населены пункт пры прамысловых, с.-г. і інш. прадпрыемствах. П. наз. таксама сядзібы саўгасаў і калгасаў. На Беларусі П. аднесены да катэгорыі сельскіх нас. пунктаў (Закон «Аб адміністрацыйна-тэрытарыяльным падзеле і парадку вырашэння пытанняў адміністрацыйна-тэрытарыяльнага ўладкавання Рэспублікі Беларусь» ад 5.5.1998). Некаторыя П. пры колькасці жыхароў больш за 500 чал. атрымліваюць статус рабочых пасёлкаў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АЛІЦЫКЛІ́ЧНЫЯ ЗЛУЧЭ́ННІ,
арганічныя злучэнні, малекулы якіх змяшчаюць адзін або некалькі цыклаў з атамаў вугляроду (акрамя араматычных злучэнняў). Падзяляюцца на класы і гамалагічныя шэрагі па колькасці і будове цыклаў, наяўнасці кратных сувязяў і функцыян. груп у малекуле. Монацыклічныя злучэнні па колькасці атамаў вугляроду ў цыкле бываюць малыя (3—4), звычайныя (5—7), сярэднія (8—12) і макрацыклы (больш за 12) Аліцыклічныя злучэнні з некалькімі цыкламі — бі-, тры- і поліцыклічныя. Апошнія могуць быць ізаляваныя (І), сучлененыя (II), мець адзін, два, тры і больш агульных атамаў вугляроду, адпаведна спіраны (III), кандэнсаваныя (IV), мосцікавыя (V), поліэдрычныя злучэнні (VI). Наяўнасць цыкла ў малекуле адбіваецца на фіз. і хім. уласцівасцях аліцыклічныя злучэнні у параўнанні з ацыклічнымі злучэннямі з той жа колькасцю атамаў вугляроду (больш высокія паказчыкі пераламлення, шчыльнасці, т-ры кіпення; больш высокая рэакцыйная здольнасць, асабліва малых цыклаў). Аліцыклічныя злучэнні сустракаюцца ў нафце; як структурныя фрагменты ўваходзяць у састаў многіх прыродных злучэнняў: тэрпеноідаў, стэроідаў, інсектыцыдаў, вітамінаў, антыбіётыкаў. Найб. практычнае выкарыстанне мае цыклагексан, яго гамолагі і вытворныя.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГІСТАХІ́МІЯ (ад гіста... + хімія),
навука, якая вывучае хімічны састаў тканак і клетак жывёл з мэтай высвятлення асаблівасцей абмену рэчываў у іх структурных элементах; раздзел гісталогіі. Даследуе тонкія механізмы тканкавага і клетачнага метабалізму бялкоў, нуклеінавых кіслот, вугляводаў, ліпідаў, вызначае лакалізацыю актыўнасці гармонаў і ферментаў, абгрунтоўвае спецыфіку функцый клетачных арганел.
Першыя даследаванні па гістахіміі правёў франц. фармацэўт Ф.В.Распай (1825—34). Як самаст. навука гістахімія ўзнікла ў 1930-я г. з выхадам працы Л.Лізона (1936). З дапамогай гістахіміі паказана сувязь змен колькасці РНК з сінтэзам бялку і пастаянства колькасці ДНК у храмасомным наборы, выяўлены клеткі, што прымаюць удзел у сінтэзе гармонаў і імунаглабулінаў, абгрунтавана роля нейрамедыятараў, антыцел і г.д.
На Беларусі развіццё гістахім. даследаванняў звязана з дзейнасцю С.М.Мілянкова і яго вучняў. У гісталагічных і патагісталагічных лабараторыях і цэнтрах Беларусі вывучаюцца паталаг. працэсы, структурныя змены, характэрныя для пач. праяўленняў хвароб, асабліва пухліннага паходжання. Для клінічнай дыягностыкі выкарыстоўваецца шэраг гістахім. рэакцый.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ІНФІЛЬТРА́ЦЫЯ (ад лац. in у, унутры + фільтрацыя),
прасочванне, пранікненне атм. і паверхневай вады ў глебу, горныя пароды і рух яе па капілярных і субкапілярных порах, шчылінах і пустотах да ўзроўню грунтавых вод. Залежыць ад магутнасці зоны аэрацыі, літалагічнага складу парод, водапранікальнасці глебы і горных парод, рэльефу, расліннасці, с.-г. асваення зямель і інш. Пачатковая форма І. — усмоктванне, калі вільгаць ідзе толькі на папаўненне водазапасаў глебы і на выпарэнне з паверхні. Далейшы рух вільгаці ў глыбіню (фільтрацыя) адбываецца толькі ў перыяды значнага і працяглага ўвільгатнення (пры моцных ліўнях, снегараставанні), калі ідзе папаўненне падземных вод. Адносіны колькасці інфільтраванай вады да сумы ападкаў (у %), што выпалі, наз. каэфіцыентам І. Яго велічыня мяняецца ад 1—3% да 25—30%. На тэр. Беларусі перавышэнне колькасціатм. ападкаў над сумарным выпарэннем спрыяе добраму інфільтрацыйнаму жыўленню падземных вод. Сярэдняя велічыня каэфіцыента І. складае 13%, найб. (да 30%) адзначаецца на Прыпяцкім Палессі пры глыбіні залягання падземных вод 1—2 м.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАДЫФІКА́ЦЫЯ ПАЛІМЕ́РАЎ,
мэтанакіраванае змяненне фіз.-хім. і хім. уласцівасцей палімераў.
