ЮРГЕЛЕ́ВІЧ Пётр Якаўлевіч (14.1.1894, в. Трабы Іўеўскага р-на Гродзенскай вобл. — 17.4.1973),

бел. мовазнавец. Скончыў БДУ (1925). З 1926 працаваў у клімавіцкай раённай газеце, у Белдзяржвыдавецтве ў Мінску, у 1930—35 вучоны сакратар Ін-та мовазнаўства АН Беларусі. У 1936 рэпрэсіраваны, да 1940 у папраўча-прац. лагеры. З 1940 у Гомельскім, у 1944—68 у Магілёўскім (у 1944—62 заг. кафедры) пед. ін-тах. Даследаваў сучасную бел. літ. мову, гісторыю бел. мовы і гаворак.

Тв.:

Нарыс сучаснай беларускай мовы з гістарычнымі каментарыямі: Фанетыка. арфаэпія, графіка і правапіс, лексіка і фразеалогія. 2 выд. Мн., 1961;

Курс сучаснай беларускай мовы з гістарычнымі каментарыямі. Мн., 1974.

М.​С.​Яўневіч.

т. 18, кн. 1, с. 214

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЭТЫМАЛО́ГІЯ (грэч. etymologia ад etymon ісціна, сапраўднае значэнне слова + ...логія),

раздзел мовазнаўства, які вывучае паходжанне значымых адзінак мовы (слоў, марфем, устойлівых спалучэнняў, выразаў) шляхам узнаўлення першапачатковых фармальных і семантычных сувязей паміж імі, страчаных або аслабленых у працэсе развіцця асобных моў. Гэта дасягаецца праз ідэнтыфікацыю (атаясамліванне) моўных адзінак ці іх частак пры параўнанні на падставе параўнальна-гіст. метаду. Пры ідэнтыфікацыі выкарыстоўваюць фанет., словаўтваральны, семантычны, культ.-гіст. і інш. крытэрыі. Фанет. крытэрый грунтуецца на веданні дакладных гукавых адпаведнікаў у роднасных мовах (гл. Роднасць моў), што дазваляе атаясамліваць знешне непадобныя моўныя адзінкі, напр., бел. «бераг» і польск brzeg. Словаўтваральны ўстанаўлівае вытворную аснову этымалагічна няяснага слова шляхам уключэння яго ў вядомы словаўтваральны рад (мадэль), напр., паходжанне тэрміна «бі́ла» (язык звана, дэталь у кроснах і інш.) ад «біць» пацвярджаецца радам утварэнняў: «шы́ла» (ад «шыць»), мы́ла (ад «мыць») і г.д. Семантычны ўлічвае тыповыя змены значэнняў унутры адной ці ў розных мовах, параўн., бел. «гара» і балг. гора́ (лес, звычайна на гарах). Звесткі з этнаграфіі, гісторыі, міфалогіі выкарыстоўваюцца ў якасці культ.-гіст. крытэрыя пры этымалагізацыі асобных слоў, устойлівых выразаў, моўных клішэ, рытуальных формул і інш. Напр., дыялектнае слова «ластавінне» (вяснушкі) паходзіць са стараж. уяўленняў, згодна з якімі разбурэнне гнязда ластаўкі прыводзіла да з’яўлення вяснушак на твары таго, хто гэта зрабіў. Пры этымалагізацыі ў залежнасці ад старажытнасці слова ў якасці параўнальнага матэрыялу прыцягваюцца факты адной мовы (найб. каштоўнасць маюць паказанні дыялектаў, паколькі ў іх часцей, чым у літ. мове, захоўваюцца архаічныя формы і значэнні), групы ці ўсёй сям’і роднасных моў, а таксама факты няроднасных моў (для вызначэння крыніц запазычанняў, калек і тыпалагічных паралелей). Пры ігнараванні ці няведанні навук. крытэрыяў этымалагізацыі паходжанне моўных адзінак тлумачыцца на падставе іх выпадковага знешняга падабенства [напр., дыялектнае слова «не́лень» (від дуба, які позна распускаецца) звязваюць з паняццем «лянівы» (параўн. інш. назву — лянівы дуб), на самай справе паходзіць ад «ліняць», пра што сведчыць інш. дыялектная назва «не́лін» (від дуба, на якім доўга трымаецца лісце); гл. Народная этымалогія].

