АДЭКВА́ТНАЕ (ад лац. adaequatus роўны, прыраўнаваны),
адпаведнае, тоеснае, эквівалентнае. У тэорыі пазнання адэкватнага лічацца вобраз, веды, якія адпавядаюць свайму арыгіналу і таму з’яўляюцца дакладнымі, маюць характар аб’ектыўных ісцін. Пытанне пра ступень адэкватнасці (дакладнасці), глыбіню і паўнату адлюстравання аб’екта звязана з праблемай суадносін адноснай і абсалютнай ісцін і крытэрыю ісціннасці ведаў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АНГІЯТЭНЗІ́Н, ангіятанін, гіпертэнзін,
біялагічна актыўнае рэчыва, што павышае крывяны ціск. Поліпептыд, складаецца з некалькіх амінакіслот, утвараецца з ангіятэнзінагену, які намнажаецца ў крывяной плазме пры недастатковым забеспячэнні нырак крывёю; састаўная частка рэнін-ангіятэнзінавай сістэмы, што ўдзельнічае ў рэгуляванні тонусу сасудаў. Сінтэзаваны біял. актыўныя аналагі натуральнага ангіятэнзіну, якія выкарыстоўваюцца як лек. сродкі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АНХАЦЭРКО́ЗЫ,
гельмінтозныя хваробы буйн. раг. жывёлы, коней, вярблюдаў, козаў, зрэдку чалавека, якія выклікаюцца нематодамі з роду анхацэрка. Пры анхацэркозах назіраюцца пухліны з гноем, намулы, дэрматыты, кульгавасць і інш. Заражэнне адбываецца на забалочанай пашы і каля вады. Лячэнне растворам Люголя, хірургічнае.
Да арт.Анхацэркозы: 1 — фрагмент цела анхацэркі; 2 — інвазійная лічынка.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВАДАНО́СНЫ КО́МПЛЕКС,
некалькі ваданосных гарызонтаў, якія маюць гідраўлічную сувязь і агульны напорны ўзровень. Прымеркаваны да горных парод пэўнага ўзросту. Характарызуецца своеасаблівымі гідрадынамічнымі і гідрахім. ўмовамі. Некалькі ваданосных комплексаў звычайна ўваходзяць у гідрагеалагічны басейн (масіў). Называецца паводле ўзросту ваданосных парод, напр. верхнепратэразойскі, верхнерыфейска-вендскі, сярэдне-дэвонскі ваданосны комплекс.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВІ́ЦЕБСКАЯ ФЕ́ЛЬЧАРСКА-АКУШЭ́РСКАЯ ШКО́ЛА.
Існавала ў Віцебску ў 1906—13. Засн. ўрачом У.В.Счасновічам як прыватная школа. Для выкладання запрашаліся спрактыкаваныя ўрачы, акушэры-гінеколагі, якія спалучалі мед. практыку з навук. дзейнасцю. Праграма навучання сярэдняга акушэрскага персаналу забяспечвала цесную сувязь тэарэт. ведаў з практыкай. Штогод школа выпускала 30—60 чал.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВЫСАКАГО́РНЫ ТЫП РЭЛЬЕ́ФУ, высакагор’е. Характарызуецца глыбокай расчлянёнасцю (ад некалькіх соцень да 2000 і больш метраў), стромкімі схіламі, мноствам скал і асыпкаў, вышчарбленымі грабянямі, наяўнасцю ледавіковых формаў рэльефу, праяўленнямі актыўнага фізічнага і марознага выветрывання. Уласцівы маладым горным краінам, якія ўздымаюцца вышэй за снегавую лінію (Альпы, Гімалаі і інш.). Гл. таксама Альпійскі рэльеф.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДЫПЛАКО́КІ,
від бактэрый шарападобнай формы (кокі), размешчаных парамі. Будова Д. абумоўлена тым, што пры дзяленні бактэрый у адной плоскасці 2 новыя асобіны не разыходзяцца. У Д. адсутнічаюць жгуцікі, яны не ўтвараюць спораў. Сярод Д. ёсць сапрафіты, якія жывуць у глебе, вадзе, і ўзбуджальнікі інфекц. хвароб — пнеўмакокі, менінгакокі, ганакокі і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЗАСНАВА́ЛЬНІЦКАЯ А́КЦЫЯ,
від акцый, якія размяркоўваюцца сярод заснавальнікаў акц. кампаній і даюць ім пэўныя правы і прывілеі ў параўнанні з інш. акцыянерамі. Да такіх пераваг адносяцца, напр. павышаныя дывідэнды, дадатковая колькасць галасоў на агульных сходах акцыянераў, права на першачарговае атрыманне акцый пры дадатковым іх выпуску, на атрыманне часткі заснавальніцкага прыбытку.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ІДЭ́ЙСКАЯ ПЯЧО́РА,
свяшчэнная пячора на гары Іда на в-ве Крыт. Месца, куды мінойцы прыносілі дары сваім багам, т.зв.вотыўныя дары. Выключную каштоўнасць мае знойдзены тут набор арнаментаваных шчытоў 8—7 ст. да н.э., якія сведчаць пра маст. ўплыў Сірыі і Асірыі. І.п. лічылася адным з мяркуемых месцаў нараджэння Зеўса.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ІНТРАЗАНА́ЛЬНАСЦЬ (ад лац. intra унутры + зона),
пашырэнне якога-н. ландшафту або кампанентаў прыроды на асобных участках, якія ствараюць заканамерныя ўкрапванні ў межах зон геаграфічных; асобны выпадак азанальнасці. Напр., сфагнавыя балоты ў тайзе і тундры, саланчакі ў зонах пустынь і стэпаў. Абумоўлена мясц. прычынамі (лакальнае засаленне або пераўвільгатненне горных парод і інш.).