РУЖА́НСКАЯ ЦАРКВА́ ПЯТРА́ І ПА́ЎЛА І МАНАСТЫ́Р БАЗЫЛЬЯ́Н,
помнік архітэктуры барока ў г.п. Ружаны Пружанскага р-на Брэсцкай вобл. Мураваны храм пабудаваны пры базыльянскім манастыры ў 1762—79 (арх. Я.С.Бекер) на месцы уніяцкай царквы 1568 па фундацыі Хрысціны Масальскай з Сапегаў. У 1839 перададзена праваслаўным. Будынак 1-нефавы з вял. паўкруглай апсідай, над якой пакаты 2-схільны дах пераходзіць у конусападобнае пакрыццё, завершанае галоўкай. Па баках апсіды размешчаны 2 квадратныя ў плане невысокія рызніцы пад 3-схільнымі дахамі. Гал. фасад па цэнтры вылучаны рызалітам, які завершаны развітым антаблементам і 2-ступеньчатым атыкам з трохвугольным франтонам. Над атыкам узвышаецца 2-ярусная чацверыковая вежа-званіца з галоўкай на барабане. Барочны пластычны характар фасаду надаюць шматлікія крапоўкі слаістымі пілястрамі, прафіляванымі цягамі, нішамі. Бакавыя фасады рытмічна расчлянёны арачнымі аконнымі праёмамі ў прафіляваных ліштвах і пілястрамі ў прасценках, апяразаны паддахавым карнізам.
Зала царквы перакрыта люстэркавым скляпеннем, плафон якога пакрыты размалёўкай «Праабражэнне» (пашкоджана пажарам у 1895, адноўлена ў пач. 20 ст.). На плафоне апсіды размалёўка «Бог Саваоф». Абапал апсіды медальёны з выявамі апосталаў Пятра і Паўла. Захаваўся абраз «Маці Божая Адзігітрыя» (каля 1648), якому прыпісваецца захаванне храма ад пажару.
Корпус манастыра ўзведзены ў 1780-я г. (арх. Бекер) з паўд. боку царквы па фундацыі А.Сапегі. Будынак прамавугольны ў плане, 2-павярховы, накрыты вальмавым дахам. Рытм гал. фасада ствараецца прамавугольнымі аконнымі праёмамі, завершанымі трохвугольнымі і паўкруглымі сандрыкамі (на 1-м паверсе), пілястрамі. Цэнтр гал. фасада вылучаны рызалітам.
В.В.Калнін, В.В.Церашчатава.
Ружанская царква Пятра і Паўла і манастыр базыльян.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЕЛАРУ́СКАЯ РЭЗЬ,
манументальна-дэкаратыўная аб’ёмна-ажурная разьба па дрэве, якой бел. майстры аздаблялі храмы і палацы ў Маскоўскай дзяржаве ў 17 ст. Вядомая і як «флемская» разьба (ад ням. Flamme полымя). На ўзорах беларускай рэзі расліны пераплятаюцца з гронкамі, у іх уплятаюцца выявы птушак, жывёл, чалавека. Разьбу пакрывалі ляўкасам і залацілі. Да сярэдзіны 17 ст. на Русі існавала плоская разьба. Бел. майстры прынеслі ў Маскоўскую дзяржаву майстэрства разьбы, што развілася на Беларусі з канца 16 ст. пад уплывам мастацтва рэнесансу і барока. Лепшыя яе ўзоры — іканастасы Богаяўленскага сабора (2-я чвэрць 17 ст., не захаваўся) і Магілёўскай Мікалаеўскай царквы. У Маскоўскай дзяржаве бел. разьбяры выканалі работы ў Васкрасенскім саборы Новаіерусалімскага манастыра на Істры (1658), аздобілі іканастасы цэркваў у Ізмайлаве і ў Данскім манастыры пад Масквой. У 1667—68 яны ўпрыгожылі пазалочаныя калонкі, капітэлі, карнізы, ліштвы, а таксама мэблю Каломенскага палаца. Сярод работ бел. майстроў Каломенскага палаца асабліва вылучаецца буйнамаштабны іканастас Смаленскага сабора Новадзявочага манастыра ў Маскве (1683—86) з 84 калонкамі, пераплеценымі вінаграднай лазой, карнізамі і картушамі. Беларуская рэзь дасягнула росквіту на мяжы 17—18 ст.; яе традыцыі захоўваліся да пач. 19 ст. (іканастас Хаціслаўскай Спаса-Праабражэнскай царквы). Сярод майстроў беларускай рэзі найб. вядомыя К.Міхайлаў, старцы Арсеній і Іпаліт, пазалотчык Д.Залатароў.
Літ.:
Абецедарский Л.С. Белорусы в Москве XVII в.: Из истории рус.-бел. связей. Мн., 1957.
Я.М.Сахута.
