ДЭ ДЗЮЎ (De Duve) Крысціян Рэнэ (н. 2.10.1917, Тэмс-Дытан, каля Лондана),
бельгійскі біяхімік. Чл. Каралеўскай бельг.АН, літаратуры і выяўл. мастацтва, Каралеўскай мед. акадэміі Бельгіі, Нац.АН ЗША, Амер. акадэміі навук і мастацтваў, Парыжскай АН, Германскай акадэміі даследчыкаў прыроды «Леапальдзіна». Скончыў ун-т у Лувене (Бельгія, 1941). З 1947 працаваў у ім (з 1951 праф.), з 1962 у Ракфелераўскім ун-це ў Нью-Йорку. Заснавальнік і прэзідэнт Міжнар. ін-та клетачнай і малекулярнай паталогіі ў Бруселі. Навук. працы па біяхіміі інсуліну, глюкагону, распрацаваў метад дыферэнц. цэнтрыфугавання і адкрыў з яго дапамогай субклетачныя структуры — лізасомы (1963), выявіў іх прыроду, развіў канцэпцыю пра функцыі (1964) і ўдзел лізасом у фізіял. працэсах у клетках. Нобелеўская прэмія 1974 (разам з А.Клодам і Дж.Э.Паладэ).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
Е́ЛЬСКАЯ АПЕРА́ЦЫЯ 1943,
баі 37-й Ельскай партыз. брыгады ва ўзаемадзеянні з 12-м гвардз.стралк. палком Чырв. Арміі супраць ням.-фаш. захопнікаў у ліст. і снеж. за вызваленне г. Ельск у Вял.Айч. вайну. Вылучаныя для ўдзелу ў аперацыі стралк. полк і артдывізіён 1-га Укр. фронту партызаны скрытна правялі ў тыл. ворага. У ноч на 27 ліст. пасля артпадрыхтоўкі партызаны і сав. воіны ўварваліся ў Ельск, гарнізон якога налічваў каля 600 гітлераўцаў, і за 2 гадз авалодалі ім. Пасля 3 дзён беспаспяховых контратак гітлераўцы, падтрыманыя 54 танкамі і самаходнымі гарматамі, 29 ліст. занялі горад. Праціўнік страціў больш за 450 салдат і афіцэраў. 9 снеж. 37-я Ельская партыз. брыгада ва ўзаемадзеянні з 415-й стралк. дывізіяй вызваліла Ельск.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЖЫВІ́ЦА (сапр.Попка) Юрый
(7.10.1912, Пружаншчына — 29.4.1990),
бел. грамадскі дзеяч, пісьменнік, журналіст. У 1930 уступіў у Бел. сялянскую партыю. У час Вял.Айч. вайны ўзначальваў аддзел працы і сац. забеспячэння ў акупацыйнай цывільнай адміністрацыі Пружан (1941—42). З 1942 у Германіі. У пасляваенны час член і старшыня шэрагу бел. арг-цый, рэдактар газ. «Беларуская праўда» (1946). Выдаваў час. «Напагатове» (1948), распаўсюджваў бюлетэнь «Весткі з Беларусі». Выдаў шмат кніг па гісторыі, этнаграфіі і культуры Беларусі, у т. л. працы У.Ігнатоўскага, А.Цвікевіча. У 1982 заснаваў у г. Ляймен Беларускі музей, пры імІнстытут беларусаведы (дырэктар у 1982—90), час. «Весткі Інстытута беларусаведы» (1986). Аўтар шматлікіх зборнікаў апавяданняў і аповесцей.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЗАВА́ДСКІ Юрый Аляксандравіч (12.7.1894, Масква — 5.4.1977),
