ГУСА́К Аляксей Адамавіч (н. 1.11.1927, в. Іванкаўшчына Мазырскага р-на Гомельскай вобл.),
бел. матэматык. Канд. фіз.-матэм. н. (1956), праф. (1976). Скончыў БДУ (1952). З 1955 у БДУ. Навук. працы па тэорыі механізмаў, лікавых метадах, методыцы выкладання вышэйшай матэматыкі, гісторыі матэматыкі. Аўтар вучэбных дапаможнікаў «Вышэйшая матэматыка» (т. 1—2, 1976—78), «Задачы і практыкаванні па вышэйшай матэматыцы» (ч. 1—2, 1972—73) і інш.
Тв.:
Ряды и кратные интегралы. Мн., 1970;
Теория приближения функций: Ист. очерк. Мн., 1972.
т. 5, с. 541
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АТРА́ТА (Atrato),
рака на ПнЗ Паўд. Амерыкі, у Калумбіі. Даўж. 644 км, пл. бас. 16 тыс. км². Пачынаецца на Зах. Кардыльеры, цячэ з Пд на Пн па шырокай (каля 80 км) забалочанай даліне паміж хрыбтамі Серанія-дэ-Баўдо і Зах. Кардыльерай, упадае ў зал. Ураба Дар’енскага зал. Карыбскага м., утварае дэльту. Мнагаводная на працягу года. Сярэдні расход вады 2500 м³/с. Суднаходная ад г. Кібдо (560 км). Па даліне Атраты пралягае тэктанічная мяжа паміж Паўн. і Паўд. Амерыкай.
т. 2, с. 78
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БАБРО́Ў Усевалад Міхайлавіч (1.12.1922, г. Маршанск Тамбоўскай вобл., Расія — 1.7.1979),
расійскі спартсмен (футбол, хакей з шайбай). Засл. майстар спорту СССР (1948), засл. трэнер СССР (1967). Скончыў Ваенна-паветраную акадэмію імя Жукоўскага (1956) і Ваенны ін-т фіз. культуры і спорту (1960). Алімп. чэмпіён (1956, Карціна-д’Ампецца, Італія), чэмпіён свету (1954, 1956) і Еўропы (1954—56) па хакеі з шайбай. У 1946—56 чэмпіён СССР па футболе і хакеі з шайбай. Аўтар кніг «Самы цікавы матч» (1963), «Рыцары спорту» (1971).
т. 2, с. 184
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АПЕЛЯ́ЦЫЯ (ад лац. appellatio зварот, скарга),
у праве многіх краін абскарджанне прыгавораў ці інш. суд. рашэнняў па крымін. і цывільных справах, якія не набылі законнай сілы. Апеляцыйны суд нанава даследуе сабраныя доказы па справе і мае права або зацвердзіць раней прынятае рашэнне, або вынесці новае. Заканадаўства Рэспублікі Беларусь не прадугледжвае апеляцыі, а перагляд суд. рашэнняў (прыгавораў), якія не набылі законнай сілы, адбываецца ў касацыйным парадку (гл. Касацыя).
2) У пераносным сэнсе — просьба падтрымаць у чым-н.
т. 1, с. 422
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БАРА́ (італьян. bora ад грэч. boreas паўн. вецер),
мясцовы моцны і парывісты халодны вецер, накіраваны ўніз па горным схіле. Назіраецца пераважна зімой у мясцінах, дзе невысокія горныя хрыбты (да 300—600 м) узнімаюцца над морам, напрыклад на Балканскім узбярэжжы Адрыятычнага м., каля Новарасійска на Каўказе, на берагах Байкала і інш. Утвараецца, калі халоднае паветра перавальвае праз хрыбет і з вял. скорасцю (да 40—60 м/с) «падае» па схіле. Бара выклікае значнае пахаладанне, небяспечнае для суднаў (магчыма хуткае абледзяненне).
