ПЕРЫ́ЯД ВАГА́ННЯЎ,
найменшы прамежак часу, праз які вагальная сістэма вяртаецца да зыходнага стану. Велічыня, адваротная частаце ваганняў. Паняцце «П.в.» выкарыстоўваюць як для перыядычных працэсаў (напр., гарманічныя ваганні), так і для працэсаў, дзе перыядычнасць парушаецца (гл. Затуханне ваганняў). Адзінка П.в. у СІ — секунда.
т. 12, с. 322
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПНЕЎМАСУПРАЦІЎЛЕ́ННЕ, пнеўмадросель,
элемент пнеўмааўтаматыкі, які перашкаджае свабоднай плыні паветра, ці інш. газу, у выніку чаго на ім ствараецца перапад ціску. Выконваецца ў выглядзе завужанага канала пастаяннага сячэння або пары «нерухомае сядло — рухомая дэталь» (напр., конус—конус, сапло—засланка). Аналаг рэзістара ў эл. ланцугу.
т. 12, с. 444
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПО́КЕЛЬСА З’Я́ВА,
змена паказчыка пераламлення святла ў крышталях, змешчаных у эл. поле, прапарцыянальная напружанасці прыкладзенага поля. Вядзе да ўзнікнення падвойнага праменепераламлення і яго змены. Выкарыстоўваецца ў сістэмах кіравання светлавымі патокамі з дапамогай эл. палёў (напр., мадуляцыя святла). Выяўлена ням. фізікам Ф.Покельсам (1894).
т. 12, с. 449
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПОРАЎТВАРА́ЛЬНІКІ,
асобныя рэчывы ці іх сумесі, якія выкарыстоўваюць для атрымання порыстых (газанапоўненых) матэрыялаў. П. з’яўляюцца арган. (т.зв. парафоры) і неарган. злучэнні (напр., гідракарбанат натрыю), што вылучаюць газы пры тэрмічным раскладанні. Выкарыстоўваюць у вытв-сці пенапластаў (гл. Газанапоўненыя пластыкі), сітаватай гумы, пенабетону і інш.
т. 12, с. 512
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РАЎНАВА́ЖНАЕ ВЫПРАМЯНЕ́ННЕ,
цеплавое выпрамяненне, якое знаходзіцца ў раўнавазе ’тэрмадынамічнай з рэчывам, напр., выпрамяненне абсалютна чорнага цела. Спектр Р.в. не залежыць ад рэчыва выпрамяняльнай сістэмы і вызначаецца толькі т-рай, аднолькавай для ўсіх частак сістэмы (г.л. Планка закон выпрамянення). Гл. таксама Кірхгофа закон выпрамянення.
т. 13, с. 377
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СКАЛЯ́Р (франц. scalaire ад лац. scalaris ступеньчаты), скалярная велічыня,
фізічная велічыня, кожнае значэнне якой (у адрозненне ад вектара) выражаецца толькі адным сапраўдным лікам. Напр., даўжыня, плошча, т-ра, час, шчыльнасць, работа. Значэнне С. можна адлюстраваць пунктам на лінейнай шкале (гл. Вось у матэматыцы).
т. 14, с. 434
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СТРАТАВУЛКА́Н (ад лац. stratum слой + вулкан), змешаны вулкан,
палігенны вулкан са слаістай будовай, конус якога складзены з патокаў зацвярдзелай лавы і намнажэнняў рыхлага матэрыялу (абломкі лавы, бомбы, лапілі). Утвараецца пры чаргаванні вылівання лаў і ўзрыўной дзейнасці вулкана (напр., Ключаўская Сопка, Расія; Фудзіяма, Японія).
т. 15, с. 200
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ТАБЛІ́ЦА (польск. tablica ад лац. tabula дошка),
пералік звестак, лічбавых даных, прыведзеных у пэўную сістэму і разнесеных па графах (клетках). Клеткі ўтвораны ад перасячэння гарыз. радкоў і верт. калонак, у іх размешчаны лічбавыя даныя, змест якіх раскрываецца загалоўкам суадноснага радка, напр., табліцы матэматычныя.
т. 15, с. 367
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ТОРС (ад італьян. torso),
скульптурнае выяўленне тулава чалавека. Ант. Т. ўяўляюць сабой часткі статуй, якія захаваліся (напр., Бельведэрскі Т., 50 г. да н.э.). З 2-й пал. 19 ст. Т. стаў самаст. відам скульптурнай кампазіцыі, якая дазваляе пластычна выяўляць фіз. структуру чалавека.
т. 15, с. 491
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ТРОФАБІЁЗ (ад троф... + ...біёз),
узаемавыгаднае сумеснае жыццё 2 відаў, якія выкарыстоўваюць у якасці корму прадукты метабалізму адзін аднаго. Напр., мурашы родаў мірміка, тапінома, лусіус, крэматагастэр ахоўваюць і гадуюць у сваіх гнёздах розных насякомых (цыкад, афід, какцыд, вусеняў матылёў) і жывяцца іх выдзяленнямі.
т. 15, с. 529
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)