КРЫВАЛІНЕ́ЙНЫ ІНТЭГРА́Л,

інтэграл, узяты ўздоўж крывой на плоскасці ці ў прасторы. Адрозніваюць К.і. 1-га і 2-га роду, якія зводзяцца да вызначаных інтэгралаў, у некаторых выпадках да двайных (гл. Грына формулы) ці паверхневых інтэгралаў (гл. Стокса формула). Упершыню сустракаюцца ў А.К.Клеро (1743) у агульным выглядзе ўведзены А.Кашы (1825). К.і. ўзнікаюць у задачах адшукання масы крывой пераменнай шчыльнасці (К.і. 1-га роду), работы ў сілавым полі (К.і. 2-га роду) і інш.

т. 8, с. 493

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«РУ́ССКАЯ СТАРИНА́»,

гістарычны часопіс, які выходзіў у 1870—1918 у Пецярбургу штомесячна. Яго рэдактарамі былі М.І.Сямеўскі (з 1870) пры ўдзеле В.І.Сямеўскага, М.К.Шыльдэр (з 1892), М.Ф.Дубровін (1896—1904), С.​П.​Зыкаў і інш. Публікаваў афіц. дакументы, аўтабіяграфіі, мемуары, лісты паліт. і грамадскіх дзеячаў, раней не выдадзеныя творы рус. пісьменнікаў. У ім упершыню пачалі друкавацца матэрыялы па гісторыі рэв. руху ў Расіі, у т. л. пра дзекабрыстаў. Змяшчаў гравюры, малюнкі, гал. ч. партрэты і факсіміле.

т. 13, с. 471

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

САТ’ЯГРА́ХА (санскр. літар. — упартасць у ісціне),

форма грамадска-паліт. барацьбы ненасільнага характару ў калан. Індыі, распрацаваная М.​К.​Гандзі. Уяўляла сабой масавае несупрацоўніцтва індыйцаў з калан. ўладамі, што ўключала дэманстрацыі, байкот брыт. устаноў і тавараў, адмову ад выплаты падаткаў (як апошняя мера). Упершыню выкарыстана індыйцамі-эмігрантамі ў Паўд. Афрыцы ў пач. 20 ст. ў барацьбе за свае правы, у 1920—30-я г. — гал. форма барацьбы Індыйскага нацыянальнага кангрэса супраць брыт. калан. панавання ў Індыі.

т. 14, с. 194

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ХА́РАЛЬД I Хорфагер

(Harald Haatfager, літар. — Харальд Прыгожавалосы; каля 850 — каля 933 ці пазней),

першы конунг (кароль) Нарвегіі [2-я пал. 9—1-я пал. 10 ст.], заснавальнік дынастыі Хорфагераў. Сын дробнага правіцеля з Паўд.-Усх. Нарвегіі. Каля 872 знішчыў або падпарадкаваў сабе правіцеляў асобных абласцей і аб’яднаў нарв. землі. Упершыню ўвёў у Нарвегіі пагалоўны падатак, рабіў паходы на Аркнейскія а-вы і ў Шатландыю. Дасягнутае пры ім аб’яднанне краіны было нетрывалым.

т. 16, с. 544

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЦЮФЯ́К,

старажытная агнястрэльная гармата для стральбы каменным і метал. шротам па жывой сіле праціўніка на блізкія адлегласці. Упершыню згадваюцца ў канцы 13 ст.; у 15—16 заменены гаўфніцай (старадаўняя назва першых рус. гаўбіц). Гл. таксама Шротаўніца.

Прызначаўся для абароны і аблогі ўмацаваных гарадоў; стральба вялася, як правіла, з козлаў або калоды. Ствалы Ц. пераважна канічныя (для лепшага разлёту шроту), мелі раструб ад 76 да 200 мм, даўжыню ствала 0,9—1,1 м, масу 60—120 кг.

