МЕ́РТЭНС (Станіслаў Адамавіч) (парт.псеўд. Стэфан Скульскі; 3.5.1892, г. Лодзь, Польшча — жн. 1937),
дзеяч рэв. руху ў Польшчы і Зах. Беларусі. Чл. СДКПІЛ з 1909, чл. РКП(б) з 1928, чл. КПП з 1921. Вёў рэв. дзейнасць у Варшаве, Лодзі, Калішы. У 1913—14 зняволены ў турму. У 1918 старшыня павятовага к-та РКП(б) і ЧК у Мсціславе. У 1919 у Чырв.Арміі, у 1920 нам. старшыні Смаленскага губвыканкома і чл. губкома РКП(б); потым у Часовым польрэўкоме ў Беластоку, старшыня Навагрудскага рэўкома. У 1921 нарком унутр. спраў і чл. калегіі ЧКБССР, чл.ЦБКП(б)Б, чл. Прэзідыума ЦВКБССР. З канца 1921 на нелегальнай рабоце ў Польшчы. Адзін з арганізатараў КЛЗБ і Мінскай школы КПЗБ. У 1923—25 упаўнаважаны ЦК КПП пры ЦККПЗБ. У кастр. 1925 зняволены польск. ўладамі. Са студз. 1928 у СССР. Чл.ЦК КПП у 1923—27 і з 1931. Чл. Палітбюро ЦК КПП у 1923—25 і ў 1935. Чл. Бюро ЦККПЗБ і яго прадстаўнік пры ЦККП(б)Б у 1934—35. У 1937 рэпрэсіраваны. Рэабілітаваны.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МІ́НХ (Бурхард Крыстоф) (Хрыстафор Антонавіч; 9.5.1683, г. Ольдэнбург, Германія — 27.10.1767),
расійскі ваен. і дзярж. дзеяч. Ген.-фельдмаршал (1732), граф (1728). Да 1721 інжынер у арміях шэрагу краін Зах. Еўропы, у т. л. ў польска-саксонскай арміі. З 1721 на рас. службе, інж.-генерал. Па даручэнні Пятра I кіраваў буд-вам шлюза на р. Тосна, Абводнага і Ладажскага каналаў. З 1728 ген.-губернатар Інгерманландыі, Карэліі і Фінляндыі. У час біронаўшчыны прэзідэнт (з 1732) Ваен. калегіі. У 1734 кіраваў аблогай і ўзяццем Гданьска, дзе знаходзіўся прэтэндэнт на прастол Рэчы Паспалітай Станіслаў Ляшчынскі. У рус.-тур. вайну 1735—39 камандаваў рас. войскамі ў Крыме і Бесарабіі. Дамагаўся адмены аўтаноміі Левабярэжнай Украіны (меў там буйныя маёнткі), імкнуўся стаць «кіраўніком Маларосіі». Дапамог фаварыту імператрыцы Ганны Іванаўны герцагу Э.І.Бірону стаць рэгентам (да ліст. 1740). Аднак у ліст. 1740 М. са згоды «правіцельніцы» Рас. імперыі Ганны Леапольдаўны арыштаваў Бірона і саслаў у Пялым (Зах. Сібір). У 1742 адпраўлены імператрыцай Лізаветай Пятроўнай у ссылку, дзе правёў 20 гадоў.