Адрозніваюць хім. М.п. і фіз., ці структурную. Хімічная М.п. — увядзенне ў макрамалекулы нязначнай колькасці фрагментаў інш.хім. прыроды. Ажыццяўляюць на стадыі сінтэзу палімера (напр., увядзенне звёнаў з гідраксільнымі, аміна- ці карбаксільнымі групамі паляпшае адгезію палімераў да палярных паверхняў, іх здольнасць да афарбоўвання, павышае т-ру шклавання і цвёрдасць палімераў). Уключае таксама хім. пераўтварэнні сінтэзаваных макрамалекул (напр., паверхневая М.п. — апрацоўка паверхні палімернага вырабу для надання ёй неабходных уласцівасцей — гідрафільнасці ці гідрафобнасці, устойлівасці да атм. уздзеянняў, антыстатычных і інш.). Фізічная М.п. — змяненне іх фіз.-мех. уласцівасцей пры захаванні хім. будовы макрамалекул ці пераўтварэнне надмалекулярнай структуры палімера. Яе ажыццяўляюць знешнімі мех. ўздзеяннямі на палімерныя плёнкі і валокны, зменай тэмпературна-часавага рэжыму структураўтварэння цвёрдага палімера з расплаву, зменай прыроды растваральніку і рэжыму яго выдалення пры ўтварэнні пакрыццяў, плёнак, валокнаў з раствораў палімераў, увядзеннем у палімер нязначнай колькасці структураўтваральнікаў, якія ўплываюць на кінетыку крышталізацыі і марфалогію палімера.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАЛЯЎНІ́ЧЫ ДЗЯРЖА́ЎНЫ ФОНД,
сукупнасць паляўнічых жывёл, што жывуць у стане прыроднай свабоды, таксама выпушчаных у паляўнічыя ўгоддзі з мэтай узбагачэння іх фауны ці развядзення. Выкарыстанне і ахова П.дз.ф. рэгулююцца Законам Рэспублікі Беларусь «Аб ахове і выкарыстанні жывёльнага свету», палажэннямі аб паляванні і вядзенні паляўнічай гаспадаркі і інш. нарматыўнымі актамі. Здабыча ласёў, аленяў высакародных, дзікоў, казуль, баброў, выдры, глушцоў вядзецца па разавых дазволах з паляўнічымі пуцёўкамі, астатнія віды паляўнічых жывёл — па паляўнічых пуцёўках. Здабычу дзікіх жывёл плануюць на кожны каляндарны год і паляўнічы сезон з улікам рацыянальнага выкарыстання запасаў і захавання матачнага пагалоўя, здольнага забяспечыць макс. аднаўленне статка. Выдаецца таксама дазвол на адлоў ці адстрэл дзікіх жывёл у навук. мэтах. Штогод праводзіцца ўлік колькасці паляўнічых жывёл. Для павелічэння колькасці і відавога складу праводзяцца мерапрыемствы па выпуску ў паляўнічыя ўгоддзі фазанаў, качак і інш. У П.дз.ф. не ўваходзяць дзікія жывёлы, якіх гадуюць на фермах, у гадавальніках, заапарках, вальерах і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АПАДКАМЕ́Р,
прылада для вымярэння колькасці і інтэнсіўнасці ападкаў. Уяўляе сабой дажджамернае вядро прыёмнай плошчай 200 см² з ахоўнай планкавай агароджай. Устанаўліваецца на выш. 2 м над зямлёй. Назіранні вядуцца 2 разы ў суткі і пасля ападкаў. Выкарыстоўваюцца таксама сумарны ападкамер — цыліндр, у якім вада пакрываецца плёнкай тэхн. масла, каб пазбегнуць выпарэння, і ападкамер з тэрмастатамі (цвёрдыя ападкі пераводзіць у вадкія).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АГРАНУЛАЦЫТО́З,
алейкія, рэзкае памяншэнне колькасці або амаль поўнае знікненне з крыві гранулацытаў. Агранулацытоз можа быць сімптомам прамянёвай хваробы, лейкозу, малярыі, брушнога тыфу, віруснага гепатыту, грыпу і інш., а таксама самаст. хваробай (востры агранулацытоз), агранулацытоз міэлатаксічны ўзнікае пры парушэнні ўтварэння гранулацытаў у касцявым мозгу, агранулацытоз імунны назіраецца пры разбурэнні гранулацытаў крыві. Можа сведчыць пра парушэнне функцыі крывятворнай, імуннай і інш. сістэм арганізма.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АБІЯТЫ́ЧНЫЯ ФА́КТАРЫ,
сукупнасць умоў неарган. асяроддзя, якія ўплываюць на арганізмы і іх згуртаванні. Падзяляюцца на хімічныя (хім. састаў атмасферы, марскіх і прэсных водаў, глебы або донных адкладаў) і фізічныя — кліматычныя (т-ра, вільготнасць, бараметрычны ціск, вецер, цячэнні, радыяцыйны рэжым, колькасць ападкаў, ступень асветленасці і інш.). Фарміруюць умовы пражывання чалавека, жывёл, раслін і мікраарганізмаў, вызначаюць занальнасць пашырэння, уплываюць на біял. рытмы, дынаміку іх колькасці.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БІТ (англ. bit),
1) у вылічальнай тэхніцы двайковы разрад машыннага слова; пазіцыя двайковай лічбы ў двайковым кодзе; састаўная частка байта. Лік бітаў памяці ЭВМ вызначае найб. колькасць інфармацыі, якая ў ёй змяшчаецца. Колькасць бітаў ліку — колькасць двайковых разрадаў для яго запісу.
2) У тэорыі інфармацыі — адзінка вымярэння колькасці інфармацыі. 1 біт дае крыніца інфармацыі з 2 узаемна выключальнымі роўнаімавернымі паведамленнямі.