вадкія і цвёрдыя ападкі, якія на працягу сутак выпадаюць адначасова або паслядоўна, пераходзяць з аднаго віду ў другі. Пры тэарэт. разліках М.а. лічаць толькі тыя, якія складаюцца з сумесі снежных камякоў (або ледзяных круп) з дажджавымі кроплямі. На Беларусі адзначаюцца з канца вер. да мая (11—13% ад агульнай сумы ападкаў за год). За год бывае 15—30 сутак з М.а., колькасць іх павялічваецца з Пд на Пн.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БРАШО́Ў (Braşov),
горад у цэнтр.ч. Румыніі. Адм. ц. жудэца Брашоў. Засн. ў 1211. 323,8 тыс.ж. (1993). Буйны вузел чыгунак і аўтадарог. Другі (пасля Бухарэста) прамысл. цэнтр краіны, які ўключае больш за 10 гарадоў-спадарожнікаў. Разнастайнае машынабудаванне (у т. л. аўта-, трактара-, прыладабудаванне), хім. (нафтахім., гумавая), парфумерна-касметычная, цэм., дрэваапр., тэкст. (пераважна шарсцяная), гарбарна-абутковая, харч., паліграф.прам-сць. Турызм. Ун-т. Гатычная «горная царква» 14—15 ст., цытадэль 17 ст.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БРЭ́СЦКАЙ МУЖЧЫ́НСКАЙ ГІМНА́ЗІІ БУДЫ́НАК,
помнік грамадзянскай архітэктуры. Пабудаваны ў 1905 у Брэсце па праекце інжынера А.А.Траццякова.
Першапачаткова П-падобны ў плане 2-павярховы аб’ём, пазней надбудаваны 3-і паверх. Гал. фасад мае 3-часткавую кампазіцыю, у цэнтры і па краях завершаны трохвугольнымі франтонамі над рызалітамі. Сцены дэкарыраваны цаглянай муроўкай арак, франтонаў, нішаў, машыкуляў. Другі паверх завершаны магутным карнізам на кранштэйнах. У будынку размешчаны навуч. корпус пед. ін-та.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«КРЫ́ЎДА»,
прыватнаўласніцкі герб, якім карысталіся больш за 50 родаў Беларусі, Украіны, Літвы і Польшчы, у т.л. Жавускія, Лапы, Манюшкі, Сяніцкія, Сухадольскія, Хмары, Чарноцкія. У блакітным полі выява сярэбранай падковы, унутры якой залаты крыж, на падкове — другі крыж без аднаго канца. Клейнод — над прылбіцай з шляхецкай каронай 3 страусавыя пёры. Існуюць варыянты герба з сярэбранымі крыжамі, з 5 страусавымі пёрамі ў клейнодзе і інш. З’явіўся, верагодна, у 16 ст. як варыянт герба «Любіч».
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГОМАМАРФІ́ЗМ (ад гома... + грэч. morphē від, форма) у матэматыцы і логіцы, адлюстраванне аднаго алгебраічнага аб’екта (напр., групы, поля, цела) на другі, пры якім захоўваюцца ўсе зададзеныя на ім аперацыі і дачыненні; абагульненне паняцця ізамарфізму. Напр., гомамарфізм групы A ў групу B ставіць у адпаведнасць кожнаму элементу з A пэўны элемент (вобраз) з B, пры гэтым суме (здабытку або інш.) элементаў з A адпавядае сума (здабытак або інш.) іх вобразаў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«ПАЦЯРУ́ХА»,
бел.нар. танец, блізкі да «трасухі». Муз. памер 2/4. Тэмп жвавы. Выконваецца 4 парамі. Дзяўчаты, патрэсваючы корпусам і размахваючы рукамі, на пятках вырабляюць розныя па, а потым нібы плывуць насустрач сваім партнёрам, якія танцуюць на насках дробнымі крокамі і тупаюць нагамі. Потым усе разам, пераплёўшы рукі, утвараюць кругі і рухаюцца то ў адзін, то ў другі бок. Зафіксаваны ў 19 ст. у в. Сіняўка (Клецкі р-н, Мінскай вобл.).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПЕ́РШЫ ЗАКО́Н ТЭРМАДЫНА́МІКІ,
закон захавання энергіі ў цеплавых працэсах; адзін з асн. законаў тэрмадынамікі. Паводле П.з.т. Q = ∆U + A, дзе Q — колькасць цеплаты, падведзенай да сістэмы, ∆U — змена ўнутр. энергіі сістэмы, A — работа, якую выконвае сістэма супраць знешніх уздзеянняў.
