РА́ЖКА,

у беларусаў пасудзіна для кармлення жывёлы; бандарны выраб. Падобна да цэбра, але меншых памераў (ёмістасць 15—20 л). Рабілі Р. з кароткіх клёпак, па форме — цыліндрычную ці крыху расшыраную ўверсе. Нярэдка мела ножкі, утвораныя трыма падоўжанымі клёпкамі. Яшчэ 2 больш доўгія клёпкі выступалі зверху і мелі адтуліны, утвараючы вушкі для пяньковай ці лыкавай почапкі. Звычайна ў Р. таўклі параную бульбу і замешвалі паўвадкі корм для свіней. У наш час амаль выйшла з ужытку.

В.​С.​Цітоў.

Ражка.

т. 13, с. 250

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РАСПЫ́ЛЕНАЯ РЫ́ФМА,

рыфма, пры якой заключныя словы аднаго вершаванага радка сугучныя не толькі клаўзуле, але і двум ці больш словам другога радка. Р.р. з’явілася своеасаблівай рэакцыяй на шырокае ўжыванне ў паэзіі недакладных рыфмаў: гукавая беднасць сугуччаў у клаўзулах кампенсавалася багаццем гукавых супадзенняў у пераднаціскной частцы слоў-рыфмаў і нават у цэлых радках. Прыклад Р.р. з кнігі М.​Танка «Глыток вады»; збіра́ць сабе кра́скі — рыбакоў нарача́нскіх; Васілікі — чайкі віталі кры́кам; паралелі — прале́глі туне́лі; вамі — вачэй часа́мі.

В.​П.​Рагойша.

т. 13, с. 360

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РУДЭРА́ЛЬНЫЯ РАСЛІ́НЫ,

[ад лац. rudus (ruderis) друз, буд. смецце], смеццевыя расліны, якія растуць каля будынкаў, на пустках, уздоўж шляхоў зносін і на падобных другасных (не палявых) месцах. Пераважна нітрафілы. Часта маюць прыстасаванні, якія дазваляюць ім пазбегнуць знішчэння чалавекам і жывёламі (непрыкметны выгляд, ядавітыя рэчывы, шыпы, жыгучыя валаскі і інш.). На Беларусі больш за 350 відаў з родаў аксамітнік, блёкат, вапнаўка, вярблюдка, герань, дурнап’ян, дурнічнік, крапіва і інш. Разам з сегетальнымі раслінамі складаюць групу пустазелля.

В.​М.​Прохараў.

т. 13, с. 433

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РУ́ПАРНА-ЛЮСТРА́НАЯ АНТЭ́НА накіраваная антэна ў выглядзе спалучэння рупара з адным ці больш люстэркамі. Сферычная хваля, узбуджаная на вяршыні рупара, пераўтвараецца ў плоскую хвалю пасля адбіцця люстэркамі. Найб. пашырана рупарна-парабалічная антэна, дзе рупар аб’яднаны з парабалічным люстэркам, у фокусе якога размешчана вяршыня рупара. Такія антэны выкарыстоўваюцца ў радыёрэлейных лініях сувязі, для сувязі з ШСЗ і інш.

Рупарна-люстраная антэна: 1 — рупарны апрамяняльнік; 2 — фронт хвалі, што падае на люстэрка; 3 — фронт адбітай хвалі; 4 — люстэрка; F — фокус люстэрка.

т. 13, с. 452

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РУ́ТВІЦА (Lotus),

род кветкавых раслін сям. бабовых. Больш за 100 відаў. Пашыраны ў Еўразіі, Афрыцы і Амерыцы. На Беларусі 2 віды Р.: багнавая (L. uliginosus) і рагатая (L. corniculatns), нар. назвы заечая трава, рута польная, трызаўка. Трапляюцца на лугах, схілах, каля дарог, у вільготных лясах. Уведзены ў культуру.

Шматгадовыя, радзей адна- і двухгадовыя травы ці паўкусты. Лісце няпарнаперыстае. Кветкі залаціста-жоўтыя, адзіночныя або ў парасонападобных суквеццях. Плод — струк. Кармавыя, лек., фарбавальныя, меданосныя, дэкар. расліны.

В.​М.​Прохараў.

Рутвіца рагатая.

