БЯРЭ́ЗІН (Ілья Мікалаевіч) (31.7.1818, г. Перм — 3.4.1896),

расійскі вучоны-ўсходазнавец. Скончыў Казанскі ун-т (1837). Праф. Казанскага (1846—55) і Пецярбургскага (з 1855) ун-таў. Працы па гісторыі, філалогіі, археалогіі краін Блізкага і Сярэдняга Усходу, у т. л. «Унутраны лад Залатой Арды (паводле ханскіх ярлыкоў)» (1850), «Падарожжа па Усходзе» (т. 1—2, 1850—52), склаў «Граматыку персідскай мовы» (1853), выдаў «Бібліятэку ўсходніх гісторыкаў» (1849—54), «Зборнік летапісаў» іранскага сярэдневяковага вучонага Рашыдадзіна (1858—88), «Рускі энцыклапедычны слоўнік» (т. 1—16, 1873—88), «Турэцкую хрэстаматыю» (т. 1—3, 1857—90).

т. 3, с. 413

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВАЛАДЗЬКО́ (Леанід Вікенцьевіч) (2.1.1928, в. Баравое Дзяржынскага р-на Мінскай вобл. — 29.9.1978),

бел. фізік. Акад. АН Беларусі (1977, чл.-кар. 1969), д-р фізіка-матэм. н. (1966), праф. (1967). Засл. дз. нав. Беларусі (1971). Скончыў БДУ (1953). З 1956 у БДУ (з 1966 прарэктар па навук. рабоце). Навук. працы па малекулярнай спектраскапіі і люмінесцэнцыі. Распрацаваў пытанні расшыфроўкі і інтэрпрэтацыі спектраў уранілавых злучэнняў, прапанаваў метад стат. рэгістрацыі кінетыкі люмінесцэнцыі. Дзярж. прэмія Беларусі 1974.

Тв.:

Ураниловые соединения. Мн., 1981 (разам з А.​І.​Камяком, Дз.​С.​Умрэйкам).

Л.В.Валадзько.

т. 3, с. 470

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БАА́, удаў звычайны (Constrictor constrictor),

змяя падсямейства ўдаваў. 6 падвідаў. Пашыраны ў Амерыцы, пераважна ў трапічных лясах; падвід імператарскі ўдаў (Constrictor constrictor imperator) — у гарах; аргенцінскі ўдаў (Constrictor constrictor occidentalis) — у засушлівых стэпах. Жыве на глебе, па берагах рэк і ручаёў, на дрэвах.

Даўж. 2—5,5 м. Афарбоўка яркая, стракатая, з метал. бляскам. Малюнак цела вельмі разнастайны. Нараджае 3—64 дзіцяці даўж. па 0,5 м кожнае. Корміцца грызунамі, яшчаркамі, птушкамі. Маладыя асобіны добра прыручаюцца, у няволі жывуць да 10 і болей гадоў. Скура вельмі цэніцца за прыгожы ўзор.

Баа.

т. 2, с. 177

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БАВЭ́ (Восіп Іванавіч) (4.11.1784, Санкт-Пецярбург — 28.6.1834),

рускі архітэктар, прадстаўнік ампіру. Вучыўся ў Маскве, у арх. школе пры Экспедыцыі крамлёўскага будаўніцтва (1802—07).

Гал. архітэктар камісіі па аднаўленні Масквы пасля пажару 1812. Удзельнічаў у рэканструкцыі Краснай пл. (1814—17), стварэнні Тэатральнай пл. і Вял. тэатра (1820—24), Аляксандраўскага саду, Манежа і інш. Па яго праектах пабудаваны Трыумфальныя вароты (1827—34, разабраны ў 1932, адноўлены ў 1968 на Кутузаўскім праспекце), 1-я Градская бальніца, цэрквы Усіх Самотных Радасці ў Маскве (1828—33) і ў с. Архангельскае Маскоўскай вобласці (1822).

т. 2, с. 196

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БАГДАНО́ВІЧ (Анатоль Васілевіч) (28.8.1888, в. Луначарскае Верхнядзвінскага р-на Віцебскай вобласці — 2.8.1969),

бел. і рус. мовазнавец. Скончыў Варшаўскі ун-т (1913). Настаўнічаў, з 1926 выкладаў бел. мову ў БДУ. Удзельнічаў у распрацоўцы бел. арфаграфіі (сакратар Арфаграфічнай камісіі, потым Камісіі бел. літ. мовы ў Інбелкульце). На пач. 1930-х г. звольнены з працы і пад пагрозай арышту ў 1934 пакінуў Беларусь. Працаваў у пед. ін-тах Расіі і Украіны. Аўтар падручніка «Беларуская мова» (1927), «Самавучыцеля па беларускай мове» (у рукапісе), артыкулаў па пытаннях бел. і рус. моў.