Сфармуляваны ў сярэдзіне 19 ст. на падставе даследаванняў Ю.Р.Маера, Дж.П.Джоўля і Г.Гельмгольца. З П.з.т. вынікае, што тэрмадынамічная сістэма можа выконваць работу толькі за кошт сваёй унутр. энергіі ці за кошт якой-н. інш. крыніцы энергіі (A = Q − ∆U). Таму П.з.т. часам фармулююць як немагчымасць існавання (стварэння) вечнага рухавіка 1-га роду, які мог бы выконваць работу без выкарыстання якіх-н. крыніц энергіі. П.з.т. сцвярджае, што U з’яўляецца функцыяй стану, а Q і A — функцыямі працэсу. Кожны стан тэрмадынамічнай сістэмы характарызуецца пэўным значэннем унутр. энергіі U, значэнні якой (у адрозненне ад значэнняў велічынь Q і A) не залежаць ад працэсаў, за кошт якіх сістэма пераходзіць з аднаго стану ў другі. Гэта дазваляе вызначыць ураўненне стану сістэмы і вядзе да залежнасці значэнняў цеплаёмістасці і выкананай работы ад характару працэсу. Гл. таксама Другі закон тэрмадынамікі, Энергіі захавання закон.
Літ.:
Гельфер Я.М. История и методология термодинамики и статистической физики. 2 изд. М., 1981. С. 131—147.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«БАГО́РЫЯ»,
прыватнаўласніцкі герб, якім на Беларусі, Украіне, у Літве і Польшчы карысталася больш за 30 родаў, у т. л. Багорыі, Валовічы, Кужанецкія, Макраноўскія, Скатніцкія. На чырв. полі выява 2 сярэбраных наканечнікаў стралы: адзін вастрыём уверх, другі — уніз; клейнод — над прылбіцай паўлін з распушчаным хвастом, у яго дзюбе, павернутай убок, зламаная страла вастрыём уверх. Існуюць варыянты герба з зялёным полем і злучанымі наканечнікамі стрэл, клейнод — 3 страусавыя пёры і інш. На Беларусі меў пашырэнне з 15 ст.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДРУ́ЦКІЯ-ГО́РСКІЯ,
княжацкі род герба «Друцк», адгалінаванне роду кн.Друцкіх. Найб. вядомыя:
Васіль Пуцяціч (каля 1430 — да 1495), валодаў маёнткам Горы ў Аршанскім пав. (адсюль 2-я частка прозвішча). Ежы (каля 1600—43), харужы аршанскі (1639), староста упіцкі (1640). Рыгор Ежы (каля 1585—1659), староста цэльскі, аршанскі (1635—50). Атрымаўшы прызначэнне мсціслаўскім ваяводам (1650), перадаў Аршанскае староства сыну Міхаілу. Другі яго сын Еранім быў старостам суражскім. На ўнуках Рыгора Ежы род Д.-Г. згас.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДЭКАТРО́Н [ад дэка... + (элек)трон],
многаэлектродная газаразрадная прылада тлеючага разраду. Прызначаны для індыкацыі эл. імпульсаў у дзесятковай сістэме лічэння, падліку, камутацыі слабатокавых эл. ланцугоў і інш.Найб. хуткасць лічэння 105 імпульсаў за 1 с. Выкарыстоўваецца ў індыкатарных табло лічбавых кантрольна-вымяральных прылад, вылічальных прыладах і інш.
Найб. пашыраная канструкцыя двухімпульснага Д. мае анод у выглядзе дыска з размеркаванымі вакол яго індыкатарнымі і кіроўнымі электродамі. Прынцып дзеяння Д. заснаваны на накіраваным пераносе (пераключэнні) кіроўнымі імпульсамі тлеючага разраду з аднаго электрода на другі.