КАЗЛО́ЎСКІ (Уладзіслаў) (29.6.1896, в. Залессе Беластоцкага ваяв., Польшча — 13.11.1943),
бел. грамадска-паліт. дзеяч, літаратар. З 1921 служыў у польскім войску, адначасова ўдзельнічаў у бел.нац. руху. Адзін з лідэраў яго правага крыла. Пасля звальнення ў запас у 1930 пераехаў у Вільню, дзе быў сакратаром Бел.нац.к-та, Цэнтр. ўрада Бел. ін-та гаспадаркі і культуры. Адзін з арганізатараў і сакратар Беларускай нацыянал-сацыялістычнай партыі, рэдактар-выдавец яе органа — час.«Новы шлях». У пач.Вял.Айч. вайны пераехаў у Мінск, супрацоўнічаў з ням.-фаш. акупантамі, быў рэдактарам «Беларускай газэты», уваходзіў у кіраўніцтва Беларускай народнай самапомачы. У сваіх публіцыст. артыкулах распрацоўваў ідэалогію бел. нацыянал-сацыялізму, выступаў з антысеміцкімі матэрыяламі. Застрэлены сав. падпольшчыкамі ў Мінску.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАМПА́НІЯ (ад франц. compagnie таварыства, супольнасць),
1) гандлёвае, прамысл., трансп. і інш. аб’яднанні прадпрымальнікаў. У сферы эканам. адносін адрозніваюць К.: афіліяваную, якая валодае пакетам акцый менш за 50%; венчурную — дробную або сярэднюю інвестыцыйную К., што займаецца навук. даследаваннямі, інж. распрацоўкамі і іх крэдытаваннем; інжынерынгавую, якая спецыялізуецца на аказанні паслуг, звязаных з падрыхтоўкай вытв. працэсу; афшорную — замежную К., зарэгістраваную ва ўстаноўленым парадку; траставую, што арганізавана на адносінах уласнасці, сутнасць якіх вынікае ў перадачы маёмасці або маёмасных правоў уладальніка (даверніка) на даверніцкае кіраванне інш. асобе на карысць прызначаных давернікам асоб.
2) Група асоб, якія разам бавяць вольны час. 3) Сукупнасць ваен. аперацый, аб’яднаных агульнай стратэг. мэтай на пэўным этапе вайны.
4) Мерапрыемствы для ажыццяўлення чарговай важнай грамадска-паліт. або гасп. задачы (выбарчая К., пасяўная К.).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАНДЫЛЬЯ́К, Кандыяк (Condillac) Эцьен Бано дэ (30.10.1715, г. Грэнобль, Францыя — 3.8.1780), французскі філосаф-асветнік. Член Франц. акадэміі (1768). Брат Г.Маблі. Супрацоўнічаў у «Энцыклапедыі» Д.Дзідро. Аўтар «Усеагульнай гісторыі чалавека...» (каля 1770—73). Развіў сенсуалістычную тэорыю пазнання Дж.Лока. Усе псіхічныя працэсы. ад успамінаў і да мыслення і праяўлення волі, тлумачыў пераўтварэннямі пачуццёвых успрыманняў, якія ўяўляюць сабой адзіную крыніцу пазнання («Трактат аб адчуваннях», т. 1—2, 1754). Крытычна ставіўся да тэорыі прыроджаных ідэй Р.Дэкарга і манадалогіі Г.Лейбніца. Быў адным з заснавальнікаў асацыятыўнай псіхалогіі. У галіне паліт. эканоміі выступаў з крытыкай фізіякратаў («Аб выгадах свабоднага гандлю», 1776). Логіку разумеў як агульную граматыку ўсіх знакаў, уключаў у яе і матэматыку («Мова злічэнняў», 1798).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАНТЭМІ́Р (Анцівох Дзмітрыевіч) (21.9.1708, г. Стамбул — 11.4.1744),
расійскі паэт, дыпламат, адзін з заснавальнікаў рус. класіцызму ў жанры вершаванай сатыры. Сын Дз.К.Кантэміра. Вучыўся ў Пецярбургу. З 1732 пасол у Вялікабрытаніі, у 1738—44 — у Францыі. Літ. дзейнасць пачаў у 1725 з перакладаў. Выступаў з паліт. эпіграмамі і арыгінальнымі сатырамі (1729—31), у якіх крытыкаваў духавенства і дваранства. Аўтар од, пасланняў, баек, паэм («Петрыда», не завершана), філас. і эстэт. трактатаў («Пісьмы аб прыродзе і чалавеку», 1742, і інш.). Пераклаў асобныя творы Анакрэонта, Гарацыя, Б.Фантэнеля, Н.Буало і інш. На бел. мову асобныя вершы К. пераклаў Э.Валасевіч.