т. 2, с. 204

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БАРЫ́ЧНАЯ СТУПЕ́НЬ, бараметрычная ступень,

паказчык стану атмасферы, роўны адлегласці па вертыкалі ў метрах, якая адпавядае змяненню атм. ціску на 1 гПа. З памяншэннем атм. ціску і ростам т-ры барычная ступень павялічваецца. Так, пры ціску 1000 гПа і т-ры 0 °C барычная ступень 8 м/гПа, пры ціску 500 гПа (на выш. каля 5 км) і той жа т-ры — каля 16 м/гПа. З ростам т-ры на 1 °C барычная ступень павялічваецца на 0,4%. Барычная ступень выкарыстоўваецца пры разліках па бараметрычнай формуле і пры бараметрычным нівеліраванні.

т. 2, с. 335

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БАХ (Аляксей Мікалаевіч) (17.3.1857, г. Залатаноша Чаркаскай вобл., Украіна — 13.5.1946),

расійскі біяхімік. Акад. АН СССР (1929). Герой Сац. Працы (1945). Адзін з заснавальнікаў Ін-та біяхіміі АН СССР (1935, з 1944 імя Баха), дзе быў дырэктарам. У 1939—45 акад.-сакратар Аддз. хім. навук АН СССР. Навук. працы па хімізму асіміляцыі вугляроду зялёнымі раслінамі, па праблемах акісляльных працэсаў. Стварыў новыя метады даследавання ферментаў, якія ляглі ў аснову тэхн. біяхіміі (вытв-сць хлеба, піва, апрацоўка лёну і інш.). Дзярж. прэмія СССР 1941.

Тв.:

Сборник избранных трудов. Л., 1937.

т. 2, с. 356

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЕ́ЙКЕР ((Baker) Сэмюэл Уайт) (8.6.1821, Лондан — 30.12.1893),

англійскі падарожнік, даследчык Афрыкі. У 1861—65 арганізаваў экспедыцыю ў Афрыку. З мэтай вывучэння цячэння Ніла і яго прытокаў прайшоў праз Судан і паўд. Эфіопію. У 1864 адкрыў другі выток Белага Ніла — воз. Мабуту-Сесе-Сека, вадаспад Мерчысан на р. Вікторыя-Ніл. У 1870—73 па даручэнні віцэ-караля Егіпта кіраваў егіп. ваен. экспедыцыямі, каб устанавіць гандл. кантакты з краінамі ў бас. Белага Ніла, а таксама ліквідаваць у гэтым раёне гандаль нявольнікамі. Даследаваў Кіпр (1875), падарожнічаў па Індыі, ЗША і Японіі.

т. 2, с. 375

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЕЙЛЬШТЭ́ЙН (Фёдар Фёдаравіч) (17.2.1838, С.-Пецярбург — 18.10.1906),

рускі хімік-арганік. Акад. Пецярбургскай АН (1886). Працаваў ва ун-тах Германіі (1859—66). З 1866 праф. Пецярбургскага ун-та. Навук. даследаванні злучэнняў араматычнага шэрагу: сінтэз рэчываў і правілы замяшчэння ў іх. Адзін з першых даследчыкаў каўказскай нафты. Прапанаваў рэакцыю выяўлення хлору ў арган. злучэннях (проба Бельштэйна). Складальнік шматтомнага даведніка па арган. злучэннях. З 1951 у Германіі выдаецца даведнік па арган. хіміі, названы яго імем.

Літ.:

Шмулевич Л.А., Мусабеков Ю.С. Ф.​Ф.​Бейльштейн, 1838—1906. М., 1971.

т. 2, с. 375

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЕ́КЕР ((Becker) Карл Генрых) (12.4.1876, Амстэрдам — 10.2.1933),

нямецкі гісторык ісламу, дзярж. дзеяч. Праф. Гейдэльбергскага, Гамбургскага, Бонскага і Берлінскага ун-таў, замежны чл.-кар. Рас. АН (1924). У 1910—33 выдаваў час. «Der Islam» («Іслам»). У 1921 і 1925—30 міністр па справах культаў у Прусіі. Заснаваў герм. Ісламскае т-ва, садзейнічаў рэформе вышэйшай школы, заснаваў першую Пед. акадэмію (1925), Германскую акадэмію паэзіі. Аўтар «Нарысаў па гісторыі Егіпта за ісламскім часам» (т. 1—2, 1902—03), «Даследаванняў ісламу» (т. 1—2, 1924—32) і інш.

т. 2, с. 376

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)