СВЕАБО́РГСКАЕ ПАЎСТА́ННЕ 1906,

узброенае выступленне 31 ліп. —2 жн. салдат і матросаў крэпасці Свеаборг у час рэвалюцыі 1905—07 у Расіі. Рыхтавалася фінл. ваен. арг-цыяй РСДРП як ч. агульнага паўстання Балт. флоту, але пачалося стыхійна і заўчасна. Адбывалася пад заклікамі звяржэння самадзяржаўя, свабоды народа, перадачы зямлі сялянам. Салдаты і матросы (каля 2 тыс. чал.), якіх узначалілі афіцэры-бальшавікі падпаручнікі А.​П.​Емяльянаў і Я.​Л.​Каханскі, авалодалі шэрагам умацаваных астравоў і пачалі артыл. абстрэл цэнтр. часткі крэпасці, дзе знаходзіліся камендант і верная ўраду ч. гарнізона (3 роты з 10). Да паўстанцаў далучыліся атрады фін. Чырв. гвардыі (каля 200 чал.). Разлікі кіраўнікоў С.п., што на дапамогу яму хутка прыйдуць рэв. караблі Балт. флоту з Кранштата, дзе таксама мела адбыцца паўстанне, не спраўдзіліся. Кранштацкае паўстанне пачалося са спазненнем (у ноч на 2 жн.) і было адразу задушана, флот застаўся пад кантролем урада. 1 жн. браняносец «Цэсарэвіч» і крэйсер «Багатыр» пачалі жорсткую бамбардзіроўку пазіцый паўстанцаў, якія 2 жн. спынілі супраціўленне. З удзельнікаў С.п. 43 чал., у т. л. Емяльянаў і Каханскі, расстраляны, каля 1 тыс. чал. прыгавораны да катаргі, турмы і дысцыплінарных рот.

т. 14, с. 248

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БАГУШЭ́ЎСКІ (Ян) (1881 — ?),

бел. скульптар. Вучыўся ў Кракаўскай АМ у К.​Ляшчкі, 5 гадоў жыў у Швейцарыі, дзе на яго творчасць паўплываў аўстр. сецэсіён (мадэрн). Багушэўскі — адзін з актыўных членаў культ. аб’яднання «Агніска» (Мінск, 1907), удзельнік маст. выставак, дзе экспанаваліся яго работы «Мінулыя часы», «Галава Буды» і інш., створаныя пад уплывам сімвалізму. У праграмным дакладзе на абмеркаванні маст. выстаўкі (Мінск, 1911) сцвярджаў вял. грамадска-выхаваўчыя магчымасці скульптуры.

А.​К.​Лявонава.

Я.Багушэўскі. Мінулыя часы. 1911.

т. 2, с. 212

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БАЛО́ЦІНА (Анісся Давыдаўна) (1865, г. Мсціслаў — ?),

рэвалюцыянерка-народніца. У час навучання ў Маскве ўваходзіла ў гурток нарадавольцаў. 31.3.1886 арыштавана, у ліп. 1887 саслана на 8 гадоў у Сібір. За ўдзел ва ўзбр. выступленні ссыльных у Якуцку 22.3.1889 прыгаворана да пажыццёвай катаргі. Пакаранне адбывала ў вілюйскай катаржнай турме для асабліва небяспечных паліт. злачынцаў. З 1893 на вольным пасяленні. З кастр. 1897 жыла ў Шклове Магілёўскай губ. пад наглядам паліцыі. У чэрв. 1898 выехала за мяжу.

т. 2, с. 261

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АЎТАХАРЫ́Я, аўтахорыя (ад аўта... + ...харыя),

распаўсюджванне насення і спораў раслін з дапамогай прыстасаванняў самой расліны, без удзелу паветра, жывёл і інш. знешніх агентаў. Ажыццяўляецца ў 2 асн. формах: самаадвольнае ападанне пладоў і насення пад дзеяннем сілы цяжару (барахорыя) і актыўнае раскіданне насення (у радыусе ад 1 да 15 м) з плода, які лопаецца. Гэта форма аўтахарыі ўласціва пераважна сухім пладам (бабовыя, гераніевыя, віды фіялкі і інш.), а таксама некаторым сакавітым (гарбузовыя, бальзамінавыя).

т. 2, с. 122

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БАРХА́НЫ (цюрк.),

мацерыковыя дзюны, паўмесяцавыя або серпападобныя ўзгоркі з сыпкага, навеянага ветрам пяску. Характэрныя для пясчаных пустыняў. Наветраны схіл барханаў выпуклы ў плане, доўгі, пакаты (5—14°), падветраны — увагнуты, кароткі, стромкі (30—33°), пераходзіць у выцягнутыя «рогі». Выш. да 10—20 м, зрэдку 40 м. Звіваючыся, утвараюць барханныя ланцугі. Пад уздзеяннем ветру перамяшчаюцца да сотняў метраў за год.