Літ.:
Анисимов Е.В. Россия в середине XVIII в.: Борьба за наследие Петра. М., 1986.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МЛАДАТУРЭ́ЦКАЯ РЭВАЛЮ́ЦЫЯ 1908,
рэвалюцыя ў Турцыі супраць дэспатычнага рэжыму султана Абдул-Хаміда II, за ўсталяванне ў краіне канстытуцыйнага ладу. Пачалася з ўзбр. выступлення 3.7.1908 у Македоніі войск на чале з афіцэрамі — членамі тайнай арг-цыі младатуркаў Ніязі і Энверам пад заклікам аднаўлення канстытуцыі 1876. Султан вымушаны прыняць гэта патрабаванне 24.7.1908. На выбарах у парламент б.ч. месцаў атрымала партыя младатуркаў. У крас. 1909 султан распусціў парламент і скасаваў дзейнасць канстытуцыі. У адказ верныя младатуркам войскі занялі сталіцу, скінулі Абдул-Хаміда II і абвясцілі султанам Мехмеда V. Быў ажыццёўлены шэраг рэформ, у т. л. рэарганізацыя арміі і паліцыі. Аднак з 1910 пад лозунгамі панцюркізму і панісламізму пачаліся ганенні на нетур. народы. У 1912 улада перайшла да ліберальнай арг-цыі «Свабода і згода». Пасля паражэння Турцыі ў 1-й Балканскай вайне (гл.Балканскія войны 1912—13) уладу зноў захапілі младатуркі. З 1914 у краіне фактычна ўсталявалася дыктатура трыумвірату Энвер-пашы, Талаат-пашы і Джэмаль-пашы.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МУЗЕ́Й ВАЕ́ННАЙ ГІСТО́РЫІ РЭСПУ́БЛІКІ БЕЛАРУ́СЬ Засн ў 1993 у Мінску на базе б. музея гісторыі войск Бел.ваен. акругі
(засн. ў студз. 1974). Пл. экспазіцыі каля 486,3 м², больш за 16 тыс. адзінак асн. фонду (1999),
згрупаваных па 8 аддзелах: ваен. гісторыя 6—9, 10—13, 14—16, 17—18 ст., перыяды з 19 да пач. 20 ст., 1917—41, Вял.Айч. вайны, пасляваенны. Экспануюцца муляжы зброі і ўзбраення (кальчугі, шлемы, засцерагальныя шчыты) 12—16 ст., зброя і рыштунак 18—20 ст. Прадстаўлены экспанаты часоў грамадз. вайны, стварэння Чырв.Арміі і БВА: рэчы, зброя, карты, кнігі военачальнікаў С.М.Будзённага, І.Х.Баграмяна, Г.К.Жукава, К.К.Ракасоўскага, І.Д.Чарняхоўскага, І.І.Якубоўскага, фотаздымкі, баявыя ўзнагароды воінаў-вызваліцеляў. У экспазіцыі пасляваен. часу матэрыялы і асабістыя рэчы каманд.БВА С.К.Цімашэнкі, С.С.Марахіна, В.А.Пянькоўскага і інш. Экспанаты расказваюць аб Узбр. Сілах Беларусі, пра першага Героя Беларусі У.М.Карвата, удзельнікаў ліквідацыі аварыі на Чарнобыльскай АЭС (В.А.Вадалажскага і інш.).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МЯТЛА́ (Пётр Васілевіч) (1890, в. Кухцінцы Міёрскага р-на Віцебскай вобл. — 12.8.1936),
дзеяч нац.-вызв. руху ў Зах. Беларусі. Скончыў пед. курсы ў Коўне (1912), працаваў настаўнікам. У 1914—17 у арміі. У 1917—21 настаўнічаў на радзіме. З 1921 заг. аддзела Віленскага саюза кааперацыі. Удзельнічаў у стварэнні нац.-вызв. арг-цый, бел. школ у Зах. Беларусі. У 1922 выбраны дэп. польскага сейма, уваходзіў у Беларускі пасольскі клуб. Адзін са стваральнікаў і чл.ЦКБеларускай сялянска-работніцкай грамады (БСРГ). З 1926 чл.КПЗБ. Пасля разгрому БСРГ 16.1.1927 арыштаваны і асуджаны на 12 гадоў турэмнага зняволення. У выніку абмену паліт. вязнямі з 1930 жыў у БССР. Працаваў нам.