ФУ́НКЦЫЯ ў фізіялогіі,

форма дзейнасці, характэрная для жывой структуры на клетачным, тканкавым, органавым і сістэмным узроўнях, а таксама на ўзроўні цэласнага арганізма.

Асн. Ф. жывой структуры на любым узроўні — пастаянны абмен рэчываў і абмен энергіі, з якімі звязаны праявы жыццядзейнасці (рост, развіццё, размнажэнне, харчаванне і інш.). Адаптацыйна-трафічная Ф. органа (сістэмы органаў) — прыстасаванне арганізма да змен умоў існавання шляхам рэгуляцыі абмену рэчываў і ўзбуджальнасці яго органаў і тканак; бар’ерная — Ф. тканак і органаў па ахове арганізма або яго асобных частак ад уздзеяння змен навакольнага асяроддзя і па захаванні адносна пастаяннага складу, фізіка-хім. і біял. уласцівасцей унутр. асяроддзя арганізма; генератыўная — Ф. арганізма па ўзнаўленні сабе падобнага. Парушэнні Ф. праяўляюцца аслабленнем дзейнасці органа або тканкі (гіпафункцыя), павышанай дзейнасцю органа, тканкі, сістэмы арганізма (гіперфункцыя), неадэкватнасцю рэакцыі жывой структуры на ўздзеянне раздражняльнікаў (дысфункцыя).

Т.​І.​Жукоўская.

т. 16, с. 502

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЧА́ВУСКІ ПАВЕ́Т,

адм.-тэр. адзінка на Беларусі ў 18—20 ст. Утвораны 2.4.1777 у складзе Магілёўскай губ. Цэнтр — г. Чавусы. З 23.12.1796 у Беларускай губ., да яго далучаны прылеглыя часткі скасаваных Копыскага і Старабыхаўскага пав. З 27.2.1802 зноў у Магілёўскай губ. з аднаўленнем межаў 1777; мелася 5 мястэчак: Горы, Дрыбіна, Расна, Сухары, Чэрнеўка. З 1861 падзяляўся на 9 валасцей: Галянёўскую, Гарадзецкую, Гладкаўскую, Горскую, Дрыбінскую, Радамскую, Расненскую, Чавускую, Чэрнеўскую. У 1897 пл. 2168 кв. вёрст, каля 88,7 тыс. дал., у т. л. 78 тыс. праваслаўных, 2,5 тыс. католікаў, 7,5 тыс. іудзеяў. З іх у г. Чавусы пражывала каля 5 тыс. чал., у мястэчках — каля 6,9 тыс. чал. 8.4.1918 Горская вол. перададзена Горацкаму пав. З 26.4.1919 павет у складзе Гомельскай губ. 4.5.1922 скасаваны, яго тэр. падзелена паміж Магілёўскім і Горацкім пав.

В.​Л.​Насевіч.

т. 17, с. 202

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЧАЙБАЛСА́Н Харлагійн [8.2.1895, Цэцэнханскі (Усходні) аймак, Манголія — 26.1.1952], мангольскі дзярж. дзеяч. Маршал МНР (1936). Двойчы Герой МНР (1941, 1945). Вучыўся ў вучылішчы пры Іркуцкім настаўніцкім ін-це (1914—17), у ваен. акадэміі ў Маскве (1923—24). Адзін з арганізатараў Манг. нар.-рэв. партыі (МНРП, 1921), неаднаразова выбіраўся чл. ЦК МНРП, яго Прэзідыума і Палітбюро. З 1924 галоўнакамандуючы Манг. нар.-рэв. арміяй (МНРА). З 1928 на кіруючых дзярж. пасадах. З 1939 прэм’ер-міністр МНР. Быў галоўнакамандуючым МНРА пры сумесных аперацыях сав. і манг. войск у час Халхінгольскага канфлікту 1939 і Маньчжурскай аперацыі 1945. У Вял. Айч. вайну адзін з арганізатараў кампаніі па аказанні матэрыяльнай дапамогі Чырв. Арміі, у т. л. танк. калоны «Рэвалюцыйная Манголія» і авіяэскадрыллі «Мангольскі арат». Імем Ч. наз. горад у Манголіі. На Пленуме ЦК МНРП (1988) асуджана яго дзейнасць, якая прывяла да масавых рэпрэсій і беззаконнасці ў краіне.

