Дамінік (? — раней 25.2.1804), клавесініст і педагог. У 1757—72 працаваў пры двары гетмана Браніцкага ў Беластоку (Польшча), даваў прыватныя ўрокі музыкі. Часта выязджаў у Слонім, з 1778, верагодна, жыў у ім стала (1.1.1779 заключыў з М.К.Агінскім кантракт на 8 гадоў, паводле якога абавязваўся навучаць прыгонных ігры на клавікордах). Працаваў да 1804 у муз. школе пры Слонімскай капэле Агінскага. Ева (1760, Беласток — ?), спявачка і педагог. Дачка Дамініка. З 1.1.1779 працавала ў Слонімскім тэатры Агінскага. Паводле кантракта павінна была вучыць прыгонных спевам, а таксама выступаць у операх і камедыях. У 1780 спявала ў оперы «Тэлемак». У сак. 1785 пакінула Слонім разам з мужам, прыдворным спеваком М.Лазарыні.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГРАМА́ДСКАЯ НЕБЯСПЕ́КАў крымінальным праве,
аб’ектыўная прыкмета злачынства ці іншага правапарушэння, якая выяўляе шкоднасць такіх паводзін для грамадства, нанясенне або рэальную пагрозу нанясення істотнай шкоды пануючым у ім грамадскім адносінам, спосабу жыцця. Шкода можа быць паліт., эканам., фіз., маральная; яна можа быць нанесена правам і законным інтарэсам грамадзян, парадку кіравання, грамадскаму парадку і г.д. Грамадская небяспека дзеяння або бяздзеяння пэўнага віду абумоўлівае сац. патрэбу ў яго забароне пад пагрозай адпаведнай адказнасці. У залежнасці ад характару і ступені грамадскай небяспекі дзеянне разглядаецца заканадаўствам як злачынства ці правапарушэнне (адм., цывільна-прававое, працоўнае). Ступень і характар грамадскай небяспекі злачынстваў пакладзены ў аснову іх класіфікацыі і ўлічваюцца пры вызначэнні віду і памеру пакарання. Гл. таксама Адміністрацыйнае правапарушэнне, Злачынства.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГРО́ДЗЕНСКАЕ РЭА́ЛЬНАЕ ВУЧЫ́ЛІШЧА,
агульнаадукацыйная сярэдняя навуч. ўстанова. Засн. ў Гродне ў вер. 1907. Уваходзіла ў склад Віленскай навучальнай акругі. Выкладаліся рус., польск., ням. і франц. мовы, геагр., прыродазнаўства, гісторыя, заканазнаўства, матэматыка, фізіка, касмаграфія, музыка, маляванне, чарчэнне, асновы ваен. навукі, гімнастыка. У ім працавалі выпускнікі з ун-таў Варшавы, Масквы, Пецярбурга, Полацкай настаўніцкай семінарыі і інш. Выпускнікі вучылішча мелі льготы пры паступленні ў вышэйшыя тэхн. і с.-г.навуч. ўстановы, на фізіка-матэм. ф-ты ун-таў. Утрымлівалася за кошт казны і збораў за навучанне. У 1907/08 навуч.г. мела 2 класы (49 вучняў), у 1914/15 — 7 класаў (311 вучняў). У 1915 у сувязі з ваен. дзеяннямі пераведзена ў г. Калуга. У 1917 ліквідавана.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БРЫТА́НСКІ МУЗЕ́Йу Лондане,
адзін з буйнейшых музеяў свету. Засн. ў 1753, адкрыты ў 1759 (будынак узведзены ў 1823—47 у стылі класіцызму, арх. Р. і С.Смёрк). У ім зберагаюцца помнікі першабытнага мастацтва (гал. чынам Брытанскіх а-воў), мастацтва і культуры Стараж. Егіпта, Месапатаміі (у т. л. Разецкі камень, старажытнасці г. Ур), Грэцыі і Рыма (скульптуры з Парфенона і Галікарнаскага маўзалея, збор ваз, камеяў і інш.), краін і народаў Еўропы, Азіі, Афрыкі, Амерыкі, Акіяніі, багатыя зборы гравюр, малюнкаў, манет і медалёў. У бібліятэцы Брытанская музея больш за 7 млн. кніг, каля 105 тыс. рукапісаў, у т. л.стараж.-егіпецкія папірусы, бел. выданні Ф.Скарыны [«Кнігі царстваў» (Прага, 1518), «Псалтыр», «Апостал» (Вільня, 1525)] і «Манархія турэцкая» П.Рыка (Слуцк, 1678).
