паталагічнае ўтварэнне, што ўзнікае ў скуры пры парушэннях ліпіднага абмену і ўяўляе сабой назапашванне фагацытаў, якія ўтрымліваюць халестэрын і трыгліцэрыды. Адрозніваюць 3 яе разнавіднасці: ксанталазма (найчасцей бывае ў пажылых жанчын) — сіметрычна размешчаныя каля ўнутр. краю вока плоскія, мяккія ўтварэнні жаўтавата-аранжавага колеру, авоіднай ці стужкападобнай формы; множная вузельчыкавая — бязбольныя, сіметрычна размешчаныя на скуры галавы, твару, каленных і локцевых суставаў, ягадзіцах вузельчыкі ад жоўтага да карычневага адцення (па краях ружова-чырвоныя); туберозная пухлінападобная (бывае ў нованароджаных і малых дзяцей, радзей у дарослых) — бязбольныя, дольчатыя, шчыльныя ўтварэнні на локцевых і каленных суставах памерам з вішню ці грэцкі арэх жоўтага колеру з бурым ці фіялетавым адценнем. Развіваецца павольна, прагрэсіруе. Лячэнне тэрапеўтычнае (печані, падстраўнікавай залозы, нырак), хірургічнае.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАСЛЁН, ліснік (Solanum),
род кветкавых раслін сям. паслёнавых. Каля 1700 відаў. Пашыраны ў трапічных, субтрапічных і ўмераных паясах, большасць у Паўд. Амерыцы. На Беларусі 5 дзікарослых відаў. Найб. вядомыя П.: жоўты (S. luteum), салодка-горкі, нар. назвы воўчыя ягады, гліснік (S. dulcamara), чорны (S. nigrum). Трапляюцца ў вільготных ярах, хмызняках, па берагах вадаёмаў. Культывуюць баклажан і бульбу.
Адна- і шматгадовыя травы, кусты і паўкусты, часам невял. дрэвы (у тропіках). Сцёблы прамастойныя, лазячыя ці павойныя. Лісце чаргаванае або супраціўнае, чаранковае, лопасцевае ці перыстае. Кветкі адзіночныя або ў завітках. Плод — ягада. Многія віды маюць алкалоіды (саланіны і інш.) і выкарыстоўваюцца як лек. расліны (напр., П. салодка-горкі). Харч., лек., дэкар., меданосныя і фарбавальныя расліны. Есць ядавітыя.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КУРАСЛЕ́П, анемона (Anemone),
род кветкавых раслін сям. казяльцовых. Каля 150 відаў. Пашыраны на ўсіх кантынентах. На Беларусі 3 віды К.: дуброўны (A. nemorosa, нар. назва белыя пералескі), казяльцовы (A. ranunculoides, нар. назва казарост жоўты), лясны (A. sylvestris), занесены ў Чырв. кнігу. Трапляецца на ўзгорках, схілах яроў і берагах рэк. У Цэнтр.бат. садзе Нац.АН Беларусі інтрадукаваны як дэкар. расліны К. японскі (A. japonica) з буйнымі бела-ружовымі кветкамі, К. карончаты (A. coronaria) з белымі, ружовымі, простымі ці махрыстымі кветкамі, К. канадскі (A. canadensis) з бела-крэмавымі кветкамі.
