АНДРО́НІКАЎ МАНАСТЫ́Р, Андронікаў Спаса Нерукатворнага мужчынскі манастыр. Засн. каля 1360 у Маскве на беразе р. Яўза. Названы ў гонар першага ігумена — Андроніка. Арх. ансамбль уключае белакаменны 4-слуповы Спаскі сабор (1420—27) з фрагментамі фрэсак (1420-я г.), выкананых пад кіраўніцтвам Д.Чорнага і А.Рублёва, аднаслуповую трапезную (1504) з царквою Міхаіла Архангела (1694), сцены і вежы (17 ст.). З 1947 — музей-запаведнік стараж.-рус. мастацтва імя А.Рублёва.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АНТЫФЕДЭРАЛІ́СТЫ (англ. Antifederalists),
палітычная партыя ў ЗША ў 1787—91. Створана пад кіраўніцтвам Т.Джэферсана ў перыяд распрацоўкі і прыняцця канстытуцыі 1787 у процівагу федэралістам. Сац. база — фермеры, сельскія прадпрымальнікі, гар. дробная буржуазія, плантатары. Антыфедэралісты кіравалі барацьбой за прыняцце «Біля аб правах», выступалі супраць моцнай улады федэральнага ўрада — за прыярытэт правоў асобных штатаў і грамадзян, дэмакратызацыю канстытуцыі; у знешняй палітыцы падтрымлівалі рэв. Францыю. Пасля 1791 на базе антыфедэралістаў створана Дэмакр.-рэсп. партыя.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«БУЛЬБЯНЫ́Я» ЗАБАСТО́ЎКІ 1906,
выступленні батракоў і падзёншчыкаў на Беларусі ў рэвалюцыю 1905—07. Пачаліся ўвосень 1906 з прычыны нізкай платы за ўборку бульбы. Найб. актыўна праходзілі ў Слуцкім, Ігуменскім, Навагрудскім, Віленскім, Ашмянскім, Пружанскім пав. Бастуючыя патрабавалі павялічыць падзённую плату і не дапускалі да работы сялян, нанятых у інш. паветах. Землеўладальнікі вымушаны былі пайсці на ўступкі. Адначасова паліцыя арыштоўвала кіраўнікоў і актыўных удзельнікаў забастовак. У Віленскі пав. былі прысланы казакі. Пад канец 1906 забастоўкі задушаны.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЯЗЛЮ́ДНЫ (Мікалай Мікітавіч) (н. 20.2.1931, с. Ядуты Барзнянскага р-на Чарнігаўскай вобл., Украіна),
бел. вучоны ў галіне аграхіміі. Д-рс.-г.н. (1985). Скончыў Бел.с.-г. акадэмію (1960). З 1960 у Бел.НДІ земляробства і кармоў. Навук. працы па пытаннях фосфарнага і азотнага абмену ў раслінах, праблеме пераўтварэння азотных угнаенняў у глебах Беларусі, вытв-сці экалагічна чыстай раслінаводчай прадукцыі. Распрацаваў тэхналогіі выкарыстання азотных угнаенняў пад збожжавыя культуры ў комплексе з інш. сродкамі хімізацыі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЯЛЕ́ВІЧ (Фёдар Мікалаевіч) (н. 22.5.1923, ст. Бада Хілокскага р-на Чыцінскай вобл., Расія),
Герой Сав. Саюза (1945). Беларус. У Вял.Айч. вайну з сак. 1942 на фронце. Удзельнік Сталінградскай бітвы 1942—43, баёў пад Ржэвам, Ярцавам, вызвалення бел. гарадоў Мазыр, Калінкавічы, Пінск, Брэст, Польшчы, Берлінскай аперацыі 1945. У крас. 1945 наводчык станковага кулямёта Бялевіч з групай байцоў у баі каля Франкфурта-на-Одэры 3 гадз адбіваў варожыя контратакі, паранены не пакінуў занятых пазіцый.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЯРЭ́ЗІНСКАЕ БАЛО́ТА,
у Беларусі, у Маладзечанскім і Валожынскім р-нах Мінскай вобл., у пойме Бярэзіны (бас. Нёмана). Нізіннае. Пл. 9,4 тыс.га, у межах прамысл. пакладу 7,6 тыс.га.
Глыб. торфу да 6,2 м, сярэдняя 2,9 м. Першапачатковыя запасы торфу 46,6 млн.т. Ёсць лугавы мергель. Асушана 6 тыс.га. Землі выкарыстоўваюцца пад ворыва і сенажаць. На неасушанай ч. балота пераважаюць хмызнякі і асокі, на 200 га лес. Ёсць пясчаныя астравы і грады.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВАЛАЧО́БНІКІ,
група мужчын (радзей жанчын), якія ў першы дзень Вялікадня з вечара і ўсю ноч абходзілі двары і спявалі пад вокнамі валачобныя песні (асобна гаспадару, гаспадыні, іх дарослай дачцэ, нежанатаму сыну). Валачобны гурт складаўся з запявалы («пачынальніка»), падпявальнікаў, музыкі (звычайна скрыпача) і механошы, які збіраў дары («валачобнае» — фарбаваныя яйкі, велікодныя булкі, сыр, невял. грошы). Валачобны абрад, пашыраны пераважна на Пн Беларусі, цяпер страціў аграрна-магічны сэнс і бытуе як вясёлая святочная забава.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВАН АНЬШЫ́, Ван Цзэфу (1021—86),
дзяржаўны дзеяч Кітая, вучоны, пісьменнік. У 1069 саветнік пры двары, у 1070—74 і 1075—76 — 1-ы міністр. Увёў новы кадастр з мэтай упарадкавання падатковай сістэмы, дзярж. крэдытавання сялян пад ураджай, рэкруцкі набор, спрабаваў рэгуляваць рыначныя цэны. Рэформы адпавядалі інтарэсам дробных і сярэдніх памешчыкаў, часткова сялян. У выніку супрацьстаяння буйных феадалаў большая ч. рэформаў Ван Аньшы ў 1085 была скасавана. Аўтар прац па тэалогіі, гісторыі кіт. літаратуры.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВАН МАН (45 да н.э. — 6.10.23 н.э.),
старажытнакітайскі дзярж. дзеяч, імператар (9—23 н.э.). У 8 да н.э. стаў вышэйшым саноўнікам («да сы ма») імперыі Хань. Ажыццявіўшы ў снеж. 8 н.э. дварцовы пераварот, абвясціў сябе імператарам новай дынастыі Сінь. Правёў рэформы: ліквідаваў прыватную ўласнасць на зямлю, забараніў куплю-продаж зямлі і рабоў і інш. Аднак пад націскам багатых землеўладальнікаў вымушаны быў іх адмяніць. Забіты ў час нар. паўстання, якое пачалося ў краіне ў 15 н.э.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«ВЕ́ДОМОСТИ» пятроўскія,
першая руская друкаваная газета. Засн. паводле ўказа Пятра I. Выдавалася з 16.12.1702 (па інш. звестках з 2.1.1703) да 1917 спачатку ў Маскве (да 1711), потым папераменна ў Пецярбургу і Маскве. Мяняла назвы: «Ведомости», «Ведомости московские», «Ведомости о военных и иных делах...» і інш. Выходзіла неперыядычна. Друкавала звесткі пра поспехі прам-сці, асветы і гандлю, паведамленні пра перамогі арміі і флоту, замежную інфармацыю. З 1728 выходзіла пад назвай «Санкт-Петербургские ведомости».