ГУ́СЕВА Ларыса Нічыпараўна (н. 8.8.1933, Мінск),

бел. літ.-знавец і крытык. Канд. філал. н. (1966), дац. (1979). Скончыла БДУ (1955). У 1956—68 у Ін-це л-ры АН Беларусі, у 1973—82 у БДУ (1968—72 у Нью-Йорку, 1982—88 у Аўстрыі). Друкуецца з 1964. Даследуе творчасць М.​Багдановіча, Я.​Коласа, К.​Чорнага, Я.​Брыля, сучасную прозу, традыцыі стараж. рус. і бел. л-р, пытанні тэксталогіі. Аўтар манаграфіі «Янка Брыль — мастак» (1968). Складальнік хрэстаматыі «Старажытная руская літаратура ў даследаваннях» (1979, з Л.​Кароткай), метадычнага дапаможніка «Гісторыя старажытнай рускай літаратуры і літаратуры XVIII ст.» (1982, з Кароткай).

т. 5, с. 542

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БА́ДЭНСКАЯ КУЛЬТУ́РА (Baden),

археалагічная культура плямёнаў позняга энеаліту (3-е тыс. да нашай эры) на тэр. Аўстрыі, Чэхіі, Славакіі, Венгрыі, часткова Румыніі, Германіі, Зах. Украіны. Назва ад знаходак у пячоры каля г. Бадэн (Аўстрыя). Насельніцтва займалася паляваннем і жывёлагадоўляй, жыло на ўмацаваных паселішчах. Пахавальны абрад — адзіночныя і калектыўныя трупапалажэнні, радзей трупаспаленні на грунтавых могільніках. Характэрны каменныя паліраваныя сякеры, упрыгожанні з ракавін, трапляюцца медныя рэчы (сякеры-молаты, упрыгожанні з дроту). Кераміка цёмнага колеру, з высокімі ручкамі, вушкамі, часам упрыгожаная канелюрамі. У час Бадэнскай культуры ў Еўропе прыручаны конь, з’явіліся павозкі з суцэльнымі дыскападобнымі коламі.

т. 2, с. 216

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БАТА́ЛАЎ Рыгор Міхайлавіч (н. 28.1.1915, Віцебск),

Герой Сав. Саюза (1943), ген.-лейт. (1965). Скончыў Мінскае пях. вучылішча (1937), ваен. акадэміі імя Фрунзе (1952), Генштаба (1959). У Вял. Айч. вайну з 1941 на Зах., Паўд.-Зах., Сталінградскім, Данскім, Варонежскім, 2-м Укр. франтах; нач. аператыўнага аддзялення штаба дывізіі, камандзір стралк. палка, нам. камандзіра дывізіі. Удзельнік баёў на Доне, пад Сталінградам, Белгарадам, вызвалення Румыніі, Венгрыі, Аўстрыі, Чэхаславакіі. Полк пад яго камандаваннем вызначыўся ў 1943 пры фарсіраванні Дняпра на Пд ад Краменчуга, захопе і расшырэнні плацдарма на правым беразе ракі. Да 1971 у Сав. Арміі.

т. 2, с. 344

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДО́ЛЬФУС (Dollfuß) Энгельберт (4.10.1892, Тэксінг, Аўстрыя — 25.7.1934),

аўстрыйскі паліт. і дзярж. дзеяч. Член Хрысц.-сац. партыі. У 1932—34 федэральны канцлер і міністр замежных спраў Аўстрыі. Урад Д. ва ўмовах паліт. і эканам. нестабільнасці ў краіне ўстанавіў аўтарытарнае праўленне (у 1933 распушчаны парламент і с.-д. «Шуцбунд», адменены свабода друку і сходаў, забаронена камуніст. партыя; у 1934 ліквідавана паўстанне сацыял-дэмакратаў, забаронены ўсе партыі), у знешняй палітыцы арыентаваўся на фаш. Італію, перад пагрозай аншлюсу з боку нацысцкай Германіі ў 1934 заключыў саюз з Італіяй і Венгрыяй. Забіты ў час путчу аўстр. нацыстаў.

т. 6, с. 179

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЗЯМЛЯ́,

1) тэрытарыяльная адзінка дзярж. утварэнняў ва Усх. Еўропе ў 9—16 ст., якія карысталіся пэўнай самастойнасцю. У Кіеўскай Русі існавалі Кіеўская, Полацкая, Тураўская, Смаленская і іншыя З. Да сярэдзіны 12 ст. яны адасобіліся ў дзярж. ўтварэнні — княствы, на працягу 12—13 ст. з іх вылучыліся ўдзельныя княствы. У ВКЛ у 15—16 ст. існавалі Полацкая і Віцебская З. — адм.-тэр. адзінкі, узначаленыя намеснікамі (гл. Намесніцтвы), якія мелі элементы самастойнасці, замацаваныя абласнымі прывілеямі. З пач. 16 ст. яны называліся ваяводствамі.

2) У Аўстрыі і ФРГ федэратыўная адзінка. З. як члены федэрацыі маюць уласныя канстытуцыі і выбарныя органы ўлады (ландтагі).