Да арт.Беларуская рэзь. Царскія вароты Магілёўскай Мікалаеўскай царквы. 1669—72. Магілёўскі краязнаўчы музей.Да арт.Беларуская рэзь. Клім Міхайлаў, Дарафей Залатароў. Іканастас Смаленскага сабора Новадзявочага манастыра ў Маскве. 1683—86. Фрагмент.Да арт.Беларуская рэзь. Клім Міхайлаў, Дарафей Залатароў. Іканастас Смаленскага сабора Новадзявочага манастыра ў Маскве. 1683—86. Фрагмент.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДЗЭН (яп., ад санскр. дх’яна — медытацыя),
адна з плыней у яп. будызме. Сфарміравалася на аснове чань-будызму. прыйшла ў Японію з Кітая ў канцы 12 ст.Асн. ідэя Дз. — магчымасць спасціжэння пры дапамозе медытацыі сваёй пачатковай прыроды, тоеснай «сутнасці Буды». Прабуджэнне (саторы) суадносяць з спасціжэннем сапраўднай прыроды рэчаў, іх патаемнай сутнасці і ўсведамленнем свайго дачынення да ўсяго існага. Адрозніваюць «малое саторы», калі сапраўднае разуменне рэчаў толькі прыадкрываецца на кароткі момант, і «вялікае саторы», што вядзе да духоўных змен. Для дасягнення саторы выкарыстоўваюць «сядзячую медытацыю», якая прадугледжвае пазбаўленне ад думак і вобразаў (даадзэн) і практыку пастаноўкі і рашэння асобых парадаксальных задач, накіраваных на фарміраванне інтуітыўнага цэласнага спасціжэння рэальнасці (коан). Найб. пашыраны кірунак Дз. Рындзай-сю, успрыняты імператарскім акружэннем, самурайствам. Другі кірунак, Сота-сю, распаўсюдзіўся ў правінцыях, знайшоў падтрымку ў мясц. феадалаў. Паслядоўнікі Дз. лічаць свяшчэнныя трактаты другаснымі, бо патаемныя ісціны перадаюцца непасрэдна ад настаўніка вучню («ад сэрца да сэрца»). Дз. у многім вызначыў кодэкс самурайскага гонару бусідо. Прынцыпы Дз. (спантаннасць, натуральнасць, гармонія, прастата) паўплывалі на фарміраванне традыц. мастацтваў: каліграфіі, жывапісу, паэзіі, л-ры, музыкі, чайнай цырымоніі, кампазіцыі садоў і ландшафтаў, баявых мастацтваў і інш. Пік захаплення Дз. за межамі Японіі прыпадае на 1960-я г. і звязаны з маладзёжным рухам пратэсту. Манастыры і цэнтры па вывучэнні Дз. існуюць у ЗША, Англіі, Францыі, Германіі і інш. У Беларусі цікавасць да Дз. звязана найперш з распаўсюджаннем з 1970-х г.яп. баявых мастацтваў.
Літ.:
Абаев Н.В. Чань-буддизм и культурно-психологические традиции в средневековом Китае. Новосибирск, 1989;
Кацуки С. Практика Дзэн. Железная флейта: (100 коанов Дзэна): Пер. с англ. Киев, 1993.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
Е́ЛЬСКІЯ,
дзярж. і культ. дзеячы ВКЛ, Рэчы Паспалітай герба «Пелеш». Вядомы з канца 16 ст., асн. маёнткі мелі на Піншчыне і Міншчыне. Найб. вядомыя:
Францішак (1738—23.3.1821), скарбнік, падстолі гродзенскі (1777), падкаморы старадубскі (1780). На сеймах 1778 і 1780 выбіраўся скарбовым камісарам ВКЛ. Маршалак Трыбунала ВКЛ (1783). Пасол на Чатырохгадовы сейм 1788—92. У час паўстання 1794чл.Цэнтральнай дэпутацыі Вялікага княства Літоўскага. Чл.Часовага ўрада Вялікага княства Літоўскага 1812. Станіслаў (?—3.1.1829), камісар скарбовы ВКЛ (1784—92) і Рэчы Паспалітай (1792—93), маршалак Ігуменскага пав. (1795—1812). Канстанцін (?—21.10.1799), шамбялян (камергер) караля Станіслава Аўгуста Панятоўскага. Пасол на Чатырохгадовы сейм 1788—92. Удзельнічаў у падрыхтоўцы паўстання 1794, прызначаны Т.Касцюшкам ген.-м. Гродзенскага пав. Пасля задушэння паўстання ў падполлі. Людвік (1785—8.8.1843). У званні маёра ўдзельнічаў у Маскоўскай кампаніі 1812 Напалеона. З 1823 у Варшаве, прэзідэнт Польск. банка (1828). У час паўстання 1830—31нам. міністра скарбу. Кароль (?—1824), скульптар. Бацька Казіміра Ельскага. Пачынаў як лепшчык у 1778—82 з арх. К.Спампані, працаваў пераважна ў Вільні. Упрыгожыў маёнтак Д.Пшаздзецкага ў Заслаўі, аўтар помнікаў Спампані ў Цаперскім манастыры пад Клецкам і М.Завішы ў капліцы ў Кухцічах (Уздзенскі р-н), скульптур Алены, Казіміра і Станіслава для Віленскага кафедральнага сабора. Для касцёла бернардзінцаў у Троках (Літва) зрабіў фігуры 4 евангелістаў, анёлаў і абраз св. Тройцы. Ян (1780—?), скульптар. Сын Караля. Выканаў фігуры прарокаў Іераміі і Ісаі (1804) для гал. алтара касцёла Пятра і Паўла ў Вільні. Па прыватных заказах Дамініка Радзівіла зрабіў 10 разных рам для партрэтаў у Нясвіжскім замку і інш.Гл. таксама Ельскі М.К., Ельскі А.К., Ельскі К., Ельскі К.М.
Да арт.Ельскія. Казімір Ельскі. Бюст Захарыя Нямчэўскага. Паміж 1810 і 1820.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПО́ЛАЦКІЯ ГІМНА́ЗІІ.
Існавалі ў Полацку ў 1788—1918.
