МАЗАРЫ́НІ (італьян. Mazarini, франц. Mazarin) Джуліо (14.7.1602, Пешына, Італія — 9.3.1661), французскі дзярж. дзеяч. Д-р права (1622). Скончыў ун-т у Алькала-дэ-Энарэс (Іспанія, 1622). З 1630 на дыпламат. службе ў папы рымскага. З 1640 на франц.дыпламат. службе. З 1641 кардынал. У 1643—61 першы міністр Францыі, фактычны кіраўнік знешняй і ўнутр. палітыкі маладога Людовіка XIV і яго маці (рэгенткі ў 1643—51) каралевы Ганны Аўстрыйскай, з якой уступіў у тайны шлюб. Працягваў курс А.Э.Рышэльё на ўмацаванне франц.абсалютызму: задушана змова знаці (1643), шматлікія нар. паўстанні, выкліканыя павелічэннем падаткаў, атрымана перамога над Фрондай (1653). У знешняй палітыцы дамогся значных поспехаў (Вестфальскі мір 1648; мірны і гандл.дагаворы з Англіяй у 1655, ваен. саюз з ёй у 1657; мірны дагавор з Іспаніяй у 1659 і інш.), замацаваў паліт. гегемонію Францыі ў Еўропе.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДАГАВО́Р МІЖНАРО́ДНЫ,
пагадненне паміж дзяржавамі або іншымі суб’ектамі міжнар. права, якое вызначае іх узаемныя правы і абавязкі ў паліт., эканам. ці іншых адносінах; асн. крыніца міжнароднага права. Бываюць двухбаковыя і шматбаковыя, міжурадавыя і міжведамасныя. Паводле зместу — паліт. (аб дружбе, супрацоўніцтве і ўзаемнай дапамозе, аб ненападзе, нейтралітэце, і інш.), эканам. (гандл., аб аказанні эканам. і тэхн. дапамогі, аб пазыках, крэдытах і да т.п.) і дагаворы па спец. пытаннях (у галіне сувязі, транспарту, аховы здароўя, адукацыі, навукі і культуры, прававой дапамогі і інш.). Найменні і формы дагавора міжнароднага разнастайныя: дагавор, пагадненне, канвенцыя, пакт, пратакол, статут і інш. Заключаецца на пэўны тэрмін або бестэрмінова. Калі пасля сканчэння тэрміну дагавор па згодзе бакоў не прадоўжаны, ён спыняецца. Спыненне дагавора міжнароднага можа адбыцца і да сканчэння тэрміну — па згодзе бакоў, шляхам дэнансацыі і, як выключэнне — шляхам аднабаковага анулявання ў выпадку істотнага парушэння дагавора міжнароднага другім бокам ці карэннай змены становішча.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАРЫ́БСКІ КРЫ́ЗІС 1962, Кубінскі крызіс,
канфлікт паміж ЗША і СССР вакол Кубы; адзін з найб. небяспечных для міжнар. міру эпізодаў «халоднай вайны». Выкліканы тайным размяшчэннем з чэрв. 1962 сав.ядз. ракет сярэдняй далёкасці на в-ве Куба. 16.9.1962 амер. разведвальны самалёт У-2 выявіў сав. ракеты на Кубе. Прэзідэнт Дж.Ф.Кенэдзі абвясціў марскую блакаду вострава (ажыццяўлялася 24.10—21.11.1962 сіламі 183 караблёў ВМС ЗША) і запатрабаваў ад СССР вывесці ракеты з Кубы. Абодва бакі прывялі ў стан баявой гатоўнасці свае стратэг.ядз. сілы, што пагражала выбухам ядз. вайны ў свеце. СССР пагадзіўся на вывад ракет у абмен на гарантыі бяспекі для Кубы і абяцанне вывесці амер. ракеты з Турцыі. Дагаворы аб гэтым дасягнуты ў канцы кастр. — пач.ліст. 1962 на сав.-амер. перагаворах з удзелам кубінскіх прадстаўнікоў і ген. сакратара ААН. У выніку К.к. была наладжана пастаянная прамая тэлеф. ўрадавая сувязь («гарачая лінія») паміж Масквой і Вашынгтонам.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КІСЯЛЁЎ (Кузьма Венядзіктавіч) (1.11.1903, в. Лабковічы Крычаўскага р-на Магілёўскай вобл. — 4.5.1977),
