КРЫПТАРХІ́ЗМ (ад крыпта... + грэч. orchis яечка),

затрымка (рэтэнцыя) яечка ў працэсе апускання яго з брушной поласці ў машонку ва ўнутрывантробным перыядзе. Праяўляецца адсутнасцю ў машонцы аднаго ці абодвух яечак. Бывае сапраўдны і несапраўдны. Пры сапраўдным К. яечка знаходзіцца ў брушной поласці (абдамінальная форма), пахвінным канале (пахвінная, або інгвінальная, форма) ці за яго межамі каля вонкавага пахвіннага кольца (высокая машоначная форма); асн. прычына — парушэнне ўнутрывантробнага развіцця плода. Найчасцей бывае несапраўдны К. (псеўдарэтэнцыя, яечка мігрыруе) — нармальна апушчанае яечка доўга ці перыядычна знаходзіцца па-за машонкай пад уплывам скарачэння мышцы, што паднімае яго. Лячэнне К. кансерватыўнае (у эндакрынолага) і хірургічнае, пры заганах развіцця (гіпаплазіі) яечак, адсутнасці другасных палавых прыкмет — пажыццёвая гармонатэрапія пасля 15—16 гадоў.

т. 8, с. 519

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КРЭ́ЙЧА ((Krejča) Атамар) (н. 23.2.1921, Скрышаў, Чэхія),

чэшскі акцёр, рэжысёр. Засл. арт. Чэхіі (1958). На сцэне з 1940. У 1960-я г. ўзначальваў чэш. тэатр. авангард. У 1956—61 гал. рэжысёр Нац. т-ра ў Празе, у 1965—72 арганізатар і кіраўнік «Тэатра за бранаў», з 1991 — «Тэатра за бранаў-2». Сярод роляў: Сірано дэ Бержарак (аднайм. п’еса Растана), Дон Жуан (аднайм. п’еса Мальера), Фёдар Пратасаў («Жывы труп» Л.​Талстога), Самазванец («Барыс Гадуноў» А.​Пушкіна) і інш. Паставіў п’есы А.​Чэхава («Вішнёвы сац», «Тры сястры»), у т. л. ў Германіі, Швейцарыі, Італіі. Рэжысёрскай творчасці К. ўласцівы лірызм, схільнасць да аналізу, дакладнасць думкі.

Літ.:

Солнцева Л.П. Чехословацкий театр сегодня. М., 1962.

т. 8, с. 536

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КУНІ́ЦА,

1) апрацаваная шкурка куніцы, якая ў ВКЛ да 16 ст. выкарыстоўвалася як сродак плацяжу; агульная назва грошай.

2) Адзін з пашыраных відаў аброку (чыншу) у 15—17 ст., які плацілі кунічнікі за ўзятую ў арэнду зямлю, пчальнікі, права карыстання вадаёмамі і інш. Называлася таксама кунічная плата, кунічныя пенязі. Плата ў велікакняжацкі скарб за карыстанне мясц. насельніцтвам паляўнічымі ўгоддзямі на У Беларусі наз. кунічная даніна. К. спаганялася ў натуральным выглядзе («шэрсцю»), а з 16 ст. пералічвалася на грошы, звычайна адпавядала 12 грошам.

3) Плата нявесты-сялянкі, якая выходзіла замуж у чужую воласць. Выплачвалася грашамі, збожжам, палатном і інш. 4) Малаўжывальная назва валокі ў 16 ст.

В.​С.​Пазднякоў.

Куніца лясная.

т. 9, с. 22

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛАПЛА́СА ЎРАЎНЕ́ННЕ,

дыферэнцыяльнае ўраўненне з частковымі вытворнымі Δu(x, y, z) = 0, дзе Δ — Лапласа аператар, u(x, y, z) — шуканая функцыя. Уведзена П.Лапласам (1782) у працах па нябеснай механіцы і тэорыі гравітацыйнага патэнцыялу.

Да Л.ў. зводзіцца шэраг задач фізікі і тэхнікі, напр., яго задавальняе т-ра пры стацыянарных працэсах, патэнцыял эл.-статычнага поля па-за межамі зарадаў, гравітацыйны патэнцыял па-за межамі прыцягальных мас. У прамавугольных дэкартавых каардынатах яно мае выгляд 2u x2 + 2u y2 + 2u z2 = 0 , дзе x, y, z — незалежныя пераменныя Рашэнні Л.ў., якія маюць неперарыўныя частковыя вытворныя да 2-га парадку ўключна, наз. гарманічнымі функцыямі.

А.​А.​Гусак.

