ГУКАВА́Я СІСТЭ́МА,
вышынная (інтэрвальная) арганізацыя муз. гукаў на аснове якога-н. аднаго прынцыпу. Тэрмін мае некалькі значэнняў: гукавы склад, г. зн. сукупнасць гукаў у межах пэўнага інтэрвалу, найчасцей актавы; пэўнае размяшчэнне элементаў сістэмы; якасныя, сэнсавыя суадносіны гукаў, іх функцыі; строй, матэм. выражэнне суадносін паміж гукамі. Сярод пашыраных гукавых сістэм: алігатоніка, ангемітоніка, дыятоніка, мажора-мінор, дадэкафонія.
т. 5, с. 523
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГІПАТАНІ́Я (ад гіпа... + грэч. tonos напружанне),
паніжэнне тонусу тканак арганізма і артэрыяльнага ціску крыві. Можа развівацца пасля вострых і хранічных інфекц. хвароб, вітаміннай недастатковасці, прафес. шкоднасцей, парушэнняў дзейнасці эндакрыннай і нерв. сістэм, страўнікава-кішачнага тракту. Прыкметы: хуткая стамляльнасць, слабасць, задышка, галавакружэнне. Лячэнне: правільны рэжым працы, адпачынку і харчавання, вітаміны, фізкультура, гармоны, курортатэрапія.
т. 5, с. 254
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВО́ТКІНСК,
горад у Расіі, цэнтр Воткінскага р-на ва Удмурціі. Засн. Ў 1759. 104,5 тыс. ж. (1994). Чыг. станцыя. Машынабудаванне і металаапрацоўка (вытв-сць фрэзерных станкоў, газавай апаратуры, сістэм артыл. абсталявання і інш.), дрэваапр. (драўніна дзелавая, піламатэрыялы, тара; вытв-сць мэблі), харч. прам-сць. Філіял Іжэўскага мех. ін-та. Дом-музей П.І.Чайкоўскага.
т. 4, с. 278
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЗО́НА ЭКАЛАГІ́ЧНАЙ РЫ́ЗЫКІ,
тэрыторыя сушы (ці акваторыя), дзе дзейнасць чалавека можа стварыць небяспечныя экалагічныя сітуацыі (падводная здабыча нафты, пахаванне радыеактыўных або ядавітых рэчываў і інш.). Пазбегнуць узнікнення і існавання З.э.р. цяжка, але каб рызыку звесці да мінімуму, праводзяць папярэднюю экалагічную экспертызу пры праектаванні і буд-ве гасп. сістэм, распрацоўцы тэхн. праектаў і інш.
т. 7, с. 106
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПЕ́РЫСТА-СЛАІ́СТЫЯ ВО́БЛАКІ [міжнар. назва Cirrostratus (Cs)],
бялявае паўпразрыстае покрыва, звычайна валакністае, у верхняй трапасферы. Утвараюцца з дробных ледзяных крышталёў, што звязана з узыходным рухам паветра. Характэрны для воблачных сістэм цёплых франтоў або франтоў аклюзіі, зрэдку ўзнікаюць у выніку трансфармацыі інш. тыпаў воблакаў. Ападкаў не даюць. Часта вакол іх назіраецца гало. Гл. Воблакі, Воблачнасць.
