ЗАСЛУ́ЖАНЫ ТРЭ́НЕР РЭСПУ́БЛІКІ БЕЛАРУ́СЬ,

ганаровае званне, якое прысвойваецца высокакваліфікаваным трэнерам-выкладчыкам па спорце, у т. л. тым, што працуюць са спартсменамі-інвалідамі не менш за 4 гады, за паспяховую вучэбна-трэніровачную і выхаваўчую работу па падрыхтоўцы выдатных спартсменаў і каманд; трэнерам нацыянальных (зборных) каманд Рэспублікі Беларусь, якія маюць стаж работы з гэтымі камандамі не менш за 4 гады, за падрыхтоўку і паспяховае выступленне гэтых каманд на Алімпійскіх гульнях, чэмпіянатах, пяршынствах і Кубках свету і Еўропы; першым трэнерам спартсменаў, якія дасягнулі выдатных поспехаў на Алімпійскіх гульнях, чэмпіянатах, пяршынствах і Кубках свету і Еўропы, і тым, што працуюць з гэтымі спартсменамі не менш за 2 гады, пачынаючы з вучэбна-трэніровачнага этапу; трэнерам спарт. школ і арг-цый, што раней прымалі непасрэдны ўдзел у падрыхтоўцы перададзеных у вышэйшае звяно спартсменаў, пры ўмове работы з імі не менш за 4 гады. Устаноўлена законам ад 13.4.1995, прысвойваецца Прэзідэнтам Рэспублікі Беларусь.

Заслужаныя трэнеры Рэспублікі Беларусь

1995. В.​А.​Няфёдаў, М.​Б.​Парахоўскі, Ю.​М.​Тарасюк.

т. 6, с. 569

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МІ́НСКІ МАСТА́ЦКА-ВЫТВО́РЧЫ КАМБІНА́Т,

прадпрыемства Мастацкага фонду Беларусі ў 1967—91. Створаны на базе маст.-афармленчых майстэрняў. Выконваў заказы па стварэнні твораў усіх відаў выяўл. і дэкар.-прыкладнога мастацтва, манум. і манум.-дэкар. работы, тыражаваў творы графікі і дэкар.прыкладнога мастацтва. Меў філіялы ў Барысаве, Вілейцы, Капылі, Маладзечне, Салігорску, Слуцку.

Камбінатам выкананы работы вял. грамадскага і маст. значэння: Манумент Перамогі, помнікі Я.​Купалу, Я.​Коласу, М.​Багдановічу. М.​Горкаму, афармленне Музея гісторыі Вял Айч. вайны, літ. музеяў Я.​Купалы і Я.​Коласа. Нац. музея гісторыі і культуры Беларусі, кінатэатра «Масква», гасцініцы «Планета», стадыёна «Дынама», станцый метрапалітэна (усе ў Мінску), мемар. комплексы Брэсцкая крэпасць-герой, Хатынь, Курган Славы Сав. Арміі — вызваліцельніцы Беларусі, Манумент у гонар сав. маці-патрыёткі ў Жодзіне, помнік Ф.​Скарыне ў Полацку, Дзіўнаўскі музей мастацтва і этнаграфіі, афармленне шэрагу жылых, грамадскіх і вытв. пабудоў, рэсп. і замежных выставак і інш. Пасля некалькіх рэарганізацый з яго структуры вылучыліся Мінскае мастацкае прадпрыемства «Скульптурны камбінат» і прадпрыемства «Мастацкі камбінат».

