ВІКТО́РЫЯ (Victoria Falls),

вадаспад на р. Замбезі, у Паўд. Афрыцы, на мяжы Замбія—Зімбабве; адзін з буйнейшых у свеце. Выш. 120 м, шыр. 1800 м. Падзяляецца астравамі на часткі: Глотка Д’ябла, Галоўны, Вясёлкавы, Усходні. Вада падае з уступу выш. 120 м у вузкі (130 м) і глыбокі (140 м) каньён у базальтах, утварае гіганцкія слупы вадзянога пылу. Расход вады моцна вагаецца на працягу года, у сярэднім каля 1400 м³/с. Уваходзіць у склад нац. паркаў Вікторыя-Фолс (Зімбабве) і Мосі-Оа-Тунья (Замбія). ГЭС. Турызм. Адкрыты ў 1855 Д.Лівінгстанам, названы ў гонар каралевы Вялікабрытаніі.

т. 4, с. 155

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АЛГО́НКІН (Algonquin),

правінцыяльны парк у Канадзе, на правабярэжжы р. Атава, правінцыя Антарыо. Засн. ў 1893. Пл. 765,3 тыс. га. Размешчаны на невысокім узвышшы — Лаўрэнційскім крышталічным шчыце. Захоўваюцца ландшафты драбналістых і мяшаных лясоў з азёрамі і балотамі. Сярод прадстаўнікоў 15 асн. парод раслін некалькі відаў клёнаў, веймутава сасна, тсуга канадская, асінападобная таполя, вяз, ясень, жоўтая бяроза, шызая елка і інш. У фауне воўк, бабёр, чорны мядзведзь, лось, белахвосты (віргінскі) алень; з птушак звычайныя лысуха, каўнерыкавы рабчык, аўсянка-юнка, белабрывая аўсянка, некалькі відаў амер. валасянак і інш. Развіты турызм, працуюць інфармацыйны цэнтр і музей.

т. 1, с. 235

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АБСТЭ́РНАЎСКАЯ ГРУ́ПА АЗЁРАЎ,

у Беларусі, на мяжы Браслаўскага і Міёрскага р-наў Віцебскай вобл., у бас. р. Вята, паміж адгор’ямі Браслаўскай марэннай грады і Полацкай азёрна-ледавіковай нізінай. Уключае 13 азёраў (агульная пл. 32 км²), злучаных сістэмай мелкаводных забалочаных праток; найб. Абстэрна, Укля, Набіста, Важа, Інава. Дрэніруюцца р. Хараброўка, якая пачынаецца з воз. Набіста, цячэ праз воз. Шчоўна, выцякае з яго пад назвай Вята. З У прымыкае гідралагічны заказнік Балота мох. Плацінай на Хараброўцы ўзровень вады азёраў падняты на 0,8—1 м з утварэннем адзінага воднага басейна. Прамысловае рыбалоўства. Турызм.

Возера Абстэрна.

т. 1, с. 46

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВЯЛІ́КІ КАНЬЁН (Grand Canyon),

Вялікі Каньён Каларада, каньён у ЗША (штат Арызона), на плато Каларада. Выпрацаваны р. Каларада ў тоўшчы вапнякоў, пясчанікаў і сланцаў у выніку рачной эрозіі. Даўж. каля 350 км, глыб. да 1800 м (адзін з найглыбейшых у свеце), шыр. 8—25 км на ўзроўні паверхні плато (на выш. 2100—2500 м) і менш за 1 км (на асобных участках да 120 м) каля ўрэзу вады. Характэрны своеасаблівыя формы схілаў (калоны, піраміды, бастыёны), грандыёзныя агаленні горных парод. Нац. парк Гранд-Каньён (з 1919); уключаны ЮНЕСКА у спіс Сусветнай спадчыны. Турызм.

т. 4, с. 384

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ІАСЕ́МІЦКІ НАЦЫЯНА́ЛЬНЫ ПАРК (Yosemite National Park),

у ЗША (штат Каліфорнія), у гарах Сьера-Невада. Пл. 304 тыс. га. Першы ў ЗША ахоўны ландшафт (з 1864), нац. парк з 1890. Маляўнічыя зах. схілы хр. Сьера-Невада з гранітнымі пікамі і купаламі (выш. да 3997 мг. Лаел), горнымі азёрамі і вадаспадамі (у т. л. Іасеміцкі вадаспад у аднайм. даліне), даліна р. Іасеміты-Крык. Хвойныя лясы, гаі гіганцкай секвоі, альпійскія лугі. У фауне 78 відаў млекакормячых, у т. л. мядзведзь-барыбал, чарнахвосты алень; каля 200 відаў птушак. Турызм. Парк уключаны ЮНЕСКА у спіс Сусветнай спадчыны.

