ГРУЗАВЫ́ ДВОР,

частка тэр. чыг. станцыі, якая мае комплекс збудаванняў і прыстасаванняў для прыёму, пагрузкі, выгрузкі, сартавання грузаў і іх кароткатэрміновага захавання. Грузавы двор мае таксама рамонтныя майстэрні, гаражы, пад’ёмныя краны і інш. сродкі механізацыі пагруза-разгрузачных работ.

т. 5, с. 454

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ІНСТЫТУЦЫЯНАЛІ́ЗМ,

адзін з кірункаў зах. дзяржавазнаўства 20 ст., які разглядае паліт. арганізацыю грамадства як комплекс розных аб’яднанняў грамадзян — «інстытуцый» (напр., сям’я, партыя, прафсаюз і да т.п.); дзяржаву таксама кваліфікуе як адну з «інстытуцый». Заснавальнік — амер. эканаміст і сацыёлаг Т.Веблен.

т. 7, с. 275

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КІНАЎСТАНО́ЎКА,

комплекс абсталявання для дэманстравання кінафільмаў. Бываюць стацыянарныя і перасоўныя (гл. Кінаперасоўка). У склад стацыянарных К. уваходзяць 2—3 кінапраекцыйныя апараты, камплект гукаўзнаўляльнага абсталявання (з гучнагаварыцелямі, гукавымі калонкамі), электрасілавое абсталяванне, прыстасаванні для перамотвання плёнкі і інш. Работа найб. складаных К. аўтаматызавана.

т. 8, с. 267

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЕРАЗВЕ́ЦКІ КЛЯШТА́Р БАЗЫЛЬЯ́Н,

архітэктурны комплекс 18 ст. Драўляны кляштар базыльян пабудаваны ў 1643 на паўн. беразе воз. Глыбокае каля в. Беразвечча (цяпер у межах г. Глыбокае Віцебскай вобл.) паводле фундацыі старосты мсціслаўскага Я.​Корсака. Пры кляштары дзейнічала школа, у якой выкладаліся прыродазнаўчыя навукі і замежныя мовы. У 1756—63 на месцы старых будынкаў узведзены новы мураваны кляштар з царквой — адзін з лепшых узораў віленскага барока. Гал. 2-вежавы фасад царквы вылучаўся пластычнай формай, дынамічнай святлоценявой кампазіцыяй. Аўтарам праекта царквы лічаць віленскага дойліда І.К.Глаўбіца, над дэкорам з 1753 працаваў архітэктар і лепшчык Ян Табіяш Дыдрыштэн (Дыдрыхштэн). У канцы 18 ст. комплекс уключаў царкву з араторыумам (зімовая капліца, прыбудаваная ў 1766—76), жылыя і гасп. карпусы, школу і сад, абнесеныя мураванай агароджай з брамай. Пасля скасавання ў 1839 Брэсцкай уніі кляштар перададзены правасл. мужчынскаму манастыру (1847—74), пазней — жаночаму. У 1919 царква перайшла да католікаў, у манастырскіх будынках размяшчаўся польскі корпус аховы сумежжа. У 1930-я г. комплекс рэстаўрыраваны (з удзелам Ф.​Рушчыца, Я.​Булгака, Ю.​Клоса, Я.​Ромера і інш.). У Вял. Айч. вайну на тэр. манастыра ням. фашысты стварылі Беразвецкі лагер смерці. У 1960-я г. царква разбурана.

В.​В.​Гліннік.

Беразвецкі кляштар базыльян. Галоўны фасад царквы. Здымак 1930-х г.

т. 3, с. 105

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАСМАДРО́М (ад космас + грэч. dromos бег, месца для бегу),

ракетадром, комплекс збудаванняў, тэхн. сродкаў і зямельных участкаў для зборкі, падрыхтоўкі і запуску касмічных апаратаў.