Праваслаўная духоўная гімназіязасн. ў 1788 пры пач. партыкулярнай школе ў Богаяўленскім манастыры (пераведзена сюды духоўная 2-класная гімназія з Невеля). Вучэбны курс быў пашыраны і тэрмін навучання павялічаны да 3 гадоў. Выкладаліся: рус., лац. і польск. мовы, арыфметыка, чыстапісанне, катэхізіс, нотныя спевы. Гімназія была філіялам Магілёўскай правасл. семінарыі (падрыхтоўчым аддзяленнем). Выкладчыкамі былі яе выхаванцы. Вучыліся дзеці мясц. святароў ва ўзросце 6—8 гадоў. З-за невял. колькасці выхаванцаў (штогод 20—30 юнакоў) у 1792 кіраўніцтва Пскоўскай епархіі вярнула яе ў Невель. Ваенная гімназія ўтворана ў 1865 на базе Полацкага кадэцкага корпуса ў выніку рэарганізацыі сістэмы ваен. асветы ў Рас. імперыі. Тэрмін навучання 6, з 1873—7 гадоў. Мела агульнаадук. праграму, але захавала традыцыйны для кадэцкага корпуса паўвайсковы ўклад і вайск. форму. Выкладаліся: Закон Божы, рус., ням. і франц. мовы, матэматыка, геаметрыя, чарчэнне, фізіка, гісторыя, геаграфія, касмаграфія, ваенная падрыхтоўка, чыстапісанне і маляванне. У 1865 былі 333 выхаванцы. У 1872—74 існаваў праект адкрыць на базе гімназіі ун-т, а гімназію перавесці ў Вільню або Юр’еў. У 1882 рэарганізавана ў кадэцкі корпус. У гімназіі вучыўся генерал Р.І.Кандраценка. Жаночая дзяржаўная гімназія засн. 1.1.1903. Мела 2-класнае падрыхтоўчае аддзяленне, 7 асн. класаў і 8-ы педагагічны. У 1911 у штаце былі кіраўнік, 8 наглядчыц, 5 законанастаўнікаў, 15 выкладчыкаў. Займалася 360 вучаніц. Выкладаліся: рус., ням. і франц. мовы, педагогіка, матэматыка, геаграфія, фізіка, методыка выкладання. маляванне, чыстапісанне, рукадзелле, спевы. Скасавана ў 1918.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПО́ЛАЦКІ СПА́СА-ЕФРАСІ́ННЕЎСКІ МАНАСТЫ́Р, Полацкі Спаскі манастыр,
помнік архітэктуры 12 — пач. 20 ст. ў г. Полацк Віцебскай вобл. Знаходзіцца на ўскраіне горада, на правым беразе р. Палата. Засн. ў пач. 12 ст. князёўнай Ефрасінняй Полацкай як абарончы фарпост Полацка (з Пн), за 2 км ад горада, у в. Сяльцо, на месцы, дзе знаходзілася драўляная царква Спаса. У 1579 кароль Рэчы Паспалітай Стафан Баторый заняў Полацк і заснаваў у манастыры сваю рэзідэнцыю, потым перадаў яе езуітам. У 1656 паводле загаду рас. цара Аляксея Міхайлавіча манастыр пераасвячоны і вернуты праваслаўным. З 1667 зноў належаў езуітам, пасля 1820 перайшоў да піяраў. З 1832 вернуты праваслаўным, з 1841 жаночы манастыр. У 1844 пры манастыры адкрыта 3-класнае жан. вучылішча, сіроцкі прытулак, багадзельня. Найб. росквіту манастыр дасягнуў у канцы 19 ст. пры ігуменні Яўгенні (Гаваровіч). У 1910 сюды з Кіева перавезены мошчы св. Ефрасінні Полацкай. У пач. 20 ст. ў манастыры былі мураваныя храмы, якія ўтваралі невял. плошчу пры ўваходзе, а таксама каля 20 драўляных і мураваных жылых і гасп. пабудоў, сад, агарод. У1928 манастыр закрыты. У Вял.Айч. вайну на тэр. манастырскага комплексу быў лагер сав. ваеннапалонных, многія пабудовы разбураны. З 1943 манастыр пачаў дзейнічаць. У 1960 зноў закрыты (насельніцы пераведзены ў Жыровіцкі Успенскі манастыр). З 1989 манастыр аднавіў сваю дзейнасць. У ансамбль уваходзяць: цэрквы Спаса-Праабражэнская і Свята-Ефрасіннеўская трапезная (цёплая), Крыжаўзвіжанскі сабор, жылы дом, брама-званіца з жылым манастырскім корпусам, падмуркі храма-пахавальні. У 1998—2000 узведзены манастырскі жылы корпус, гасп. пабудовы, майстэрні. Спаса-Праабражэнская царква — помнік архітэктуры Полацкай школы дойлідства. Размешчана ў цэнтры манастырскага комплексу. Пабудавана паміж 1152—61 дойлідам Іаанам на заказ Ефрасінні Полацкай як саборны храм. З пераходам манастыра да езуітаў царква была ператворана ў касцёл. У 1833 часткова перабудавана (арх. А.