ГЯЧЭ́ВІЧ (Гечан-Гячэвіч) Вінцэнт

(Вікенцій Іванавіч; 5.4.1770—19.3.1840),

дзярж. дзеяч Рэчы Паспалітай і Рас. імперыі. З 1788 крайчы Вілейскага ваяводства, з 1791 член цывільна-вайск. парадкавай камісіі ваяводства (з 1792 старшыня яго аддзялення). З 1795 на царскай службе: засядацель земскіх судоў, падкаморы Вілейскага пав. і інш. Займаўся размежаваннем Мінскай і Віленскай губ. З 25.10.1816 мінскі віцэ-губернатар, з 31.12.1818 мінскі цывільны губернатар. Тайны саветнік (1831). 26.2.1831 прызначаны сенатарам.

У.​П.​Крук.

т. 5, с. 555

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДАБРЫ́НІН (Міхаіл Кузьміч) (23.1.1889, г. Рослаўль Смаленскай вобл., Расія — 8.7.1955),

рускі і бел. літ.-знавец. Д-р філал. н. (1951), прафесар. Скончыў Смаленскі ун-т (1924). Працаваў у Маскоўскім ун-це (1930—31), Дзярж. ін-це тэатр. мастацтва імя Луначарскага (1931—37) і інш. ВНУ Масквы, Мінска, Ін-це сусв. л-ры імя М.​Горкага. Даследаваў бел. стараж. л-ру, творчасць некат. рус. пісьменнікаў.

Тв.:

Беларуская літаратура: Старажытны перыяд. Мн., 1952.

т. 5, с. 560

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДАНСКО́Й (Марк Сямёнавіч) (6.3.1901, г. Адэса, Украіна — 21.3.1981),

расійскі кінарэжысёр і сцэнарыст. Нар. арт. СССР (1966). Герой Сац. Працы (1971). Скончыў Сімферопальскі ун-т (1924). З 1925 працаваў у кіно. Яго творчасць адметная стварэннем каларытных чалавечых характараў і лёсаў, яркіх быт. сцэн: трылогія «Дзяцінства Горкага», «У людзях», «Мае універсітэты» (1938—40), «Вясёлка» (1944), «Няскораныя» (1945), «Сельская настаўніца» (1947), «Дарагой цаной» (1958), «Фама Гардзееў» (1959). Дзярж. прэмія СССР 1941, 1946, 1948, 1968.

т. 6, с. 48

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГЕ́ЛЬВІХ (Пётр Аўгуставіч) (19.12.1873, г. Віцебск — 7.5.1958),

генерал-маёр артылерыі (1940), вучоны ў галіне балістыкі і тэорыі стральбы. Д-р тэхн. н. (1938), праф. (1935), лаўрэат Дзярж. прэміі СССР 1941. У арміі з 1892. Скончыў Міхайлаўскую артыл. акадэмію (1903). Да 1917 выкладчык у гэтай акадэміі. З 1918 палкоўнік Гельвіх у Чырв. Арміі. Да 1943 выкладчык у Ваен. акадэміі імя Дзяржынскага. Да 1953 у Гал. артыл. упраўленні Сав. Арміі.

т. 5, с. 143

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЗАКАНАДА́ЎСТВА,

1) адзін з асноўных метадаў ажыццяўлення дзяржавай сваіх функцый, які выяўляецца ў выданні органамі дзярж. улады законаў.

2) Сукупнасць прававых норм, якія рэгулююць грамадскія адносіны ў цэлым, або адзін з відаў грамадскіх адносін (цывільнае, крымін., зямельнае З. і г.д.). У Рэспубліцы Беларусь паняцце «З.» звычайна ўключае: Канстытуцыю Рэспублікі Беларусь, канстытуцыйныя законы, законы і пастановы Нац. сходу Рэспублікі Беларусь, дэкрэты, распараджэнні і ўказы Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь, пастановы СМ Рэспублікі Беларусь.