Шматгадовыя, пераважна карэнішчавыя, травяністыя расліны, зрэдку паўкусты. Лісце прыкаранёвае, доўгачаранковае, пальчатарассечанае або раздзельнае. Кветкі адзіночныя, правільныя на кветаносных сцёблах з 3 кальчакова размешчанымі лісткамі. Калякветнік просты, венчыкападобны з 5—20 лісцікамі. Тычынкі шматлікія. Плод — шматарэшак. Меданосныя, лек., дэкар. расліны; некат. віды ядавітыя.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАДЫЛЬЯ́НІ ((Modigliani) Амедэо) (12.7.1884, г. Ліворна, Італія — 25.1.1920),
італьянскі жывапісец і скульптар. Прадстаўнік парыжскай школы. Вучыўся ў АМ у Фларэнцыі. З 1906 у Парыжы. Зазнаў уплывы А. дэ Тулуз-Латрэка, П.Сезана, П.Пікасо, афр. пластыкі, як скульптар — К.Брынкушы. У скульптуры імкнуўся да спрошчаных геаметрызаваных форм і падоўжаных прапорцый («Галава», 1913, і інш). Жывапісная манера вызначаецца дэкар. плоскаснасцю, лаканічнасцю пераважна аднафігурных кампазіцый, музыкальнасцю сілуэтна-лінейных рытмаў, насычанасцю каларыту. Ствараў партрэты і ню, якім уласцівы інтымная індывідуальнасць і псіхалагізм вобразаў, паэтычнасць, якая часта спалучаецца з трагічным адчуваннем безабароннасці чалавека ў свеце: «М.Жакоб» (1916), «Л.Збароўскі», «Аголеная» (абодва 1917), «Маленькі селянін» (1918), «Вялікая аголеная», «Цыганка», «Хлопчык у сіняй куртцы», «Жоўты купальнік» (усе 1919) і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛУ́БІН (Lupinus),
род кветкавых раслін сям. бабовых. Каля 100 (паводле інш. звестак, больш за 200) відаў. Пашыраны ва ўмераных паясах абодвух паўшар’яў, пераважна ў Міжземнамор’і, Амерыцы. На Беларусі культывуюць Л.: вузкалісты (L. angustifolius), жоўты (L. luteus) і шматлісты (L. polyphyllus). Уведзены ў культуру ў Стараж. Рыме, на Беларусі — з 19 ст.
Адна- і шматгадовыя травы і паўкусты. Каранёвая сістэма стрыжнёвая, глыбока пранікае ў глебу, на каранях утвараюцца клубеньчыкі з бактэрыямі, якія засвойваюць атм. азот. Лісце чаранковае, пальчата-складанае. Кветкі яркай, разнастайнай афарбоўкі, суквецце — верт. гронка. Плод — шматнасенны боб. Усе ч. раслін маюць горкія і ядавітыя алкалоіды. У с.-г. вытв-сці выведзены кармавыя малаалкалоідныя формы. Кармавыя, сідэральныя, дэкар. культуры.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НАЕ́ЗНІКІ (Ichneumonoidea i Chalcidoidea),
надсямействы паразітычных перапончатакрылых насякомых падатр. сцябліністабрухіх. Каля 1250 родаў, больш за 67 тыс. відаў. Пашыраны ўсюды, пераважна ў вільготных месцах. Найб. вядомыя на Беларусі прадстаўнікі родаў трыхаграмы, афіёны (Ophion), іхнеўмоны (Ichneumon), крыпты (Cryptus), эфіяльты (Ephialtes) і інш. Некат. віды Н. выкарыстоўваюць у біял. барацьбе з насякомымі-шкоднікамі.
Даўж. 0,2—50 мм. Брушка рухома злучанае з грудзямі. Дарослыя кормяцца пераважна нектарам і пылком кветак, сокамі раслін. Развіццё з поўным ператварэннем, пераважна палавое. Лічынкі большасці Н. першасныя экта- або эндапаразіты насякомых, павукападобных, мнаганожак. Самка садзіцца на ахвяру (адсюль назва) і адкладвае яйцы ў (на) цела або ў яйцо інш. беспазваночных; некат. віды Н. папярэдне паралізуюць ахвяру. Лічынкі кормяцца за кошт унутр. тканак жывой ахвяры-гаспадара.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АРФАЭ́ПІЯ (ад грэч. orthos правільны + epos маўленне),
сукупнасць вымаўленчых нормаў, уласцівых літаратурнай мове, якія забяспечваюць аднастайнасць гукавога афармлення вуснай мовы.
