ЛЕ ЗУА́Н (Lê Duân; 7.4.1907, прав. Куангчы. В’етнам — 10.7.1986),

в’етнамскі паліт. і дзярж. дзеяч. З 1930 чл. Камуніст партыі Індакітая (КПІК). У 1931—36. 1940—45 арыштаваны франц. калан. ўладамі. З 1936 сакратар к-та КПІК у Цэнтр. В’етнаме, з 1939 чл. Пастаяннага к-та ЦК КПІК. Пасля Жнівеньскай рэвалюцыі 1945 на кіруючай парт. рабоце ў Паўд. В’етнаме. Удзельнік вайны Супраціўлення в’етн. народа 1946—54. З 1951 чл. Палітбюро і сакратар ЦК Партыі працоўных В’етнама (ППВ, з 1976 Камуніст. партыя В’етнама, КПВ). У 1960—76 1-ы сакратар ЦК ППВ, у 1976—86 ген. сакратар КПВ. Пры ім вялася В’етн. вайна 1964—73, адбылося аб’яднанне краіны (1975).

Ле Зуан.

т. 9, с. 188

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МЕЛЬЕ́ ((Meslier) Жан) (15.6.1664, Мазерні, Францыя — паміж 28.6 і 6.7.1729),

французскі філосаф, атэіст, заснавальнік рэв. кірунку ў франц. утапічным сацыялізме. Свае погляды выклаў у творы «Завяшчанне», які ў 18 ст. распаўсюджваўся ў рукапісах сярод розных прадстаўнікоў франц. грамадскасці (выд. 1864). У ім М. крытыкаваў рэлігію, сац. няроўнасць, абсалютызм і феад.-прыгонніцкі лад Францыі. Лічыў, што аб’яднанне працоўных і паўстанне супраць прыгнятальнікаў з’яўляецца зыходнай перадумовай пабудовы ідэальнага камуніст. грамадства, заснаванага на сумесным валоданні ўсімі дабротамі і абавязковай для ўсіх працы. У тэорыі пазнання ён зыходзіў з таго, што існуюць вечныя ісціны, якім не патрэбны доказ; яснасць і недвухсэнсавасць ідэй прымаў у якасці крытэрыю ісціны.

Тв.:

Рус. пер. — Завещание. Т. 1—3. М., 1954.

В.​М.​Пешкаў.

т. 10, с. 277

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МІЖНАРО́ДНАЯ ДЭМАКРАТЫ́ЧНАЯ ФЕДЭРА́ЦЫЯ ЖАНЧЫ́Н (МДФЖ),

масавая дэмакратычная арг-цыя, якая аб’ядноўвае жанчын свету «для сумеснай барацьбы ў імя заваявання і абароны сваіх правоў грамадзян, маці, працоўных, у імя шчасця дзяцей, забеспячэння міру, дэмакратыі і нац. незалежнасці» (Статут МДФЖ). Створана 1.12.1945 у Парыжы на Міжнар. жаночым кангрэсе. У 1999 у МДФЖ уваходзілі больш за 130 нац. арг-цый больш як 100 дзяржаў. Актыўна ўдзельнічае ў руху прыхільнікаў міру. Вышэйшы орган — з’езд (у ліст. 1998 у Парыжы адбыўся XII з’езд МДФЖ). З’езд выбірае прэзідэнта МДФЖ (з 1998 С.​Жан, Францыя) і Кіруючы к-т, які кіруе арг-цыяй паміж з’ездамі. Штаб-кватэра МДФЖ (Кіруючы к-т і Сакратарыят) знаходзіцца ў Парыжы (да 1989 — у Берліне).

