ХІ́МІЯ ВЫСОКАМАЛЕКУЛЯ́РНЫХ ЗЛУЧЭ́ННЯЎ,

раздзел хіміі, які вывучае спосабы атрымання, структуру і ўласцівасці рэчываў, малекулы якіх складаюцца з вял. колькасці звёнаў, злучаных паміж сабой хім. сувязямі. Разглядае асаблівасці ў агульных хім. заканамернасцях, паняццях і метадах, выкліканых макрамалекулярнай будовай сінт. і прыродных рэчываў.

Х.в.з. уключае раздзелы, якія вывучаюць: макрамалекулярную структуру (канфігурацыя, канфармацыя, гнуткасць, малекулярная маса); надмалекулярную структуру аморфных і крышт. палімераў; метады атрымання палімераў (полімерызацыя радыкальная, іонная і іонна-каардынацыйлая, полікандэнсацыя, полімераналагічныя пераўтварэнні); хім. і фіз. дэструкцыі; старэнне і стабілізацыю палімераў; эксплуатацыйныя ўласцівасці арыентаваных і ізатропных палімерных матэрыялаў у залежнасці ад іх структуры. Тэхналогія высокамалекулярных злучэнняў грунтуецца на хіміі і фізіцы палімераў і ўключае сінтэз палімернага рэчыва, увядзенне ў яго дапаможных рэчываў (стабілізатараў, пластыфікатараў, фарбавальнікаў і інш.) і наданне яму формы (плёнкі, валакна, вырабу) з пэўнай надмалекулярнай структурай, якая разам з хім. будовай макрамалекул абумоўлівае эксплуатацыйныя ўласцівасці матэрыялаў і вырабаў.

Літ.:

Кулезнев В.Н., Шершнев В.А. Химия и физика полимеров. М., 1988;

Тугов И.И., Кострыкина Г.И. Химия и физика полимеров. М., 1989;

Киреев В.В. Высокомолекулярные соединения. М., 1992.

М.​Р.​Пракапчук.

т. 17, с. 23

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГЕНЕРА́ЛЬНЫЯ ШТА́ТЫ (франц. États Généraux, галанд. Staten-Generaal),

вышэйшыя ўстановы саслоўнага прадстаўніцтва ў феад. Францыі і Нідэрландах. У Францыі існавалі ў 1302 — 1789, складаліся з дэпутатаў ад духавенства, дваранства і трэцяга саслоўя. Склікаліся каралямі, у асноўным каб атрымаць згоду на збор падаткаў. Значэнне Генеральных штатаў павялічылася ў час Стогадовай вайны 1337—1453. У час нар. паўстанняў 14 ст. прэтэндавалі на ўдзел ва ўпраўленні дзяржавай. З развіццём абсалютызму не склікаліся 76 гадоў (1484—1560). Дзейнасць Генеральных штатаў ажывілася ў перыяд рэлігійных войнаў (склікаліся ў 1560, 1576, 1588, 1593). З 1614 скліканне Генеральных штатаў спынілася на 175 гадоў. Напярэдадні франц. рэвалюцыі 1789—99 скліканы каралём; дэпутаты 3-га саслоўя ў жніўні 1789 абвясцілі сябе Нац. сходам. У Нідэрландах гістарычных Генеральных штатаў складаліся з дэпутатаў ад духавенства, дваранства і вярхоў гараджан, мелі права ваціравання падаткаў. Упершыню скліканы ў 1463. Іх роля пабольшала пасля 1477 і пры Габсбургах. У час Нідэрландскай рэвалюцыі 16 ст. Генеральныя штаты — цэнтр бурж.-дваранскай апазіцыі ісп. рэжыму. Пасля аддзялення Паўночных Нідэрландаў — вышэйшы пастаянна дзеючы заканад. орган Рэспублікі Злучаных правінцый. У сучасных Нідэрландах — назва парламента (з 1814).

Літ.:

Хачатурян М.А. Возникновение Генеральных штатов во Франции. М., 1976.

