ГУРЫЛЁЎ (Аляксандр Львовіч) (3.9.1803, Масква — 11.9.1858),
рускі кампазітар, піяніст. Музыцы вучыўся ў бацькі, прыгоннага музыканта Л.С.Гурылёва, дырыжора і скрыпача аркестра графа У.Р.Арлова. У 1831 разам з бацькам атрымаў вольную, працаваў у Маскве. Яркі прадстаўнік дэмакр. кірунку ў рус. рамансе. Многія яго песні сталі народнымі. Найб. вядомыя песні, блізкія да быт. раманса: «Матачка-галубачка», «Аднастайна гучыць званочак», «Сарафанчык», «Уецца ластаўка», а таксама рамансы «Разлука» («На заранку туманнага юнацтва»), «Вам не зразумець майго смутку» і інш. Значная галіна яго творчасці — фп. музыка, у якой вылучаюцца варыяцыі на тэмы нар. песень, рамансаў, опер, а таксама фп. п’есы. Збіраў і апрацоўваў нар. песні.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КЛЕО́Н (Kleōn, ?—422 да н.э.),
старажытнагрэчаскі дзярж. дзеяч, правадыр афінскай рабаўладальніцкай дэмакратыі. Паліт. праціўнік Перыкла (з 430), пасля яго смерці (429) найб. уплывовы дзярж. дзеяч Афін, супрацьстаяў памяркоўна-дэмакр. групоўцы Нікія. Праводзіў паслядоўную палітыку ўмацавання дэмакр. ладу, ваен. магутнасці Афін, для чаго ўдвая павялічыў узносы з саюзнікаў, упершыню ўвёў надзвычайны ваен. падатак з багатых гараджан і інш. Выступаў за актывізацыю ваен. дзеянняў супраць Спарты і яе саюзнікаў, як стратэг удзельнічаў у Пелапанескай вайне 431—404. У 425 разам з Дэмасфенам авалодаў в-вам Сфактэрыя, у 422 кіраваў ваен. дзеяннямі супраць спартанскага палкаводца Брасіда ў Фракіі, пацярпеў паражэнне і загінуў у бітве каля Амфіпаля.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛА-МАНШ (франц. La Manche),
Англійскі канал (англ. English Channel), праліў паміж мацерыковай часткай Еўропы (Францыя) і в-вам Вялікабрытанія. Злучае разам з пралівам Па-дэ-Кале (Дуўрскі праліў) Паўночнае м. з Атлантычным ак.Даўж. 578 км, шыр. 250 км на 3, 32 км на У, найб.глыб. 172 м, найм. глыб. на фарватэры 23,5 м. Шмат водмеляў, асабліва ва ўсх. частцы праліва. Частыя туманы. Мае важнае трансп. значэнне. Гал. парты: Портсмут, Саўтгемптан, Плімут (Вялікабрытанія), Гаўр, Шэрбур (Францыя). Пад Л.-М. (паміж Дуўрам і Кале) у 1994 пабудаваны чыг. тунэль (т. зв. «Еўратунэль», даўж. 52,5 км, у т. л. 38 км пад дном праліва).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАЛА́Я САВЕ́ЦКАЯ ЭНЦЫКЛАПЕДЫЯ (МСЭ),
універсальнае энцыклапедычнае выданне. Выдадзена ў Маскве выд-вам «Савецкая Энцыклапедыя». Створана на аснове Вялікай Савецкай Энцыклапедыі, адрозніваецца ад яе памерам і колькасцю артыкулаў. Выйшла 3 выданні: 1-е (т. 1—10, 1928—31), 2-е (т. 1—11, 1933—47), 3-е (т. 1—10, 1958—60); з алфавітным прадметна-імянным паказальнікам. Уключае больш за 50 тыс. артыкулаў па пытаннях гісторыі, палітыкі, эканомікі, культуры і мастацтва, навукі і тэхнікі. Вызначаецца навук. дакладнасцю матэрыялу, лаканічнасцю і сцісласцю яго выкладу. Выданне багата ілюстравана, у ім больш за 12 тыс. ілюстрацый, у т. л. больш за 600 каляровых, шмат малюнкаў, карт і схем.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МЕКСІКА́НСКІ ЗАЛІ́Ў (Gulf of Mexico; Golfo de Méjico),
паўзамкнёнае мора Атлантычнага ак., каля паўд.-ўсх. берагоў Паўн. Амерыкі, паміж п-вамі Фларыда, Юкатан і в-вам Куба. Пл. 1555 тыс.км². Пераважаюць глыб. 2000—3000 м, найб. 3822 м. Берагі нізінныя, лагунныя. Прылівы сутачныя, выш. да 0,8 м. Т-ра вады на паверхні 12—25 (люты), 28—29 °C (жн.). Упадаюць рэкі Місісіпі, Рыо-Грандэ. Злучаны Юкатанскім пралівам з Карыбскім м. Сцёк вады з М.з. праз Фларыдскі прал. дае пачатак цячэнню Гальфстрым. На шэльфе здабыча нафты (Мексіканскага заліва нафтагазаносны басейн), вустрыц, крэветак, губак. Гал. парты: Новы Арлеан (ЗША), Веракрус (Мексіка), Гавана (Куба).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НАРВЕ́ЖСКАЕ МО́РА,