т. 17, с. 190

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЭЎДО́КС КНІ́ДСКІ (Eudoxos Knidios; каля 408 — каля 355 да н.э.),

старажытнагрэчаскі матэматык і астраном. Вандраваў па Грэцыі і Егіпце, потым пасяліўся на радзіме ў г. Кнід (М. Азія), дзе заснаваў школу матэматыкаў і астраномаў. Упершыню даў агульную тэорыю прапорцый (выкладзена ў 5-й кн. «Асноў» Эўкліда). Паводле сведчання Архімеда, Э.К. належыць прыём доказу метадам вычэрпвання. У астраноміі зрабіў адну з першых спроб пабудовы тэорыі руху планет. Творы Э.К. да нас не дайшлі.

т. 18, кн. 1, с. 186

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГЕ́НРЫ (Henry) Джозеф (17.12.1797, г. Олбані, штат Нью-Йорк, ЗША — 13.5.1878),

амерыканскі фізік. Чл. Нац. АН і яе прэзідэнт у 1868—78. Вучыўся ў акадэміі ў Олбані (1819—22). З 1832 праф. Прынстанскага каледжа, з 1846 сакратар і дырэктар Смітсанаўскага ін-та ў Вашынгтоне. Навук. працы па электрамагнетызме і электратэхніцы. Адкрыў з’яву самаіндукцыі (1832) і вагальны характар разраду кандэнсатара (1842). Упершыню (1828) пабудаваў магутныя электрамагніты і электрарухавік (1831). У яго гонар названа адзінка індуктыўнасці ў СІ — генры.

т. 5, с. 158

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГІПСАМЕТРЫ́ЧНЫЯ КА́РТЫ,

карты, на якіх адлюстраваны рэльеф у выглядзе гарызанталей з расфарбоўкай па вышынных ступенях. Рэльеф паказваецца спосабам умоўных сячэнняў лініямі роўных вышынь (гарызанталямі або ізагіпсамі). Яны праводзяцца праз розныя вышынныя інтэрвалы ў залежнасці ад характару рэльефу, маштабу і прызначэння карты. Найб. пашырана шкала афарбоўкі, дзе выкарыстоўваецца карычневы колер, які згушчаецца з нарастаннем вышыні. Упершыню рэльеф тэр. Беларусі паказаны на гіпсаметрычнай карце Еўрап. Расіі, складзенай рус. Картографам А.​А.​Ціло ў 1889 у маштабе 1: 2 520 000.

т. 5, с. 260

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГЛУ́ХАЎ,

горад на Украіне, цэнтр раёна ў Сумскай вобл., на р. Эсмань. 35,9 тыс. ж. (1992). Чыг. станцыя. Машынабудаванне і металаапр. (вытв-сць агрэгатных вузлоў, сродкаў выліч. тэхнікі, электраапаратуры і інш.), лёгкая, харч. (плодакансервавая, сыраробная, камбікормавая, мясная) прам-сць.

Упершыню ўпамінаецца ў гіст. дакументах у 1152. З 1708 рэзідэнцыя ўкр. гетманаў, з 1772 — Маларасійскай калегіі. Шматлікія помнікі архітэктуры 17—19 ст., у т. л. Гамалееўскі манастыр (засн. ў 1702), цэрквы Мікалаеўская (канец 17 ст.), Праабражэнская (1765) і інш.

т. 5, с. 304

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«ДЖАНГА́Р»,

калмыцкі шматварыянтны гераічны эпас, створаны ў 15 ст. Часткова (урыўкі) упершыню апублікаваны ў 1804—05. Поўны запіс 10 песень «Дж.» зроблены ў 1910. Выдаваўся ў 1922, 1935, 1936, 1940. Асн. змест твора — услаўленне казачнай краіны Бумба і легендарных подзвігаў хана Джангара і 12 волатаў — змагароў за нац. незалежнасць калм. народа, носьбітаў яго найлепшых якасцей, адвечных спадзяванняў. Паасобныя раздзелы на бел. мову пераклалі Э.​Агняцвет, М.​Клімковіч.

Публ.: Рус. пер. — Джангар: Калмыцкий нар. эпос. М., 1958.

т. 6, с. 87

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)