т. 5, с. 155

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПО́МНІК ВЫЗВАЛІ́ЦЕЛЯМ у Віцебску,

мемарыяльны комплекс у гонар воінаў-вызваліцеляў, партызан і падпольшчыкаў Віцебшчыны ў Вял. Айч. вайну. Пастаўлены ў 1974 (арх. Ю Шпіт, скульпт. Б.​Маркаў, Я.​Печкін) на Перамогі плошчы. Плошча мемарыяла знаходзіцца ніжэй за ўзровень пл. Перамогі (да яе вядуць 14 прыступак) і мае форму выцягнутага прамавугольніка. Да гал. манумента пракладзена дарога паміж 2 доўгімі басейнамі, з бакоў якіх пастаўлена па 5 прамавугольных пілонаў, на кожным з іх лічбы, што абазначаюць адзін з гадоў Вял. Айч. вайны. Па цэнтр. восі мемарыяла на высокім абрыве над р. Зах. Дзвіна ўзвышаецца гал. манумент. Ён складаецца з 3 трапецападобных пілонаў-абеліскаў (выш. 56 м), рэзка звужаных уверсе і аб’яднаных на вышыні 5 м 3-гранным звонку і круглым знутры маналітным скульпт. рэльефам, на гранях якога размешчаны сюжэтныя кампазіцыі «Воіны», «Партызаны», «Падпольшчыкі». У сярэдзіне манумента ўтвораны сімвалічны пантэон за кошт пілонаў-абеліскаў, злучаных кальцом-фрызам з надпісам «Слава героям», завершаным паўсферай з адтулінай уверсе; унізе, на невысокім стылабаце выкладзена 5-канцовая зорка з чырвонага граніту, у сярэдзіне якой — Вечны агонь. Плошча мемарыяла пакрыта чырвоным бетонам, акаймавана газонамі і абмежавана падпорнымі сценкамі з паліраванага чырвонага граніту. Іл. гл. да арт. Перамогі плошча ў Віцебску.

М.​М.​Яніцкая.

т. 12, с. 505

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ФА́ХВЕРК (ням. Fachwerk ад Fach панэль, секцыя + Werk збудаванне),

тып каркаснай канструкцыі пераважна малапавярховых жылых і грамадскіх будынкаў, нясучымі элементамі якой з’яўляюцца стойкі, рыгелі, раскосы. Каркас сцяны фахверкавай пабудовы засн. на трывалай сувязі гарыз. і верт. драўляных брусоў, злучаных раскосамі з брусоў, металу, жалезабетону; прамежкі паміж канстр. элементамі запаўняюцца каменнем, цэглай, глінай, саманам і інш., што робіць буд-ва больш танным, надзейным, надае будынкам выразнае арх. аблічча. Пашыраны ў 14—17 ст. у краінах Еўропы. Комплексы фахверкавых дамоў, ратуш, гасп. пабудоў найб. захаваліся ў невял. гарадах Германіі. Канстр. ідэя Ф. ў мадыфікаваным выглядзе выкарыстоўваецца і ў сучасным жылым і прамысл. буд-ве. На Беларусі Ф. вядомы з 16 ст. пад назвай «прускі мур». У кліматычных умовах Беларусі сцяна з Ф. не забяспечвала неабходных цеплатэхн. характарыстык, таму найб. пашырэнне Ф. меў у верхніх, адкрытых для агляду, ч. будынкаў: вежа для гадзінніка на школе ў г. Паставы (18 ст.), шчыты жылых дамоў у в. Гарадзец Шаркаўшчынскага р-на, свірна ў в. Опса Браслаўскага р-на (19—20 ст.) і інш.

Літ.:

Сергачев С.А. Белорусское народное зодчество. Мн., 1992.

С.​А.​Сергачоў.

Да арт. Фахверк. Фахверкавы жылы дом у Айрвайлеры каля г. Бон (Германія).

т. 16, с. 337

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЭЛЕКТРО́ННА-ПРАМЯНЁВАЯ ЗВА́РКА,

працэс атрымання нераздымнага злучэння метал. вырабаў з расплаўленнем краёў злучальных частак пучкамі паскораных электронаў. У адрозненне ад інш. відаў зваркі забяспечвае высокую дакладнасць вырабу дэталей пры высокай прадукцыйнасці работы.