Барханы наступаюць на аазіс у Сахары.
Да арт. Барханы. Пясчаны бархан у пустыні Каракумы.

т. 2, с. 322

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БАХЧЫСАРА́ЙСКАЕ ПЕРАМІ́Р’Е 1681,

заключана паміж Расіяй, Турцыяй і Крымскім ханствам 23 студз. ў г. Бахчысарай тэрмінам на 20 гадоў. Спыніла малавыніковую для варагуючых бакоў рус.-тур. вайну 1676—81. Паводле перамір’я дзярж. граніца паміж Расіяй і Турцыяй вызначана па р. Дняпро; за Расіяй пакідаліся гарады Кіеў, Васількоў, Трыполле (цяпер Абухаў), мястэчкі Дзедаўшчына і Радамышль; частка Кіеўшчыны, Брацлаўшчыны і Падолле пераходзілі пад пратэктарат Турцыі. Парушана і зноў адноўлена ў 1683. Анулявана Расіяй у 1686.

т. 2, с. 359

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЕЛАБАРО́ДАЎ (Афанасій Паўланцьевіч) (31.1.1903, в. Акініна-Баклашы Іркуцкай вобл., Расія — 1.9.1991),

генерал арміі (1963), двойчы Герой Сав. Саюза (1944, 1945). Скончыў Ваен. акадэмію імя Фрунзе (1936). У Вял. Айч. вайну з кастр. 1941 на Зах., Паўд.-Зах., Калінінскім, 1-м Прыбалтыйскім франтах, камандаваў дывізіяй, корпусам, арміяй. Пад яго камандаваннем войскі 43-й арміі 1-га Прыбалтыйскага фронту вызначыліся ў Віцебска-Аршанскай аперацыі 1944. У 1963—68 камандуючы войскамі Маскоўскай ваен. акругі.

А.П.Белабародаў.

т. 2, с. 378

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«БЕЛАРУ́С НА ВА́РЦЕ»,

часопіс. Выдаваўся ў ліст. 1943 — чэрв. 1944 у Мінску на бел. мове пад кантролем герм. акупац. улад. Прызначаўся для беларусаў, якія знаходзіліся на службе ў фаш. і нацыяналістычных вайсковых і ваенізаваных фарміраваннях (паліцыі, атрадах СС, СД і інш.). Усхваляў гітлераўскіх акупантаў і іх паслугачоў, прапагандаваў ідэі нацыяналізму, заклікаў беларусаў да ўзбр. барацьбы супраць сав. улады. Друкаваў артыкулы, нарысы, апавяданні пра барацьбу з партызанамі. Выйшла 10 нумароў.

С.​У.​Жумар.

т. 2, с. 389

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЕЛАРУ́СКІ НАЦЫЯНА́ЛЬНЫ ЦЭНТР у Берліне,

палітычная арг-цыя. Створаны 19.6.1941 на нарадзе прадстаўнікоў Беларускага прадстаўніцтва ў Берліне і Бел. к-та самапомачы, які ўзначальваў М.​Шчорс. У кіраўніцтва цэнтрам ўваходзілі Р.​Астроўскі, В.​Гадлеўскі, В.​Тумаш, Ч.​Ханяўка, А.​Шкуцька, М.​Шкялёнак. Асн. мэта — стварэнне бел. дзяржавы пад ням. пратэктаратам. На пач. Вял. Айч. вайны спыніў сваё існаванне. Яго члены займалі розныя пасады ў акупац. апараце гітлераўцаў на тэр. Беларусі, Польшчы, Расіі.

т. 2, с. 454

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«БЕЛОРУ́ССКАЯ ЖИЗНЬ»,

штодзённая грамадска-паліт. газета праваакцябрысцкага кірунку. Выдавалася 9(22).2.1909 і з 1(14).1 да 9(22) 8.1911 у Вільні на рус. мове. Стаяла на пазіцыях заходнерусізму. Адмаўляла самабытнасць бел. народа, лічыла беларусаў «вялікай рускай большасцю Паўночна-Заходняга краю». Выступала за паступовую замену бел. мовы рускай, называла бел. пісьменнікаў і інш. дзеячаў нац. культуры палякамі, якія апрануліся ў бел. світку. З 10(23).8.1911 выходзіла пад назвай «Северо-Западная жизнь».

т. 3, с. 80

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)