У склад К. ўваходзяць: тэхнічны (ТК), стартавы (СК), камандна-вымяральны (КВК) комплексы, комплекс сродкаў пошуку і выратавання, жыллёвы комплекс, дапаможныя службы. ТК забяспечвае прыём з заводаў-вытворцаў ступеней ракет-носьбітаў і касмічных апаратаў, іх захоўванне, зборку, выпрабаванне вузлоў і агрэгатаў ракетна-касм. сістэм (РКС). СК служыць для ўстаноўкі РКС на пускавую пляцоўку, запраўкі кампанентамі паліва і акісляльніку, кантрольных выпрабаванняў і пуску. Перадстартавую падрыхтоўку, функцыянаванне РКС пры вывядзенні касм. апаратаў на арбіту, вызначэнне элементаў траекторыі палёту кантралюе КВК (складаецца з наземных станцый сачэння і марскіх суднаў уздоўж трасы палёту). Функцыі комплексу сродкаў пошуку і выратавання — дапамога пры аварыі на К. ці пры вывядзенні на арбіту касм. апаратаў, эвакуацыя касм аб’ектаў і іх экіпажаў пасля вяртання на Зямлю. Сучасныя К. займаюць вял. тэрыторыі з трансп. і інж. камунікацыямі, лініямі сувязі і электраперадач, вял. колькасцю абслуговага персаналу. Касм. апараты запускаюцца з К. Байканур (Казахстан), Плясецк (Расія), Усх. выпрабавальнага палігона на мысе Канаверал, Зах. выпрабавальнага палігона (ЗША), Січан (Кітай), Танегасіма (Японія), Куру (Францыя), Сан-Марка (Італія, адзіны ў свеце К. на вадзе) і інш.

Літ.:

Максимов А.И. Космическая одиссея. Новосибирск, 1991.

У.​С.​Ларыёнаў.

т. 8, с. 144

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВІ́ДЗЕЎШЧЫНА,

вёска ў Красненскім с/с Маладзечанскага р-на Мінскай вобл. Цэнтр калгаса. За 22 км ад Маладзечна, 70 км ад Мінска, 5 км ад чыг. ст. Уша. 433 ж., 137 двароў (1996). Дом культуры, б-ка, аддз. сувязі. Мемарыяльны комплекс нар. славы.

т. 4, с. 142

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АЛЬГІ́Н (Holguin),

горад на Кубе, адм. цэнтр правінцыі Альгін. Засн. Ў 1523. 194,7 тыс. ж. (1985). Вузел шашэйных дарог. Гандл.-прамысл. цэнтр с.-г. раёна. Тытунёвая, дрэваапр., тэкст., гарбарна-абутковая прам-сць; вытв-сць гумава-тэхн. вырабаў, буд. матэрыялаў, с.-г. машын. Буйны мед. комплекс.

т. 1, с. 276

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АНА́БА, Бон,

горад на ПнУ Алжыра, адм. ц. вілаі Анаба. 306 тыс. ж. (1987). Трансп. вузел. Порт на Міжземным м. Міжнар. аэрапорт. Металургічны комплекс Эль-Хаджар. Металаапр., харчасмакавыя, хім. (вытв-сць аміяку, угнаенняў), тэкст. прадпрыемствы. Ун-т. Тэатр. Мячэць Сідзі бу Меру ан (11 ст.).

т. 1, с. 330

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЕНДЭ́Р-ХАМЕЙНІ́,

горад на Пд Ірана. Каля 35 тыс. ж. (1990). Нафтаэкспартны і рыбалоўны порт на беразе Персідскага зал. Чыг. ст. (паўд. заканчэнне Трансіранскай чыгункі). Аэрапорт. Нафтахім. (у т. л. буйнейшы на Сярэднім Усходзе нафтахім. комплекс) і харч. прадпрыемствы. Да 1979 называўся Бендэр-Шахпур.

т. 3, с. 96

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БІЯЛАГІ́ЧНАЯ МЕЛІЯРА́ЦЫЯ,

комплекс мерапрыемстваў па паляпшэнні біялагічнай прадукцыйнасці і інш. карысных якасцяў прыроднага асяроддзя біял. метадамі. Можа мець самаст. значэнне, выкарыстоўваецца як адзін з этапаў аднаўлення парушаных зямель або ўваходзіць у агульнае кола меліярац. мерапрыемстваў па паляпшэнні прыроднага асяроддзя с.-г. і інш. угоддзяў.

т. 3, с. 171

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)