КІШЭ́ЧНЫЯ КРЫ́ПТЫ, ліберкюнавы залозы,

трубчастыя паглыбленні эпітэлію слізістай абалонкі кішэчніка ў пазваночных жывёл і чалавека. Апісаны ням. вучоным І.​Н.​Ліберкюнам (1745). Форма, велічыня і колькасць К.к. у розных аддзелах кішэчніка розныя (у тонкай кішцы іх болей за 150 млн., а агульная пл. каля 14 м²). Прадуцыруюць кішэчныя ферменты і гармоны (эрэпсін, гастрын, мацілін і інш.), якія ўдзельнічаюць у працэсах стрававання.

А.​С.​Леанцюк.

т. 8, с. 317

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАЖ (франц. page),

у сярэдневяковай Зах. Еўропе малады дваранін, які праходзіў першую ступень падрыхтоўкі да рыцарскага звання ў якасці асабістага слугі пры двары буйнога феадала ці караля. Пасля дасягнення 14-гадовага ўзросту ўзводзіўся ў збраяносцы. У 1711—1917 у Расіі прыдворнае званне. П. і камер-П. выконвалі розныя даручэнні царскай сям’і. З 2-й пал. 18 ст. П. — выхаванец пажскага корпуса (прывілеяваная ваен.-навуч. ўстанова).

т. 11, с. 510

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАПЯРНЯ́НСКІЯ КОЎДРАТКА́ЦКІЯ ФА́БРЫКІ.

Дзейнічалі 2 фабрыкі ва ўрочышчы Паперня Слонімскага пав. (цяпер мясцовасць на Пн Брэсцкай вобл.) у 1879—98. Ф-ка Д.​Штарэніуса і І.​Штарэніуса мела паравы рухавік, 25 ткацкіх станкоў, 5 часальных, 10 прадзільных і 18 інш. машын. У розныя гады працавала 40—60 чал. У 1879 выраблена 3 тыс. аршынаў коўдраў. Ф-ка Г.​Штарэніуса мела паравы рухавік, у 1898 працавалі 53 чал.

т. 12, с. 75

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАРЭ́ЦКІ ЦУКРО́ВЫ ЗАВО́Д Дзейнічаў у в. Парэчча Пінскага пав. (цяпер у Пінскім р-не Брэсцкай вобл.) у 1860—79. Размяшчаўся ў 4-павярховым мураваным будынку на беразе р. Ясельда. У 1862 меў 2 паравыя рухавікі, 2 лакамабілі, 4 паравыя катлы, 8 цэнтрабежных машын. У 1879 працавала 168 рабочых. У розныя гады выраблялі да 10,5 тыс. пудоў цукру за сезон. У 1879 з-д згарэў.

т. 12, с. 157

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РЭ́ДКАЯ РЫ́ФМА, вышуканая рыфма,

рыфма, у якой сугуччы спалучаюць словы, вельмі розныя паводле сэнсу і стылявой афарбоўкі («цэлафан» — «цалаваў», «красой» — «расол»). Разнавіднасць Р.р. — экзатычная рыфма. Да Р.р. адносяцца тыя, у якіх спалучаны сугуччамі абрэвіятуры, варварызмы, лічбы:

Адціснуты зоркі пад самую столь,
І неба ў арэнду гарою забрана.
Узровень над морам — 3100.
Тут наша застава.
Тут землі Ірана.
(П.​Панчанка. «Слухаючы «Перапёлку»).

В.​П.​Рагойша

т. 13, с. 552

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«СТРАТЭГІ́ЧНАЯ АБАРО́ННАЯ ІНІЦЫЯТЫ́ВА»

(«САІ»),

доўгатэрміновая праграма стварэння шырокамаштабнай сістэмы проціракетнай абароны (ПРА). Прызначана для абароны краіны ад ракетна-ядзернай зброі. Уключае розныя сродкі паражэння ракет і боегаловак, у т. л. заснаваных на новых фіз. прынцыпах (гл. Прамянёвая зброя, Пучковая зброя). Значную ч. сістэмы ПРА складае касмічная зброя. «САІ» распрацавана і аб’яўлена ў ЗША у 1983; некат. элементы ПРА (процікасм. абароны) створаны ў Расіі, Ізраілі і інш.

т. 15, с. 201

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ТАПАЛАГІ́ЧНАЯ А́ЛГЕБРА,

раздзел алгебры, што вывучае розныя тапалагічныя сістэмы (групы, паўгрупы, кольцы, алгебры, вектарныя прасторы і інш.), якім нададзены тапалогіі, з неперарыўнымі алг. аперацыямі ў дачыненні да гэтых сістэм. Асн. пытанні, якія разглядаюцца ў Т.а., — існаванне тапалогій у алг. сістэмах, што пераўтварае іх у тапалагічныя алг. сістэмы, прадаўжэнні тапалогій на пашырэнні алг. сістэм, уласцівасці тапалогій алг. сістэм, напр., магчымасць задання тапалогій з дапамогай метрыкі, нормы і інш.

т. 15, с. 429

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

УДА́РНЫЯ МУЗЫ́ЧНЫЯ ІНСТРУМЕ́НТЫ,

група музычных інструментаў, якія аб’ядноўваюць паводле спосабу гуказдабывання: удараў ці блізкіх да яго рухаў. Крыніцай гуку служыць цвёрды корпус (ідыяфоны), мембрана (мембранафоны), струна (хардафоны). Адрозніваюць інструменты з пэўнай вышынёй гуку (літаўры, званочкі, ксілафон) і няпэўнай (барабаны, бубны, трохвугольнікі, кастаньеты і інш.). У.м.і. ўпрыгожваюць гучнасць аркестра, надаюць ёй каларыстычны бляск, яркасць, выконваюць розныя гукапераймальныя задачы, надаюць музыцы рытмічную дынамічнасць.

Л.​А.​Шымановіч.

т. 16, с. 163

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ФЛАЖАЛЕ́Т (ад франц. flageolet жалейка),

гук-абертон, які можа быць атрыманы на стр. смыкавых і шчыпковых муз. інструментах. Нагадвае тэмбр флейты (адсюль назва). Розныя прыёмы выканання Ф. засн. на частковым прыцісканні струны ў пунктах дзялення яе даўжыні на 2, 3, 4 і больш частак. Адрозніваюць Ф. натуральныя, якія атрымліваюцца ад адкрытай струны, і штучныя — ад прыціснутай (скарочанай). Ф. наз. таксама духавы муз. інструмент, падобны да флейты.

т. 16, с. 422

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЦЭХ (ням. Zeche),

асноўнае падраздзяленне прадпрыемства, адасобленае ў адм. і вытв.-гасп. адносінах, якое займаецца вырабам, аказаннем паслуг, выкананнем стадый вытв. працэсу, гасп. функцый. Паводле ролі ў вытв. працэсе вылучаюць асноўныя (выпускаюць прадукцыю, для вырабу якой прызначана прадпрыемства), дапаможныя (аказваюць паслугі інш. Ц. прадпрыемства), пабочныя (вырабляюць прадукцыю з адходаў вытв-сці), падсобныя (вырабляюць тару, цэглу і інш.), эксперыментальныя (вырабляюць доследныя ўзоры і розныя эксперым. работы).

т. 17, с. 183

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)