Порта). Мураваны 3-нефавы 6-стаўповы крыжова-купальны храм (8 χ 12). Цэнтр. неф з У завершаны паўкруглай масіўнай апсідай, больш вузкія бакавыя нефы — паўкруглымі нішамі ў тоўшчы сцяны. Паўд. і паўн. фасады расчлянёны пілястрамі з паўкалонамі, якія рытмічна падзяляюць паверхню на 3 вузкія і 2 шырокія прасценкі (чаргуюцца), прарэзаны паўцыркульнымі аконнымі праёмамі на 2 узроўнях (ніжнія ў 1,5 раза большыя за верхнія, з т.зв. броўкамі з 4 радоў плінфы). Напачатку царква мела пазакамарнае пакрыццё асн. аб’ёму і больш нізкага нартэкса. Барабан купала ўзвышаўся над скляпеннямі асн. аб’ёму і апіраўся на квадратны ў плане пастамент, на гранях якога былі какошнікі. Закамары і какошнікі мелі кілепадобнае завяршэнне, што стварала ярусную кампазіцыю верху. У 19 ст. пазакамарнае пакрыццё заменена 3-схільным дахам. Уваход на хоры — у паўн. частцы зах. сцяны. Па баках хораў 2 маленькія келлі, адна з іх, паводле падання, прызначалася для Ефрасінні Полацкай. Інтэр’ер аздоблены фрэскамі 12 ст. — унікальнымі творамі стараж.-рус.манум. мастацтва. Даследаванні паверхні сцен, скляпенняў і слупоў даюць падставу меркаваць, што ўвесь храм багата ўпрыгожаны фрэскамі, якія закрыты напластаваннямі тынку і алейнай размалёўкай 5 832—35 і 1840. Расчыстка сценапісу праводзілася ў 1937, 1938, 1940, 1950, 1972. Адкрыта 8 фрагментаў фрэсак 12 ст. Тры з іх знаходзяцца ў алтарнай частцы: на лапатках паўд. і паўн. сцен выявы невядомых святых ва ўвесь рост з кнігамі ў руках, на паўд. сцяне побач з бакавым праёмам выява святога, што моліцца на фоне высокай вежы. 5 фрагментаў у цэнтр. частцы: на паўд. сцяне 2 з выявамі святых манашак; на паўн.-ўсх. і паўд.-ўсх. слупах франтальныя выявы святых ва ўвесь рост са скруткамі ў руках; на паўн.-зах. слупе, які падтрымлівае хоры, выява невядомай маладой святой. У апошнія гады пазнейшыя алейныя размалёўкі пачалі ападаць. Адкрылася шмат новых фрагментаў і сюжэтных кампазіцый у цэнтр. (10 выяў) і бакавых апсідах, цэнтр. частцы, у келлі Ефрасінні Полацкай. Фрэскі вылучаюцца выразнасцю індывід. характарыстык, натхнёнасцю, эмацыянальнасцю, суровай экспрэсіяй. Выявы святых пададзены ў класічных прапорцыях: з прадаўгаватымі тварамі, вял. міндалепадобнымі вачыма, цёмнымі вачніцамі, сціснутымі, але прыгожымі і жывымі вуснамі. Стараж. фрэскамі таксама была размалявана вонкавая паўд. сцяна (не захавалася). У 1161 Лазар Богша для царквы зрабіў Крыж Ефрасінні Полацкай. Крыжаўзвіжанскі сабор размешчаны з левага (паўн.) боку ад Спаса-Праабражэнскай царквы. Узведзены ў 1893—97 з цэглы (паводле праекта У.Ф.Коршыкава) у руска-візант. стылі. З пач. 1990-х г. вядзецца расчыстка і кансервацыя размалёвак (мастак-рэстаўратар І.В.Ракіцкі). Уяўляе сабой крыжова-купальны 3-нефавы храм, 4-слуповы, 5-купальны, з 3 прытворамі і паўцыркульнай апсідай. Цэнтр. шлемападобны купал на высокім светлавым 12-гранным барабане. Па вуглах ад яго 8-гранныя вежы, завершаныя шлемападобнымі купаламі. У дэкар. аздабленні фасадаў выкарыстаны закамары, арачныя ўваходныя парталы, паўкалонкі, круглыя медальёны. У 1990 праведзена рэстаўрацыя сабора.
Свята-Ефрасіннеўская трапезная (цёплая) царква размешчана з правага (паўд.) боку ад Спаса-Праабражэнскай царквы. У 1847 1-павярховы жылы дом быў прыстасаваны пад царкву, у 1849 перабудаваны. Уяўляе сабой прамавугольны ў плане аб’ём з 5-граннай апсідай (з У), 4-гранным прыдзелам (з Пд) і прытворам (з 3). Накрыта 2-схільным дахам, у цэнтры якога невял. купал з галоўкай на драўляным 8-гранным барабане. Уваход у выглядзе арачнага партала з шырокай лесвіцай, сцены дэкарыраваны рустам, аконныя праёмы паўцыркульныя з ліштвамі. У 1989 царква адрэстаўрыравана. Жылы корпус размешчаны на ПдУ ад Спаса-Праабражэнскай царквы (каля храма-пахавальні). Пабудаваны ў пач 18 ст. з цэглы як жылы, пазней — летняя рэзідэнцыя генерала езуіцкага ордэна. 