ускраіннае мора Паўн. Ледавітага ак., паміж Скандынаўскім п-вам і а-вамі Шэтлендскімі, Фарэрскімі, Ісландыя, Ян-Маен, Мядзведжы. Абмывае зах. берагі Нарвегіі. Пл. 1340 тыс.км². Найб.глыб. 3970 м. Аддзелена ад Атлантычнага ак. падводным хрыбтом, на якім размешчаны Фарэрскія і Шэтлендскія а-вы; найб.глыб. над хрыбтом не перавышае 600 м. Каля берагоў Нарвегіі водмелі (Лафатэнскія банкі і інш.). Т-ра вады ў лют. 2—7 °C, у жн. 8—12 °C. Салёнасць 34—35,2%». Праз Н.м. ідзе цёплае Нарвежскае цячэнне, якое абумоўлівае яго незамярзальнасць. Прылівы паўсутачныя (да 3,3 м). Рыбалоўства. Гал. парты: Тронхейм, Нарвік, Тромсё (Нарвегія).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАНГЕРМА́НСКІ САЮ́З (Alldeutscher Verband),
нацыяналістычная паліт.арг-цыя ў Германіі ў 1891—1939. Засн. ў крас. 1891 пры дапамозе прадпрымальніка А.Гугенберга і калан.паліт. дзеяча К.Петэрса. Да 1.7.1894 наз. Усеагульны ням. саюз (Allgemeiner Deutscher Verband). Дзейнічаў у кантакце з Калан. т-вам, Флоцкім саюзам, Імперскім аб’яднаннем супраць сацыял-дэмакратыі, Нацыянал-ліберальнай і Кансерватыўнай партыяй. З часоў Мараканскага крызісу 1911 знаходзіўся ў апазіцыі да палітыкі рэйхсканцлера Т. фон Бетман-Гольвега. У 1914—18 налічваў 30—40 тыс.чл. Пасля 1918 страціў паліт. актыўнасць. Ідэалогія — пангерманізм. Старшыні — Э.Хасе (1893—1908), Г.Клас (1908—39). Друкаваны орган — «Alldeutschen Blätter» («Пангерманскія лісты»). Забаронены нацыстамі вясной 1939.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПЕРСІ́ДСКІ ЗАЛІ́Ў.
На ПнЗ Індыйскага ак., каля берагоў Паўд.-Зах. Азіі. Адасоблены Аравійскім п-вам. На У, праз Армузскі прал. і Аманскі зал., злучаецца з Аравійскім м.Пл. 240 тыс.км². Даўж. 926 км, шыр. 180—320 км, глыб. да 115 м. Каля берагоў шмат астравоў (Бахрэйн і інш.), у паўд.ч. — каралавых рыфаў. Упадае р. Шат-эль-Араб. Рыбалоўства. Здабыча жэмчугу. На шэльфе і ў раёнах, прылеглых да П.з., — вял. паклады нафты (гл.Персідскага заліва нафтагазаносны басейн). Гал. парты: Фао, Басра (Ірак), Абадан, Бендэр-Хамейні (Іран), Эль-Кувейт (Кувейт), Рас-Танура (Саудаўская Аравія), Манама (Бахрэйн), Ум-Саід (Катар), Абу-Дабі, Дубай, (Аб’яднаныя Арабскія Эміраты).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПО́РТА ((Porta) Джакама дэла) (каля 1540, Рым — 1602),
італьянскі архітэктар. Вучань Мікеланджэла, зазнаў уплыў Дж.Віньёлы. Будаваў пераважна ў Рыме. Пераасэнсоўваў прынцыпы італьян. дойлідства эпохі Адраджэння, імкнуўся да напружаных прасторавых вырашэнняў і ўнутр. дынамізму ў духу ранняга барока. Кіраваў буд-вам сабора св. Пятра (з 1573), узвёў гал. купал, якому надаў эліпсападобную форму (1586—93). Закончыў паводле праекта Віньёлы царкву Іль Джэзу і стварыў яе барочны фасад (1575). Удзельнік буд-ва ансамбля пл. Капітолія (1563—90-я г.). Пабудаваў ун-т у Рыме («Сапіенца»; каля 1575) і вілу Альдабрандзіні ў Фраскаці (1598—1600, дабудавана К.Фантанам).
Дж. дэла Порта. Віла Альдабрандзіні ў Фраскаці. 1598—1600.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВАСІ́ЛЬЕВА Настасся Якаўлеўна, бел. этнограф, фалькларыст і краязнавец 2-й пал. 19 ст. У 1874—80 жыла на Палессі, некаторы час працавала валасным пісарам у в. Грабаў (Петрыкаўскі р-н Гомельскай вобл.). Супрацоўнічала з Мінскім губернскім стат. к-там, Т-вам аматараў прыродазнаўства, антрапалогіі і этнаграфіі пры Маскоўскім ун-це. Даследавала побыт, матэрыяльную культуру, абрады, фальклор сялян, вывучала гісторыю і этнаграфію вёсак Мазыршчыны. Аўтар артыкулаў «Кароткі нарыс вёскі Грабава Мазырскага павета», «Сялянскія памінкі ў Мазырскім павеце» (абодва 1877), «Веснавыя песні і абрады ў вёсках Мазырскага павета» (1878), «Легенды і павер’і ў Мінскай губерні», «Кірмашы ў Мазырскім павеце» (абодва 1879), «Знахары», «Вытрымкі з жыцця беларускай жанчыны» (абодва 1880) і інш.