На ранніх этапах развіцця Э. для выяўлення першапачатковага значэння дапускаліся адвольныя збліжэнні падобных слоў. Навук. характар Э. набыла толькі ў межах параўнальна-гістарычнага мовазнаўства. асабліва калі з’явіліся першыя этымалагічныя слоўнікі. У этымалагічных слоўніках часта прыводзяцца толькі гіпатэтычныя меркаванні (паколькі для ўстанаўлення паходжання пэўных слоў і выразаў не заўсёды ёсць гістарычна засведчаныя факты). У асобных выпадках такіх этымалагічных версій можа быць некалькі. пры поўнай іх адсутнасці канстатуецца няяснасць паходжання слова. У галіне бел. Э. працавалі Я.​Ф.​Карскі, Р.​А.​Ільінскі. М.​О.​Коген. Л.​М.​Цвяткоў. П.​А.​Бузук і інш. Праблемы Э. распрацоўваюцца ў Ін-це мовазнаўства Нац. АН Беларусі і ВНУ рэспублікі.

Літ.:

Булахаў М.Г. З этымалагічных назіранняў Я.​Ф.​Карскага // Весн. БДУ. Сер. 4. 1971. № 1;

Лепешаў І.Я. Этымалагічны слоўнік фразеалагізмаў. Мн., 1981;

Галас Б.К. Да пытання аб лексікаграфічнай спадчыне Ф.​С.​Шымкевіча // Беларуская лінгвістыка. 1985. Вьш. 28;

Міжславянскія ізалексы ў беларускіх этымалагічных слоўніках. Мн., 1998.

Г.​А.​Цыхун.

т. 18, кн. 1, с. 185

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ФІЛАЛО́ГІЯ (грэч. philologia літар. — любоў да слова),

комплекс навуковых дысцыплін гуманітарнага цыкла, што вывучаюць сутнасць і гісторыю духоўнай культуры чалавецтва праз моўны і стылістычны аналіз пісьмовых, часткова і вусных тэкстаў. Тэрмін «Ф.» ўвёў ва ўжытак у 1-й чвэрці 19 ст. ням. філолаг Ф.​А.​Вольф.

Вытокі Ф. ў антычнасці; высокага развіцця дасягнула стараж.-інд. Ф. З пашырэннем хрысціянства на першы план выступілі праблемы тлумачэнняў і перакладаў Бібліі і інш. багаслоўскай л-ры; традыцыі грэч. Ф. прадаўжаліся пераважна ў Візантыі. Цікавасць да класікі абудзілася пераважна ў эпоху Адраджэння. З’явіліся вучоныя-філолагі, якія былі адначасова лінгвістамі, літаратура- і мастацтвазнаўцамі, этнографамі, гісторыкамі, філосафамі і г.д., бо толькі ўсебаковая дасведчанасць давала магчымасць выявіць змест, пафас, асаблівасці стараж. пісьмён. Выдатныя філолагі 16—17 ст.: Ю.Ц. і І.​Ю.​Скалігеры, А.​Эцьен, Эразм Ратэрдамскі, Р.​Бентлі, Ш.​Дзюканж і інш. «Гісторыя мастацтва старажытнасці» І.​Вінкельмана (1764) спрыяла філал. вывучэнню мінулага з канца 18 да пач. 20 ст. (Вольф, Г.​Узенер, Э.​Родэ, У. фон Віламавіц-Мёлендорф). У 19 ст. ад Ф. адмежаваліся гіст. дысцыпліны, вылучыліся ў самаст. навукі мовазнаўства, літ.-знаўства, пачала фарміравацца тэксталогія; узніклі новыя галіны «Ф.» — навукі пра мову і л-ру асобных народаў: германістыка, славяназнаўства, раманістыка, усх. Ф. і інш., але падыход да тэксту як прадмета Ф. застаецца комплексным. Вял. роля ў развіцці рус. Ф., пачатак якой даў М.​Ламаносаў, належыць Ф.​Буслаеву, І.​Сразнеўскаму, А.​Шахматаву, Ф.​Коршу, В.​Вінаградаву, С.​Абнорскаму і інш.

Асновы бел. Ф. заклалі Л.​Зізаній, І.​Насовіч, Я.​Карскі. Пра філал. даследаванні на Беларусі гл. ў арт. Мовазнаўства, Літаратуразнаўства, Фалькларыстыка, Лексікаграфія, Дыялекталогія, Тэксталогія.

Літ.:

Алисова Т.Б., Репина Т.А., Таривердиева М.А. Введение в романскую филологию. М., 1987;

Супрун А.Я. Введение в славянскую филологию. 2 изд. Мн., 1989.

А.​Я.​Міхневіч, А.​Я.​Супрун.