2) Раздзел мовазнаўства, які вывучае нормы вымаўлення. Непарыўна звязана з фанетычнай сістэмай мовы, бо ўключае і характарыстыку вымаўлення асобных гукаў (арфафанію, напр. дзеканне, цеканне, неаглушэнне «й» і г.д.) і іх вымаўленне ў залежнасці ад пазіцыі ў слове. Такія, напр., выразныя асаблівасці бел.фанетыкі, як недысімілятыўнае аканне («вада», «маладзік», «чалавек»), прыстаўныя галосныя («ільняны», «аўторак», «імгла») і зычныя («вока», «завочнік»), мяккія свісцячыя «з» і «с» перад наступнымі мяккімі («бязлесіца», «з зімы», «песня»), мяккія афрыкаты «дз» і «ц» («Дзвіна», «дзверы», «цвёрды»), губна-губны «в(ў)» («траўка», «жоўты»), падоўжаныя зычныя («збожжа», «галлё», «насенне») замацаваліся як арфаэпічныя нормы. Да арфаграфіі часта адносяць таксама правілы пастаноўкі націску і інтанацыйныя правілы.
Літ.:
Янкоўскі Ф.М. Беларускае літаратурнае вымаўленне. 4 выд.Мн., 1976;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛО́ТАС (Nelumbo),
род кветкавых раслін сям. лотасавых. 2 віды. Пашыраны Л. арэханосны (N. nucifera) у Паўд. Еўропе (напр., дэльта р. Волга), Паўд,Усх. Азіі і Паўн.-Усх. Аўстраліі, Л. жоўты (N. lutea) у Паўн. і Цэнтр. Амерыцы. У Індыі, Карэі, Кітаі, Японіі культывуецца. Рэлікт трацічнага перыяду.
Шматгадовыя буйныя водныя, часам земнаводныя травы з развітым карэнішчам. Надводнае лісце буйное, шчытападобнае, доўгачаранковае, высока ўзнімаецца над вадой, тое, што плавае, — круглявае, плоскае, падводнае — сядзячае, лускападобнае. Тканкі з вял. паветраноснымі поласцямі. Кветкі дыям. да 30 см, ружовыя або жоўтыя, адзіночныя, на доўгіх кветаносах. Пялёсткі і тычынкі шматлікія. Плод — шматарэшак. Насенне захоўвае ўсходжасць да некалькіх тысяч гадоў.
Усе ч. расліны маюць у сабе вітамін С і каўчук, у чаранках і праростках — ядавітае рэчыва нелюмбін. Насенне і карэнішча ўжываюцца ў ежу і на корм жывёле. Харч., лек. і культавыя расліны; стараж. культура народаў Паўд. і Паўд.-Усх. Азіі, амер. індзейцаў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АСТАШО́НАК (Алесь) (Аляксандр Мікалаевіч; нарадзіўся 1.6.1954, Мінск),
бел. пісьменнік. Скончыў Мінскі пед.ін-т замежных моў (1976). Працаваў перакладчыкам у Алжыры, рэдактарам у БелЭн, штотыднёвіку «ЛІМ», у час. «Крыніца». Аўтар кніг прозы «Фарбы душы» (1989) і «П’яная кніга, або Жоўты колер белага снегу» (1996), п’ес «Іскры ўначы» (паст. 1982, апубл. 1986) і «Камедыянт, ці Узнёсласць сумнай надзеі» (паст. 1984, апубл. 1985), «Рэпетыцыя», «Спагада», «Ахвяра» (усе 1994). Творы Асташонка адметныя псіхалагізмам, філасафічнасцю, шырынёй жанрава-тэматычнага дыяпазону. Паводле сцэнарыяў Асташонка пастаўлены маст. тэлефільмы «Камедыянт» (1987) і «Сон» (1989, 1-я прэмія Міжнар. тыдня кіно ў Тэруэлі, Іспанія, 1989). Пераклаў на бел. мову з англ. раманы Б.Стокера «Дракула», Г.Макай «Бывай, жыццё, бывай, каханне!» (абодва 1992—93), Р.Стывенсана «Востраў скарбаў» (1993) і інш., п’есу Ю.О’Ніла «Поўня для пасынкаў лёсу» (паст. 1994), з франц. раман П.Буля «Планета малпаў» (1990), кн. Ж.Сіменона «Пад страхам смерці» (1992) і інш.