СМЯРО́ТНАЯ КА́РА,
у заканадаўствах многіх краін свету вышэйшая мера крымінальнага пакарання. У крымінальным заканадаўстве Рэспублікі Беларусь — выключная мера пакарання расстрэл). Прадугледжана за некаторыя асабліва цяжкія злачынствы, спалучальныя з наўмысным пазбаўленнем жыцця чалавека пры абцяжваючых акалічнасцях (арт. 59 КК). С.к. не можа быць прызначана: асобам, якія ўчынілі злачынства ва ўзросце да 18 гадоў; жанчынам; мужчынам, якія дасягнулі да дня пастанаўлення прыгавору 65 гадоў. С.к. ў парадку памілавання можа быць заменена пажыццёвым зняволеннем. Альтэрнатывай С.к. па справах той жа катэгорыі з’яўляецца пажыццёвае зняволенне.
т. 15, с. 65
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СТА́РЫЦА, старарэчча, старык,
участак былога рэчышча, які поўнасцю ці часткова аддзяліўся ад ракі. Утвараецца ў выніку прарыву ракой шыйкі меандра або пры драбленні рэчышча на рукавы ў выніку яго блукання на алювіяльнай пойме. Мае падкова ці дугападобную, радзей прамалінейную форму. Найб. спрыяльныя ўмовы ўтварэння С. у рачных далінах з добра развітым свабодным меандраваннем рэчышча, плоскім шырокім дном і стабільным падоўжным профілем ракі, блізкім да профілю раўнавагі. На Беларусі найб. колькасць С. у далінах р. Прыпяць і яе прытокаў першага парадку.
т. 15, с. 165
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«ХА́ТА»,
бел. нар. гульня. Гульцы (ад 4 да 12 чал.) дзеляцца на 2 роўныя каманды. Кожная каманда праводзіць лінію на адлегласці 12—15 м адна ад адной і на сваёй лініі ставіць фігуры з 3 гарадкоў (усе яны маюць свае назвы ў наст. парадку: лес, дарога, воз, конь, вароты, хата). Калі каманда збівае фігуру «лес», лічыцца, што яна «выходзіць з лесу», фігуру «дарога» — «пераходзіць дарогу», «воз» — «даганяе воз», «конь» — «даганяе каня», «вароты» — «уваходзіць у вароты», «хата» — «уваходзіць у хату».
Я.Р.Вількін.
т. 16, с. 560
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАРА́Н (араб., літар. чытанне),
галоўная свяшчэнная кніга мусульман; зборнік рэліг. догмаў, міфаў і прававых палажэнняў ісламу. Кананізаваны спіс К. складзены ў 7—8 ст., напісаны на араб. мове рыфмаванай прозай. Уключае 114 сур (раздзелаў), размешчаных у парадку памяншэння колькасці аятаў (вершаў), якіх 6625. Суры падзяляюцца на «мекканскія» і «медынскія». К. змяшчае заклінанні і праклёны, вял. запазычанні з даісламскіх культаў, стараж.-іудзейскай і хрысц. міфалогіі. К. з’яўляецца літ. помнікам і адной з найважнейшых крыніц мусульм. права — шарыяту.
т. 8, с. 53
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РАМБО́ЭДР (ад ромб + грэч. hedra аснова, грань),
1) від паралелепіпеда (звычайна нахілены), грані якога з’яўляюцца роўнымі ромбамі. Па крайняй меры 2 вяршыні Р. такія, што ўсе прылеглыя да іх вуглы роўныя паміж сабой. Паралелепіпед з’яўляецца Р. тады і толькі тады, калі ён мае вось сіметрыі 3-га парадку; гл. Сіметрыя.
2) Р. у геалогіі — простая форма крышталёў трыганальнай сінганіі (6-граннік з гранямі ў выглядзе ромбаў). Такую форму маюць крышталі шэрагу мінералаў (кальцыт, магнезіт, радахразіт, смітсаніт і інш.).
т. 13, с. 300
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДЫДЫ́РКА Уладзімір Кандратавіч (22.9.1877, с. Дахноўка Чаркаскай вобл., Украіна — 15.3.1938),
бел. матэматык. Праф. (1931). Скончыў Кіеўскі (1900) і Маскоўскі (1902) ун-ты. З 1902 у Мінскай мужчынскай гімназіі, з 1918 у Мінскім ін-це нар. адукацыі, з 1920 у БПІ, з 1922 у БДУ. Удзельнік навук. семінараў пад кіраўніцтвам Д.Гільберта (1928, Гётынген, Германія). Навук. працы па аналітычнай геаметрыі. Аўтар манаграфіі «Цыркулярныя крывыя трэцяга парадку» (1928—32). Неабгрунтавана рэпрэсіраваны ў 1937. Рэабілітаваны.