дзяржаўны дзеяч Беларусі, дыпламат.Канд.мед.н. (1936). Скончыў Варонежскі ун-т (1928). З 1928 на навук. рабоце. З 1937 нарком аховы здароўя БССР. У 1938—40 старшыня Савета нар. камісараў БССР. З 1940 нам. дырэктара Ін-та эксперым. медыцыны, дырэктар дзярж.мед.выд-ва (Масква), старшыня Ульянаўскага аблвыканкома. У 1943—58 першы нам. старшыні СНКБССР, з 1944 нарком (з 1946 міністр) замежных спраў БССР. Меў ранг надзвычайнага і паўнамоцнага пасла. На чале дэлегацыі БССР у 1945 на канферэнцыі ў Сан-Францыска падпісаў Статут ААН, у 1947 па выніках Парыжскай мірнай канферэнцыі 1946 — мірныя дагаворыБССР з Балгарыяй, Венгрыяй, Італіяй, Румыніяй і Фінляндыяй. Узначальваў дэлегацыі БССР на сесіях Ген. Асамблеі ААН 1946—65. Чл.ЦККПБ у 1938—66. Дэп. Вярх. СаветаБССР у 1938—67, Вярх. Савета СССР у 1937—38.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АНТА́НТА МАЛА́Я,
палітычны блок Румыніі, Чэхаславакіі і Югаславіі ў 1920—38. Створана ў 1920—21 на аснове двухбаковых пагадненняў для захавання суадносін сіл, што склаліся ў Цэнтр. і Паўд.-Усх. Еўропе пасля 1-й сусв. вайны. Дзейнічала ў рэчышчы знешняй палітыкі Францыі, займала важнае месца ў яе сістэме ваенна-паліт. саюзаў. Даўэса план 1924, Лакарнскія перагаворы 1925, пазнейшае збліжэнне Румыніі з Англіяй, Венгрыяй і асабліва з Італіяй прывялі да аслаблення Антанты Малой і ролі ў ёй Францыі. Пагроза з боку фаш. Германіі прыпыніла распад Антанты Малой. У 1933 саюзнікі падпісалі Арганізац. пакт пра неабмежаваны тэрмін дзеяння ўсіх пакладзеных у аснову Антанты Малой дагавораў, стварылі савет Антанты Малой і эканам. савет. У 1934 Румынія і Югаславія са згоды Чэхаславакіі ўвайшлі ў Антанту Балканскую. Дагаворы 1937 Югаславіі з Балгарыяй і Італіяй сталі прычынай новага крызісу ў сістэме Антанты Малой. Мюнхенскае пагадненне 1938, якое прывяло да акупацыі Чэхаславакіі Германіяй, спыніла існаванне блока.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДАГАВО́Р АБ ПЕРАМІ́Р’І НА ЗАХО́ДНІМ ФРО́НЦЕ 1917,
часовы дагавор паміж ням. і рус. арміямі, заключаны 4.12.1917 у мяст. Солы (цяпер Смаргонскі р-н Гродзенскай вобл.). Пасля звароту Сав. ўрада 22.11.1917 па радыё да салдат і матросаў з заклікам узяць справу міру ў свае рукі ВРКЗах. фронту прапанаваў армейскім і карпусным ВРК неадкладна пачаць перагаворы з ням. войскамі. Да канца ліст. большасць злучэнняў фронту заключыла дагаворы аб перамір’і на сваіх участках. 2.12.1917 у штаб ням.Усх. фронту для перагавораў выехала дэлегацыя Зах. фронту з 16 чал., у т. л. С.І.Берсан, М.Р.Пятроў, В.В.Фамін, М.С.Ціхменеў, С.Я.Шчукін. 4.12.1917 паміж 2, 3 і 10-й арміямі Зах. фронту і ням. арміямі падпісаны дагавор аб перамір’і на 2 месяцы. Ён набыў сілу з 12 гадзін 6.12.1917 на ўсім Зах. фронце ад мяст. Відзы да р. Прыпяць (уключна). Страціў сілу 15.12.1917 у сувязі з заключэннем дагавора аб перамір’і 1917.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАЛІ́ЗІЯ (ад лац. collisio сутыкненне),
сутыкненне, супярэчнасць, разыходжанне інтарэсаў, поглядаў, імкненняў. К. мастацкая — супярэчнасць, сутыкненне, барацьба дзеючых сіл у маст. творы. Тэрмін уведзены ў эстэтыку Г.Гегелем. Ужываецца і як сінонім тэрміна «канфлікт» (гл.Канфлікт мастацкі), у значэнні глабальнасць, універсальнасць выказваемых супярэчнасцей або ў якасці вызначэння супярэчнасці як моманту ўнутр. структуры, як спосаб, а не як прадмет маст. адлюстравання. К. ў праве — разыходжанне паміж асобнымі законамі адной дзяржавы або супярэчнасць законаў, суд. рашэнняў розных дзяржаў. К. ўнутр. законаў вырашаецца шляхам выбару таго нарматыўнага акта, які павінен быць дастасаваны да выпадку, што разглядаецца. Калі ёсць разыходжанне паміж актамі, выдадзенымі адным і тым жа праватворчым органам, то ўжываецца акт, выдадзены пазней. Пры разыходжанні паміж агульным і спец. актамі перавага аддаецца спецыяльнаму; калі супярэчныя нормы знаходзяцца ў актах, прынятых рознымі органамі, то выкарыстоўваецца норма, прынятая вышэйстаячым органам. Пытанне пра ўжыванне права сваёй або замежнай дзяржавы вырашаецца на аснове калізійнай нормы, якая змешчана ва ўнутр., нац. заканадаўстве або ў міжнар.дагаворы (гл.Калізійнае права).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАРЛАВІ́ЦКІ КАНГРЭ́С 1698—99,