т. 16, с. 384

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«БЕЛАРУ́СКАЯ МО́ВА»,

аднатомная энцыклапедыя. Выдадзена ў 1994 у Мінску пад рэдакцыяй А.​Я.​Міхневіча выд-вам «Беларуская Энцыклапедыя». Уключае 513 энцыклапедычных артыкулаў, гал. аб’ектамі апісання ў якіх сталі: моўныя дысцыпліны і навук. кірункі, што вылучаюцца ў межах бел. мовазнаўства; навук. паняцці і метады, пры дапамозе якіх апісваецца бел. мова; галоўныя пісьмовыя помнікі старабел. і новай бел. літ. мовы; персаналіі айч. і замежных даследчыкаў бел. мовы, бел. пісьменнікаў і выдатных дзеячаў старабел. пісьменства; галоўныя кадыфікацыйныя працы па бел. мове; мовы, з якімі бел. мова мела ці мае кантакты; моўныя ўстановы, таварыствы, часопісы, газеты і інш. Артыкулы ілюструюцца фотаздымкамі, картамі, схемамі. У кнізе змешчаны Закон «Аб мовах у Беларускай ССР» (1990) і спадарожныя яму заканадаўчыя акты.

В.​К.​Шчэрбін.

Тытульны ліст энцыклапедыі «Беларуская мова». 1994.

т. 2, с. 416

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДУРНАВО́ Мікалай Мікалаевіч (4.11.1876, Масква —27.10.1937?),

рускі мовазнавец. Чл.-кар. АН СССР (1924), акад. АН БССР (1928). Скончыў Маскоўскі ун-т. З 1918 праф. Саратаўскага, Бел. і Маскоўскага ун-таў. У 1933 рэпрэсіраваны, у 1934 высланы. Рэабілітаваны ў 1964. Даследаваў слав. мовазнаўства («Да пытання аб старажытнейшых перакладах на стараславянскую мову біблейскіх тэкстаў. Супрасльскі рукапіс», 1926, «Думкі і меркаванні аб паходжанні стараславянскай мовы і славянскіх алфавітаў» і «Да пытання аб распадзе агульнаславянскай мовы», 1929), дыялекталогію і гісторыю рус. мовы. Аўтар першага рус. слоўніка лінгвістычных тэрмінаў «Граматычны слоўнік» (1924). У навук. працах выкарыстоўваў факты бел. мовы, апублікаваў арт. «Увагі да беларускай фанетыкі» (1929), рэцэнзіі на бел. і ўкр. мовазнаўчыя выданні.

Літ.:

Булахов М.Г. Восточнославянские языковеды. Т. 2. Мн., 1977.

І.​К.​Германовіч.

М.М.Дурнаво.

т. 6, с. 262

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАЛАЖА́Й Галіна Мікалаеўна (н. 15.3.1938, в. Кустын Брэсцкага р-на),

бел. мовазнавец. Чл.-кар. Акадэміі адукацыі Беларусі (1998). Канд. філал. н. (1971), праф. (1988). Скончыла Брэсцкі пед. ін-т (1960). Працавала настаўніцай, з 1963 у Брэсцкім ун-це (з 1981 заг. кафедры бел. мовазнаўства). Даследуе бел. літ. фразеалогію і асаблівасці мовы маст. л-ры: «Беларуская перыфраза» (1974), «Сучасная беларуская мова: Перыфраза» (1980), «Сучасная беларуская мова: Слова. Перыфраза. Фразеалагізм» (1992) і інш. Аўтар вучэбных дапаможнікаў «Лінгвістычны аналіз тэксту: Заданні, тэксты, парады» (1982, 2-е выд. 1992), «Беларуская мова» (1986, у сааўт.), «Пазакласная праца па беларускай мове» (1990, з С.​Рачэўскім), «Практыкум па беларускай мове» (1993, у сааўт.) сааўтар школьных падручнікаў па бел. мове для 6-га і 7-га класаў і інш.

