ДЭ́НБІ (Denbigh),

Крамянёвы комплекс Дэнбі, даэскімоская археал. культура Паўн. Амерыкі. Адкрыта ў 1948 у эскімоскім паселішчы Аятэет на мысе Дэнбі у зал. Нортан (Аляска). Блізкія да Д. культуры выяўлены на мысе ў зал. Кацэбу, на Арктычным узбярэжжы Аляскі, у Канадзе і ПнУ Грэнландыі. Для Д. характэрны дробныя ножападобныя пласцінкі, маленькія абабітыя бакавыя і канцавыя лёзы-ўкладышы, разцы, скрабкі і нажы, вастрыі стараж. амер. тыпаў. Датуецца часам больш за 2500 гадоў да н.э.

т. 6, с. 351

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГАЛАЦІ́ЧАСК,

старажытны горад Полацкай зямлі. Упамінаецца ў «Аповесці мінулых часоў» пад 1071. Месцазнаходжанне не выяўлена. Даследчыкі атаясамлівалі Галацічаск з вёскамі Галоўчын Бялыніцкага р-на Магілёўскай і Голацк Пухавіцкага р-на Мінскай абл. Але рэшткі стараж. горада там не выяўлены.

Літ.:

Повесть временных лет. Ч. 1. М.; Л., 1950;

Алексеев Л.В. Полоцкая земля в IX—XIII в.: (Очерки истории Северной Белоруссии). М., 1966;

Штыхов Г.В. Города Полоцкой земли (IX—XIII вв.). Мн., 1978.

т. 4, с. 455

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГАРАДЗІ́ШЧА,

гарадзішча штрыхаванай керамікі культуры і банцараўскай культуры, селішча банцараўскай культуры каля в. Гарадзішча Мядзельскага р-на Мінскай вобл. Гарадзішча неаднаразова ўмацоўвалася валамі з абарончай сцяной, ровам; у 5—6 ст. выкарыстоўвалася як сховішча для навакольнага насельніцтва. На селішчы выяўлены рэшткі 42 слупавых і зрубных жытлаў, 17 гасп. ям. Сярод знаходак гліняныя штрыхаваныя гаршкі і фрагменты гладкасценнага посуду, жал. і каменныя прылады працы, упрыгожанні з бронзы, абломкі сярэбраных шыйных грыўняў, льячка, тыглі.

т. 5, с. 41

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДЗЕ́ДЗІЛАВІЧЫ,

гарадзішча 1—4 ст. і паселішча 6—8 ст. каля в. Дзедзілавічы Барысаўскага р-на Мінскай вобл. Гарадзішча штрыхаванай керамікі культуры ўмацавана 2 валамі і 2 равамі; знойдзены абломкі слоікавых гаршкоў, гліняныя прасліцы, жал. сякерападобная прылада. На паселішчы банцараўскай культуры выяўлены рэшткі 54 пабудоў зрубнай і слупавой канструкцый. Жытлы мелі печы-каменкі, агнішчы; знойдзены ляпны гладкасценны посуд, жал. прылады працы, бронзавыя ўпрыгожанні, гліняныя прасліцы, жал. коп’і, шпоры.

А.Дзедзік у ролі Самазванца.

т. 6, с. 101

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАРА́ЛЫ (грэч. korallion),

марскія кішачнаполасцевыя жывёлы, пераважна з класа каралавых паліпаў, часткова з гідроідных (падатр. гідракаралы). Пашыраны ўсюды. На Беларусі выяўлены выкапнёвыя К., якія ўдзельнічалі ў стварэнні арганагенных пабудоў.

Даўж. ад некалькіх міліметраў да 1 м. Большасць К. утвараюць вапнавы, радзей рагавы шкілет разнастайнай формы. Зараснікі мадрэпоравых К. складаюць аснову каралавых рыфаў. К. называюць таксама шкілеты высакароднага карала, або чырвонага і чорнага К. (з атр. гарганарый), з якіх вырабляюць ювелірныя ўпрыгожанні і сувеніры.