Выконваецца пры высокім ці сярэднім вакууме, а таксама пры атм. ціску. Пучок паскораных электронаў ад электроннай пушкі факусіруецца і накіроўваецца на зварачны стык. Малы аб’ём расплаўленага металу (у параўнанні з інш. відамі зваркі) і кароткачасовасць цеплавога ўздзеяння забяспечваюць нязначныя цеплавыя дэфармацыі злучаных дэталей. Дазваляе зварваць за 1 праход металы і сплавы таўшчынёй да 250 мм і больш, у т. л. дэталі, якія могуць мець розную таўшчыню. Дае магчымасць злучаць дэталі з сталі, чыгуну, алюмінію, медзі, тытану, тугаплаўкіх металаў і іх сплаваў, а таксама папярэдне тэрмічна загартаваныя дэталі, для якіх непажаданая далейшая тэрмічная апрацоўка. Э.-п.з. выкарыстоўваецца ў ядз. энергетыцы, радыё- і мікраэлектроніцы, авія- і касм. тэхніцы, прылада- і машынабудаванні і інш.

Літ.:

Электронно-лучевая сварка. Киев, 1987;

Кайдалов А.А. Электронно-лучевая сварка и смежные технологии. Киев, 1998.

І.​Л.​Побаль.

Схема электронна-прамянёвай зваркі: 1 — катод, які пры награванні вылучае электроны, што фарміруюцца ў пучок 2; 3 — магнітная лінза, якая факусіруе пучок на загатоўцы 5; 4 — шпуля, якая перамяшчае электронны прамень.

т. 18, кн. 1, с. 97

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЗВЫШЦЯКУ́ЧАСЦЬ,

сукупнасць фіз. з’яў, звязаных з працяканнем без трэння вадкага гелію праз капіляры і вузкія шчыліны пры тэмпературах, блізкіх да абсалютнага нуля. Адкрыта эксперыментальна П.Л.Капіцам (1938), тэорыя створана Л.Д.Ландау (1941).

Пры т-ры 2,17 К (λ-пункт) у вадкім геліі (ізатоп ​1He) адбываецца фазавы пераход 2-га роду: з нармальнага стану (гелій I) ён пераходзіць у звышцякучы стан (гелій II). З. суправаджаецца вельмі вял. цеплаправоднасцю і наяўнасцю рознасці тэмператур у двух сасудах са звышцякучым геліем, злучаных капілярам, што вядзе да значнай рознасці ціску ў іх (тэрмамех. эфект). У звышцякучым геліі разам са звычайным гукам (ваганні ціску) існуе другі гук (ваганні т-ры). Тэорыя З. заснавана на квантавых уяўленнях аб квазічасціцах — фанонах. У вадкім геліі змена энергіі суправаджаецца вылучэннем або паглынаннем фанона, які мае такую ж залежнасць паміж частатой і энергіяй, як і квант святла, але распаўсюджваецца са скорасцю гуку. Калі гелій II працякае праз капіляр са скорасцю, меншай за скорасць гуку, яго кінетычная энергія не пераходзіць у цеплавую, бо фаноны не могуць узнікнуць (трэнне адсутнічае). Калі скорасць руху перавышае скорасць гуку, узнікае трэнне і З. знікае.

Літ.:

Капица П.Л. Вязкость жидкого гелия при температурах ниже точки λ // Докл. АН СССР. 1938. Т. 18, № 1;

Ландау Л.Д. Собр. тр. Т. 1. М., 1969;

Халатников И.М. Теория сверхтекучести. М., 1971.

Л.​І.​Камароў.

т. 7, с. 42

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАСКА́Д (франц. cascade),

1) у садова-паркавым мастацтве і ландшафтнай архітэктуры — сістэма вадаспадаў, якія ствараюцца вадаёмамі, размешчанымі на розных узроўнях. У паркавых кампазіцыях дэкар. вырашэнне К. узбагачаецца арх. элементамі (паркавыя К. на італьян. вілах 16—18 ст., у Петрадварцы і інш.) і прыроднымі формамі з натуральнага каменю. Штучныя К. набываюць маляўнічасць і дэкаратыўнасць у спалучэнні з кветкамі, дэкар.-лісцевымі раслінамі. На Беларусі ў выглядзе дэкар. К. аформлены вадаскід на вадасховішчы «Крыніца» пад Мінскам, шэраг К. створаны на Сляпянскай воднай сістэме.