т. 7, с. 142

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АПО́ЛЬСКАЕ ВАЯВО́ДСТВА (Województwo Opolskie),

на Пд Польшчы. Пл. 8,5 тыс. км², нас. 1023 тыс. чал., гарадскога каля 52% (1987). Адм. ц.г. Аполе. Найб. гарады: Кендзежын-Козля, Аполе, Бжэг, Ныса, Крапкавіцы і інш. Размешчана ў Ніжнім Шлёнску, на Апольскай раўніне, Глубчыцкім плато, на Пд заходзяць Судэты (выш. Да 889 м), на У — частка Шлёнскага узв. (выш. да 400 м). Клімат умераны кантынентальны. Сярэдняя т-ра студз. -1,5 °C, ліп. 18,6 °C, ападкаў 650 мм за год. Гал. рака — Одра з прытокамі. Прам-сць: горназдабыўная, электратэхн., хім., лёгкая, харчовая. Вырошчваюць ячмень, кармавыя культуры, цукр. буракі, бульбу, рапс. Гадуюць буйн. раг. жывёлу, свіней. Турызм.

т. 1, с. 431

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДАФІНЭ́ (Dauphiné),

гістарычная вобласць і сучасны эканам. раён на ПдУ Францыі, гал. ч. у Альпах і ў даліне р. Рона. Уключае дэпартаменты Ізер, Дром, Верхнія Альпы. Пл. 20,4 тыс. км². Нас. каля 1,5 млн. чал. (1994). Гал. горад — Грэнобль. Рэльеф пераважна горны. Клімат умераны, вільготны, у гарах халодны. Ападкаў каля 900 мм за год. На базе гідраэнергетыкі (ГЭС на Роне і Ізеры) развіты электрахімія і электраметалургія. Прам-сць: маш.-буд., тэкст., абутковая, харч., дрэваапр., папяровая (цэнтр Грэнобль і Валанс); цэнтр атамнай прам-сці — г. П’ерлат. Пасевы збожжавых, вінаградарства, садоўніцтва, агародніцтва, пераважна ў далінах. У гарах малочная жывёлагадоўля, авечкагадоўля. Турызм і горны спорт.

т. 6, с. 68

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЗАХО́ДНІЯ КАРПА́ТЫ,

найбольш высокая і шырокая ч. горнай сістэмы Карпат на тэр. Чэхіі, Славакіі, Польшчы і Венгрыі. Даўж. каля 400 км, шыр. больш за 200 км. Хрыбты і ізаляваныя масівы накіраваны з ПдЗ на ПнУ. На Пн вылучаюць сярэдневышынныя хр. Зах. Бяскідаў, у цэнтр. частцы — высока- і сярэднягорныя масівы Татры (найб. выш. 2655 м, г. Герлахоўскі-Шціт), Нізкія Татры, Вял. Фатра, на Пд — сярэдневышынныя масівы з плоскімі вяршынямі Славацкіх Рудных гор, Шцяўніцкіх гор, Бюк, Матра і інш. Складзены пераважна з крышт. парод і вапнякоў, на Пд таксама і вулканічных парод. Мяшаныя і хваёвыя лясы, горныя лугі. Татранскі нац. парк, запаведнікі, курорты, турызм, зімовыя віды спорту.

т. 7, с. 19

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЕ́ЛЬСКА-БЯ́ЛА (Bielska-Biała),

горад на Пд Польшчы, на р. Бяла. Адм. ц. Бельскага ваяводства. 185 тыс. ж. (1992). Трансп. вузел. Важны цэнтр тэкст. (шарсцяной, ільняной), аўтамабілебуд. (малалітражныя аўтамабілі «Фіят»), самалётабуд. (планеры), электратэхн. прам-сці. Тэкст. машынабудаванне. Харч., швейныя, папераробныя прадпрыемствы. Студыя мультыплікацыйных фільмаў. Турызм. 2 т-ры, 2 музеі. Помнікі архітэктуры: замак 15—18 ст., касцёлы і комплекс жылых мураваных дамоў 17—18 ст.

Утвораны ў 1951 пасля зліцця гарадоў Бельска і Бяла. Бельска мела гар. правы з канца 13 ст. З 1327 пад уладай Чэхіі. З 15 ст. развіваецца суконная вытв-сць. З 1920 у складзе Польшчы. Бяла атрымала гар. правы ў 1723. З 1772 у складзе Аўстрыі. З 1918 у межах Польшчы.

т. 3, с. 90

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЯ́ЛА-ПАДЛЯ́СКА (Biała Podliaska),

горад на У Польшчы, на р. Кшна. Адм. ц. Бельскападляскага ваяводства. 55,6 тыс. ж. (1993). Прам-сць: шарсцяная, швейная, мэблевая, трансп. машынабудаванне, электратэхн., харч., буд. матэрыялаў. Гандл. цэнтр (міжнар. кірмашы «Усход—Захад» і інш.). Вузел дарог на чыгунцы і аўтатрасе Варшава—Брэст. Турызм. Філіял Варшаўскай акадэміі фіз. выхавання. Акруговы музей. Помнікі архітэктуры: касцёлы 16—18 ст., рэшткі палаца Радзівілаў (1622), сістэма абарончых бастыёнаў (17 ст.) і інш.

Упершыню ўпамінаецца як горад у 1522, уласнасць Радзівілаў. З 1628 у Бяла-Падлясцы філіял Кракаўскай акадэміі. Адзін з цэнтраў паўстання 1863—64. У 2-ю сусв. вайну ў Бяла-Падлясцы гета (1941—42), лагер сав. ваеннапалонных (1941—44).

т. 3, с. 395

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)