ЛУ́ПІКАЎ (Сяргей Агафонавіч) (26.10.1923, в. Бяседавічы Хоцімскага р-на Магілёўскай вобл. — 31.3.1995),

поўны кавалер ордэна Славы. У Вял. Айч. вайну на фронце з 1943. Пам. камандзіра разведвальнага ўзвода сяржант Л. вызначыўся на тэр. Польшчы ў 1944 у баях за крэпасць Асавец, у 1945 узвод на чале з Л. за 3 дні баёў нанёс значныя страты ворагу ў жывой сіле і разведаў пераправу цераз р. Ісача, чым садзейнічаў уступленню сав. войск у Гдыню. Пасля вайны да 1982 у нар. гаспадарцы.

т. 9, с. 372

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛУЧКО́ (Клара Сцяпанаўна) (н. 1.7.1925, с. Гутава Палтаўскай вобл., Украіна),

расійская актрыса. Нар. арг. СССР (1985). Скончыла Усесаюзны ін-т кінематаграфіі (1948). З 1948 у Т-ры-студыі кінаакцёра ў Маскве. Выкананне вылучаецца шчырасцю і лірычнасцю. Сярод роляў — у кінафільмах: Даша Шэлест («Кубанскія казакі», 1950), Ліда («Вялікая сям’я», 1954), Ядвіга («Чырвонае лісце», 1958), Мары д’Агу («Ферэнц Ліст», 1972); у тэлефільмах: Клаўдзія Пухлякова («Цыган», 1979), Нуйкіна («Мы, ніжэйпадпісаныя», 1980), Мадлен («Куфэрак Марыі Медычы», 1981) і інш. Дзярж. прэмія СССР 1951.

т. 9, с. 378

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛЯШКО́ЎСКАЯ (Алена Канстанцінаўна) (1864, г. Ягор’еўск Маскоўскай вобл. — 12.6.1925),

руская актрыса. Нар. арт. Рэспублікі (1924). Скончыла Муз.-драм. вучылішча Маскоўскага філарманічнага т-ва (1888). З 1888 у Малым т-ры. Яркая камедыйная актрыса, іграла ролі свецкіх «драпежніц», какетак, інтрыганак: Глафіра, Лідзія Чабаксарава («Ваўкі і авечкі» і «Шалёныя грошы» А.​Астроўскага) і інш. Тонкім гумарам, абаяннем было прасякнута яе выкананне ролей Дыяны («Сабака садоўніка» Лопэ дэ Вегі), Катарыны («Утаймаванне свавольніцы» У.​Шэкспіра) і інш., стварала таксама драм. вобразы сучасніц.

т. 9, с. 438

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАЗАЛЕ́ЎСКІ (Іван Герасімавіч) (1894, в. Ванілавічы Мастоўскага р-на Гродзенскай вобл. — 7.6.1984),

бел. нар. казачнік. Меў у рэпертуары каля 35 чарадзейных казак, засвоеных вусна і з пісьмовых крыніц. Вельмі арыгінальна кантамінаваў вусныя і кніжныя сюжэты. Адна з лепшых яго казак «Разумны хлопчык» змешчана ў зб. «Чарадзейныя казкі» (ч. 1, 1973) і ў перакладзе на ням. мову ў зб. «Беларускія народныя казкі» (Берлін, 10-е выд. 1980).

Літ.:

Бараг Л.Р. Беларуская казка. Мн., 1969. С. 247.

І.​У.​Саламевіч.

т. 9, с. 505

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАЗАНЬЕ́ЛА (Masaniello, скарочанае ад Тамаза Аньела, Tommaso Aniello; чэрв. 1620, г. Пазітана, Італія — 16.7.1647),

правадыр нар. паўстання ў Неапалі ў чэрв. 1647, накіраванага пераважна супраць ісп. панавання; рыбак. Зачэпкай да паўстання паслужыла ўвядзенне падатку на садавіну. Паўстанцы спалілі падатковыя дакументы, аблажылі палац віцэ-караля і абвясцілі М. капітанам народа Неапаля. Да іх далучыліся сяляне, жыхары шэрагу паўд. італьян. гарадоў. Віцэ-кароль пайшоў на перагаворы і адмяніў падатак, адначасова арганізаваў забойства М. Паўстанне было задушана толькі ў крас. 1648.