т. 8, с. 52

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КЕЛЬТЭМІНА́РСКАЯ КУЛЬТУ́РА,

археалагічная культура эпохі неаліту і энеаліту (4—3-е тыс. да н.э.) у Сярэдняй Азіі. Назва ад закінутага канала Кельтэмінар, каля якога зроблены першыя знаходкі. Адкрыта ў 1939 харэзмскай археал. экспедыцыяй пад кіраўніцтвам С.​П.​Талстова. На стаянках выяўлены рэшткі вял. авальных дамоў каркаснай канструкцыі. Знойдзены мікралітычныя крамянёвыя вырабы, кругла- і вастрадонная кераміка з пракрэсленым і штампаваным арнаментам, упрыгожанні з ракавін. Насельніцтва займалася рыбалоўствам, паляваннем, збіральніцтвам, на познім этапе — жывёлагадоўляй.

т. 8, с. 224

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КЕРКІНІТЫ́ДА (грэч. Kerkinitis),

антычны горад, заснаваны грэкамі на рубяжы 6—5 ст. да н.э. на зах. узбярэжжы Крыма, на месцы сучаснай Еўпаторыі. У 4—2 ст. уваходзіла ў склад уладанняў Херсанеса. Праз К. вёўся гандлёвы абмен са скіфамі Крыма. У 2-й пал. 4 ст. і 3 ст. да н.э. К. чаканіла свае манеты. Заняпала ў выніку грэка-скіфскіх войнаў 2 ст. да н.э. У час раскопак выяўлены частка абарончых сцен і руіны жылых кварталаў.

т. 8, с. 238

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КРУ́ГЛІЦА,

стаянка эпохі неаліту каля в. Кругліца Стаўбцоўскага р-на Мінскай вобл., ва ўрочышчы Лысая Гара, на надпоймавай тэрасе р. Нёман. Выяўлены рэшткі агнішчаў, крамянёвы і керамічны матэрыял ад ранняга неаліту да сярэднябронзавага часу (4-е — сярэдзіна 2-га тыс. да н. э.). Знаходкі са стаянкі К. паслужылі падставай для вылучэння сярэдняга (лысагорскага) этапа нёманскай культуры. Выяўлена пахаванне сярэдзіны 2-га тыс. да н. э. з рысамі сосніцкай культуры.

М.​М.​Чарняўскі.

т. 8, с. 482

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛЕ́БЕДЗЬ (лац. Cygnus),

сузор’е Паўн. паўшар’я неба. Найб. яркая зорка Дэнеб (α Л.) 1-й зорнай велічыні; з зоркамі β, γ, δ і ε Л. яна ўтварае фігуру крыжа, доўгая вось якога выцягнута ўздоўж паласы Млечнага Шляху. У Л. выяўлены 2 крыніцы рэнтгенаўскага выпрамянення — Cyg X-1 i Cyg X-2, першая з якіх, магчыма, звязана з чорнай дзірой. З тэр. Беларусі Л. відаць вясной, летам і восенню. Гл. Зорнае неба.

Сузор’е Лебедзь.

т. 9, с. 175

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛО́ТХАЛ,

рэшткі стараж. горада на Пн ад г. Бамбей, на беразе Камбейскага заліва ў Індыі. Належыць да помнікаў Інда даліны цывілізацыі, датуецца першымі стагоддзямі 2-га тыс. да н.э. Раскопкамі вывучаны цытадэль з мураванымі сценамі, сховішча, каналізацыя. Важнае значэнне для развіцця Л. меў гандаль. Выяўлены сведчанні кантактаў жыхароў горада з насельніцтвам узбярэжжа Персідскага заліва і Дэкана. У Л. атрыманы найб. раннія (18 ст. да н.э.) звесткі пра вырошчванне рысу.

А.​В.​Іоў.

т. 9, с. 351

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)