т. 13, с. 473

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РЭКУРЭ́НЦЫЯ [ад лац. recurrens (recurrentis) які вяртаецца],

1) паўторнае паяўленне ў працэсе эвалюцыі падобных форм, а ў палеанталогіі — цэлых фларыстычных або фауністычных комплексаў у розных стратыграфічных гарызонтах. З’ява Р. звязана з міграцыяй флор і фаун, якія былі выцеснены з месцаў першапачатковага пасялення і існавалі нейкі час па-за яе межамі, а потым пры аднаўленні адпаведных умоў вярнуліся на былое месца без істотных змен.

2) Паўтор саставу прадуктаў вулканічнага вывяржэння, форм магматычнай дзейнасці, якія адпавядаюць больш раннім стадыям яе эвалюцыі.

т. 13, с. 573

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

САКРАМЕ́НТА (Sacramento),

горад на З ЗША. Адм. ц. штата Каліфорнія. Засн. ў 1839 як гандл. факторыя. Рост горада звязаны з «залатой ліхаманкай» 1840-х г. Цэнтр штата з 1854. 404,2 тыс ж., з прыгарадамі больш за 1,6 млн. ж. (1998). Вузел чыгунак і аўтадарог, рачны порт на р. Сакрамента Міжнар. аэрапорт. Гандл. цэнтр паўн. ч. Каліфарнійскай даліны. Прам-сць: ракетна-касм. (вытв-сць рухавікоў), радыёэлектронная, харч. (плодакансервавая, мясная). 12 каледжаў і універсітэтаў. Музеі і галерэя мастацтваў.

т. 14, с. 90

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

САЛАНЧАКІ́,

тып засоленых глеб, у паверхневым слоі якіх 1—15% (у глебавай скарынцы часам больш за 30%) лёгкарастваральных солей. Пашыраны ў зонах стэпаў, паўпустынь і пустынь на саляносных пародах (аўтаморфныя С.) або ва ўмовах блізкага залягання мінералізаваных грунтавых вод (гідраморфныя С.).

Характарызуюцца слабадыферэнцыраваным глебавым профілем, слаба выражаным гумусавым гарызонтам з прожылкамі ці плямамі солей, шчолачнай рэакцыяй. Расліннасць галафітная або адсутнічае. Малаўрадлівыя, прыдатныя для земляробства пасля гіпсавання, прамыўкі, паніжэння ўзроўню грунтавых вод. Пры рассаленні з С. фарміруюцца саланцы.

т. 14, с. 102

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

САХА́РА-ЛІВІ́ЙСКІ НАФТАГАЗАНО́СНЫ БАСЕ́ЙН Размешчаны на тэр. Алжыра, Лівіі, Туніса і Егіпта. Уключае Алжыра-Лівійскі і Сахара-Міжземнаморскі нафтагазаносныя басейны. Пл. каля 2,5 млн. км². Пач. запасы нафты 8,6 млрд. т, газу 4,8 трлн. м³. Адкрыта больш за 250 нафтавых і газанафтавых і 60 газавых радовішчаў. Нафтагазаносныя адклады ад кембрыю да палеагену. Гал. нафтавыя радовішчы: Серыр, Амаль, Джалу, Насэр, Самах, Інтысар (Лівія); Хасі-Месауд, Зарзаіцін (Алжыр). Гал. газавыя радовішчы: Хасі-Рмель, Гурд-Нус (Алжыр), Хатэйба (Лівія).

т. 14, с. 206

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СВЕТЛЯКІ́ (Lampyris),

род жукоў сям. Lampyridae, які раней адносілі да мяккацелак. Начныя насякомыя, свецяцца ў цемры. Органы свячэння размешчаны на канцы брушка. Жывуць пераважна ў лясах. На Беларусі трапляецца С. звычайны, ці вялікі, нар. назва іванаў чарвяк.

Даўж. 10—20 мм. Самцы крылатыя, надкрылы буравата-шэрыя, пярэдняспінка жоўта-бурая, добра лятаюць, свецяцца слаба. Самкі бяскрылыя (нагадваюць лічынак), верх цела цёмна-буры, па краях больш светлы. Выпраменьваюць яркае святло, якое прываблівае самцоў, Драпежнікі, кормяцца насякомымі. Развіваюцца ў лясным подсціле.

т. 14, с. 254

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)