т. 9, с. 557

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАРАЎНА́ЛЬНА-ГІСТАРЫ́ЧНЫ МЕ́ТАД,

навуковы метад, з дапамогай якога шляхам параўнання выяўляецца агульнае і асаблівае ў гіст. з’явах, дасягаецца пазнанне розных гіст. ступеней развіцця адной і той жа з’явы ці дзвюх розных суіснуючых з’яў; разнавіднасць гіст. метаду. Дае магчымасць выявіць і параўнаць узроўні ў развіцці вывучаемага аб’екта, змены ў ім, адзначыць тэндэнцыі развіцця. Уключае розныя формы: супастаўленне (выяўляе прыроду разнародных аб’ектаў), гісторыка-тыпалагічнае параўнанне (тлумачыць падабенства розных па паходжанні аб’ектаў аднолькавымі ўмовамі генезісу і развіцця), гіст.-генет. параўнанне (падабенства з’яў тлумачыцца іх роўнасцю паводле паходжання), параўнанне (розныя з’явы фіксуюцца на аснове ўзаемаўплываў). Агульнапрызнаным стаў у 19 ст. Ужываецца ў мовазнаўстве (гл. Параўнальна-гістарычнае мовазнаўства), літ.-знаўстве (гл. Параўнальна-гістарычнае літаратуразнаўства), юрыспрудэнцыі, сацыялогіі, этнаграфіі і інш.

Т.​І.​Шамякіна.

т. 12, с. 92

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПОР-РАЯ́ЛЬ ГРАМА́ТЫКА,

лінгвістычная тэорыя, паводле якой у аснове ўсіх моў — адзіная ідэальная лагічная схема, задача граматыкі — устанавіць прынцыпы, агульныя для ўсіх моў, і асн. адрозненні паміж імі. Выкладзена абатамі кляштара Пор-Раяль А.​Арно і К.​Лансло ў кн. «Усеагульная рацыянальная граматыка...» (1660). Першыя словы яе назвы з цягам часу сталі абазначэннем асобнага тыпу лінгвістычных даследаванняў (гл. Універсальная граматыка). П.-Р.г. як спроба пабудовы на рацыянальным грунце на падставе абагульнення фактаў этн. моў усеагульнай грамат. сістэмы заклала пачатак агульнага мовазнаўства як асобнай навук. дысцыпліны. Нягледзячы на пэўную абсалютызацыю дэдуктыўнага метаду і разумовую абстрактнасць, П.-Р.г. — крыніца даследаванняў мовы ў такіх кірунках, як філасофія мовы, фармальна-граматычнае апісанне (мадэліраванне) моў, тыпалогія моў, тэорыя моўных універсалій (гл. Універсаліі лінгвістычныя). А.​Я.​Міхневіч.

т. 12, с. 512

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СА́ЦІНАВА Валянціна Фёдараўна (н. 10.10.1932, г. Астрахань, Расія),

бел. вучоны ў галіне педагогікі і мовазнаўства. Канд. пед. н. (1972), праф. (1993). Скончыла Ленінградскі пед. ін-т (1954). З 1970 у Брэсцкім ун-це (у 1971—92 заг. кафедры). Навук. працы па тэорыі методыкі выкладання замежных моў, праблемах псіхалінгвістыкі, развіцця лінгва-краіназнаўчай культуры і гуманіст. выхавання, самаадукацыі, адбору і арганізацыі навуч. матэрыялу.

Тв.:

Вопросы психолингвистики и преподавание русского языка как иностранного. М., 1971 (у сааўт.);

English for future teachers. Мн., 1985;

Английский язык: Коррективный курс. Мн., 1991 (разам з А.​К.​Івановай);

Опыт раннего обучения английскому языку (разам з А.​Рыжовай) // Пачатковая адукацыя і выхаванне: прабл., пошукі, знаходкі. Брэст, 1998. Вып. 5;

Читаем и говорим о Британии и британцах. 5 изд. Мн., 2000.

т. 14, с. 208

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СТАНГ (Stang) Крысціян Швейнгард (15.3.1900, Осла — 2.7.1977),

нарвежскі славіст. Д-р філасофіі (1929). Скончыў ун-т у Осла (1927), у 1938—70 праф. кафедры слав. моў гэтага ун-та. Аўтар прац у галіне параўнальна-гіст. індаеўрап. і слав. мовазнаўства. Шмат увагі аддаваў гісторыі ўсх.-слав. моў, асабліва беларускай. У кн. «Заходняруская канцылярская мова Вялікага княства Літоўскага» (1935, на ням. мове) на вял. фактычным матэрыяле з юрыд. пісьмовых помнікаў абгрунтаваў сцверджанне аб бел. аснове мовы дзелавой пісьменнасці ВКЛ. Манаграфію «Старажытнаруская мова помнікаў горада Полацка» (1939, на ням. мове) прысвяціў падрабязнаму апісанню фанетыкі, марфалогіі, сінтаксісу і лексікі полацкіх грамат 13—16 ст. Аўтар прац «Славянскі і балтыйскі дзеяслоў» (1942, на ням. мове), «Славянская акцэнтуацыя» (1967, на англ. мове).

А.​І.​Жураўскі.

т. 15, с. 144

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)