МЕ́ЛЬНСКІ ДАГАВО́Р 1422.

Заключаны паміж Польшчай і ВКЛ з аднаго боку і Тэўтонскім ордэнам з другога 27.9.1422 каля воз. Мельна (у сутоках р. Вісла і Аса, Польшча) пасля няўдалай для ордэна вайны. Крыжакі саступілі Полыпчы частку Куявіі з г. Няшава і канчаткова адмовіліся ад прэтэнзій на Жамойць, якая паводле ўмоў Тарунскага міру 1411 перадавалася ордэну пасля смерці вял. князя ВКЛ Вітаўга. М.д. завяршыў апошнюю вайну паміж ордэнам і ВКЛ і канчаткова ўсталяваў мяжу паміж імі.

А.​В.​Белы.

т. 10, с. 279

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МІХНЕ́ВІЧ (Кася) (1746?, г. Слуцк Мінскай вобл. — ?),

танцоўшчыца. З 1756 вучылася ў Слуцкай балетнай школе Г.​Ф.​Радзівіла (у А.Пуціні і Л.Дзюпрэ), з 1758 танцавала ў яго прыдворным т-ры (дэбютавала ў «Балеце на тры пары» ў паст. Пуціні), выступала таксама на гастролях у г. Нясвіж і Белае (цяпер Бяла-Падляска, Польшча). Была найб. таленавітай у трупе, удасканаленню яе майстэрства аддаваў асаблівую ўвагу Пуціні. З 1760 салістка (першая танцоўшчыца) Нясвіжскага т-ра М.​К.​Радзівіла Рыбанькі.

Г.​І.​Барышаў.

т. 10, с. 487

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГЕВЕ́ЛІЙ (лац. Hevelius) Ян

(28.1.1611, г. Гданьск, Польшча — 28.1.1687),

польскі астраном, заснавальнік селенаграфіі. Стварыў першыя падрабязныя карты Месяца (у творы «Селенаграфія, або Апісанне Месяца», 1647), адкрыў аптычную лібрацыю Месяца, фазы Меркурыя. Склаў першы сістэматычны агляд усіх назіраных камет, каталог становішчаў 1564 зорак. Адкрыў 4 каметы, вылучыў 11 новых сузор’яў. Вырабляў секстанты, квадранты без оптыкі (для дакладных вымярэнняў), рэфрактары даўжынёй да 70 м («паветраныя трубы»). Пабудаваў абсерваторыю ў Гданьску, якую апісаў у творы «Нябесная машына» (1673).

Літ.:

Еремеева А.И. Выдающиеся астраномы мира. М., 1966.

т. 5, с. 130

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДМАХО́ЎСКІ (Уладзіслаў Вікенцьевіч) (1841, Вільня — ?),

бел. жывапісец. Сын мастака В.Дмахоўскага. Вучыўся ў бацькі і ў Варшаве. З 1875 выкладаў маляванне ў гімназіях (Чанстахова, Польшча). З канца 1870-х г. жыў і працаваў у маёнтку Нагародавічы (Дзятлаўскі р-н Гродзенскай вобл.). Сярод твораў жанравыя карціны («Рамізнік», «Паштовая станцыя», «На начлезе»), акварэлі («У Вільню на карнавал» і інш.), у якіх паказана жыццё дробнамаянтковай шляхты. Удзельнічаў у дэкар. афармленні Марыяцкага касцёла ў Кракаве.

Літ.:

Дробов Л.Н. Живопись Белоруссии XIX — начала XX в. Мн., 1974.

т. 6, с. 168

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КУМАНЕ́ЦКІ ((Kumaniecki) Казімеж Фелікс) (18.5.1905, г. Кракаў, Польшча — 8.6.1977),

польскі філолаг, гісторык антычнасці. Чл. Польскай АН у Кракаве (1950), Польскай АН (1961). Скончыў Кракаўскі ун-т (1926). З 1936 праф. Варшаўскага ун-та. У 2-ю сусв. вайну ўдзельнічаў у сістэме падп. навучання, паліт. і ваен. падп. арг-цыях. Даследаваў гісторыю і культуру антычнасці, новалац. л-ру. Аўтар прац «Гісторыя культуры старажытных Грэцыі і Рыма» (1955), «Цыцэрон і яго сучаснікі» (1959), «Рымская літаратура — цыцэронаўскі перыяд» (1977). Перакладаў творы Салюстыя, Фукідыда, Вітрувія.