т. 10, с. 444

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

О́БЕРТ ((Oberth) Герман) (25.6.1894, г. Сібіў, Румынія — 28.12.1989),

нямецкі вучоны, адзін са стваральнікаў ракетнай тэхнікі і касманаўтыкі. Вучыўся ва ун-тах Мюнхена (1913—14, 1919—20), Гётынгена (1920—21) і інш. У 1925—38 праф. фізікі і матэматыкі ў Румыніі. Праводзіў эксперым. работы па ракетнай тэхніцы ў Вене (1938—40) і Дрэздэне (1940—41). У 1941—43 у ням. ваен. даследчым цэнтры ў Пенемюндзе. У 1955—58 у ЗША. З 1958 у ФРГ. Распрацаваў шэраг пытанняў тэорыі палёту ракет і выкарыстання іх для даследавання атмасферы. Аўтар фундаментальнай працы па праблемах касманаўтыкі «Ракета ў міжпланетную прастору» (1923, Берлін—Мюнхен). Адзін з заснавальнікаў Ням. т-ва ракетнай тэхнікі і касм. палёту (з 1963 імя О.). У 1951 т-ва заснавала медаль О., які прысуджаецца за фундаментальныя даследаванні і выдатныя заслугі ў галіне ракетнай тэхнікі і касманаўтыкі.

Тв.:

Рус. пер. — Мои работы по астронавтике // Из истории астронавтики и ракетной техники. М., 1970.

У.​С.​Ларыёнаў.

Г.Оберт.

т. 11, с. 425

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПЛАЦЕ́ЖНЫ СРО́ДАК,

плацежныя дакументы (плацежныя даручэнні, плацежныя запатрабаванні, разліковыя чэкі і інш.), акрэдытывы, грошы, каштоўныя паперы, пры дапамозе якіх ажыццяўляюцца плацяжы. Плацежнае даручэнне — разліковы дакумент, які змяшчае даручэнне плацельшчыка банку аб пералічэнні (пераводзе) сродкаў з яго рахунку на рахунак атрымальніка. Пры дапамозе даручэнняў ажыццяўляюцца разлікі за атрыманыя тавары і аказаныя паслугі (выкананыя работы), разлікі па нетаварных аперацыях і інш. Плацежнае запатрабаванне — разліковы дакумент, які выкарыстоўваецца таксама пры безнаяўных разліках, калі атрымальнік сродкаў прадстаўляе ў банк патрабаванне да плацельшчыка аб уплаце выплаце* пэўнай сумы праз банк за таварна-матэрыяльныя каштоўнасці (работы, паслугі). Да запатрабавання можа дадавацца рахунак-фактура для расшыфроўкі характару патрабавання і сумы плацяжу. Разліковы чэк — пісьмовае распараджэнне ўладальніка разліковага або бягучага рахунку (чэкадаўца) банку аб уплаце выплаце* ў парадку безнаяўнага разліку пэўнай сумы грошай чэкатрымальніку. Бываюць неакцэптаваныя банкам і акцэптаваныя (сума чэка спісваецца банкам з рахунка чэкадаўца і дэпаніруецца на асобым рахунку для забеспячэння аплаты чэка), лімітаваныя (з указаннем пэўнай сумы сродкаў) і нелімітаваныя (без ліміту сродкаў).

У.​Р.​Залатагораў.

т. 12, с. 417

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СЕБАСЦЬЯ́НА ДЭЛЬ П’ЁМБА [Sebastiano del Piombo; сапр. Лучані (Luciani); каля 1485, г. Венецыя, Італія — 21.6.1547],

італьянскі жывапісец эпохі Адраджэння. Вучыўся ў Дж.​Беліні. Раннім творам, створаным пад уплывам Джарджоне і Тыцыяна, уласцівы прасветлена-лірычны лад (створкі аргана з выявамі 4 святых для царквы Сан-Барталамеа аль Рыяльта, карціна для гал. алтара царквы Сан-Джавані Крызастома ў Венецыі). З 1511 працаваў у Рыме, дзе зблізіўся з Рафаэлем; работы адметныя больш строгім і ўраўнаважаным характарам пры захаванні гучнасці каларыту, уласцівага венецыянскай школе жывапісу. фрэскі на віле Фарнезіна (1511), партрэт рымлянкі (т.зв. «Даратэя», каля 1515) і інш. З 2-й пал. 1510-х г. пад уплывам Мікеланджэла яго творы набылі падкрэслена драм. афарбоўку («Уваскрашэнне Лазара», 1519). Работы, створаныя ў перыяд контррэфармацыі, вызначаюцца змрочнай жорсткасцю вобразнага ладу, які выявіў крызіс маст. прынцыпаў Высокага Адраджэння («Нясенне крыжа», 1537). У 1540-я г. для сабора Санта-Марыя дэла Пачэ ў Рыме выканаў буйную манум. кампазіцыю «Сустрэча Марыі і Елізаветы».

