ВЯРНІДУ́Б, Дубавік, Дуб-Дубавік, Дубіна,

персанаж усх.-слав. чарадзейных казак, памочнік гал. героя-асілка (Кацігарошка, Івашкі — Мядзведжага Вушка, Ваські Папялышкі і інш.). Здольны выварочваць стогадовыя дубы і перакідваць іх на вял. адлегласць. Герой-асілак выпрабоўвае моц Вярнідуба, залічвае яго ў таварышы, і яны разам з інш. волатамі змагаюцца супраць магутных фантаст. істот (Змея, Кашчэя Бессмяротнага), у якіх увасоблены злыя сілы. Як і інш. волаты, Вярнідуб значна саступае па сіле гал. герою. У некаторых казках здраджвае асілку, які карае яго, а часам даруе яму. Сустракаецца ў рус. і ўкр. фальклоры.

Літ.:

Гл. пры арт. Вярнігара.

А.​С.​Фядосік.

т. 4, с. 394

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДЗІ́ВІНСКАЯ ЦАРКВА́ ПАРАСКЕ́ВЫ ПЯ́ТНІЦЫ,

помнік драўлянага дойлідства 18 ст. з элементамі стылю барока. Пабудавана ў 1740 у в. Дзівін Кобрынскага р-на Брэсцкай вобл.

Асноўны прамавугольны зруб і 5-гранная апсіда з нізкімі рызніцамі накрыты агульным дахам з навісямі на месцы злучэння зрубаў. На гал. фасадзе тарэц 2-схільнага даху вырашаны як спалучэнне франтона і атыкавай устаўкі з паўвальмай паміж 2 чацверыковымі вежамі. Гал. фасад падзелены галерэяй з балюстрадай. Інтэр’ер зальны з плоскай столлю. З боку ад царквы званіца (васьмярык на чацверыку, 2-я пал. 19 ст.), накрытая шатром.

Т.​В.​Габрусь.

Дзівінская царква Параскевы Пятніцы.

т. 6, с. 111

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДЗМІ́ТРЫЕЎ (Аляксандр Сяргеевіч) (н. 19.1.1935, С.-Пецярбург),

рускі дырыжор. Нар. арт. СССР (1990). Скончыў Ленінградскую кансерваторыю (1958). У 1968—69 удасканальваў майстэрства ў Х.​Свароўскага (Вена) і Я.Мравінскага. З 1960 гал. дырыжор сімф. аркестра Карэльскага радыё і тэлебачання, з 1971 — ленінградскага Малога т-ра оперы і балета, з 1977 — акад. сімф. аркестра С.-Пецярбургскай філармоніі імя Дз.​Шастаковіча. У 1971—94 выкладаў у С.-Пецярбургскай кансерваторыі. На кантрактнай аснове працуе за мяжой, гал. дырыжор філарманічнага аркестра ў г. Осла. Пад яго муз. кіраўніцтвам пастаўлены шэраг опер і балетаў. Лаўрэат Усесаюзнага конкурсу дырыжораў (1966).

А.С.Дзмітрыеў.

т. 6, с. 124

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВО́ГНЕННАЯ ЗЯМЛЯ́ (ісп. Tierra del Fuego),

архіпелаг каля паўд. ускраіны Паўд. Амерыкі (на Вогненнай Зямлі мыс Горн). Зах. частка належыць Чылі, усходняя — Аргенціне. Аддзелены ад мацерыка Магеланавым пралівам. Пл. 72 тыс. км² (гал. востраў — Вогненная Зямля, ці Ісла-грандэ, 48 тыс. км²). На З і Пд горы (выш. каля 2469 м), ледавікі, фіёрды, лясы; на Пн і У узгорыстыя раўніны са стэпам і лугамі, тарфяныя балоты. Нац. паркі — Альберта-Агасціні, Мыс Горн (Чылі), Цьера-дэль-Фуэга (Аргенціна). Авечкагадоўля. Рыбалоўства. Гал. гарады: Ушуая (Аргенціна) і Парвенір (Чылі). Вогненная Зямля адкрыта партуг. мараплаўцам Ф.Магеланам у 1520.

т. 4, с. 246

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КА́МЕНКАЎСКІ АНТО́НІЕЎСКІ КАСЦЁЛ,

помнік архітэктуры неаготыкі. Пабудаваны ў 1908 у в. Каменка Шчучынскага р-на Гродзенскай вобл. Асн. прамавугольны ў плане аб’ём накрыты двухсхільным дахам. Цэнтр. неф пераходзіць у 5-гранную апсіду з самаст. дахам, па баках якой невял. гранёныя сакрысціі. На гал. фасадзе двух’ярусная чацверыковая вежа, завершаная стромкім шатром з люкарнамі. Верхні чацвярык вежы на ўсіх фасадах вылучаны высокімі патройнымі арачнымі вокнамі. Гал. ўваход аформлены парталам, над якім акно-ружа і ніша са скульптурай. Дзверы аздоблены маст. коўкай. Астатнія фасады рытмічна расчлянёны ступеньчатымі контрфорсамі і стральчатымі аконнымі праёмамі.

Т.​В.​Габрусь.

Каменкаўскі Антоніеўскі касцёл.