т. 9, с. 19

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КУ́РАНТ ((Courant) Рыхард) (8.1.1888, г. Люблінец, Польшча — 27.1.1972),

амерыканскі матэматык. Замежны чл. АН СССР (1966). Скончыў Гётынгенскі ун-т (1910), дзе і працаваў у 1920—33. З 1934 праф. Нью-Йоркскага ун-та. Навук. працы па тэорыі канформных адлюстраванняў, краявых задачах матэм. фізікі, варыяцыйным злічэнні. Аўтар многіх манаграфій і падручнікаў.

Тв.:

Рус. пер. — Курс дифференциального и интегрального исчисления. Т. 1. 4 изд. М., 1967;

Т. 2. 2 изд. М., 1970;

Методы математической физики. Т. 2. Уравнения с частными производными. М., 1964.

т. 9, с. 41

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«МАЗО́ЎША»

(«Mazowsze»),

Дзяржаўны ансамбль песні і танца «Мазоўша» імя Т.​Сыгетынскага Рэспублікі Польшча. Створаны ў 1949. Працуе ў в. Каролін каля Варшавы. Арганізатар і першы кіраўнік Т.​Сыгетынскі (з 1955 ансамбль яго імя), з 1955 кіраўнік М.​Зімінская-Сыгетынская. У складзе калектыву хар. і балетная групы, інстр. ансамбль. У рэпертуары больш за 100 маст. апрацовак польскіх нар. песень і танцаў, пераважна цэнтр. Польшчы, арыгінальныя творы польскіх і інш. кампазітараў, у т. л. песні Сыгетынскага.

Неаднаразова выступаў на Беларусі. Дзярж. прэмія Польшчы 1951.

т. 9, с. 510

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПА́ВЕЛ РУСІ́Н З КРО́СНА (1470 ?, г. Кросна, Польшча — 1517),

паэт-лацініст. Гуманіст. Вучыўся ў Кракаўскім і Грэйфсвальдскім (Памеранія) ун-тах. У 1499 атрымаў ступень бакалаўра, у 1506 магістра вольных мастацтваў. У 1506—16 праф. Кракаўскага ун-та. Аўтар зборніка паэт. твораў (1509). Выдаў творы стараж.-рым. пісьменнікаў Персія Флака (1508), Сенекі (1513) са сваімі вершаванымі і празаічнымі прадмовамі. Сярод яго вучняў паэт Я.Вісліцкі, якому ён прысвяціў хвалебную элегію.

Літ.:

Дорошкевич В.И. Новолатинская поэзия Белоруссии и Литвы: Первая половина XVI в. Мн., 1979.

т. 11, с. 464

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МО́ЖЫ ((Morzy) Юзаф) (н. 10.8.1921, в. Лопуш Падляскага ваяв., Польшча),

польскі гісторык. Д-р гіст. н. (1962). Скончыў Маскоўскі ун-т (1955). Да 1991 працаваў ва Ун-це імя А.​Міцкевіча ў Познані, дацэнт (1968). Вывучае гісторыю ВКЛ і Расіі. Аўтар манаграфіі «Дэмаграфічны крызіс у Літве і Беларусі ў II палове XVII ст.» (1965; бел. пераклад фрагментаў у час. «Спадчына», 1992, №5), дзе на падставе шматлікіх крыніц зроблена выснова пра значнае (да 50%) скарачэнне насельніцтва ВКЛ у час войнаў 1648—67.

т. 10, с. 512

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«ПО́ЛЬСКАЯ ПРА́ЎДА», Кніга Эльблонгская,

умоўная назва зборніка польскага права, складзенага на тэр. Тэўтонскага ордэна ў канцы 13 — пач. 14 ст. на ням. мове. Рукапіс «П.п.», выяўлены ў 1868 у г. Эльбланг (Польшча), уключае запісы звычаяў і суд. рашэнняў (усяго 29 арт.). Некат. звычаі на момант складання зборніка выйшлі з ужытку. У «П.п.» адлюстраваны агр. адносіны, адрозненні ў прававым становішчы розных пластоў грамадства, дадзены тлумачэнні па пытаннях абавязацельнага, сямейнага, спадчыннага права і працэсу. Арыгінал рукапісу загінуў у 2-ю сусв. вайну.

т. 12, с. 484

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)