т. 17, с. 205

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЭЛЕГІ́ЧНЫ ДВУВЕ́РШ,

у антычнай літаратуры 2-радковая страфа верша, у якой 1-ы радок — гекзаметр, 2-і — пентаметр. Звычайна выражаў закончаную думку. Ужываўся ў элегіях, эпіграмах, эпітафіях, афарыстычных выказваннях. Шырока выкарыстоўваўся ў лацінамоўнай паэзіі Беларусі («Песня пра зубра» Міколы Гусоўскага). У еўрап. паэзію перайшоў у змененым выглядзе (згодна з законамі сілаба-тонікі на месцы ранейшых доўгіх складоў у гекзаметры і пентаметры сталі націскныя, на месцы кароткіх — ненаціскныя). Да Э.д. звярталіся І.​Гётэ, Ф.​Шылер, А.​Пушкін, А.​Фет, І.​Франко і інш. У бел. паэзію яго ўвёў М.​Багдановіч:

З нізкага берага дно акіяна
  вачам не даступна, —
Глуха ўкрыла яго
  сіняя цемень вады.
Але ўзбярыся ўгару на вяршыну
  прыбрэжнай страмніны, —
Кожны каменьчык на дне, пэўна,
  пабачыш ты стуль.
    («Пентаметры»)

У сучаснай бел. паэзіі Э.д. амаль не сустракаецца.

В.​П.​Рагойша.

т. 18, кн. 1, с. 82

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЭЛЕКТРАЁМІСТАСЦЬ,

фізічная велічыня, якая характарызуе здольнасць правадніка (сістэмы праваднікоў) назапашваць і ўтрымліваць зарад электрычны.

Э. адасобленага правадніка залежыць ад яго формы, памераў, дыэлектрычнай пранікальнасці асяроддзя і роўная C = Q/φ, дзе Q і φ — зарад і патэнцыял правадніка адносна бясконца аддаленага пункта. Узаемная Э. двух праваднікоў роўная адносінам эл. зараду, які пераносіцца з аднаго правадніка на другі, да змены рознасці іх эл. патэнцыялаў, што пры гэтым узнікае. У прыватнасці, Э. кандэнсатара электрычнага C = Q/(φ1−φ2), дзе Q — зарад кандэнсатара, а φ1 і φ2 — патэнцыялы яго абкладак. Э. ізаляванай сферы ў вакууме, патэнцыял якой φ = Q 4π ε0 R , вызначаецца яе радыусам R: C = 4πε0R, дзе ε0 — электрычная пастаянная. Э. вымяраецца маставымі вымяральнымі прыладамі (фарадметрамі), звычайна метадам параўнання невядомай Э. з эталоннай. Адзінка Э. ў сістэме СІ — фарад.

т. 18, кн. 1, с. 86

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДАНАТЭ́ЛА (Donatello; сапр. Даната ды Нікала ды Бета Бардзі; Donato di Niccolò di Betto Bardi; каля 1386, г. Фларэнцыя, Італія — 13.12.1466),