т. 7, с. 131

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КО́СМАЧ Генадзь Аркадзевіч (н. 7.7.1953, в. Асташкі Маладзечанскага р-на Мінскай вобл.),

бел. гісторык. Д-р гіст. н. (1990), праф. (1991), чл.-кар. Бел. акадэміі адукацыі. Скончыў БДУ (1976). З 1993 заг. кафедры ўсеагульнай гісторыі Бел. пед. ун-та. Даследуе барацьбу кампартыі Аўстрыі супраць фашызму ў 1920-я г., ролю рабочага класа і паліт. партый Веймарскай рэспублікі, сав.-герм. і бел.-герм. адносіны ў найноўшы час. Аўтар прац «Крызіс германскага лібералізму ў гады Веймарскай рэспублікі» (1989), «Трагедыя куміраў рэвалюцыі» (1994, з А.​Космач), сааўтар навуч. дапаможніка для школ «Сусветная гісторыя навейшага часу» (кн. 1—2, 1993).

т. 8, с. 430

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МЯ́ККІ СТЫЛЬ,

плынь у зах.-еўрап. мастацтве позняй готыкі 14—15 ст. Узнік пад уздзеяннем містычных вучэнняў, у перыяд хуткага распаду сярэдневяковых асноў, культуры і маст. канонаў, ва ўмовах нараджэння новага светаўспрымання і маст. індывідуальнасці. Найб. пашыраны ў 1380—1430-я г. пераважна ў Германіі, Аўстрыі, Чэхіі. Сярод лепшых твораў М.с. — «Прыгожыя мадонны» (скульптуры Маці Божай у поўны рост з дзіцем на руках; пашыраны ў Чэхіі, Германіі, Польшчы), чэш. алтарныя карціны для сабора св. Ільі ў Тршэбані (каля 1380), творы ням. мастакоў кёльнскай школы Конрада з Зёста, верхнярэйнскага майстра («Райскі сад», каля 1410), Франке.

т. 11, с. 71

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАРЫ́ЖСКІ МІ́РНЫ ДАГАВО́Р 1814,

мірны дагавор паміж удзельнікамі 6-й антыфранц. кааліцыі (Расіяй, Вялікабрытаніяй і Прусіяй) з аднаго боку і пераможанай Францыяй з другога, падпісаны 30 мая ў Парыжы. Пазней да дагавора далучыліся Швецыя, Іспанія і Партугалія. Дагавор захоўваў за Францыяй тэрыторыю ў межах на 1.1.1792. Лёс тэрыторый, якія адыходзілі ад Францыі, падлягаў вырашэнню на міжнар. кангрэсе (гл. Венскі кангрэс 1814—15). Дагавор прадугледжваў аднаўленне незалежнасці Галандыі, Швейцарыі, герм. княстваў і італьян. дзяржаў (акрамя зямель, што адыходзілі да Аўстрыі). Абвяшчалася свабода суднаходства па рэках Рэйн і Шэльда. Францыі вярталася б.ч. калан. уладанняў, страчаных ёю ў час Напалеонаўскіх войнаў.

т. 12, с. 154

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПРА́ЖСКІ МІР 1866,

мірны дагавор паміж Аўстрыяй і Прусіяй, які завяршыў аўстра-прускую вайну 1866. Падпісаны 23 жн. ў занятай прускімі войскамі Празе. П.м. пацвердзіў асн. ўмовы папярэдняга Нікальсбургскага дагавора (26.7.1866). Аўстрыя прызнавала роспуск Герм. саюза, пагаджалася на «новае ўпарадкаванне Германіі» без удзелу Аўстрыі, абяцала прызнаць новы саюз на Пн ад р. Майн на чале з Прусіяй, а таксама будучыя анексіі Прусіі на Пн Германіі; адмаўлялася на карысць Прусіі ад сваіх правоў на Шлезвіг і Гольштэйн, прызнавала перадачу Венецыянскай вобл. Італіі, выплачвала Прусіі кантрыбуцыю ў 20 млн. прускіх талераў. Прусія заняла пануючае становішча сярод герм. дзяржаў.

т. 12, с. 543

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПУЦІ́НІ (Putini, Puttini) Антоніо, танцоўшчык і балетмайстар 2-й пал. 18 ст. Па паходжанні італьянец. Працаваў у Італіі і Аўстрыі. Па запрашэнні кн. Г.​Ф.​Радзівіла з 1756 у Слуцку (Мінская вобл.). У 1756 навучаў танцам кадэтаў, выступаў у прыдворным т-ры, разам з Л.Дзюпрэ стварыў Слуцкую балетную шкалу (у 1758 паказаў школьны спектакль «Балет на тры пары»). У 1756, 1757, 1759 выступаў як саліст на сцэне Нясвіжскага т-ра ў складзе Слуцкага балета. З 1760 у Нясвіжы па распараджэнні М.​К.​Радзівіла Рыбанькі, з 1771, пакінуўшы сцэну, стаў прыдворным танцмайстрам.

Г.​І.​Барышаў.

т. 13, с. 135

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)