2-павярховы прамавугольны ў плане будынак з уваходам з усх. боку. Сцены прарэзаны невял. аконнымі праёмамі з ліштвамі, вуглы дэкарыраваны руставанымі лапаткамі і ўмацаваны (з боку яра) 2 масіўнымі контрфорсамі. Брама-званіца і манастырскі корпус размешчаны пры ўваходзе на тэр. манастыра з боку вул. Фрунзе. Брама-званіца, узведзеная ў 1882 з цэглы, уяўляла сабой 1-арачны пралёт, перакрыты цыліндрычным скляпеннем і завершаны вежай-званіцай (не захавалася; у 1992 адноўлена). Да яго з 2 бакоў далучаліся 1-павярховыя флігелі. Да левага флігеля ў 1902 прыбудаваны 3-павярховы (1-ы паверх цокальны) мураваны жылы манастырскі корпус. Фундаменты храма-пахавальні размешчаны за 100 м на ПнУ ад Спаса-Ефрасіннеўскай царквы. Існаваў у 1-й пал. 12—1-й пал. 17 ст. Уваходзіў у ансамбль манастыра. Быў пабудаваны ў традыцыях Полацкай школы дойлідства. Паводле археал. даследаванняў 1947, 1961—62, 1964, 1976 храм быў 3-нефавы, 4-стаўповы, крыжова-купальны (шыр. 14,85 м, даўж. без апсіды 17,2 м), 3-апсідны (бакавыя апсіды размешчаны ў тоўшчы ўсх. сцяны). З паўд., зах. і паўн. бакоў абнесены галерэяй (шыр. 4,1 м), якая пераходзіла ў невял. капліцы з самаст. апсідамі. Сцены складзены з плінфы ў тэхніцы муроўкі са «схаваным радам». Фасады аформлены лапаткамі ступеньчатага профілю. Унутры храм быў багата аздоблены. Знойдзена шмат кавалкаў тынкоўкі з фрэскавай размалёўкай: з арнаментам, выявамі святых і анёлаў. Узорыстая мазаічная падлога была выкладзена з керамічных паліваных плітак рознай формы; малюнкі выкладаліся са смальты ў форме квадратаў, трохвугольнікаў і палосак. Выяўлены таксама рэшткі мужчынскіх пахаванняў ў цагляных камерах. Храм быў пахавальняй полацкіх епіскапаў. Захаваліся падмуркі і часткова ніжнія ч. сцен. Комплекс манастыра ўваходзіць у Полацкі гісторыка-культурны музей-запаведнік. З 1997 у манастыры знаходзіцца адноўлены Крыж Ефрасінні Полацкай (маст. М.Кузьміч). У 2000 у гонар 2000-годдзя Раства Хрыстова і 100-годдзя смерці ігуменні Яўгенні (Гаваровіч) у саборы ўстаноўлена памятная дошка (аўтары: А.Інькова, Г.Лаўрэцкі, А.Царык).
Літ.:
Монастырь у церкви Спаса: Полоцкий Спасо-Ефросиниевский монастырь с древности до наших дней: Фотоальбом. Мн., 2000.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДУБРО́ЎНІК (Dubrovnik),
горад у Харватыі. Каля 50 тыс.ж. (1994). Порт на беразе Адрыятычнага м. Чыгункай і аўтадарогамі звязаны з Босніяй і Герцагавінай. Харч.прам-сць. Стараж.культ. цэнтр (Дуброўніцкі архіў, з 1628 сталы тэатр); з 1956 штогадовыя летнія тэатр. фестывалі. Прыморскі кліматычны курорт і цэнтр турызму. Кліматычныя ўмовы спрыяльныя для лячэння хвароб органаў дыхання (у т. л. бранхіяльнай астмы), сардэчна-сасудзістых, алергічных хвароб скуры і інш. Старая частка Д. — цэласны гарадскі комплекс 14—18 ст. з палацамі і манастырамі эпохі Адраджэння, у т. л. палацы Княжацкі двор (2-я пал. 15 ст.) і Дывона — б. мытня і манетны двор (1516—21), манастыры — францысканскі (1-я пал. 14 ст.) і дамініканскі (14—15 ст.), цэрквы ў стылі барока (17 і 18 ст.) і інш. Пашкоджаны землетрасеннем 1979. Моцна разбураны ў час сербска-харвацкай вайны 1991—92. Стары горад Д. уключаны ў спіс Сусветнай спадчыны.
Засн. ў 7 ст. славянамі. З 9 ст. да 1205 пад уладай Візантыі. У 1205—1808 самаст. камуна-рэспубліка (Дуброўніцкая рэспубліка, уключала горад, ч. ўзбярэжжа на ПнЗ ад яго, п-аў Пелешац, а-вы Шыпан, Ластава, Млет і інш.); васал (плаціла даніну) Венецыі (1205—1358), Венгрыі (да 1526), Турцыі (1526—1806). Культ. росквіт («паўд.-слав. Афіны») прыпадае на 14—17 ст., эканам. (мараходства, марскі і сухап. гандаль, мясц. рамёствы) — на 16—17 ст. Пасля землетрасення 1667 паступова заняпаў. У 1806—14 акупіраваны франц. войскамі, у 1815—1918 пад уладай Аўстрыі. З 1919 у Каралеўстве сербаў, харватаў і славенцаў (з 1929 Югаславія): У 2-ю сусв. вайну акупіраваны войскамі фаш. Італіі (крас. 1941 — канец 1944). Пасля распаду саюзнай Югаславіі застаўся ў складзе Харватыі.