т. 7, с. 512

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«КАСТРЫ́ЧНІЦКАЯ»,

гасцініца ў Мінску. Пабудавана ў 1980 (арх. Л.​Пагарэлаў, Ю.​Івахнішын, Т.​Лабінская). Складаецца з 8-павярховага прамавугольнага ў плане жылога корпуса і прылеглага да яго дваровага фасада 1—2-павярховага аб’ёму складанай канфігурацыі. Разлічана на 160 месцаў. Кампазіцыя гал. фасада асн. аб’ёму грунтуецца на верт. рытме трохвугольных эркераў. Гал. ўваход акцэнтаваны пано (мастакі А.​Кішчанка, Т.​Кіршчына). 1-ы паверх вырашаны ў выглядзе пастамента. У афармленні інтэр’ераў выкарыстаны граніт, мармур, каштоўныя пароды дрэў, пластмасы, алюміній, шпалеры і інш. аддзелачныя матэрыялы. Складаная канфігурацыя аб’ёму ўтварае адкрыты ўнутр. дворык.

Гасцініца «Кастрычніцкая» ў Мінску.

т. 8, с. 156

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛІНГІ́С ((Lingys) Юозас) (1.1.1919, в. Гілішкяй Марыямпальскага пав., Літва — 16.12.1984),

літоўскі танцоўшчык, харэограф; заснавальнік літ. сучаснай харэаграфіі. Нар. арт. СССР (1970). У 1946—82 гал. балетмайстар Дзярж. нар. ансамбля песні і танца «Летува». У 1975—79 выкладаў у Літ. кансерваторыі (з 1978 праф.). Стварыў канцэртныя праграмы «Вецер стагоддзяў» і «Святочныя вечары» (Дзярж. прэмія СССР 1970), каля 200 харэаграфічных пастановак. Гал. балетмайстар рэсп. свят песні (1950, 1955, 1965, 1970, 1975). Аўтар кніг «Сцэнічны літоўскі народны танец» (ч. 1—4, 1975—81), «Літоўскія народныя танцы» (кн. 1—4, 1978—85). Дзярж. прэмія СССР 1950. Дзярж. прэмія Літвы 1965.

т. 9, с. 265

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГО́МЕЛЬСКАЙ МУЖЧЫ́НСКАЙ ГІМНА́ЗІІ БУДЫ́НАК,

помнік архітэктуры гістарызму. Арх. стылістыка будынка арыентавана на рус. класіцызм. Закладзены ў 1897 на ўшанаванне памяці рас. імператара Аляксандра III, пабудаваны ў 1898 (арх. С.​Шабунеўскі). Мураваны 2-павярховы П-падобны ў плане будынак. Буйныя чляненні гал. фасада і бакавых рызалітаў (больш высокія памяшканні на 2-м паверсе) надаюць будынку манументальнасць. Парадны ўваход гал. фасада вылучаны порцікам з элементамі карынфскага і дарычнага ордэраў і завершаны трохвугольным франтонам. У гады Вял. Айч. вайны часткова разбураны. Пры рэканструкцыі ў бакавых крылах надбудаваны 3-і паверх.

В.​М.​Чарнатаў.

Гомельскай мужчынскай гімназіі будынак.

т. 5, с. 337

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НАРМА́ЛЬНАЕ СЯЧЭ́ННЕ,

лінія перасячэння паверхні плоскасцю, праведзенай праз нармаль да гэтай паверхні. На аснове Н.с. вывучаюць скрыўленне паверхні ў розных датычных напрамках, якія выходзяць з зададзенага пункта.

Сярод напрамкаў, што праходзяць праз зададзены пункт, ёсць 2 узаемна перпендыкулярныя гал. напрамкі, дзе нармальная крывізна (крывізна адпаведнага Н.с.) дасягае найб. і найменшага значэнняў k1 і k2. Крывізну k любога іншага Н.с. вызначаюць з дапамогай формулы Эйлера: k = k1cos2φ + k2sin2φ , дзе φ — вугал паміж плоскасцямі зададзенага Н.с. і гал. напрамку з крывізной k1. Гл. таксама Паверхняў тэорыя.

т. 11, с. 162

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

О́ЛЬСКІ (Ян Калікставіч) (сапр. Кулікоўскі; 1898, маёнтак Бутрымавічы Трокскага пав. Віленскай губ., цяпер Літва —27.11.1937),

савецкі дзярж. дзеяч. Удзельнік Кастр. рэвалюцыі 1917 у Петраградзе. У 1917—18 на парт. і сав. рабоце ў Вільні. З 1919 у органах дзяржбяспекі: у 1921—22 старшыня ЧК, у 1922—23 — ДПУ БССР. У 1923—31 гал. інспектар Гал. інспекцыі войск АДПУ, нам. нач. асобага аддзела, пам. нач., потым нач. контрразведкі АДПУ, нач. асобага аддзела АДПУ пры СНК СССР. З 1931 на гасп. рабоце. 30.5.1937 арыштаваны «як удзельнік шпіёнскай і тэрарыстычнай польскай арганізацыі» і прыгавораны да вышэйшай меры пакарання. Рэабілітаваны ў 1955.

т. 11, с. 434

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)