Я.​Ф.​Шунейка.

Себасцьяна дэль П’ёмба. Нясенне крыжа. 1537.

т. 14, с. 286

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АПЕЛЕ́С (Apellēs; каля 380—300 да н.э.),

старажытнагрэчаскі жывапісец. Працаваў у Эфесе, Косе, Александрыі, быў прыдворным мастаком македонскіх цароў. Пісаў на драўляных дошках тэмперай. Выкарыстоўваў белую, чорную, жоўтую і чырвоную фарбы, віртуозна валодаў святлаценем. Выканаў партрэты Філіпа II і яго сына Аляксандра Македонскага, аўтапартрэт. Найб. вядомая карціна Апелеса «Афрадыта Анадыямена». Работы Апелеса не захаваліся.

Я.​Ф.​Шунейка.

т. 1, с. 421

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АРТЫКО́Н (ад грэч. orthos прамы + eikōn выява),

перадавальная тэлевізійная трубка з назапашваннем зараду і счытваннем відарыса павольнымі (каэфіцыент другаснай эмісіі < 1) электронамі. Распрацаваны амер. інжынерамі А.​Розам і Х.​Ямсам (1939). Прыкладна ў 20 разоў больш адчувальны за іканаскоп; характарыстыка «святло—сігнал» лінейная ва ўсім дыяпазоне ўстойлівай работы. Выкарыстоўваецца ў тэлевізійных перадавальных камерах. Гл. таксама Суперартыкон.

т. 1, с. 507

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«БЕЛАГРАПРАМТЭ́ХНІКА»,

рэспубліканскае аб’яднанне па вытворча-тэхн. абслугоўванні сельскай гаспадаркі Беларусі. Створана ў 1991 у Мінску. Мае 6 абл. падраздзяленняў і 118 раённых (Райаграпрамтэхніка). Для рамонту і абслугоўвання с.-г. тэхнікі ёсць спецыялізаваныя прадпрыемствы, вырабляе с.-г. тэхніку і тавары шырокага ўжытку. Выконвае работы па дагаворах з калгасамі і саўгасамі па рамонце аўтамотатэхнікі, механізацыі жывёлагадоўчых фермаў, трансп. абслугоўванні і інш.

т. 2, с. 382

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВАЛЯ́ННЕ,

спосаб вытворчасці шарсцяных вырабаў (сукно, лямец, валены абутак) счапленнем і перапляценнем паміж сабой ваўняных валокнаў. Пры валянні воўну разрыхляюць на трапальных і шчыпальных машынах, замасліваюць і змешваюць; з сумесі робяць вату, з якой наслаеннем рыхтуюць аснову па форме вырабу, але большых памераў. Аснову ўшчыльняюць, прамочваюць растворам сернай кіслаты і ўвальваюць, пасля чаго праводзяць інш. апрацоўчыя работы.

т. 3, с. 498

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАМБІНАВА́НАЯ СІСТЭ́МА ў будаўнічай механіцы,

сістэма, якая спалучае нясучыя канструкцыі розных тыпаў (напр., вісячая канструкцыя з бэлькай, арка з бэлькай і падвескамі). У К.с. звычайна адна ч. элементаў прызначана для работы пераважна на выгін, другая — на расцяжэнне або сцісканне. Пры гэтым недахопы адной сістэмы кампенсуюцца перавагамі другой.

Камбінаваныя сістэмы: 1 — арка з фермай; 2 — вісячая сістэма (кабель) з бэлькай.

т. 7, с. 506

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)