Літ.:
Rapacka J. Rreczpospolita Dubrownicka. Warszawa, 1977;
Фрейденберг М.М. Дубровник и Османская империя. 2 изд. М., 1989.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГА́ЛІЦКА-ВАЛЫ́НСКАЕ КНЯ́СТВА,
старажытнарускае княства, утворанае ў 1199 у выніку аб’яднання князем Раманам Мсціславічам Галіцкага і Уладзіміра-Валынскага княстваў. Размяшчалася ў вярхоўях Днястра, Віслы, Нарава і Прыпяці, у канцы 13 ст. ўключала больш за 80 гарадоў. Пасля смерці Рамана Мсціславіча ў 1205 распалася на ўдзелы, але да 1240 кн. Даніла Галіцкі зноў аб’яднаў іх. У далейшым князі Галіцка-Валынскага княства браты Даніла і Васілька Раманавічы праводзілі палітыку падначалення сваёй уладзе Тураўскага, Пінскага і Новагародскага (Навагрудскага) княстваў, Берасцейскай зямлі і летапіснай Літвы (Верхняе Панямонне), якія выкарыстоўваліся імі як плацдарм для паходаў на Польшчу (1219, 1237) і на яцвягаў (1229, 1248, 1250, 1256). Князі Галіцка-Валынскага княства былі гал. знешнімі праціўнікамі ўтварэння ВКЛ, у 1248—49, 1251 і 1253 яны зрабілі 3 паходы на сталіцу дзяржавы — Новагародак. У 1254 новагародскі князь Войшалк аддаў сваю зямлю сыну Данілы Галіцкага Раману, а сам правёў 3 гады ў манастыры. У 1264 з дапамогай Галіцка-Валынскіх князёў Войшалк заваяваў літоўскія землі Нальшчаны і Дзяволтву, а ў 1267 перадаў велікакняжацкі пасад сыну Данілы Галіцкага Шварну. Пры вял. князю ВКЛ Трайдзеню Галіцка-Валынскія князі ў саюзе з татарамі ў 1274 і 1277 зрабілі спусташальныя паходы на Новагародак і Гародню (Гродна). Князі ВКЛ Будзікід і Будзівід аддалі ў 1289 валынскаму кн. Мсціславу Данілавічу Ваўкавыск, каб захаваць з ім мір. У далейшым у выніку міжусобнай барацьбы Галіцка-Валынскае княства распалася. У 1340-я г. за землі былога Галіцка-Валынскага княства ваявалі ВКЛ і Польшча. Паводле пагаднення 1352 Галіцкая зямля падначалена Польшчы, а Валынская ўвайшла ў склад ВКЛ.
Літ.:
Пашуто В.Т. Очерки по истории Галицко-Волынской Руси. М., 1950;
Котляр Н.Ф. Формирование территории и возникновение городов Галицко-Волынской Руси IX—XIII вв. Киев, 1985;
Ермаловіч М. Старажытная Беларусь: Полацкі і новагародскі перыяды. Мн., 1990.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МІ́НСКІ ВЕ́РХНІ ГО́РАД,
горадабудаўнічы ансамбль 16—19 ст. у Мінску. Пачаў фарміравацца ў пач. 16 ст. як новы цэнтр горада на тэр. сучаснай пл. Свабоды і прылеглых да яе кварталаў, абмежаваны р. Свіслач (У) і вуліцамі Рэспубліканскай (З), Нямігай (Пн) і Інтэрнацыянальнай (Пд). Быў абкружаны земляным валам (існаваў да канца 18 ст). У 17—18 ст. тут, пераважна на цэнтр. плошчы — Высокім рынку (з 1860-х г. Саборная, з 1917 пл. Свабоды) склаўся барочны ансамбль мураваных жылых, культавых і грамадскіх будынкаў. Да плошчы з З і У прымыкалі прамавугольныя кварталы мураванай забудовы. Захавалася першапачатковая прамавугольная сістэма планіроўкі і мураваная забудова на пл. Свабоды і прылеглых да яе вуліцах: з У — Кірылы і Мяфодзія (назва з 1990, б.Вял. Бернардзінская, з 19 ст. Манастырская, з 1922 Бакуніна), Гандлёвая (б. Зыбіцкая), Герцэна (назва з 1922, б. Малая Бернардзінская, пасля 1863 Стараманастырская), Дзям’яна Беднага (назва з 1933; б. Школьная, Козьмадзям’янская), Музычны зав. (б. Манастырскі зав.), Энгельса (б. Петрапаўлаўская); з З — вуліцы Рэвалюцыйная (назва з 1922, б. Койданаўская), Няміга, Камсамольская (назва з 1922, б. Феліцыянская, з 19 ст. Богаяўленская), Рэспубліканская (назва з 1922, былыя Раманаўскі зав., вуліцы Старараманаўская, Новараманаўская); з Пд — вул. Інтэрнацыянальная (з 1919 назва яе паўд.-зах. часткі — б. Зборавая, у 17 ст. Праабражэнская; з 1919 яе паўд.-ўсх. частка наз. Кастрычніцкай — б. Валоцкая, у 19 ст. Хрышчэнская). У ансамбль М.В.г. ўваходзілі: Мінская ратуша, Мінскі гасціны двор, Мінскі касцёл і кляштар бернардзінцаў, Мінскі касцёл і кляштар бернардзінак, Мінскі езуіцкі калегіум, Мінскі касцёл і кляштар францысканцаў, Мінскі касцёл і кляштар дамініканцаў, Мінскі кляштар бенедыкцінак, адм. будынак. гар. сядзіба Ваньковіча (гл. ў арт.Мінскія сядзібы Ваньковічаў), Мінская царква Святога Духа і базыльянскія манастыры, Мінскага тэатра будынак, жылыя будынкі 17—19 ст. і інш. У 1979 зацверджана ахоўная зона М.В.г. У 1988 ён у межах вуліц Нямігі, Інтэрнацыянальная, Гарадскога вала, набярэжнай р. Свіслач абвешчаны помнікам археалогіі, горадабудаўніцтва і архітэктуры рэсп. значэння.
Літ.:
Денисов В.Н. Площадь Свободы в Минске. Мн., 1985.
Т.Л.Чарняўская.