т. 9, с. 508

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАЛА́Я МЯДЗВЕ́ДЗІЦА (лац. Ursa Minor, бел. нар. назва Малы Воз),

каляпалярнае сузор’е Паўн. паўшар’я неба. 7 гал. зорак размяшчэннем нагадваюць коўш з ручкай. Найбольш яркая зорка — α М.М., ці Палярная зорка, 2-й зорнай велічыні — знаходзіцца непадалёку ад Паўн. полюса свету (на адлегласці каля 1°), з’яўляецца арыенцірам пры вызначэнні напрамку на Пн. 20 зорак сузор’я ярчэй 6-й зорнай велічыні. На тэр. Беларусі М.М. відаць круглы год. Гл. Зорнае неба. Іл. гл. да арт. Вялікая Мядзведзіца.

т. 10, с. 15

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МА́ЛІНКАВА ((Malinkowa) Ката) (н. 1.5.1931, Бацёнь, Германія),

сербалужыцкая перакладчыца. Працавала выкладчыцай рус. мовы ў школе, у газ. «Nowa doba» («Новы час»), у Доме сербалужыцкага нар. мастацтва. Перакладае творы рус., класічнай л-ры, чэш. і ням. пісьменнікаў. На верхнялужыцкую мову пераклала асобныя творы В.​Адамчыка, П.​Броўкі, Я.​Брыля, В.​Быкава, А.​Жука, У.​Караткевіча, М.​Лынькова, І.​Мележа, Б.​Сачанкі, Я.​Скрыгана, І.​Чыгрынава, І.​Шамякіна і інш. (зб. бел. апавяд. «Дзівак з Ганчарнай вуліцы», 1980).

А.​П.​Траяноўскі.

т. 10, с. 33

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАЛЫ́Я АЎЦЮКІ́,

вёска ў Калінкавіцкім р-не Гомельскай вобл., каля вадасх. Аўцюкі, на аўтадарозе Калінкавічы — Гомель. Цэнтр сельсавета. За 12 км на У ад г. Калінкавічы, 110 км ад Гомеля, 5 км ад чыг. ст. Галявіцы. 978 ж., 458 двароў (1999). Лясніцтва. Сярэдняя школа, Дом культуры, б-ка, аддз. сувязі. Брацкая магіла сав. воінаў і партызан. Помнік землякам, якія загінулі ў Вял. Айч. вайну. У вёсцы праводзіцца Усебел. фестываль нар. гумару (1 раз у 2 гады).

т. 10, с. 41

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАРКО́ЎНІК (Anthriscus),

род кветкавых раслін сям. парасонавых. Каля 20 відаў. Пашыраны ў Еўразіі. На Беларусі 2 віды М.; лясны (A. sylvestris, нар. назвы ствольны цвет, вадзяны кроп) і цьмянцовалісты, або кервель (A. cerefolium). Трапляюцца ў хмызняках, гаях, каля жылля.

Адна-, двух- і шматгадовыя травяністыя расліны. Сцёблы граністыя. Лісце складанарассечанае. Кветкі дробныя, белыя, жаўтаватыя ў парасонавых суквеццях. Плод — падоўжаны віслаплоднік. Культывуюць М. цьмянцовалісты як вострапрыпраўную расліну. Лек., агароднінныя, вострапрыпраўныя, меданосныя, эфіраалейныя расліны.

У.​П.​Пярэднеў.

Маркоўнік лясны.

т. 10, с. 119

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАРО́ЗАЎ (Уладзімір Міхайлавіч) (н. 12.2.1933, С.-Пецярбург),

расійскі спявак (бас). Нар. арт. СССР (1981). Скончыў Ленінградскую кансерваторыю (1960). У 1959—89 саліст Марыінскага т-ра. Сярод партый: Дасіфей, Варлаам («Хаваншчына», «Барыс Гадуноў» М.​Мусаргскага), Грозны («Пскавіцянка» М.​Рымскага-Корсакава), Мефістофель («Фауст» Ш.​Гуно), Пётр I («Пётр I» А.​Пятрова), Бястужаў і Мікалай I («Дзекабрысты» Ю.​Шапорына), Андрэй Сакалоў («Лёс чалавека» І.​Дзяржынскага), Важак («Аптымістычная трагедыя» А.​Холмінава). Дзярж. прэмія Расіі 1974. Дзярж. прэмія СССР 1976.

У.В.Мароз.

т. 10, с. 125

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)