ГЛЫБІ́ННЫЯ ГО́РНЫЯ ПАРО́ДЫ,

абвальныя пароды, плутанічныя пароды, горныя пароды, якія ўтварыліся на вял. глыбінях; гл. Магматычныя горныя пароды.

т. 5, с. 307

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АЛЕ́ЛЬКАВІЧЫ (Алелькі, Слуцкія),

княжацкі род герба «Пагоня» ў ВКЛ, адна з галін Гедзімінавічаў. Яго прадстаўнікі ў 15—16 ст. адыгрывалі значную ролю ў грамадскім і дзярж.-паліт. жыцці Беларусі, Украіны, Літвы і Польшчы. Найб. вядомыя Алелькавічы:

Аляксандр (Алелька, ? — 1454), заснавальнік роду, сын кіеўскага князя Уладзіміра Альгердавіча. Князь капыльскі, слуцкі з 1394, кіеўскі з 1441. Вёў войны супраць татараў. Як военачальнік і дыпламат карыстаўся вял. аўтарытэтам у бел., літ. і ўкр. знаці, пасля смерці Вітаўта яго кандыдатура была вылучана на велікакняжацкі пасад. Удзельнічаў у міжусобнай барацьбе паміж прэтэндэнтамі на велікакняжацкі пасад Жыгімонтам Кейстутавічам і Свідрыгайлам (напачатку падтрымліваў першага, потым другога). Жыгімонт Кейстутавіч, атрымаўшы перамогу, адабраў у Аляксандра Слуцкае княства, а яго самога зняволіў у астрог. Вял. кн. Казімір IV у 1441 вярнуў яму Слуцк і даў Кіеўскае княства. Сямён (1420—3.12.1470), старэйшы сын Аляксандра, князь кіеўскі. Прэтэндаваў на велікакняжацкі пасад у 1454 і 1456, шукаў падтрымкі ў Маскве. Яго ўдава Марыя Гаштольд атрымала ад вял. кн. Пінскае княства ўзамен за Кіеўскае. Міхал (каля 1425—30.8.1481), малодшы сын Аляксандра, князь слуцкі і капыльскі. У 1470—71 намеснік вял. кн. ВКЛ у Вял. Ноўгарадзе. З мэтай скінуць Ягелонаў і стаць вял. кн. ВКЛ стварыў групоўку магнацкіх родаў. Пры няўдачы намерваўся аддзяліць ад ВКЛ усх. землі Беларусі і Украіны і перайсці з імі пад апеку вял. князя маскоўскага. За арганізацыю змовы супраць вял. кн. Казіміра IV пакараны смерцю. Васіль (каля 1425—4.6.1495), сын Сямёна, князь пінскі. Сямён (каля 1460—14.11.1505), сын Міхала, князь слуцкі. У 1502 і 1503 разбіў татараў у бітвах на р. Уза і Прыпяць. Юрый (1492—17.4.1542), сын Сямёна, князь слуцкі. Удзельнік абароны Слуцка ў час Глінскіх мяцяжу 1508, бітвы з татарамі ў 1511, Аршанскай бітвы 1514. Юрый (каля 1531—9.11.1578), сын Юрыя, князь слуцкі. Удзельнік Лівонскай вайны 1558—83. Юрый (17.8.1559 — 6.5.1586), сын Юрыя Юр’евіча, князь слуцкі, адзін з апошніх Алелькавічаў па мужчынскай лініі. Яго дачка Соф’я ў 1600 выйшла замуж за Я.Радзівіла. Пасля яе смерці (1612) Слуцкае і Капыльскае княствы перайшлі да Радзівілаў.

П.Р.Казлоўскі.

т. 1, с. 244

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АЛЯКСА́НДРАЎ ПРЫВІЛЕ́Й 1492,

заканадаўчы акт у ВКЛ, дадзены вял. кн. Аляксандрам. Разам з прывілеем 1447 замацоўваў прынцыпы міжнар. палітыкі дзяржавы, абмяжоўваў уладу вял. князя панамі-радай, без згоды якіх ён не мог прымаць важных рашэнняў, вызначаў асновы адм., цывільнага і крымін. права. Быў своеасаблівай феад. канстытуцыяй, крыніцай пісанага права, нормы якога пазней увайшлі ў Статуты ВКЛ 1529, 1566 і 1588.

т. 1, с. 296

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АМВРО́СІЕЎКА,

стаянка і косцішча верхняга палеаліту (каля 25—20 тыс. г. таму назад) каля в. Амвросіеўка (Данецкая вобл., Украіна). На стаянцы, дзе жылі першабытныя паляўнічыя, выяўлены рэшткі агнішчаў, вял. колькасць апрацаванага крэменю, на косцішчы — касцявыя рэшткі 983 зубраў. У археал. л-ры косцішча Амбросіеўка разглядаецца як месца адначасовага палявання на вял. статак зуброў, рэшткі свяцілішча ці вынік шматгадовага палявання жыхароў стаянкі.

т. 1, с. 310

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАКА́РАЎЦЫ,

вёска ў Бераставіцкім р-не Гродзенскай вобл., каля р. Свіслач. Цэнтр сельсавета. За 24 км на ПнЗ ад г.п. Вял. Бераставіца, 41 км ад Гродна, 34 км ад чыг. ст. Бераставіца. 264 ж., 98 двароў (1999). Сярэдняя школа, клуб, б-ка, бальніца, амбулаторыя, аптэка, аддз. сувязі. Помнік землякам, якія загінулі ў Вял. Айч. вайну. Помнік архітэктуры — Крыжаўзвіжанскі касцёл (канец 18 ст.).

т. 9, с. 529

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КУ́ПЕРС-КРЫК (Cooperis Creek),

рака ў цэнтральнай частцы Аўстраліі. Даўж. каля 1400 км, пл. басейна 285 тыс. км2. Пачынаецца на зах. схілах Вял. Водападзельнага хр. пад назвай Барку, перасякае паўпустынныя і пустынныя раўніны Вял. Артэзіянскага Басейна. Жыўленне дажджавое і грунтавое. Пастаяннае цячэнне толькі ў вярхоўях. Сярэдні гадавы расход вады 70 м³/с. Дасягае воз. Эйр толькі ў час летніх паводак.

т. 9, с. 35

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Лідскае партызанскае злучэнне (у гады Вял. Айч. вайны) 6/364; 8/173, 182, 216, 224, 225; 9/492; 11/380

Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)

ВАДАРО́ДНАЯ БО́МБА,

бомба выбуховага дзеяння вял. разбуральнай сілы. Прынцып дзеяння заснаваны на тэрмаядзернай рэакцыі. Гл. ў арт. Ядзерная зброя.

т. 3, с. 434

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВА́ЛЬНЫ СЕЙМ,

агульны сейм ВКЛ, на якім выбіраўся вял. князь і вырашаліся інш. важныя дзярж. справы. Гл. ў арт. Сейм.

т. 3, с. 493

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НЕ́ГУС, нгусэ, ныгусэ,

старажытны тытул правіцеляў вял. абласцей у Эфіопіі. Адсюль тытул вярх. правіцеля (імператара) Эфіопіі — «нгусэ нэгэст» («цар цароў»).

т. 11, с. 267

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)