Мінскі Верхні горад. Рэканструкцыя.Мінскі Верхні горад. Выгляд Высокага рынку з Траецкай гары. Малюнак Я.Драздовіча. 1919.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
О́РША,
горад абл. падпарадкавання, цэнтр Аршанскага р-на Віцебскай вобл. на р. Дняпро пры ўпадзенні ў яго р. Аршыца. За 80 км ад Віцебска, вузел 6 чыгунак (лініі на Мінск, Магілёў, Крычаў, Смаленск, Віцебск, Лепель) і 8 аўтадарог. 123,9 тыс.ж. (2000).
Упершыню ўпамінаецца ў «Аповесці мінулых гадоў» пад 1067 як горад Ръша. У 1320 у складзе Віцебскага княства далучана да ВКЛ. У 1398—1407 пабудаваны Аршанскі замак. Паводле гіст. крыніц за 1555, М.К.Радзівіл Чорны заснаваў у О. кальвінскі (пратэстанцкі) збор — адзін з першых на Беларусі. З 1560-х г. О. — дзярж. ўладанне, цэнтр Аршанскага павета. Упершыню пазначана на «Карце Вялікага княства Літоўскага, Лівоніі і Маскоўскага княства», складзенай у 1589 М.Струбічам. У ходзе шматлікіх войнаў неаднаразова разбурана і спалена. Каля О. адбыліся Аршанская бітва 1514, Аршанская бітва 1564 і інш. Горад меў гандл. сувязі з Расіяй, Польшчай, Прыбалтыкай і Украінай. У 1612—1820 у О. дзейнічаў Аршанскі езуіцкі калегіум, дзе створаны рукапісны зб.«Аршанскі кодэкс». У 1620 горад атрымаў магдэбургскае права і герб — у блакітным полі залаты паўмесяц, паміж рагамі якога сярэбраны крыж. Складанне гар. статута, зацверджанага 3.3.1621, дапоўніла фарміраванне аршанскага права. У сярэдзіне 17 ст. ў О. каля 5 тыс.ж. У 16—18 ст. О. была значным рэліг. цэнтрам. З 1592 існавала правасл. брацтва. Дзейнічалі манастыры бернардзінцаў, базыльянак, дамініканцаў, францысканцаў, уніятаў, касцёлы трынітарыяў, місіянераў, марыявітак, базыльян, цэрквы. У 1630 пры Куцеінскім Богаяўленскім манастырыбел. асветнік С.Собаль заснаваў Куцеінскую друкарню, якая з’яўлялася асн. цэнтрам бел. кірылічнага кнігадрукавання. Пасля 1-га падзелу Рэчы Паспалітай (1772) О. ў складзе Рас. імперыі, цэнтр Аршанскай правінцыі. У 1776 горад пазбаўлены магдэбургскага права: 1700 ж., 309 будынкаў. У 1781 гораду дадзены новы герб: уверсе — палова герба Рас. імперыі, унізе — у блакітным полі пяць стрэл. З 1796 О. — цэнтр павета Беларускай, з 1802 — Магілёўскай губ. У вайну 1812 горад спалены франц. войскамі. У 2-й пал. 19 ст. пасля будаўніцтва чыгунак О. — буйны чыг. вузел, аршанская прыстань — значны трансп. пункт на Дняпры. У 17—19 ст існавалі Аршанскі кляштар бернардзінцаў, Аршанскі кляштар дамініканцаў, Аршанскі кляштар трынітарыяў, Аршанскі кляштар францысканцаў У пач. 1890 у горадзе 15 прамысл. прадпрыемстваў, 9 навуч. устаноў, бальніца, 2 аптэкі, 3 б-кі, 2 кнігарні, друкарня. У 1869 адкрыта тэлеграфная станцыя, у 1899 — публічная б-ка імя А.С.Пушкіна. У 1897 у О. 13 161 ж. З 1903 працавала Аршанская жаночая гімназія, з 1906 — рэальнае вучылішча, з 1911 — Аршанская жаночая настаўніцкая семінарыя. З 1915 выдавалася газ.«Оршанский вестник». У 1905 у О. пад кіраўніцтвам мясц. арг-цый РСДРП і сац.-дэмакр.к-та Бунда адбыліся выступленні працоўных. У лют.—кастр 1918 О. часткова акупіравана герм. войскамі. У перыяд усталявання сав. улады і грамадз. вайны (1917—20) у О. дзейнічалі органы і арг-цыі розных паліт. сіл: Савет рабочых, салдацкіх і сялянскіх дэпутатаў, к-тграмадз. бяспекі, саюз эсэраў-марксістаў, часовы ваенна-рэв.к-т і інш. З 2.2.1919 О. ў складзе Гомельскай, з 1920 — Віцебскай губ. РСФСР. З 1924 цэнтр Аршанскага раёнаБССР, да 1930 — Аршанскай акругі. З 17.3.1938 горад абл. падпарадкавання. У 1939 у О. 37,6 тыс.ж. У пач.Вял.Айч. вайны ў баях пад О. 14.7.1941 упершыню былі выкарыстаны рэактыўныя ўстаноўкі «Кацюша». 16.7.1941 акупіраваны ням. фашыстамі, якія стварылі ў О. некалькі канцлагераў, дзе знішчылі 19 тыс.чал., у горадзе і раёне загубілі 37,4 тыс.чал. Дзейнічала Аршанскае патрыятычнае падполле. Горад вызвалены 27.6.1944 войскамі 3-га Бел. фронту ў ходзе Віцебска-Аршанскай аперацыі 1944 У 1970 у О. 100,6 тыс. жыхароў.