Тв.:
Сочинения, письма и избранные переводы. Т. 1—2. СПб., 1867—68;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАРМЯ́НСКАЕ ПАТРЫЯТЫ́ЧНАЕ ПАДПО́ЛЛЕў Вялікую Айчынную вайну.
Дзейнічала са жн. 1941 да ліст. 1943 у Кармянскім р-не Гомельскай вобл. Аб’ядноўвала 39 чал., 4 падп. арг-цыі і групы ў вёсках: Бель (кіраўнік І.П.Калякін), Валынцы (Т.І.Абатурава, В.Я.Паўлава), Гарадок (У.І.Майсейкаў, А.А.Вішнеўскі), Струмень (А.І.Хадановіч). Падпольшчыкі збіралі для партызан зброю, боепрыпасы, рыхтавалі людскія рэзервы, праводзілі сярод насельніцтва паліт. работу, вялі разведку, падтрымлівалі сувязь з Кармянскім партыз. атрадам, брыгадамі 10-й Журавіцкай і № 47 «Перамога», забяспечвалі партызан праваднікамі, дакументамі, арганізавалі лодачную пераправу цераз р. Сож. У перыяд блакады партыз. зоны карнікамі ў ліп.—жн. 1942 падпольшчыкі дапамагалі партызанам выходзіць з акружэння, знішчылі лінію сувязі на ўчастку Карма—Літвінавічы, прымалі ўдзел ў разгроме мясц. паліцэйскага ўчастка.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАРЧЭ́ЎСКІ (Юльян Юзафавіч) (снеж. 1806, в. Казяны Ашмянскага р-на Гродзенскай вобл. — студз. 1833),
бел. жывапісец. Скончыў ф-т маральных і паліт. навук Віленскага ун-та (1824), дзе адначасова займаўся жывапісам у Я.Рустэма. У 1824—26 вывучаў права ў Пецярбургскім ун-це. У 1826—29 удасканальваў майстэрства жывапісу ў Францыі, потым у Англіі і Італіі. Створаныя ім жанравыя кампазіцыі вызначаюцца тэхн. дасканаласцю, вастрынёю характарыстык, дакладнай перадачай нац. тыпажу: «Руская хуткая пошта», «Яўрэйскае пахаванне», «Яўрэйскі фурман у літоўскай карчме» і інш. З 1829 у Рыме, дзе напісаў шэраг пейзажаў і жанравых сцэн. Карціны К. «Ян III пад Венай», «Турак на кані» і інш. ў 2-й пал. 19 ст. зберагаліся ў галерэі А.Храптовіча ў Шчорсах (Навагрудскі р-н Гродзенскай вобл.).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАТЫЛІ́НА (Луцый Сергій) (Lucius Sergius Catilina; каля 108—62 да н.э.),
старажытнарымскі паліт. і дзярж. дзеяч, военачальнік. У грамадз. войнах 88—82 да н. э. прыхільнік Сулы. У 68 прэтар, у 67—66 прапрэтар у правінцыі Афрыка. Дамагаючыся абрання на пасаду консула, сабраў вакол сябе незадаволеных, выступіў абаронцам рым. беднаты, абяцаў ліквідаваць даўгі. Пасля паражэння на выбарах вырашыў дамагчыся ўлады сілай. Змова К. была раскрыта, некаторыя яго прыхільнікі паводле загаду Цыцэрона арыштаваны і пакараны смерцю. Пасля няўдалага замаху на жыццё Цыцэрона К. пакінуў Рым (7.11.63 да н. э.), сабраў у Этрурыі войска. Загінуў у бітве з консульскай арміяй каля Пісторыі (цяпер Пістоя).