рускі рэжысёр, акцёр, педагог. Нар.арт.СССР (1948). Герой Сац. Працы (1973). Вучыўся ў Маскоўскім ун-це. Творчую дзейнасць пачаў у 1915 у студыі Я.Вахтангава. У 1924—31 акцёр МХАТа. З 1924 кіраваў заснаванай ім студыяй. З 1940 гал. рэжысёр Маскоўскага т-ра імя Массавета і выкладчык у Дзярж. ін-та тэатр. мастацтва (з 1947 праф.). Яго ігра вызначалася пластычнай вытанчанасцю, дакладнасцю сцэн. малюнка: Антоній («Цуд святога Антонія» М.Метэрлінка), Калаф («Прынцэса Турандот» К.Гоцы), Чацкі («Гора ад розуму» А.Грыбаедава). У пастаноўках героіка-лірычных спектакляў, рамант. трагедый, камедый («Шынкарка» К.Гальдоні, «Атэла» У.Шэкспіра, «Маскарад» М.Лермантава) імкнуўся да сінтэзу розных тэатр. традыцый. Дзярж. прэміі СССР 1946, 1951, 1965. Ленінская прэмія 1965.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЗАНА́ЛЬНАСЦЬ ПАДЗЕ́МНЫХ ВОД,
заканамерныя прасторавыя змены фіз.-хім. і дынамічных параметраў падземных вод. Існуюць шыротная (кліматычная) і вертыкальная (геалагічная) З.п.в. У шыротнай занальнасці, характэрнай для прыпаверхневай ч. падземнай гідрасферы планеты, вылучаюць лядовую, гумідную і арыдную макразоны з уласцівымі ім асаблівасцямі фарміравання рэсурсаў падземных вод, хім. саставу і т-ры. Вертыкальная занальнасць выяўляецца ў паслядоўнай змене з глыбінёй хуткасці руху падземных вод, хім. і газавага саставу, т-ры, ціску і інш. Па тэмах водаабмену вылучаюць гідрагеадынамічныя зоны: верхнюю — інтэнсіўнага, сярэднюю — запаволенага, ніжнюю — вельмі запаволенага водаабмену. Вертыкальная гідрагеахім. З.п.в. характарызуецца паслядоўнай зменай з глыбінёй прэсных падземных вод (мінералізацыя да 1 г/л), салёнымі водамі (1—35 г/л), а потым расоламі (больш за 35 г/л).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ІЗАТО́ПНЫ АБМЕ́Н,
працэс пераразмеркавання ізатопаў якога-н. элемента паміж рэчывамі ў час хім. рэакцый. Напр., калі хлорысты вадарод, абагачаны цяжкім ізатопам хлору, змяшаць з хлорам прыроднага ізатопнага саставу, то ў выніку І.а. хлор абагаціцца цяжкім ізатопам, а хлорысты вадарод збедніцца ім. Выкарыстоўваецца ў хім. даследаваннях для вывучэння элементарных стадый хім. працэсаў (гл.Ізатопныя індыкатары), для канцэнтравання патрэбнага ізатопу і інш.
Пры І.а. адбываецца замена аднаго ізатопу хім. элемента на іншы яго ізатоп у малекулах дадзенага рэчыва з захаваннем іх элементарнага саставу. Рэакцыі І.а. могуць ісці ў гамагенным (напр., у растворы паміж раствораным рэчывам і растваральнікам, у сумесі газаў) і гетэрагенным (напр., паміж цвёрдым ці вадкім рэчывам і нерастваральным газам) асяроддзі. Скорасць працякання І.а. вызначаецца механізмам рэакцый.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАЗА́НСКІ УНІВЕРСІТЭ́Т,
адна са старэйшых ВНУ Расіі. Засн. ў 1804 у г. Казань Факультэты: механіка-матэм., выліч. матэматыкі і кібернетыкі, фіз., хім., глебава-біял., геал., геагр., гіст., філал., юрыд., дауніверсітэцкай падрыхтоўкі. Навучанне дзённае, вячэрняе і завочнае. Аспірантура. Пры. ун-це НДІ матэматыкі і механікі, хіміі, выліч. цэнтр, астр. абсерваторыя, музеі і інш.навук. ўстановы. У ім вучыліся і працавалі М.І.Лабачэўскі, А.М.Бутлераў, М.М.Зінін, В.М.Кавалеўскі, працавалі У.М.Бехцераў, І.А.Бадуэн дэ Куртэнэ, А.А.Кавалеўскі, К.В.Харламповіч, вучыліся Л.М.Талстой, С.Ц.Аксакаў, І.І.Лажэчнікаў і інш. Дзеячам ун-та належаць навук. адкрыцці сусв. значэння ў галіне матэматыкі, хіміі, фізікі, астраноміі і інш.навук. Выдаюцца «Вучоныя запіскі» (з 1821).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАЙГАРО́ДАЎ Дзмітрый Нічыпаравіч (12.9.1846, г. Полацк Віцебскай вобл. — 11.2.1924),