нач. планавання, нач. сектара кадраў ВСНГБССР, потым у камісіі па вывучэнні Зах. Беларусі пры АНБССР. Аўтар прац па гісторыі нац.-вызв. руху ў Зах. Беларусі, у т. л. «Аб таварыстве беларускай школы і яго барацьбе» (1932). У 1933 арыштаваны па справе т.зв.«Беларускага нацыянальнага цэнтра», прыгавораны да вышэйшай меры пакарання (заменена на 10 гадоў папраўча-прац. лагераў). Памёр у лагеры на буд-ве Беламорска-Балт. канала. У 1956 рэабілітаваны.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«ПА́МЯЦЬ»,
шматтомнае серыйнае выданне энцыклапедычнага характару гісторыка-дакументальных хронік раёнаў і гарадоў Беларусі. Выдаецца паводле пастановы ўрада Рэспублікі Беларусь «Аб выданні ў рэспубліцы кніг Памяці» на бел. мове (асобныя дакументы і матэрыялы на рус. мове). Для падрыхтоўкі рукапісаў створаны гар. і раённыя камісіі з удзелам вучоных і краязнаўцаў. Выданне пачата выд-вам «Беларуская Энцыклапедыя» імя П.Броўкі ў 1985 («Памяць. Гісторыка-дакументальная хроніка Шумілінскага раёна»). На 2000 над выданнем кніг серыі працуюць усе дзярж. выд-вы, выдадзена больш за 70 кніг. Кожная кніга мае раздзелы: «Ад часоў першабытных — 1917», «1917—1941», «1941—1945», «1945 — да нашых дзён». Цэнтр. месца ў выданні прысвечана перыяду Вял.Айч. вайны, у якім змешчаны спісы воінаў Чырв.Арміі, што загінулі ў час абароны і вызвалення раёна (горада) і пахаваны на яго тэрыторыі; воінаў-землякоў, якія загінулі ці прапалі без вестак; партызан, падпольшчыкаў, удзельнікаў антыфаш. руху, асоб, якія садзейнічалі партыз. руху і падполлю. У апошнім раздзеле вельмі значныя падраздзелы «Матэрыяльная і духоўная спадчына» і «З гісторыі населеных пунктаў». У кнізе вял. месца адведзена дакумент. матэрыялам. Кожнае выданне багата праілюстравана.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАНТО́ННЫ ПАРК,
комплекс пераправачных сродкаў, прызначаных для зборкі перавозных паромаў, навядзення наплаўных мастоў і пабудовы паромных перапраў. Знаходзіцца на ўзбраенні інж., дарожных і чыг. войск шэрагу краін, у т. л. Беларусі. Падзяляецца на лёгкія, грузападымальнасцю да 25 т, і цяжкія — 40—80 т. П.п. уключае паромныя маставыя канструкцыі (пантоны, нясучыя і праезджыя часткі, элементы прыстаней), трансп. сродкі, сродкі матарызацыі на вадзе, дапаможнае абсталяванне і інш. У самаходных П.п. (амфібійных, штурмавых) асн. элементы аб’яднаны ў машыну-амфібію. Прататыпы П.п. вядомы з даўніх часоў, напр., у галандскай арміі з пач. 17 ст. У Расіі П.п. з парусінавымі пантонамі будаваліся ў 18—19 ст. На тэр. Беларусі ў вайну 1812 П.п. выкарыстоўваліся рускімі і французскімі войскамі, напр., арміяй Напалеона I пры пераправе цераз Нёман. У 1-ю і 2-ю сусв. войны значна пашыраны. На Беларусі выкарыстоўваюцца П.п. тыпу ПМП і інш. пры рамонце мастоў, стыхійных бедствах (веснавая паводка, ліўневыя дажджы) і інш. (гл. таксама Мост ваенны).