т. 12, с. 321
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«КІБЕРНЕ́ТЫКА»,
навукова-даследчае аб’яднанне Нац. АН Беларусі. Утворана 27.6.1996 на базе Інстытута тэхнічнай кібернетыкі і яго навукова-інж. цэнтраў з мэтаю правядзення фундаментальных і прыкладных даследаванняў у галіне кібернетыкі, інфарматыкі, аўтаматызацыі і прыкладной матэматыкі. У склад «К.» ўваходзяць: Ін-т тэхн. кібернетыкі; навукова-інж. прадпрыемства «Інфармацыйныя тэхналогіі» (асн. кірункі дзейнасці: распрацоўка, стварэнне, развіццё і эксплуатацыя навукова-інфарм. камп’ютэрнай сеткі ў Рэспубліцы Беларусь); навукова-інж. прадпрыемства «Геаінфармацыйныя сістэмы» (асн. кірункі дзейнасці: распрацоўка і ўкараненне геаінфарм. сістэм, комплексаў і тэхналогій апрацоўкі спадарожнікавай інфармацыі, дыстанцыйнага зандзіравання Зямлі, аўтаматызаваных картаграфічных сістэм і комплексаў); інж. прадпрыемства «Навуковае прыборабудаванне» (асн. кірункі дзейнасці: распрацоўка, выраб, укараненне і тыражаванне праграмна-тэхн. комплексаў для аўтаматызацыі тэхнал. працэсаў у розных галінах нар. гаспадаркі Рэспублікі Беларусь); навукова-інж. прадпрыемства «Сістэмы аўтаматызацыі» (асн. кірункі дзейнасці: стварэнне камп’ютэрных тэхналогій праектавання і вытв-сці новых вырабаў і аўтаматызаваных рабочых месцаў; камп’ютэрнае мадэляванне ў інтэлектуальных і вытв. сферах).
М.П.Савік.
т. 8, с. 245
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАСМІ́ЧНАЯ ЗБРО́Я,
комплекс устройстваў і сродкаў для вырашэння ваен. задач у космасе і з космасу, у т. л. з размяшчэннем асобных сістэм на Зямлі і інш. нябесных целах. Уключае касмічныя комплексы, розныя сродкі паражэння, а таксама выяўлення, суправаджэння, навядзення, баявога кіравання і энергет. забеспячэння. Да сродкаў паражэння адносяцца; прамянёвая зброя (лазерная), пучковая зброя, кінетычная і ЭМВ-зброя (пучкі хваль міліметровага дыяпазону або моцнатокавы пучок зараджаных часціц, які выпраменьвае ў шырокім спектры частот). Найб. перспектыўнай і эфектыўнай лічаць лазерную зброю наземнага базіравання. Эфектыўнасць К.з. значна ўзрасла з выкарыстаннем шматразовых трансп. касм. караблёў тыпу «Шатл» (ЗША). У цяперашні час даследаванні і распрацоўка К.з. перанесены з стратэгічных сістэм у тактычныя, у т. л. ў сістэмы проціракетнай абароны тэатра ваен. дзеянняў (ЗША, Ізраіль і інш.).
Літ.:
Космическое оружие: Дилемма безопасности. М., 1986;
Борчев М.А. Околоземный космос как возможная сфера вооруженной борьбы // Военная мысль. 1998. № 3.
Р.Ч.Лянькевіч, У.У.Язэпчык.
т. 8, с. 149
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«ПЛАНА́Р»,
дзяржаўны навук.-вытв. канцэрн дакладнага машынабудавання. Засн. ў 1992 на базе КБ дакладнага электроннага машынабудавання (існуе ў Мінску з 1962). Уключае комплекс устаноў і прадпрыемстваў, якія распрацоўваюць і забяспечваюць вытв-сць спец. тэхнал. абсталявання для мікраэлектронікі і мехатронных сістэм. Асн. прадукцыя (2001): оптыка-мех. абсталяванне для вырабу і кантролю фоташаблонаў, якія выкарыстоўваюцца ў вытв-сці інтэгральных мікрасхем і паўправадніковых прыбораў, шматслойных пячатных плат, а таксама для фарміравання і пераносу відарысаў у фоталітаграфіі, лазернай тэхналогіі раздзялення матэрыялаў; аўтаматы і паўправадніковыя аўтаматы дыскавай рэзкі, зондавага кантролю і мантажу крышталёў; лінейныя шагавыя рухавікі; высокараздзяляльныя аб’ектывы і аптычныя сістэмы; медтэхніка і тавары нар. спажывання. «П.» з’яўляецца лідэрам у распрацоўцы сістэм тэхн. зроку, унікальнай апаратуры для вымярэнняў, даследаванняў і выпрабаванняў з элементамі штучнага інтэлекту. Удзельнічае ў выкананні дзярж. праграм «Лазеры», «Белэлектроніка», «Прылады і сродкі вымярэнняў і тэхнічная дыягностыка», а таксама бел.-рас. праграм.