Літ.:
Лившиц Г.М. Социально-политическая борьба в Риме 60-х гг. I в до н. э. и заговор Катилины. Мн., 1960.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КЕЙНС (Keyns) Джон Мейнард, барон Тылтан (5.6.1883, г. Кембрыдж, Вялікабрытанія — 21.4.1946), англійскі эканаміст, паліт. дзеяч, заснавальнік кейнсіянства. Скончыў Кембрыджскі ун-т (1906), з 1908 выкладаў у ім. Праф. (1920). У 1911—45 рэдактар час. «Economic Journal» («Эканамічны часопіс»). Чл.брыт. дэлегацыі на Парыжскай мірнай канферэнцыі 1919—20. У 2-ю сусв. вайну адыграў важную ролю ў кіраванні ваен. эканомікай Вялікабрытаніі. Адзін са стваральнікаў Міжнар. валютнага фонду і Міжнар. банка рэканструкцыі і развіцця. Аўтар шэрагу прац у галіне грашовага абарачэння і фінансаў: «Эканамічныя наступствы Версальскага мірнага дагавора» (1919, крытыка эканам. зместу Версальскага мірнага дагавора 1919). «Трактат аб грошах» (1930), «Агульная тэорыя занятасці, працэнта і грошай» (1936, сфармуляваны асн. прынцыпы попытавай тэорыі нац. даходу).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КІ́ЗІНГЕР ((Kiesinger) Курт Георг) (6.4.1904, г. Альбштат, Германія — 9.3.1988),
германскі паліт. і дзярж. дзеяч. Юрыст. У 1933—45 чл. Нацыянал-сацыялісцкай партыі, працаваў (1940—45) y МЗСфаш. Германіі. Пасля 2-й сусв. вайны ўступіў у Хрысціянска-дэмакратычны саюз (ХДС), у 1967—71 яго федэральны старшыня. У 1949—58 і 1969—80 дэп. бундэстага ФРГ, выступаў у падтрымку знешнепаліт. курсу ўрада К.Адэнаўэра. У 1950—58 чл., з 1955 — віцэ-старшыня Дарадчага сходу Савета Еўропы. У 1958—63 прэм’ер-міністр зямлі Бадэн-Вюртэмберг, у снеж. 1966 — кастр. 1969 федэральны канцлер ФРГ. Кааліцыйны ўрад К. [ХДС/ХСС (Хрысц.-сац. саюз) і С.-д. партыя Германіі] намагаўся ўпарадкаваць фінансы і інш., інтэнсіфікаваў адносіны ФРГ з краінамі Усх. Еўропы.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КЛІМО́ВІЧ (Адольф) (1900, в. Клюшчані Астравецкага р-на Гродзенскай вобл. — 24.11.1970),
бел. грамадскі дзеяч, журналіст, выдавец. Скончыў Віленскую бел. гімназію, Пражскі ун-т (1928). Удзельнік Беларускай канферэнцыі 1918 у Вільні. Адзін з арганізатараў выдання час. «Маладое жыццё». У час вучобы ў Празе кіраўнік аддзела міжнар. зносін Аб’яднання бел. студэнцкіх арг-цый. У 1932—39 рэдактар час. «Самапомач», у 1939—40 удзельнічаў у выданні газ. «Беларуская крыніца». Дзеяч Бел.хрысц. дэмакратыі. Выкладаў у Бел. ін-це гаспадаркі і культуры, Віленскай бел. настаўніцкай семінарыі. У Вял.Айч. вайну ў Бел.нар. самапомачы (г. Ліда). У 1952 арыштаваны органамі НКУС, асуджаны. З 1956 у Вільні, склаў біягр. слоўнік бел.культ. і паліт. дзеячаў (рукапіс у Цэнтр.навук. б-цы АН Беларусі).