Літ.:
В.К.Дыдырко // Вест. БГУ. Сер. 1. 1978. № 3.
А.А.Гусак.
т. 6, с. 275
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВЫ́БАРЧАЯ КАМІ́СІЯ,
калегіяльны орган у некаторых краінах СНД, які складаецца з прадстаўнікоў прац. калектываў, грамадскіх аб’яднанняў, паліт. партый, сходаў выбаршчыкаў і інш. У Рэспубліцы Беларусь выбарчыя камісіі ствараюцца для падрыхтоўкі і правядзення выбараў Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь і дэпутатаў у прадстаўнічыя органы дзярж. улады. Яны ажыццяўляюць кантроль за выкананнем заканадаўства аб выбарах, ствараюць выбарчыя акругі і выбарчыя ўчасткі, забяспечваюць складанне спісаў выбаршчыкаў, назіраюць за дакладным выкананнем парадку галасавання, вызначаюць яго вынікі і інш. Ствараюцца Цэнтр., тэрытарыяльныя, акруговыя і ўчастковыя выбарчыя камісіі, парадак іх дзеяння і кампетэнцыя вызначаюцца законам. Гл. таксама Выбарчая сістэма.
т. 4, с. 299
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ІСКРАВЫ́ РАЗРА́Д, іскра электрычная,
нестацыянарны электрычны разрад у газе, які ўзнікае ў эл. полі пры цісках газу парадку атмасфернага (некалькі соцень кілапаскаляў). Адрозніваецца звілістай разгалінаванай формай і хуткім развіццём (каля 10−7 с), суправаджаецца характэрным гукавым эфектам («трэск» іскры). Т-ра ў гал. канале І.р. дасягае 104 К. Разрад паўтараецца, калі напружанне пасля амаль імгненнага спаду зноў дасягае велічыні напружання прабою. Пры дастатковай магутнасці крыніцы напружання І.р. пераходзіць у дугавы (электрычную дугу) або тлеючы разрад. У прыродных умовах найчасцей назіраецца ў выглядзе маланкі.
т. 7, с. 330
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАЙ,
1) частка капіталу прадпрыемства (фірмы, кампаніі), якая дае права на ўдзел у агульным сходзе пайшчыкаў-укладчыкаў, на атрыманне дывідэндаў і часткі маёмасці фірмы пры яе ліквідацыі. Фіксуецца ў дакуменце — паявым пасведчанні (у адрозненне ад акцыі не з’яўляецца каштоўнай паперай і прадметам куплі-продажу), да якога дадаюцца купоны на атрыманне дывідэндаў.
2) П. — сума ўзносу, якая выплачваецца членам кааператыва (напр., жыллёвага, дачнага, будаўнічага і інш.). Права П. — асабістае маёмаснае права члена кааператыва (можа быць прадметам дарэння, раздзелу або спадчыннасці ва ўстаноўленым законам парадку).
У.Р.Залатагораў.
т. 11, с. 522
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СПІ́НАВЫЯ ХВА́ЛІ ў магніта ўпарадкаваных матэрыялах,
хвалі парушэнняў «спінавага парадку»; элементарны (найпрасцейшы) рух магн. момантаў у магнетыках. Абумоўлены моцным абменным узаемадзеяннем паміж атамамі: адхіленне магн. моманту якога-н. атама ад стану раўнавагі не лакалізуецца, а ў выглядзе хвалі распаўсюджваецца ў асяроддзі. Існаванне С.х. прадказана Ф.Блохам у 1930. С.х. ў н е магнітных матэрыялах — ваганні спінавай шчыльнасці электронаў праводнасці, абумоўленыя абменным узаемадзеяннем паміж імі. Праяўляюцца ў некаторых асаблівасцях электроннага парамагнітнага рэзанансу, напр., у селектыўнай празрыстасці метал. пласцін для эл.-магн. хваль з частотамі, блізкімі да частаты гэтага рэзанансу.
т. 15, с. 113
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)