т. 10, с. 339

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НАЗІРА́ЛЬНЫЯ КАМІ́СІІ Рэспублікі Беларусь, органы грамадскага кантролю за дзейнасцю папраўча-працоўных устаноў. Створаны ў 1965 пры выканкомах раённых, гар. і абл. Саветаў і пры СМ з ліку дэпутатаў Саветаў, таксама прадстаўнікоў грамадскіх арг-цый і прац. калектываў. Склад Н.к. зацвярджаецца мясц. Саветамі. Іх дзейнасць рэгулюецца папраўча-працоўным заканадаўствам і Палажэннем аб Н.к. Асн. задачы: кантроль за дзейнасцю органаў, якія выконваюць пакаранне ў выглядзе пазбаўлення волі, папраўчых работ з пункту гледжання захавання імі патрабаванняў заканадаўства, за арганізацыяй і правядзеннем выхаваўчай работы з асуджанымі, прыцягненне грамадскасці да перавыхавання асуджаных, назіранне за паводзінамі асоб у быце і на вытворчасці пасля адбыцця імі пакарання, аказанне дапамогі ім у прац. і быт. уладкаванні.

т. 11, с. 127

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«НАПЕ́РАД»,

газета дэмакр. кірунку ў Зах. Беларусі. Выдавалася 12.12.1929—3.10.1930 у Вільні на бел. мове раз у тыдзень. Асн. задачай рэдакцыя лічыла аб’яднанне разрозненых у выніку рэпрэсій урада Ю.​Пілсудскага сіл бел. вызв. руху, стварэнне адзінага бел. нац. фронту. Асвятляла пытанні эканам. і паліт. жыцця ў краіне і за яе межамі, выкрывала палітыку польск. ўрада ў справе насаджэння на бел. землях асадніцтва, адстойвала інтарэсы бел. працоўных перад адміністрацыяй. Змясціла статут Цэнтр. саюза бел. культ. і гасп. арг-цый і інфармацыю пра яго 1-ы з’езд. Друкавала асобныя творы бел. пісьменнікаў, у т. л. філас.-літ. эсэ «Янка Купала». Выйшаў 31 нумар. Закрыта ў сувязі з фін. цяжкасцямі выдаўцоў.

А.​С.​Ліс.

т. 11, с. 143

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПА́ЛЬМБАХ (Аляксандр Адольфавіч) (10.9.1897, г. Верхнядзвінск Віцебскай вобл. — 22.10.1963),

вучоны-цюрколаг. Праф. (1960). Засл. дз. л-ры і мастацтва Рэспублікі Тыва (1963). Скончыў Віцебскае аддзяленне Маскоўскага археал. ін-та (1918). У 1918—22 настаўнічаў у Лёзне. Выкладаў у Камуніст. ун-це працоўных Усходу, Чэлябінскім пед. ін-це і інш. З 1930 працаваў у Тувінскім НДІ мовы, л-ры і гісторыі. Адзін са стваральнікаў тув. пісьменнасці (1930); сааўтар першай «Граматыкі тувінскай мовы» (1961), «Асноў тувінскай арфаграфіі» (1963). Перакладаў на рус. мову творы С.​Тока, С.​Сарыг-Оала і інш. Як пісьменнік і перакладчык адыграў значную ролю ў станаўленні тув. маст. л-ры.

Літ.:

Александр Пальмбах — писатель и человек. Кызыл, 1967.

т. 12, с. 20

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

САМАДЗЕ́ЙНАЕ МАСТА́ЦТВА,

аматарская творчасць нар. мас у галіне выяўл. і дэкар.-прыкладнога, муз., тэатр., харэагр. і цыркавога мастацтваў, кінамастацтва, фатаграфіі і інш. Асаблівага росквіту дасягнула ў рэчышчы агульнай маст. культуры, адлюстроўваючы рост эстэт. запатрабаванняў працоўных. Вытокі С.м. ў народнай творчасці. Існуе пераважна ў арганізаваных (самадз. калектывы пры палацах і дамах культуры, цэнтрах творчасці, навуч. установах і інш.) і неарганізаваных (асобныя мастакі, скульптары, фота- і кінааматары) формах. Пра развіццё асобных відаў гл. Самадзейнае выяўленчае і дэкаратыўна-прыкладное мастацтва, Самадзейнае музычнае мастацтва, Самадзейнае харэаграфічнае мастацтва, Аматарскае кіно, Фотамастацтва, Народныя інструментальныя ансамблі, Народныя кансерваторыі, Народныя самадзейныя калектывы, Народныя студыі і клубы выяўленчага і дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва, Народныя тэатры, Народныя хары, ансамблі, аркестры.