2) К. узмацнення — радыётэхнічная прылада, якая мае ўзмацняльны элемент (напр., электронную лямпу, паўправадніковую прыладу), ланцугі нагрузкі і сувязі з папярэднімі і наступнымі К. Звычайна ўзмацняльнік мае некалькі К., злучаных паслядоўна.

3) К. электрамашынны — агрэгат з дзвюх ці больш эл. машын, звязаных паміж сабой механічна і электрычна ці толькі электрычна. Выкарыстоўваецца для плаўнага рэгулявання частаты вярчэння эл. рухавіка ў электрапрыводах сярэдняй і вял. магутнасці.

4) К. гідраэлектрастанцый — сукупнасць гідраэлектрастанцый, размешчаных паслядоўна ўздоўж цячэння ракі. Дазваляе паўней выкарыстоўваць энергет. рэсурсы ракі, павысіць ступень рэгулявання сцёку і інш. 5) У пераносным сэнсе — імклівы, нястрымны паток чаго-н., напр., слоў, гукаў і інш.

А.​В.​Сычова (у садова-паркавым мастацтве і ландшафтнай архітэктуры).

Фантан «Каскад» у г. Петрадварэц Ленінградскай вобл.

т. 8, с. 143

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НО́ВІКАЎ Іван Рыгоравіч (н. 26.1.1918, в. Нязнань Клімавіцкага р-на Магілёўскай вобл.),

бел. пісьменнік, журналіст. Засл. дз. культ. Беларусі (1967), Скончыў БДУ (1955). Працаваў у газ. «Камуна» (Клімавічы, 1935—38), «Советская Белоруссия» (1946—57), «Правда» (1957—86). Дэбютаваў у 1935 вершамі, пазней пачаў пісаць нарысы. Выдаў кн. дакумент. нарысаў «Дзесяць тыдняў у Злучаных Штатах Амерыкі» (1958), «Палескае золата» (1959) і інш. Услаўленне барацьбы падпольшчыкаў і партызан у Вял. Айч. вайну — асн. пафас нарыса «Вера Харужая» (1962), дакумент. аповесцей «Сэрца інакш не можа» (1960), «Руіны страляюць ва ўпор» (1960—61), «Дарогі скрыжаваліся ў Мінску» (1964, Літ. прэмія імя. Я.​Коласа 1965), «Тварам да небяспекі» (1967, Дзярж. прэмія Беларусі імя П.​М.​Лепяшынскага 1968), «Да світання блізка» (1974), гіст. нарысаў «Бяссмерце Мінска» (1977), «Мінск — горад-герой» (1986). У рамане «Ачышчэнне» (1987) раскрывае працэс пошукаў герояў гарадскога падполля, дзейнасць падполля, даследуе, як ствараецца кульцік мясц. дзеяча. Аўтар зб. фельетонаў «Уласны іншаземец» (1960), сцэнарыя тэлефільма «Руіны страляюць» (з І.​Чыгрынавым, 1973, Дзярж. прэмія Беларусі 1974).

Тв.:

Выбр. тв. Т. 1—3. Мн., 1988;

Параненая памяць: Аповесць, апавяданні. Мн., 1990.

Літ.:

Гардзіцкі А. Дыялогі. Мн., 1968;

Андраюк С. Вывяраючы жыццём. Мн., 1976;

Гніламёдаў У. Як само жыццё. Мн., 1980.

Л.​С.​Савік.

І.Р.Новікаў.