італьянскі скульптар эпохі ранняга Адраджэння. У 1404—07 вучыўся ў майстэрні Л.Гіберці. Працаваў пераважна ў Фларэнцыі, а таксама ў Сіене, Рыме, Падуі і інш. Адным з першых у Італіі творча выкарыстаў вопыт ант. пластыкі і прыйшоў да стварэння класічных формаў і відаў рэнесансавай скульптуры — новага тыпу статуі і скульпт. групы, насценнага надмагілля, манумент. коннага помніка, жывапіснага рэльефу. У яго творчасці ўвасобіліся ўласцівыя мастацтву Адраджэння пошукі новых выразных сродкаў, цікавасць да рэальнасці з усёй яе разнастайнасцю, імкненне да ўзвышанага абагульнення і гераічнай ідэалізацыі. Раннія творы Д. вызначаюцца гатычнай скаванасцю формаў, больш познія — яснай тэктонікай пластычных мас, сілай і спакойнай веліччу (статуя св. Марка для фасада царквы Арсанмікеле ў Фларэнцыі, 1411—13). Рэльефы адметныя вял. глыбінёй прасторы («Баляванне Ірада» на бронзавай купелі сіенскага баптыстэрыя, 1423—27; рэльефы Старой сакрысціі царквы Сан-Ларэнца ў Фларэнцыі, 1434—43). Да найб. вядомых яго твораў належаць таксама алтар «Дабравешчанне» (т.зв. алтар Кавальканці, каля 1428—33, царква Санта-Крочэ, Фларэнцыя), кафедра для пеўчых фларэнційскага сабора (1433—39), статуя «Давід» (1430-я г.) — першая выява аголенага цела ў статуарнай пластыцы Адраджэння. У Падуі стварыў першы свецкі манумент — конны помнік кандацьеру Гатамелату (1447—53) і вял. скульптурны алтар для царквы Сан-Антоніо (1446—50), упрыгожаны рэльефнымі сцэнамі. Познія творы Д. абвострана экспрэсіўныя, пазначаныя рысамі духоўнага надлому (група «Юдзіф і Алаферн», каля 1456—57, пл. Сіньёрыі; рэльефы кафедраў царквы Сан-Ларэнца, 1460-я г., усе ў Фларэнцыі).

Данатэла. Давід. Бронза. 1430-я г.

т. 6, с. 35

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЕЎРАЗІ́ЙСТВА,

ідэйна-палітычная і філас. плынь у рас. эміграцыі 1920—30-х г. Пачаткам руху стаў выхад зб. «Выйсце да Усходу» (Сафія, 1921) групы маладых рус. вучоных-эмігрантаў. Гіст.-філас. і геапаліт. дактрына Е., услед за ідэямі позніх славянафілаў, ва ўсім супрацьпастаўляла гіст. лёсы, задачы і інтарэсы Расіі і Захаду і трактавала Расію як «Еўразію». Асн. тэарэтыкі — М.С.Трубяцкой, Г.​В.​Флароўскі, Л.П.Карсавін, П.​М.​Савіцкі, Г.У.Вярнадскі. Мэта Е. — стварыць новую ідэалогію, здольную асэнсаваць тое, што адбылося з Расіяй пасля Кастр. рэвалюцыі 1917, і абгрунтаваць метады дзеяння «для адраджэння Айчыны» на аснове трывалага Саюза ўсходнеславянскіх народаў — рускіх, украінцаў, беларусаў. Тэрыторыю Расіі (СССР) еўразійцы разумелі як непаўторную гіст. і геагр. індывідуальнасць, адметны свет, які не належыць ні да Еўропы, ні да Азіі. Агульнаметадалагічным іх прынцыпам стаў поліцэнтрызм: Еўразія не супрацьпастаўляецца ўсяму «астатняму свету», яна — не якісьці міфічны цэнтр, што дамінуе ў свеце, а адзін з сусв. цэнтраў. Асн. ідэі Е.: самабытнасць культуры (на базе велікарускай), панаванне ідэалогіі (стрыжань — праваслаўе), агульнанац. інтарэс; канцэпцыя ўлады прадугледжвала кіруючую партыю (пераемніцу бальшавікоў) як дзярж.-ідэалаг. саюз, які не супадае з дзярж. апаратам. На 1-м этапе еўразійцы ажыццявілі шэраг плённых гіст.-культ. распрацовак, але потым Е. пачало набываць усё больш паліт. афарбоўку: левае яго крыло прызнавала заканамернасць рас. рэвалюцыі і апраўдвала бальшавізм, што выклікала пратэст другой часткі еўразійцаў. У выніку некалькіх расколаў у сярэдзіне 1930-х г. Е. як арганізаваны рух спыніла сваё існаванне. У апошнія гады інтарэс да яго ідэй аднавіўся.

Літ.:

Люкс Л. Евразийство: Пер. с нем. // Вопр. философии. 1993. № 6.