т. 6, с. 504

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЗАКАНАДА́ЎЧАЯ ЎЛА́ДА,

сістэма дзярж. органаў, якія маюць права выдаваць законы. Ў адпаведнасці з тэорыяй раздзялення ўлад адна з трох улад, якія ўраўнаважваюць у дзяржаве адна адну. У дэмакр. дзяржавах З.ў. можа ажыццяўляцца спец. заканадаўчымі органамі (парламент, мясц. заканадаўчыя асамблеі), а таксама і непасрэдна выбарчым корпусам (палітычна дзеяздольнымі грамадзянамі) шляхам рэферэндуму; ў некаторых выпадках і органамі выканаўчай улады — у парадку дэлегаванага заканадаўства. У Рэспубліцы Беларусь З.ў. належыць Нацыянальнаму сходу Рэспублікі Беларусь.

т. 6, с. 504

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЗАХО́ДНІ ШТАБ ПАРТЫЗА́НСКАГА РУ́ХУ ў Вялікую Айчынную вайну,

аператыўны орган пры ваен. савеце Зах. фронту па кіраўніцтве партыз. рухам і арганізацыі ўзаемадзеяння партызан з Чырв. Арміяй у паласе фронту. Створаны 30.5.1942 паводле пастановы Дзярж. к-та абароны. 5.10.1942 перайменаваны ў прадстаўніцтва ЦШПР на Зах. фронце, 2.7.1943 — у Смаленскі штаб партыз. руху, 4.1.1944 — у аператыўную групу БШПР на Зах. фронце. Начальнікі штаба С.​С.​Бельчанка, Дз.​М.​Папоў, А.​А.​Прохараў.

т. 7, с. 18

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЗУ́ЕВА (Настасся Платонаўна) (17.12.1896, с. Спаскае Тульскай вобл., Расія — 23.3.1986),

руская актрыса. Нар. арт. СССР (1957). Скончыла школу драм. мастацтва (1915). З 1916 у трупе МХАТа. Створаныя ёй вобразы вылучаюцца своеасаблівай індывідуальнасцю, яркай характарнасцю: Матрона («Уваскрэсенне» паводле Л.​Талстога), Каробачка («Мёртвыя душы» М.​Гогаля), Міс Уордл («Піквікскі клуб» паводле Ч.​Дзікенса), Фяклуша, Уліта («Навальніца», «Лес» А.​Астроўскага), Анфіса («Тры сястры» А.​Чэхава) і інш. Дзярж. прэмія СССР 1952.

т. 7, с. 118

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ІАВА́НАВІЧ ((Јовановић) Слабадан) (21.11.1869, г. Нові-Сад, Сербія — 12.12.1958),

сербскі дзярж. дзеяч, гісторык. Скончыў юрыд. ф-т у Жэневе (1890). У 1897—1941 праф. Бялградскага ун-та. У 1941 нам. прэм’ер-міністра ва ўрадзе Д.​Сімовіча. У студз. 1942 — чэрв. 1943 кіраўнік эмігранцкага каралеўскага ўрада ў Лондане. З мая 1946 старшыня эмігранцкай арг-цыі Югаслаўскага нац. к-та. Аўтар шэрагу прац па гісторыі Сербіі з 1838 да 1903.

т. 7, с. 137

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ІГНА́ЦЬЕЎ (Рудольф Веньямінавіч) (н. 8.9.1941, г. Вічуга Іванаўскай вобл., Расія),

бел. кларнетыст. Засл. арт. Беларусі (1992). Скончыў Бел. кансерваторыю (1969). З 1967 артыст, з 1976 саліст (1-ы кларнетыст) Дзярж. акад. сімф. аркестра Рэспублікі Беларусь. Выконвае сола для кларнета ў творах класікаў і сучасных, у т. л. бел., кампазітараў (М.​Аладава, А.​Багатырова, Я.​Глебава, Дз.​Смольскага, Я.​Цікоцкага і інш.). У 1972—80 выкладаў у Мінскім муз. вучылішчы.

т. 7, с. 163

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)