т. 14, с. 125

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СВЯРГУ́Н (Аляксандр Рыгоравіч) (30.12.1903, в. Гічыцы Івацэвіцкага р-на Брэсцкай вобл. — 31.8.1971),

дзеяч рэв. руху ў Зах. Беларусі. У 1923—27 чл. Косаўскага раённага, Слонімскага акр. к-таў КПЗБ; стварыў ячэйкі КПЗБ і КСМЗБ на Слонімшчыне; адзін з арганізатараў выступлення працоўных г. Косава ў абарону Бел. сял.-работніцкай грамады (гл. Косаўскі расстрэл 1927). У 1927—39 за рэв. дзейнасць зняволены польскімі ўладамі. Дэп. Нар. сходу Зах. Беларусі ў 1939. У Вял. Айч. вайну ў Чырв. Арміі, з 1943 у партызанах на Брэстчыне. З 1944 на сав. рабоце ў Брэсцкай вобл. Дэп. Вярх. Савета БССР у 1941—47. Аўтар успамінаў аб рэв. руху ў Зах. Беларусі. Яго імем названа вуліца ў г. Пружаны.

М.​П.​Клімец.

т. 14, с. 272

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЕЛАБЛО́ЦКІ (Браніслаў) (1861, в. Астрашын, Слуцкі р-н Мінскай вобл. — 14.4.1888),

рэвалюцыянер, сацыёлаг, літаратурны крытык, перакладчык. Скончыў Мінскую гімназію. Вучыўся на юрыд. ф-це Пецярбургскага ун-та, адначасова ў Пецярбургскай АМ. Удзельнічаў у рабоце гурткоў «Народнай волі». З 1882 у Варшаве, супрацоўнічаў з дзеячамі партыі «Пралетарыят», вёў рэв. прапаганду. Друкаваўся ў газ. «Przegląd Tygodniowy» («Штотыднёвы агляд») і час. «Ateneum» («Атэнэум»), У літ.-крытычных творах падкрэсліваў грамадзянскі характар л-ры, патрабаваў рэаліст. адлюстравання жыцця працоўных. У сацыялагічных даследаваннях крытыкаваў т.зв. арганічную тэорыю грамадства Г.​Спенсера, лічыў, што рухальнай сілай развіцця грамадства з’яўляюцца сац. супярэчнасці. Адзін з перакладчыкаў «Капіталу» К.​Маркса на польскую мову.

Тв.:

Szkice literackie / Oprac. L. Krzywicki. Warszawa, 1932;

Szkice społeczme i literackie / Oprac. S.Sandler. Warszawa, 1954.

Б.Белаблоцкі.

т. 2, с. 378

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«АКСАМІ́ТНАЯ РЭВАЛЮ́ЦЫЯ» 1989 у Чэхаславакіі,

умоўная назва працэсу пераходу ад камуніст. ладу, што існаваў з 1948, да дэмакр. праўлення. Адбылася ў ліст.—снеж. ў мяккай, спакойнай форме (адсюль і назва). Масавыя выступленні 17—26 ліст. працоўных, студэнтаў за ўстанаўленне дэмакратыі і паліт. плюралізму ўзначалілі апазіц. рухі Грамадзянскі форум на чале з В.Гавелам і Грамадскасць супраць насілля. Камуністы вымушаны былі пайсці на перагаворы з апазіцыяй. У выніку ўлада перайшла да прадстаўнікоў апазіцыі. Нац. сход выключыў з канстытуцыі краіны артыкулы аб кіруючай ролі камуніст. партыі і марксісцка-ленінскай ідэалогіі. У снеж. 1989 прэзідэнтам краіны абраны Гавел, старшынёй нац. сходу — А.Дубчак, сфарміраваны ўрад нац. адзінства на чале з М.​Чалфам. Парламенцкія выбары ў чэрв. 1990 замацавалі перамогу дэмакр. сіл.

А.​А.​Чалядзінскі.

т. 1, с. 203

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)