М.С.Калядка, А.В.Нікіфараў.
т. 12, с. 405
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ІНСТЫТУ́Т МАТЭМА́ТЫКІ Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі.
Засн. ў 1959 у Мінску на базе матэм. лабараторый Ін-та фізікі і матэматыкі АН Беларусі (існаваў у 1955—59). Да 1965 наз. Ін-т матэматыкі і выліч. тэхнікі. У ін-це 13 аддзелаў, аспірантура, дактарантура, саветы па абароне канд. і доктарскіх дысертацый.
Асн. кірункі навук. даследаванняў: алгебра, алгебраічная геаметрыя і тэорыя лікаў; дыферэнцыяльныя ўраўненні і тэорыя ўстойлівасці; выліч матэматыка і матэм. мадэляванне, матэм. кібернетыка і стахастычны аналіз; нелінейны аналіз і тэорыя працэсаў кіравання. Распрацаваны: тэорыя вырашальных і нільпатэнтных лінейных груп і груп падстановак; прыведзеная К-тэорыя, яе унітарны і спінарны варыянты; эфектыўныя метады рашэння дыяфантавых ураўненняў; метрычная тэорыя трансцэндэнтных лікаў, у якой вырашана Малера праблема; тэорыя характарыстычных паказчыкаў Ляпунова дыферэнцыяльных сістэм з малымі адхіленнямі; тэорыя ўраўненняў у поўных вытворных; лікавыя метады і праграмныя сродкі рашэння шматмерных задач матэм. фізікі; тэорыя набліжанага функцыянальнага інтэгравання; тэорыя пабудовы паралельных алгарытмаў, адэкватных шматпрацэсарным выліч. сістэмам; алгарытмы і метады рашэння задач камбінаторнай аптымізацыі і выліч. геаметрыі; тэорыя поліэдральнага квазідыферэнцыравання нягладкіх адлюстраванняў і мультыадлюстраванняў; аператарныя метады даследавання шматпараметрычных дыскрэтных сістэм кіравання; якасная тэорыя аптымальнага кіравання і канструктыўныя метады рашэння экстрэмальных задач. Вырашаны праблемы апраксімацыі і максімальнасці ў арыфм. групах. Даследаваны ўласцівасці рашэнняў дыферэнцыяльных ураўненняў Пенлеве і сістэм Пфафа. Ін-т выдае міжнар. час. «Дифференциальные уравнения». У ін-це працавалі акад. АН Беларусі М.П.Яругін, Дз.А.Супруненка, У.І.Крылоў, Я.А.Барбашын, С.А.Чуніхін, У.Г.Спрынджук, У.П.Платонаў, чл.-кар. Э.І.Груда, А.Я.Залескі, працуюць акад. Нац АН Беларусі І.В.Гайшун (дырэктар з 1992), М.А.Ізобаў, чл.-кар. Ф.М.Кірылава, Л.А.Яновіч.
А.А.Сянько.
т. 7, с. 269
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АГО́НЬ (ваен.),
стральба з розных відаў агнястрэльнай зброі, адзін з асн. сродкаў знішчэння і паражэння праціўніка.
Адрозніваюць агонь адзіночнымі выстраламі, залпавы, бесперапынны; па напрамках — перакрыжаваны, франтальны, флангавы; можа быць беглы, кінжальны, масіраваны, метадычны і інш., з артыл. сістэм — сканцэнтраваны, рухомы і нерухомы загараджальны, паслядоўны, агнявы вал і інш. Агонь уключае таксама пуск ракет у звычайным начынні.
т. 1, с. 79
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)