БЕ́РЫНГ ((Behring) Эміль Адольф фон) (15.3.1854, Гансдорф, цяпер у Эльблонгскім ваяв., Польшча — 31.3.1917),
нямецкі мікрабіёлаг, бактэрыёлаг, імунолаг. Праф. (1894). Скончыў Берлінскі ун-т (1880). З 1889 у Ін-це гігіены ў Берліне, з 1894 ва ун-це ў г. Гале, з 1895 дырэктар Ін-та эксперым. тэрапіі ў г. Марбург. Навук. працы па імунізацыі жывёл і чалавека супраць інфекц. хвароб. Прапанаваў проціслупняковую (1890) і процідыфтэрыйную (адначасова з франц. мікрабіёлагам Э.Ру, 1901) антытаксічныя сывараткі, распрацаваў спосаб імунізацыі супраць дыфтэрыі. Першая Нобелеўская прэмія па фізіялогіі і медыцыне 1901.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГРО́ДЗЕНСКАЙ МЕДЫЦЫ́НСКАЙ ШКО́ЛЫ БУДЫ́НАК,
помнік архітэктуры позняга барока. Пабудаваны ў 1770-я г. на Гарадніцы (цяпер у межах г. Гродна). Мураваны будынак мае сіметрычную кампазіцыю. Цэнтр. 3-павярховая частка накрыта вальмавым дахам. Гал. фасад раскрапаваны па вуглах 2 вял. гранёнымі эркерамі, якія раней былі накрыты самкнутымі ўвагнутымі купаламі. Фасады аздоблены ордэрнай пластыкай, 2 ніжнія паверхі аб’яднаны пілястрамі. Па баках да асн. аб’ёму прылягаюць 1-павярховыя прыбудовы з 3-схільнымі дахамі. Часткова перабудаваны ў канцы 19 ст.
А.Ю.Пятросава.
Гродзенскай медыцынскай школы будынак. Галоўны фасад.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГРУЗАВЫ́Я ПАТО́КІ,
колькасць грузаў, перавезеных адным відам транспарту ў пэўным напрамку ад пункта адпраўлення да пункта прызначэння (звычайна за год). Грузавыя патокі складаюцца з грузаў, адпраўленых са станцый, прыстаней, партоў, і вымяраецца ў тонах у цэлым або па кожнаму грузу паасобку. Велічыня грузавых патокаў асобнага перагону (участка, геагр. напрамку) выражаецца сярэдняй шчыльнасцю перавозак грузу. Напрамак пераважнага грузавога патоку называецца грузавым, а зваротны — парожнім. Няроўнасць грузавога патоку па напрамках «туды» і «назад» выклікае парожнія прабегі рухомага саставу і непрадукцыйныя прабегі лакаматываў, суднаў, аўтамабіляў, павелічэнне сабекошту перавозак і капіталаўкладанняў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГРУ́ПА СТАТЫСТЫ́ЧНАЯ,
сукупнасць аднародных у якіх-небудзь адносінах адзінак, вылучаных на падставе адной або некалькіх прыкмет групавання з мэтай далейшага аналізу. Напр., група людзей, сфарміраваная на аснове адной (узрост) або некалькіх (узрост, пол, адукацыя) прыкмет. Прыкметы групавання могуць быць колькасныя (напр., узровень даходаў) і якасныя (выражаны ў выглядзе паняццяў, напр., прафесія). Спосабы групавання бываюць простыя (па адной прыкмеце), камбінаваныя (па 2 і болей спалучаных прыкмет), структурныя (выяўляюць структуру аднароднай сукупнасці, напр., насельніцтва), тыпалагічныя (вылучаюць у сукупнасці аднаякасныя тыпы, напр., тыпы сям’і).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГУБЕ́РНСКІЯ ПА СЯЛЯ́НСКІХ СПРА́ВАХ УСТАНО́ВЫ,
мясцовыя кіруючыя органы па правядзенні ў жыццё сялянскай рэформы 1861 у Рас. імперыі. Утвораны неўзабаве пасля адмены прыгону. Разбіралі скаргі на дзеянні міравых пасрэднікаў і пав. міравых з’ездаў, зацвярджалі добраахвотныя пагадненні паміж памешчыкамі і сялянамі аб памяншэнні памераў надзелу, павышалі або паніжалі сял. павіннасці і інш. Падпарадкоўваліся непасрэдна міністру ўнутр. спраў. З утварэннем у 1889 у большасці губерняў Расіі інстытута земскіх участковых начальнікаў гэтым установам нададзены і суд. функцыі. У такой кампетэнцыі захоўваліся да Кастр. рэвалюцыі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВЫ́ДАЧА ЗЛАЧЫ́НЦА, экстрадыцыя,