Працуюць (2000) прадпрыемствы маш.-буд. і металаапр., у т. л.Аршанскі станкабудаўнічы завод, Аршанскі інструментальны завод, адкрытае акц.т-ва«Орша», з-ды прылад аўтам. кантролю, форм і тэхнал. аснасткі для прадпрыемстваў зборнага жалезабетону, трактарарамонтны і інш. Развіты тэкст. (Аршанскі льнокамбінат, ф-кі трыкат.спарт. вырабаў, швейная, маст. вырабаў), харч. (Аршанскі мясакансервавы камбінат, камбінаты хлебапрадуктаў, піваварны, малочны і інш.), буд. матэрыялаў (Аршанскі камбінат зборных жалезабетонных вырабаў і канструкцый, камбінат сілікатных вырабаў, з-д жалезабетонных вырабаў і інш.) прам-сці. У горадзе тэхнікумы чыг. транспарту і механіка-тэхналагічны, мед. і пед. вучылішчы. Музеі: К.С.Заслонава, Музей гісторыі і культуры горада Оршы, этнагр. «Млыны», драўлянай скульптуры нар. майстра С.С.Шаўрова. Выдаецца «Аршанская газета».
У 14 ст. на месцы стараж. гарадзішча пабудаваны замак. У час шматлікіх войнаў 16 ст. горад неаднаразова быў разбураны. У 1623 у сутоках рэк Дняпро і Куцеінка засн.Аршанскі Куцеінскі Богаяўленскі манастыр, у 1631 пабудаваны Аршанскі Куцеінскі Успенскі манастыр. У 16—18 ст. у горадзе ўзведзены: драўляная царква Ільі Прарока (1505), мураваныя касцёл і 2-павярховы будынак калегіума (1690), манастыры бернардзінцаў (1636), базыльянак (1642), дамініканцаў (драўляныя будынкі пастаўлены ў 1649—50, мураваны касцёл — у 1819), францысканцаў (мураваныя будынкі ўзведзены ў 1680), саборная мураваная царква Раства Маці Божай (1691), касцёлы трынітарыяў (1714), місіянераў (1752), марыявітак (18 ст.), цэрквы Ушэсця (1757), Іаана Багаслова (1790; усе не захаваліся), Аршанскі манастыр базыльян (2-я пал. 18 ст.). У 1778 распрацаваны план забудовы О., які прадугледжваў рэгуляванне вулічнай сеткі, узбуйненне кварталаў, выраўноўванне паўкальцавых магістралей, стварэнне непадалёку ад цэнтр. ядра горада новай грамадскай плошчы з гасціным дваром і адм. установай, развіццё Задняпроўскага р-на. У вайну 1812 горад спалены франц. войскамі. У 1848 распрацаваны новы праект планіроўкі, які ў асн. рысах паўтараў папярэдні план. У 19 — пач. 20 ст.тэр. О. значна павялічылася, пераважала драўляная забудова. За 1,5 км ад горада забудаваўся прывакзальны раён, які ў 1878 злучыўся з гар. цэнтрам брукаванай магістраллю, у цэнтры О. закладзены парк. У 1880 пабудавана Аршанская Ільінская царква, у 1902 — вадзяны млын, у 1906 — рэальнае вучылішча. На плане 1911 горад падзелены Дняпром і Аршыцай на 3 часткі, рэгулярная планіроўка ўяўляла сабой сетку ўзаемна перпендыкулярных вуліц. Паводле генпланаў О. 1940, 1948 («Белдзяржпраект») разрозненыя раёны аб’яднаны. У 1957 распрацавана схема размяшчэння новага жыллёвага буд-ва (Віцебскі філіял ін-та «Белдзяржпраект»), у 1978 і 1980 — генпланы забудовы О. (БелНДІПгорадабудаўніцтва). Сучасны горад уключае цэнтр., прывакзальны, паўн., паўд. планіровачныя раёны, раёны льнокамбіната і Задняпроўя. Асн. жылы масіў з адм.-грамадскім і культ. цэнтрам размешчаны на правым беразе Дняпра, на месцы гіст. ядра О. з радыяльнай сістэмай вуліц. Асн. кампазіцыйныя восі — вуліцы Леніна (захаваўся фрагмент забудовы канца 19 — пач. 20 ст.), Астроўскага, Міру, праспект Тэкстыльшчыкаў. На скрыжаванні вуліц Леніна і Міру ўтворана цэнтр. плошча, з боку Дняпра да яе прылягае прыдняпроўскі парк. Цэнтр і мікрараёны (мікрараён Задняпроўе 1, Задняпроўе 2, па вуліцах Чырвонай і Леніна) забудоўваюцца 5—9-павярховымі дамамі. Сфарміраваны паўн. і паўд.прамысл. зоны. У О. брацкія могілкі і магілы сав. воінаў, падпольшчыкаў, ахвяр фашызму, ваеннапалонных. Помнікі: Вызваліцелям, Курган Славы, мемар. комплекс «Кацюша», ахвярам паліт. рэпрэсій, у гонар воінаў-землякоў, якія загінулі ў Афганістане, Герою Сав. Саюза К.С.Заслонаву, бел. пісьменніку У.С.Караткевічу.
Літ.:
Орша: Ист.-экон. очерк. 2 изд. Мн., 1967;
Шынкевіч А.М. Аршанская даўніна. Мн., 1992;
Асіноўскі С.М. Орша: Залатыя стрэлы на блакітным полі. Мн., 1997;
Памяць: Гіст.-дак. хроніка Оршы і Аршанскага р-на. Кн. 1—2. Мн., 1999—2000.