Брытанскі музей у Лондане. Галоўны фасад. Архітэктары Р. і С. Смёрк.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЕ́ЕВА Людміла Панцялееўна (13.11.1926, с. Шчучча Варонежскай вобл., Расія),
рускі філосаф. Д-рфілас.н. (1968), праф. (1970). Скончыла Маскоўскі ун-т (1950), працавала ў ім. З 1976 у Ін-це філасофіі Расійскай АН. Даследуе філас. праблемы чалавека, асобы і грамадства, дыялектыку сац. і індывідуальнага ў развіцці асобы, суадносіны дэтэрмінацыі і свабоды ў развіцці духоўнага свету чалавека, змест і структуру сац. асяроддзя асобы. У даследаваннях сац. быцця асобы асаблівую ўвагу засяроджвае на праблемах яе суб’ектыўнага свету, актыўнасці, творчай прыродзе і самастойнасці працэсаў станаўлення, выбару і пошукаў уласнага месца ў свеце, ролі ўнутр. дэтэрмінацыі развіцця. Даследуе таксама рус.філас. антрапалогію.
Тв.:
Человек: деятельность и общение. М., 1978;
Общественный прогресс и гуманизм. М., 1985;
Человек как высшая ценность и главное богатство общества. М., 1991.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БУ́ФЕРНАСЦЬ ГЛЕ́БЫ,
уласцівасць глебы перашкаджаць змяненню сваёй актыўнай кіслотнасці (pH) пры ўздзеянні кіслот або шчолачаў.
Абумоўлена наяўнасцю ў ёй калоідаў, якія маюць здольныя да абмену іоны: іоны вадароду вызначаюць буфернасць у адносінах да шчолачаў, а іоны асновы — да кіслот. Глебавы раствор валодае буфернай уласцівасцю, калі ў ім ёсць солі моцнай асновы (натрыю, калію, кальцыю) і слабых, пераважна арган. кіслот (гумінавай, вугальнай і інш.), у сумесі са слабай кіслатой, у якой ёсць агульны з соллю аніён. Буфернасць глебы залежыць звычайна ад калоіднай і глеістай фракцый глебы. Найб. буферныя багатыя гумусам глебы цяжкага грануламетрычнага складу: чарназёмныя, тарфяністыя і інш. Расліны адмоўна рэагуюць на рэзкія ваганні pH глебы, таму буфернасць глебы адыгрывае вял. ролю ў іх росце і развіцці; яе можна павысіць унясеннем арган. ўгнаенняў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЭР Мікалай Дзмітрыевіч (8.1.1864, С.-Пецярбург — 17.3.1926),
рускі хормайстар, кампазітар і збіральнік нар. песень. Скончыў Пецярбургскую кансерваторыю (1889). У 1892—1917 хормайстар Вял.т-ра ў Маскве. Апошнія гады жыў у Ельні; арганізаваў муз. школу, мемарыяльны пакой М.Глінкі ў Смаленскім музеі. Разам з У.М.Дабравольскім вёў збіральніцкую дзейнасць на Смаленшчыне, запісаў каля 500 песенных мелодый да сабраных ім тэкстаў (частка запісаў у фондах Дзярж.літ. музея ў Маскве; 13 напеваў змешчана ў кн. Л.Кан-Новікавай «М.І.Глінка. Новыя матэрыялы і дакументы», вып. 1, 1950). Запісы Б. выяўляюць характэрнае для Смаленшчыны інтанацыйнае перапляценне рус. і бел. песенных культур. Аўтар рамансаў, апрацовак цыганскіх песень для голасу і фп.