т. 2, с. 284
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БАРЫ́САВА Тамара Цімафееўна (н. 30.10.1920, г. Каменка Пензенскай вобл., Расія),
бел. тэатразнавец. Канд. мастацтвазнаўства (1969). Скончыла БДУ (1955). У 1961—76 у Ін-це мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору АН Беларусі. З 1957 выступае ў перыяд. друку з рэцэнзіямі і артыкуламі па пытаннях драматургіі і т-ра. Даследуе дзейнасць бел. тэатр. калектываў па ўвасабленні на сцэне класічнай і сучаснай зарубежнай драматургіі.
Тв.:
Шекспир на белорусской сцене. Мн., 1964;
Мальер на беларускай сцэне. Мн., 1972.
А.А.Лабовіч.
т. 2, с. 326
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«ВЫСО́КІ ДУБ»,
бел. нар. гульня. Удзельнічаюць ад 4 да 8 чал., гуляюць на адкрытай пляцоўцы. Для гульні патрэбны палка, дошчачка, кароткая палачка і жалуды (або каменьчыкі, сасновыя шышкі і інш.). Упоперак вузкай ямкі кладуць кароткую палачку, на яе — дошчачку. Потым па чарзе кожны гулец кладзе жолуд на апушчаны канец дошчачкі, б’е палкай па яе краі. Калі жолуд падлятае ўверх, гулец ловіць яго. Перамагае той, хто зловіць больш жалудоў. Гульня выпрацоўвае спрыт, жвавасць, трапнасць і дакладнасць рухаў.
Я.Р.Вількін.
т. 4, с. 324
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГАА́ГСКАЯ АКАДЭ́МІЯ МІЖНАРО́ДНАГА ПРА́ВА,
няўрадавая ўстанова па вывучэнні міжнар. права і міжнар. адносін. Засн. ў 1923 у г. Гаага на сродкі і пад эгідай Фонду Карнегі. Ажыццяўляе навук. даследаванні па міжнар. прыватным і публічным праве, садзейнічае паляпшэнню ўзаемаразумення паміж юрыстамі і юрыд. арг-цыямі розных краін. Штогод у летнія месяцы ў акадэміі чытаюць лекцыі (на англ. і франц. мовах) вядучыя юрысты-міжнароднікі з розных краін свету. Мае кансультатыўны статус пры ЮНЕСКА. З 1923 выдае зборнікі лекцый.
т. 4, с. 407
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДЭЛЮ́ВІЙ (ад лац. deluo змываю),
адклады, якія ўзніклі на схілах у выніку намнажэння змытых дажджавымі патокамі, расталымі снегавымі водамі рыхлых прадуктаў выветрывання. Вельмі пашыраны ў горных раёнах. Механічны склад Д. мяняецца ўніз па схіле ад друзу да глін. Утварае шлейф каля падножжа схілаў. Магутнасць да некалькіх дзесяткаў метраў. У Д. трапляюцца россыпы золата, волава, вальфраму і інш. металаў. Ва ўмовах Беларусі Д. прадстаўлены адкладамі, якія ўтварыліся ў выніку разбурэння глебы, пераносу і пераадкладу глебавых часцінак уніз па схіле.
т. 6, с. 345
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ІВАНО́ВА Вольга Аляксееўна (10.10.1901, г. Тула, Расія — 31.3.1986),
бел. вучоны ў галіне генетыкі і селекцыі с.-г. жывёлы. Канд. с.-г. н. (1939), праф. (1935). Засл. дз. нав. Беларусі (1971). Скончыла Маскоўскі зоатэхн. ін-т (1926). У 1953—81 у Віцебскім вет. ін-це (у 1953—74 заг. кафедры). Навук. працы па генетыцы буйн. раг. жывёлы, тэорыі развядзення с.-г. жывёлы па лініях, ролі спадчыннасці ў пашырэнні лейкозу буйн. раг. жывёлы.
Тв.:
Генетика. 2 изд. М., 1974.
т. 7, с. 150
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)