т. 11, с. 370

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ФЛА́НДРЫЯ (франц. Flandre, фламандскае Vlaanderen),

гістарычная правінцыя ў паўн. ч. Зах. Еўропы, населеная пераважна фламандцамі. Тэр. Ф. ў складзе Бельгіі (Усходняя Ф. — адм. ц. Гент, пл. 3 тыс. км²; Заходняя Ф. — адм. ц. Бруге, пл. 3,1 тыс. км²), Францыі (дэпартамент Нор — адм. ц. Ліль, пл. 5,8 тыс. км²) і часткова Нідэрландаў. З 12—16 ст. фландрскія гарады (Бруге, Гент, Іпр, Ліль і інш.) — найб. цэнтры вытв-сці шарсцяных тканін і інш. рамеснай вытв-сці ў агульнаеўрап. гандлі.

З 9 ст. Ф. — графства (у леннай залежнасці ад Францыі). У 12—15 ст. Ф. адна з найб. эканамічна развітых абласцей Еўропы. Яе сярэдневяковыя гарады Гент, Іпр, Бруге дасягнулі эканам. і паліт. магутнасці. У 1300 тэр. Ф. акупіравала Францыя, што выклікала паўстанне фламандцаў (пачалося ў 1302 «Бругскай ютранню») і Ф. стала незалежнай. У Стогадовую вайну 1337—1453 была аб’ектам англа-франц. барацьбы. З 1384 Ф. — уладанне герцагаў Бургундскіх, з 1477 — Габсбургаў (стала правінцыяй Нідэрландаў гістарычных). У час Нідэрландскай буржуазнай рэвалюцыі 16 ст. многія гарады Ф. далучыліся да Утрэхцкай уніі 1579. У 17 ст. частка яе тэр. адышла да Францыі, частка — да Рэспублікі Злучаных правінцый. У выніку вайны за Іспанскую спадчыну (1701—14) б.ч. Ф. перайшла да Аўстрыі. У 1797 далучана да Францыі, у 1815—30 — да Нідэрландаў. З 1830 у складзе Бельгіі.

т. 16, с. 423

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГАНЧА́РНЫ КРУГ,

станок (прыстасаванне) для фармоўкі ганчарных вырабаў, дзеянне якога заснавана на цэнтральным вярчэнні ў адной плоскасці пры дапамозе верт. восі. Напачатку карысталіся ручным ганчарным кругам, пазней вынайдзены нажны. З паяўленнем ганчарнага круга ганчарства ператварылася ў рамяство з вылучэннем спецыялістаў-ганчароў. Цяпер ганчары карыстаюцца пераважна нажным ганчарным кругам з рухомай воссю на падшыпніках, на прамысл. прадпрыемствах — з электрамех. прыводам. Першыя ганчарныя кругі з’явіліся ў 4—3-м тыс. да н.э. ў краінах Стараж. Усходу, у 2—1-м тыс. да н.э. пашырыліся ў Еўропе, з 1-й пал. 1-га тыс. н.э. — у некат. усх.-слав. плямён, з 9—10 ст. — у Стараж. Русі. На Беларусі вядомыя з 10 ст. Ручны ганчарны круг — драўляны дыск, які насаджваўся на дубовую або жалезную вось, убітую ў зямлю (калоду, плашку, крыжавіну). Пры вярчэнні дыска рукой загладжвалі паверхню зробленай уручную пасудзіны або з камяка гліны выцягвалі полае цела патрэбнай формы. Пазней узнік ручны ганчарны круг з крыжавінай, спіцамі, двума дыскамі. З сярэдзіны 16 ст. бытаваў нажны ганчарны круг, які складаўся з двух злучаных спіцамі дыскаў, насаджаных на нерухомую вось. Ніжні дыск прыводзіўся ў рух нагамі, а на верхнім рукамі фармаваўся выраб. Больш дасканалым стаў нажны ганчарны круг з рухомай воссю, якая ўпіралася ніжнім канцом у падстаўку з гняздом — порпліцу. Нажныя ганчарныя кругі з сярэдзіны 18 ст. выкарыстоўвалі і для вытв-сці фаянсавых вырабаў.

В.​М.​Ляўко.

Ганчарныя кругі: 1 — ручны з нерухомай воссю; 2 — нажны з нерухомай воссю; 3 — нажны з рухомай воссю.

т. 5, с. 32

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)