В.​А.​Ярмоленка.

т. 6, с. 397

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ФАВО́РСКІ Уладзімір Андрэевіч (15.3.1886, Масква — 29.12.1964),

расійскі графік і жывапісец. Нар. маст. СССР (1963). Правадз. чл. АМ СССР (1962). Вучыўся ў студыі К.​Юона ў Маскве і ў маст. школе Ш.​Холашы ў Мюнхене (1906—07), на мастацтвазнаўчым ф-це Маскоўскага ун-та (1907—13).

Праф. ін-таў у Маскве: Вышэйшага маст.-тэхн. (1907—13), паліграф. (1930—34), выяўл. мастацтваў (1934—38), прыкладнога і дэкар. мастацтваў (1942—48). Працаваў у галіне кніжнай і станковай графікі (пераважна ксілаграфіі), манум. і тэатр.-дэкарацыйнага жывапісу. Імкненне да філас. асэнсавання жыцця вызначылі яго пошукі вобразных абагульненняў і выразнай дэкаратыўнасці. Яго творчасць садзейнічала развіццю ксілаграфіі, усталяванню прынцыпаў афармлення кнігі як адзінага маст. твора. Сярод работ: іл. да кніг — «Кніга Руф» (1925), «Слова аб палку Ігаравым» (1938, 1954, 1961), санеты У.​Шэкспіра (1948, 1952, 1955, 1960, 1964), «Барыс Гадуноў» (1956, 1960) і «Маленькія трагедыі» (1961) А.​Пушкіна; станковыя гравюры — «Кастрычнік 1917» (1928), «Ф.​М.​Дастаеўскі» (1929), «За мір» (1959); серыя «Вялікія рускія палкаводцы» (1945—47). Сярод манум. работ — афармленне фасада сав. павільёна на Сусв. выстаўцы ў Парыжы (1937), мазаіка будынка сав. пасольства ў Варшаве (1955); тэатр.-дэкарацыйныя работы — «Дванаццатая ноч» Шэкспіра (1933, у Маскоўскім Маст. т-ры 2-м) і інш. Ленінская прэмія 1962. Іл. гл. таксама да арт. Кніжная графіка.

Тв.:

О художнике, о творчестве, о книге. [М., 1966];

Рассказы художника-гравера. М., 1976.

Літ.:

Халаминский Ю.Я. В.​А.​Фаворский М., 1964;

Книга о В.​Фаворском. М., 1967.

І.​В.​Назімава.

У.Фаворскі. Плач Яраслаўны. Ілюстрацыя да кнігі «Слова аб палку Ігаравым». Разварот. 1954.

т. 16, с. 302

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЕ́ЛЬСКІЯ,

княжацкія і баярскія роды ў ВКЛ і Маскоўскім вял. княстве. Існавалі 2 роды Бельскіх, не звязаныя сваяцтвам: Бельскія-Рурыкавічы і Бельскія-Гедзімінавічы. Родапачынальнік Бельскіх-Рурыкавічаў — кн. Іван Міхайлавіч Морткін-Бельскі з роду яраслаўскіх князёў. Адзін з яго сыноў, Леў Іванавіч, выехаў у ВКЛ. Яго нашчадкі жылі да 1800 у Віленскім, Берасцейскім і інш. ваяводствах. Родапачынальнік Бельскіх-Гедзімінавічаў — Алелька (пасля хрышчэння Уладзімір), унук вял. князя ВКЛ Гедзіміна. Ён меў сыноў Алельку (пасля хрышчэння Аляксандр, родапачынальнік кн. Пінскіх і Слуцкіх — Алелькавічаў), Івана (ад яго пайшлі Бельскія) і Андрэя Уладзіміравічаў.