Літ.:
Бандарчык В.К. Гісторыя беларускай этнаграфіі XIX ст.Мн., 1964. С. 186.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВА́КУУМу квантавай тэорыі поля,
асноўны (энергетычна найніжэйшы) стан квантавых палёў, узбуджэнні якога супастаўляюцца адпаведным элементарным часціцам. Характарызуецца мінім. энергіяй, нулявымі імпульсамі, момантам імпульсу, эл. зарадам і інш.квантавымі лікамі. Пад вакуумам разумеюць таксама стан поля, дзе адсутнічаюць якія-н. рэальныя часціцы.
Флуктуацыі вакууму тыпу часціца — антычасціца абумоўліваюць спантаннае выпрамяненне атамаў, рассеянне святла па святле, зрух атамных узроўняў, экранаванне эл. зараду і антыэкранаванне каляровага зараду ў квантавай хромадынаміцы (т.зв. асімптатычная свабода). Вакуум можа мець іншую сіметрыю, чым ураўненні зыходнай квантавай тэорыі (напр., В.Хігса, θ — вакуум). Вакуум нагадвае кандэнсаванае асяроддзе, таму ў ім могуць адбывацца палярызацыя, фазавыя пераходы і інш. эфекты, якія вывучаюцца і ў шэрагу выпадкаў з высокай дакладнасцю пацверджаны эксперыментальна.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДАВЫ́ДЗЬКА Генадзь Браніслававіч (н. 29.9.1955, г. Сянно Віцебскай вобл.),
бел. акцёр, рэжысёр. Скончыў Далёка-ўсходні ін-т мастацтваў (1977, г. Уладзівасток), Бел.тэатр.-маст.ін-т (1991). У 1980—82 у Магілёўскім абл. т-ры драмы і камедыі імя В.Дуніна-Марцінкевіча. З 1982 у Нац. т-ры імя Я.Купалы. Створаныя ім вобразы каларытныя, адметныя дакладным асэнсаваннем драматургічнага матэрыялу. Сярод лепшых роляў: Усходні Вучоны («Тутэйшыя» Я.Купалы), Драгун («Парог» А.Дударава), Малюцін («Апошні журавель» Дударава і А.Жука), Мужык («Страсці па Аўдзею» У.Бутрамеева), Флар’яна («Валенсіянскія вар’яты» Лопэ дэ Вэгі), Тарцюф («Тарцюф» Мальера). Ажыццявіў пастаноўкі: «Смех лангусты» Дж.Марэла, «Звон — не малітва» І.Чыгрынава (1992), «Гульня ў джын» Д.Кобурна (1933). Стваральнік і кіраўнік т-ра «Бульвар смеху» (1995).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДАГАВО́Р АБ КО́СМАСЕ 1967,
міжнароднае пагадненне аб прынцыпах дзейнасці дзяржаў па даследаванні і выкарыстанні касм. прасторы, у т. л. Месяца і інш. нябесных цел. Шматбаковы дагавор, у ім удзельнічае больш за 100 дзяржаў, у т. л. Рэспубліка Беларусь. Адкрыты для падпісання ў Маскве, Вашынгтоне і Лондане 27.1.1967. БССР падпісала дагавор 10.2.1967, ратыфікавала яго 23.6.1967. Паводле дагавора, даследаванне і выкарыстанне касм. прасторы павінна ажыццяўляцца ў інтарэсах усіх краін. Касм. прастора не падлягае нац. прысваенню: ёй могуць карыстацца ўсе дзяржавы. Дзяржавы-ўдзельніцы дагавора абавязваюцца не выводзіць на арбіту вакол Зямлі аб’екты з ядз. зброяй, не размяшчаць такую зброю на нябесных целах і ў касм. прасторы. Месяц і інш. нябесныя целы павінны выкарыстоўвацца выключна ў мірных мэтах.