расійскі прыродазнавец, фенолаг, арнітолаг, папулярызатар прыродазнаўства, педагог; адзін з заснавальнікаў Рус.т-ва аматараў светазнаўства. Брат М.Н. і Н.Н.Кайгародавых. Скончыў Канстанцінаўскае ваен. вучылішча (1865), Міхайлаўскае артыл. вучылішча (1866), Пецярбургскі земляробчы ін-т (1871, з 1881 Лясны), з 1875 заг. кафедры ў ім, у 1887—91 нам. дырэктара. У 1885 стварыў феналагічную сетку для правядзення біякліматычнага раяніравання Еўрап.ч. Расіі. Склаў феналагічныя карты веснавога прылёту птушак. Аўтар навукова-папулярных кніг: «Гутаркі пра рускі лес» (2 серыі, 1880—81), «З зялёнага царства» (1888), «Дрэва і яго жыццё» (1897) і інш. Выкладаў прыродазнаўчыя навукі членам імператарскай сям’і.
Тв.:
Русский толковый лесотоварный словарь. СПб., 1883;
О школьных фенологических наблюдениях. Вологда, 1920.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАМАРО́Ў Уладзімір Лявонавіч (13.10.1869, Пецярбург — 5.12.1945),
расійскі батанік і географ, грамадскі дзеяч. Акад.АНСССР (1920; чл.-кар. Пецярбургскай АН з 1914). Герой Сац. Працы (1943). Скончыў Пецярбургскі ун-т (1894) і выкладаў у ім, з 1918 прафесар. Адначасова з 1899 працаваў у Пецярбургскім бат. садзе. З 1930 віцэ-прэзідэнт, з 1936 прэзідэнт АНСССР. Удзельнік рэформы АН, арганізатар яе баз і філіялаў. Навук. працы па сістэматыцы, фларыстыцы і геаграфіі раслін. Даследаваў флору Д.Усходу, Маньчжурыі. Кіраваў стварэннем «Флоры СССР» (т. 1—30, 1934—64). Адзін з аўтараў географа-марфал. канцэпцыі віду ў раслін. Імя К. прысвоена Бат. ін-ту АН Расіі (Санкт-Пецярбург). Дзярж. прэміі СССР 1941, 1942.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАРУ́ПЦЫЯ (ад лац. corruptio подкуп),
злачынная дзейнасць у сферы палітыкі або дзярж. кіравання, якая выяўляецца ў карыслівым выкарыстанні службовымі асобамі нададзеных ім правоў і ўладных паўнамоцтваў для асабістага ўзбагачэння.
Найб. тыповыя праяўленні К. — подкуп службоўцаў і грамадска-паліт. дзеячаў, хабарніцтва за законнае і незаконнае наданне даброт і прывілеяў, пратэкцыянізм. К. вельмі пашырана ва ўмовах разрастання бюракратыі і пераўтварэння яе ў асаблівы сац. слой, які валодае ўладнымі прывілеямі, становіцца неад’емным элементам і ўмовай функцыянавання ценявой эканомікі, сац. расслаення грамадства, адной з гал. прычын дэградацыі эканам. і паліт. жыцця, падзення грамадскіх нораваў. Карумпіраванне работнікаў дзярж., адм. і праваахоўных органаў стварае сітуацыю, калі пры павелічэнні эканам. і інш. злачыннасці змяншаецца прыцягненне правапарушальнікаў да крымін. адказнасці. актывізуюцца мафіёзныя структуры грамадства (гл.Мафія).