Іван Уладзіміравіч (? — пасля 1446), упамінаецца з 1411. Валодаў г. Белая на р. Обша (Смаленская вобл.). Быў намеснікам у Ноўгарадзе (1445—46). Меў 7 дзяцей, у т. л. сыноў Фёдара і Сямёна. Фёдар Іванавіч (?—?), сын Івана Уладзіміравіча, упамінаецца з 1476 як «князь Фюдар з Белай». Належаў да апазіцыі Казіміру IV Ягелончыку, у 1481 удзельнічаў у змове князёў супраць яго, на 2-і дзень пасля шлюбу з Ганнай Сямёнаўнай з роду князёў Кобрынскіх быў вымушаны ратавацца ўцёкамі. З 1482 у Маскве. Казімір IV Ягелончык, а пазней і яго сын Аляксандр не адпускалі Ганну з Кобрына. Спробы Фёдара Іванавіча, які стаў баярынам Маскоўскага вял. княства, вызваліць жонку вынікаў не далі. У 1493 ён спрабаваў вярнуцца ў ВКЛ, за што сасланы ў Галіч. У 1497 памілаваны, у 1498 ажаніўся з разанскай князёўнай Ганнай Васілеўнай, пляменніцай вял. кн. Івана III Васілевіча. У 1499 Фёдар Іванавіч быў ваяводам коннага войска, пасланага пад Казань. У час вайны Маскоўскай дзяржавы супраць ВКЛ 1500—03 удзельнічаў у беспаспяховай аблозе Смаленска. У 1506 зноў удзельнічаў у паходзе на Казань. Сямён Іванавіч (? — пасля 1507), сын Івана Уладзіміравіча. У 1500 незадаволены сваім становішчам у ВКЛ перайшоў з гарадамі Чарнігаў, Старадуб, Гомель, Любеч на службу да вял. кн. маскоўскага Івана III Васілевіча. Адзін з ініцыятараў войнаў Маскоўскай дзяржавы супраць ВКЛ на пач. 16 ст. Дзмітрый Фёдаравіч (каля 1500—13.1.1551), сын Фёдара Іванавіча, дзярж. дзеяч Рус. дзяржавы, баярын з 1530, ваявода. Адзін з рэгентаў пры малалетнім вял. кн. маскоўскім Іване IV. Іван Фёдаравіч (? — май 1542), сын Фёдара Іванавіча, дзярж. дзеяч Рус. дзяржавы, баярын з 1522, ваявода. З лета 1540 «першадарадца» Івана IV Грознага. На пач. 1542 скінуты Шуйскімі, сасланы на Белавозера і там забіты. Сямён Фёдаравіч (?—?), сын Фёдара Іванавіча, баярын з 1522. У 1534 уцёк у ВКЛ. Пасля ўдзельнічаў у паходах супраць Рус. дзяржавы (1535, 1541). Іван Дзмітрыевіч (? — 24.5.1571), сын Дзмітрыя Фёдаравіча, дзярж. дзеяч часоў Івана IV Грознага, баярын з 1560, ваявода. Удзельнічаў у 1563 у Лівонскай вайне 1558—83, у Земскім саборы 1566. Загінуў разам з сям’ёй у час наезду на Маскву крымскіх татар хана Даўлет-Гірэя. Акрамя таго, вядома некалькі польск. шляхецкіх родаў Бельскіх, сярод якіх у 18 ст. сустракаюцца бароны і графы, і дваранскі род Бельскіх у Расіі (выйшаў з Валыні).

Л.​Р.​Казлоў, А.​М.​Нарбут.

т. 3, с. 92

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ФРЭЙДЫ́ЗМ,

назва школ і кірункаў, якія выкарыстоўваюць вучэнне З.Фрэйда для тлумачэння псіхалогіі чалавека, з’яў культуры і грамадскага жыцця ўвогуле. Засяроджвае ўвагу на тэорыі псіхааналізу, а не на яго метадах. Агульная рыса разнастайных школ Ф. — уяўленне пра ўнутр. бессвядомыя памкненні як рухальную сілу паводзін людзей, асн. механізм іх псіхікі. Адрозненні ў поглядах фрэйдыстаў звязаны з розным разуменнем таго, якое з бессвядомых памкненняў з’яўляецца вызначальным для свядомасці і паводзін людзей, трактоўкай фрэйдаўскай тэорыі асобы (суадносін кампанентаў псіхікі «Яно», «Я» і «Звыш-Я»), Многія з паслядоўнікаў Фрэйда імкнуліся тлумачыць з’явы маралі і права, навукі і мастацтва, рэлігіі, прычыны войнаў і інш. гіст. падзей канфліктамі ў глыбінях чалавечай псіхікі. Сярод плыней Ф. вылучаюць класічны і псіхакульт. Ф., неафрэйдызм, фрэйдамарксізм і інш., прадстаўнікі якіх адны палажэнні вучэння Фрэйда крытыкуюць, другія развіваюць, распрацоўваюць новыя фрэйдысцкія тэорыі.