Звяно пантоннага парка ПМП: 1 — у складзеным становішчы на транспартным сродку; 2 — у рабочым становішчы.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАРАГВА́ЙСКАЯ ВАЙНА́,
захопніцкая вайна Бразіліі, Аргенціны і Уругвая, якіх падтрымлівалі Вялікабрытанія, Францыя і ЗША, супраць Парагвая ў 1864—70. Гал. прычыны — незадаволенасць Вялікабрытаніі незалежным эканам. і знешнепаліт. курсам прэзідэнта Парагвая Ф.С.Лопеса, жаданне рабаўладальнікаў Бразіліі і бурж.-памешчыцкіх вярхоў Аргенціны пашырыць свае ўладанні за кошт Парагвая. Падставай для вайны стала няўдалая спроба Парагвая падтрымаць Уругвай у змаганні супраць браз.-арг. агрэсіі восенню 1864. Пры падтрымцы Вялікабрытаніі ўтварылася антыпарагвайская кааліцыя ў складзе Бразіліі і Аргенціны, да якіх далучыўся і пераможаны Уругвай. Ваен. дзеянні пачаліся ў снеж. 1864 прэвентыўным уварваннем парагвайскіх войск у Бразілію і да мая 1866 у асн. вяліся на тэр. Бразіліі і Аргенціны, потым парагвайцы абараняліся на сваёй тэрыторыі. Пераўзыходзячыя сілы кааліцыі нанеслі паражэнні парагвайскай арміі пры Умаіце (жн. 1868), на р. Пікісіры (снеж. 1868), занялі сталіцу краіны г. Асунсьён (студз. 1869). Парагвайцы перайшлі да партыз. вайны, якая спынілася пасля гібелі ў баі прэзідэнта Лопеса (1.3.1870). Спустошаны вайной Парагвай (загінула каля 80% насельніцтва) паводле дагавораў з Бразіліяй (1872) і Аргенцінай (1876) перадаў ім каля паловы сваёй тэрыторыі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПЕРСІ́ДСКІ ПАХО́Д 1722—23,
паход рас.арміі і флоту ў прыкаспійскія ўладанні Ірана (Персіі) у 1722—23. Мэты — забяспечыць гандл. сувязі з усх. краінамі, якія парушыліся з прычыны ірана-афг. вайны і ўнутр. нестабільнасці ў Іране, прадухіліць тур. агрэсію ў Закаўказзі і пашырыць на яго рас. ўплыў. Летам 1722 рас. войскі (44 тыс.чал.) і флот пад камандаваннем імператара Пятра I выйшлі з Астрахані і Царыцына і 3.9.1722 занялі г.Дэрбент. З прычыны восеньскіх бур, якія парушылі забеспячэнне рас. войск, запланаваны паход на Баку і злучэнне з саюзнымі войскамі цара Картлі (Грузія) Вахтанга VI і арм.каталікоса Есаі сталі немагчымымі. Пётр I пакінуў у Дэрбенце гарнізон і вярнуўся ў Астрахань. Рас. марскія дэсанты ў снеж. 1722 занялі г. Рэшт (паўд. ўзбярэжжа Каспійскага м.) у жн. 1723 — г. Баку. Вясной 1723 туркі ўварваліся ў Закаўказзе. 23.9.1723 Іран заключыў з Расіяй у С.-Пецярбургу мірны дагавор, паводле якога да Расіі адышлі ўсе іранскія ўладанні зах. і паўд. ўзбярэжжаў Каспійскага м. (у 1732 і 1735 вернуты Ірану).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПЭН ДЭХУА́Й (24.10.1898, в. Шысян, прав. Хунань, Кітай — 29.11.1974),
кітайскі ваенны і дзярж. дзеяч. Маршал КНР (1955). Герой КНДР. Скончыў афіцэрскія курсы (1923). З 1916 на ваен. службе. Удзельнік рэвалюцыі 1925—28 у Кітаі. Летам 1928 узначаліў паўстанне гаміньданаўскіх войск у прав. Хунань, стварыў 5-ы корпус Чырв.Арміі Кітая. Удзельнік Паўн.-Зах. паходу 1934—36. У час нацыянальна-вызваленчай вайны кітайскага народа супраць японскіх захопнікаў 1937—45нам.каманд. 8-й арміяй, адзін з ініцыятараў «бітвы ста палкоў». У час трэцяй грамадзянскай вайны 1946—49 камандаваў арміямі. Каманд.кіт. войскамі ў Карэйскай вайне 1950—53. З 1954 міністр абароны, нам. старшыні Дзяржсавета КНР, чл. Палітбюро ЦК Кампартыі Кітая. Быў прыхільнікам умацавання дружбы з СССР. У 1959 на 8-м (Лушаньскім) пленуме ЦК Кампартыі выступіў супраць авантурыстычнага курсу Мао Цзэдуна на «вялікі скачок», за што адхілены ад усіх пасад. У 2-й пал. 1960-х г. рэпрэсіраваны ў ходзе «культурнай рэвалюцыі» і быў пакалечаны хунвэйбінамі. Памёр у зняволенні. У 1978 рэабілітаваны.