у міжнародным праве перадача злачынца дзяржавай, дзе ён знаходзіцца, дзяржаве, грамадзянінам якой ён з’яўляецца або на тэрыторыі якой ён учыніў злачынства, для аддачы пад суд ці для выканання адносна яго суд. прыгавору. Умовы і парадак выдачы злачынца рэгламентуюцца міжнар. дагаворамі і нац. заканадаўствам. Паміж дзяржавамі СНД 22.1.1993 заключана Канвенцыя аб прававой дапамозе і прававых адносінах па цывільных, сямейных і крымін. справах. Рэспубліка Беларусь мае таксама пагадненне аб выдачы злачынца з Кітаем, Латвіяй, Літвой і Польшчай. Асобы, якія праследуюцца папаліт. матывах, выдачы не падлягаюць.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВЫРКО́ (Мікалай Паўлавіч) (н. 14.9.1935, в. Краснае Карэліцкага р-на Гродзенскай вобл.),
бел. вучоны ў галіне буд-вааўтамаб. дарог. Канд.тэхн.н. (1970), праф. (1986). Скончыў Бел.тэхнал.ін-т (1962). З 1965 у Бел.тэхнал. ун-це. навук. працы па аптымізацыі канструкцый лесавозных дарог і па дарожна-будаўнічых матэрыялах. Аўтар падручнікаў «Дарожнае грунтазнаўства з асновамі механікі грунтоў» (1977, з І.І.Леановічам) і «Сухапутны транспарт лесу» (1987).
Тв.:
Механика землянога полотна. Мн., 1975 (разам з І.І.Леановічам);
Эксплуатация автомобильных дорог и организация дорожного движения. Мн., 1988 (у сааўт.).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВЯРЫ́ГА (Браніслаў Фартунатавіч) (14.2.1860, Віцебская вобл. — 13.6.1925),
расійскі фізіёлаг. Вучань І.М.Сечанава і І.П.Паўлава. Скончыў Пецярбургскі ун-т (1881) і Ваенна-мед. акадэмію (1886). У 1897—1914 праф. Новарасійскага ун-та ў Адэсе, з 1917 у Пермскім ун-це. Адкрыты ім уплыў кіслароду на здольнасць крыві звязваць вуглякіслы газ атрымаў назву эфекту Вярыгі. Навук. працы па электрафізіялогіі. Эксперыментальна даказаў скачкападобнае пашырэнне нервовага імпульсу. Даследаванні па фізіялогіі імунітэту і анафілаксіі. Аўтар падручніка «Асновы фізіялогіі чалавека і вышэйшых жывёл» (т. 1—2, 1905—10).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГА́БЕР, Хабер (Haber) Фрыц (9.12.1868, г. Брэслаў, Германія, цяпер г. Вроцлаў, Польшча — 29.1.1934), нямецкі хімік-неарганік і тэхнолаг. Скончыў Берлінскі ун-т (1891). З 1894 у Вышэйшай тэхн. школе ў Карлсруэ (з 1898 праф.). У 1911—33 дырэктар Ін-та фіз. хіміі і электрахіміі ў Берліне. З 1933 у Швейцарыі. Навук. працы па хіміі і тэхналогіі аміяку, электрахіміі. Распрацаваў фізіка-хім. асновы прамысл. спосабу сінтэзу аміяку і арганізаваў завод па фіксацыі атм. азоту (1913). Нобелеўская прэмія 1918.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«ГАЗЕ́ТА ГРОДЗЕ́НЬСКА»
(«Gazeta Grodzieńska»),
першае перыядычнае выданне на тэр. сучаснай Беларусі. Выдавалася з мая 1776 да 1783 (?) у Гродне на польск. мове раз на тыдзень на 2 старонках фарматам 15 × 20 см. Друкавалася ў Гродзенскай друкарні. У перадавых артыкулах абмяркоўваліся надзённыя грамадска-паліт. праблемы (на той час унікальная з’ява). Па патрабаванні караля Рэчы Паспалітай Станіслава Аўгуста Панятоўскага ў Гродне была ўведзена пасада цэнзара, па загадзе якога рэдакцыйныя артыкулы часам замяняліся паведамленнямі з інш. выданняў. Змяшчала інфармацыю пра падзеі ў горадзе, аб’явы. Апошні выяўлены нумар газеты датаваны 28.12.1780.