Сярод школ Ф. вылучаюць вучэнні, распрацаваныя А.Адлерам і К.Г.Юнгам — вучнямі Фрэйда, якія пазней адышлі ад яго тэорыі, стварылі ўласныя і далі пачатак неафрэйдызму. Прадстаўнік класічнага Ф. — лідэр псіхааналізу ў Вялікабрытаніі Г.​Фрэйд (дачка З.​Фрэйда) пашырыла разуменне ролі «Я», дапусціла магчымасць яго незалежнага функцыянавання ад «Яно», развіла базавае палажэнне псіхааналізу пра «ахоўныя механізмы» псіхікі ад станаў непакою, удакладніла фрэйдаўскія паняцці і наблізіла іх да паняццяў акад. эксперым. псіхалогіі. Сярод амер. прыхільнікаў Ф. вылучаюцца Г.​У.​Олпарт, Г.​Мюрэй, Э.​Эрыксан, Э.​Бёрн. Олпарт прызнаваў значэнне бессвядомых памкненняў, але выступаў супраць іх абсалютызацыі; на яго думку, у паводзінах здаровага чалавека гал. ролю адыгрывае рацыянальнае, і толькі неўротыкі кіруюцца імпульсамі бессвядомага. Мюрэй гал. задачу «Я» бачыў у падаўленні непажаданых імпульсаў «Яно». Эрыксан развіваў фрэйдаўскае вучэнне пра стадыяльнае развіццё асобы і падкрэсліваў значэнне сац. фактараў у пераходзе ад адной стадыі да іншай. Бёрн прызнаваў незалежнасць ад свядомасці многіх псіхічных працэсаў і засяроджваў увагу на станах «Я», звязаных са зносінамі з інш. людзьмі («аналіз узаемадзеянняў»). У сав. псіхалогіі праблемы бессвядомага даследавалі Дз.​М.​Узнадзе, В.​М.​Лейбін і інш. Узнікненне псіхакультурнага Ф. звязана з даследаваннямі К.Хорні і Э.Фрома, якія трактавалі культуру як усё грамадскае асяроддзе чалавека, што істотна ўплывае на яго, але вызначальнымі для псіхічнай дзейнасці прызнавалі «ўнутр. жыццёвыя сілы». Прадстаўнікі фрэйдамарксізму (Т.Маркузе, В.​Райх і інш.) імкнуліся да сінтэзу псіхааналізу Фрэйда і марксізму, абгрунтоўвалі агульнасць шэрагу палажэнняў гэтых вучэнняў. У 1990-я г. тэорыю бессвядомага і псіхааналізу развівалі амер. псіхолагі І.​Вайнер і Дж.​Р.​Сёрл, рас. вучоныя Лейбін, А.​М.​Руткевіч і інш.

Літ.:

Руткевич А.М. От Фрейда к Хайдеггеру. М., 1985;

Психоанализ и культура: Избр. труды Карен Хорни и Эриха Фромма: Пер. с англ. М., 1997;

Олпорт Г. Личность в психологии: Пер. с англ. М., 1998;

Берн Э. Групповая психотерапия: Пер. с англ. М., 2000;

Лейбин В.М. Классический психоанализ: история, теория, практика. М.;

Воронеж, 2001;

Вайнер И. Основы психотерапии: Пер. с англ. 2 изд. СПб., 2002;

Серл Д. Открывая сознание заново: Пер. с англ. М., 2002.

В.​Дз.​Марозаў.

т. 16, с. 490

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)