перагаворы аб міры паміж краінамі — удзельніцамі «Свяшчэннай лігі» (Аўстрыя, Венецыя, Рэч Паспалітая, Расія) і Атаманскай Портай (Турцыя) пры пасрэдніцтве Англіі і Нідэрландаў у мяст. Карлавіцы (цяпер г. Срэмскі-Карлаўцы, Сербія). Адбыўся ва ўмовах шэрагу ваен. паражэнняў Турцыі ў аўстра-турэцкіх войнах 16—18 ст. і польска-турэцкіх войнах 17 ст. У выніку перагавораў падпісаны 3 асобныя двухбаковыя мірныя дагаворы. Паводле дагавора ад 16.1.1699 Рэч Паспалітая атрымала ч. Правабярэжнай Украіны і Падолію з крэпасцю Камянец, вярнула Турцыі 6 раней занятых малд. гарадоў (Сарокі, Сачава і інш.). Паводле дагавораў ад 26.1.1699 Аўстрыя атрымала Цэнтр. Венгрыю, Сяміграддзе (Трансільванію), Бачку (вобласць паміж рэкамі Ціса і Дунай), б.ч. Славоніі і вярнула Турцыі прав. Тэмешвар на р. Ціса; да Венецыі адышлі п-аў Марэя, 6 крэпасцей у Далмацыі і шэраг Іанічных а-воў. 24.1.1699 заключана таксама рас.-тур. перамір’е на 2 гады з захаваннем за бакамі таго, што яны мелі (у т. л. Азоў застаўся пад уладай Расіі).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НЕЗАЛЕ́ЖНЫ ПРАФСАЮ́З БЕЛАРУ́СІ, Беларускі незалежны прафсаюз гарнякоў,
хімікаў, нафтаперапрацоўшчыкаў, энергетыкаў, транспартнікаў, будаўнікоў і інш. работнікаў. Створаны 6.11.1991 на базе арг-цыі «Рабочы саюз» і стачкома г. Салігорска. Аб’ядноўвае больш за 10 тыс.чл. Складаецца з пярвічных і рэгіянальных арг-цый, кіруючы орган — Савет прадстаўнікоў. Арг-цыі Н.п.Б. існуюць ў Салігорску, Мінску, Наваполацку, Гродне, Мазыры, Слуцку і інш.Асн. мэты прафсаюза: павышэнне жыццёвага ўзроўню і сац. абароненасці чл. прафсаюза, абарона іх працоўных, сац.-эканам., грамадз., маёмасных і інш. правоў і законных інтарэсаў. Асн. задачы — прадстаўляць і адстойваць інтарэсы чл. прафсаюза ў органах дзярж. улады і кіравання, заключаць пагадненні і калект.дагаворы, ажыццяўляць нагляд і кантроль за выкананнем заканадаўства аб працы, дабівацца прывядзення законаў Рэспублікі Беларусь у адпаведнасць з міжнар. нормамі права і інш. Выдае штотыднёвую газ. «Салідарнасць» (1991). З’яўляецца чл.Міжнар. федэрацыі прафсаюзаў работнікаў хім., горназдабыўной прам-сці, энергетыкі і рознарабочых (ІСЕМ), заснавальнікам Бел. кангрэса дэмакр. прафсаюзаў (БКДП).
расійскі дзярж. дзеяч, дыпламат. Граф Амурскі (1858), ген.-ад’ютант (1857). Ген. ад інфантэрыі (1858). Скончыў Пажскі корпус (1827). Удзельнік рас.-тур. вайны 1828—29 і задушэння паўстання 1830—31 у Польшчы, Беларусі і Літве. У 1846 тульскі ваен. і грамадзянскі губернатар. Зарэкамендаваў сябе як ліберал, адзін з першых сярод вышэйшых саноўнікаў Расіі ўзняў пытанне пра скасаванне прыгоннага права. У 1847—61 іркуцкі і енісейскі губернатар, ген.-губернатар Усх. Сібіры. Быў прыхільнікам актыўнай наступальнай палітыкі на Д. Усходзе, з гэтай мэтай прыцягваў да вывучэння і асваення краю мясц. інтэлігенцыю і паліт. ссыльных, падтрымліваў дзейнасць Г.І.Невяльскога. З дазволу ўрада зрабіў захады па захопе і асваенні спрэчных з Кітаем тэрыторый Прыамур’я, падпісаў Айгунскі (1858) і Пекінскі (1860) дагаворы з Кітаем, паводле якіх за Расіяй замацаваны левабярэжжа Амура і Усурыйскі край. З 1861 у адстаўцы.
Літ.:
Мамай А.С. Споры в русском правительстве по Амурскому вопросу (1848—1854) // Вестн. Московского ун-та. Сер. 8. История 1996. № 3;
Беспрозванных Е.Л. Приамурье в системе русско-китайских отношений, XVII — середина XIX вв. М., 1986.