. В неразрывном единстве // Неман. 1978. № 6.

І.​У.​Саламевіч.

Р.Бярозкін.

т. 3, с. 413

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГАЛАДА́ННЕ,

стан арганізма, выкліканы поўнай адсутнасцю або недастатковасцю паступлення пажыўных рэчываў у арганізм, а таксама парушэннем іх засваення. Як нармальная фізіял. з’ява сустракаецца ў некаторых млекакормячых у перыяд спячкі, пры халадовым здранцвенні ў амфібій, рэптылій, рыб, насякомых. Такое галаданне звязана з рэзкім зніжэннем працэсаў абмену рэчываў у арганізме, што дазваляе жывёлам доўга падтрымліваць жыццё пры нязначных затратах энергіі ў неспрыяльныя перыяды. Адрозніваюць: поўнае (пры поўнай адсутнасці ежы, але з прыёмам вады); няпоўнае, недаяданне (пры жыўленні, недастатковым для пакрыцця энергет. і пластычных патрэб арганізма); абсалютнае (пры поўнай адсутнасці ежы і вады); частковае (якаснае) галаданне — недастатковае атрыманне з ежай аднаго або некалькіх пажыўных рэчываў (бялковае, тлушчавае, вугляводнае, мінер., воднае, вітаміннае). Пры поўным галаданні дробныя і маладыя жывёлы, чалавек гінуць хутчэй, напр., дробныя птушкі без корму жывуць 1—2 сутак, куры 15—25, трусы 30, сабакі 45—60, коні, вярблюды да 80, дарослы чалавек 65—70 сутак. Гібель жывёл звычайна настае пры страце каля 50% зыходнай масы цела, без вады — хутчэй. Галаданне выкарыстоўваецца пры лячэнні атлусцення, асобных нервова-псіхічных захворванняў, парушэння абмену рэчываў (рэўматызм, падагра, цукр. дыябет, гіпертанічная хвароба, атэрасклероз, язвавая хвароба, бранхіяльная астма і інш.). Лячэнне поўным галаданнем праводзіцца ў стацыянары.

Л.​В.​Кірыленка.

т. 4, с. 447

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГІПНО́З (ад грэч. hypnos сон),

штучна выкліканы своеасаблівы стан чалавека і жывёл, падобны на сон, у аснове якога ляжыць працэс тармажэння вышэйшых аддзелаў кары галаўнога мозга. У адрозненне ад сну тармажэнне пры гіпнозе ахоплівае толькі асобныя ўчасткі кары мозга. Узнікае пры гіпнатычных уздзеяннях на органы пачуццяў. Чалавек праз незатарможаныя ўчасткі кары ўспрымае загады гіпнатызёра. Навук. тлумачэнне гіпнозу даў рус. фізіёлаг І.​П.​Паўлаў. Гіпноз — адзін з метадаў псіхатэрапіі, выкарыстоўваецца для лячэння многіх хвароб.

т. 5, с. 259

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«ЗА́ЯЦ»,

«Заёнец», бел. нар. танец. Муз. памер 24. Тэмп жвавы. Бытуе пераважна на Бел. Палессі. Паводле запісаў М.​Федароўскага, на Гродзеншчыне «З.» танцавалі ўдваіх. Танцоры спрытна перабіралі нагамі над пакладзенымі накрыж паленамі, стараючыся не зачапіць іх. Танец суправаджаўся прыпеўкамі. На Гомельшчыне ў падобных варыянтах «З.» чаргуюцца павольныя і хуткія часткі ў суправаджэнні прыпевак. Часта танец выконвае адзін чалавек.

Літ.:

Алексютович Л.К. Белорусские народные танцы, хороводы, игры. Мн., 1978. С. 69.

т. 7, с. 26

т. 7, с. 27

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЗІНДЖА́НТРАП (ад Зіндж — стараж.-араб. назва Усх. Афрыкі + грэч. anthrōpos чалавек),

выкапнёвы прымат (гл. Прыматы), рэшткі якога (чэрап без ніжняй сківіцы) знойдзены англ. археолагам Л.​Лікі ў цясніне Олдувай (Танзанія) у 1959. Чэрап З. масіўны, з магутным тварам, зубы буйныя, але іклы не выступаюць над астатнімі зубамі. Аб’ём мозга каля 530 см³. Асаблівасці будовы чэрапа сведчаць, што З. хадзіў на дзвюх нагах. Існаваў 1750 тыс. гадоў назад. З. лічаць прадстаўніком аднаго з відаў аўстралапітэкаў.

т. 7, с. 71

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ІНЖЫНЕ́РНАЯ ПСІХАЛО́ГІЯ,

галіна псіхалогіі, якая даследуе псіхал. асаблівасці працы чалавека пры ўзаемадзеянні яго з тэхн. сродкамі ў працэсе вытв. і кіраўніцкай дзейнасці. Як самаст. кірунак пачала фарміравацца ў 1940-я г. ў межах псіхалогіі працы. Яе актывізацыя ў 1950-я г. звязана з навук.-тэхн. рэвалюцыяй. Сучасная І.п. даследуе складаныя працэсы ўзаемнай адаптацыі чалавека і сістэмы, якой ён кіруе. Яе дасягненні выкарыстоўваюцца для аптымізацыі дзейнасці людзей у сістэмах «чалавек — машына», у эрганоміцы.

т. 7, с. 258

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАТЭ́ЙКА ((Matiegka) Індржык) (31.3. 1862, г. Бенешаў, Чэхія — 4.8.1941),

чэшскі антраполаг. У 1918—34 праф. Пражскага ун-та. Заснаваў антрапал. кафедру пры гэтым ун-це, «Музей чалавека» імя А.​Хрдлічкі, час. «Anthropologie» («Антрапалогія», 1923). Аўтар прац па антрапалогіі «Чарапы багемцаў» (1891), «Саматалогія школьнай моладзі» (1927), «Усеагульная навука аб плямёнах» (1929), артыкулаў супраць расісцкіх тэорый. Праца М. «Пршэдмасцкі чалавек» (кн. 1—2, 1934—38), прысвечана апісанню шкілетных рэшткаў людзей позняга палеаліту на тэр. Чэхаславакіі.

т. 10, с. 210

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)