т. 9, с. 134

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛАПТА́,

руская нар. гульня з мячом. У інш. краінах да Л. падобныя гульні: бейсбол, крыкет, ойна (Румынія), песа пало (Фінляндыя). На Беларусі Л. нагадвае гульня апука.

Гуляюць у Л. 2 каманды па 7—9 чал. на роўнай пляцоўцы даўж. 50—60 і шыр. 20—30 м. Інвентар: мяч дыяметрам 6—7 см, масай 50—70 r і біта — «лапта» (палка даўж. 80—120 см). Адна каманда «б’е», другая «водзіць» Мэта гульні — ударам біты паслаць мяч як мага далей і прабегчы па чарзе да процілеглага боку і назад, за што каманда атрымлівае ачко. Калі гульца з каманды, якая «б’е» «асаляць» (зачэпяць) злоўленым мячом, каманды мяняюцца месцамі. Выйграе каманда, якая за 60 мін пабярэ больш ачкоў.

т. 9, с. 134

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛАТЭРА́НСКІЯ ДАГАВО́РЫ 1929,

пагадненні па ўрэгуляванні канфлікту паміж Італіяй і папствам з-за «Рымскага пытання». Падпісаны 11.2.1929 Б.Мусаліні і кардыналам П.​Гаспары. Складаліся з асн. дагавора, фін. канвенцыі і канкардату. У дагаворы Італія прызнавала каталіцызм «адзінай дзярж. рэлігіяй» у краіне, згаджалася на стварэнне на тэр. Рыма папскай дзяржавы — Ватыкана, прызнавала за святым прастолам права дыпламат. зносін з інш. дзяржавамі. Абвяшчалася, што «горад Ватыкан заўсёды і ва ўсякіх выпадках будзе разглядацца як тэрыторыя нейтральная і недатыкальная». Паводле фін. канвенцыі, Італія абавязвалася выплаціць Ватыкану 1750 млн. італьян. лір. Канкардат вызначаў правы і прывілеі італьян. каталіцкай царквы. Асн. дагавор дзейнічае дагэтуль. У 1984 Італія і Ватыкан зацвердзілі новую рэдакцыю канкардату, паводле якой абмежаваны прывілеі італьян. каталіцкай царквы.

т. 9, с. 158

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛЕ́СКАВІЧЫ,

возера ў Шумілінскім р-не Віцебскай вобл., у бас. р. Сечна, за 5 км на Пд ад г.п. Шуміліна. Пл. 0,72 км², даўж. 2,8 км, найб. шыр. 750 м, найб. глыб. 30,7 м, даўж. берагавой лініі 8,2 км. Пл. вадазбору 6,2 км². Схілы катлавіны выш. 20—22 м (на Пн і З 14—15 м), параслі хмызняком, на Пн разараныя. У паўд.-ўсх. ч. 2 вузкія залівы. Берагі зліваюцца са схіламі, на З нізкія, забалочаныя. Найб. глыбакаводная паўн. ч. возера, у залівах глыб. не больш за 5—6 м. Дно выслана ілам, уздоўж берагоў пясчанае. На Пд упадаюць ручаі з воз. Разван і возера без назвы, на ПнЗ злучана пратокай з воз. Круглік.

т. 9, с. 218

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛО́ЕЎСКІ МУЗЕ́Й БІ́ТВЫ ЗА ДНЯПРО́.

Адкрыты ў 1985 у г.п. Лоеў Гомельскай вобл. на базе матэрыялаў школьнага музея. Да 1990 філіял Бел. дзярж. музея гісторыі Вял. Айч. вайны. Пл. экспазіцыі 170 м², 1,2 тыс. экспанатаў асн. фонду (1999). Сабраныя матэрыялы прысвечаны бітве армій Цэнтр. фронту за Дняпро на тэр. Гомельскай вобл. ў кастр. 1943. Сярод экспанатаў падп. і франтавыя газеты, лістоўкі, матэрыялы пра дзейнасць партыз. і падп. руху ў раёне, асабістыя рэчы сакратара Гомельскага падп. абкома ЛКСМБ А.​Дз.​Рудака, камандзіра злучэння партыз. атрадаў С.А.Каўпака. Адлюстраваны ўдзел у Вял. Айч. вайне ўраджэнцаў раёна Герояў Сав. Саюза К.П.Грыба, А.П.Карпенкі, А.В.Казлова, Дз.К.Марозава, Р.С.Пінчука і Герояў Сав. Саюза, што вызначыліся пры вызваленні раёна ад ням.-фаш. захопнікаў.

В.І.Краўцова.

т. 9, с. 338

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛЮБЧА́НСКІ ПАРК,

помнік садова-паркавага мастацтва ў г.п. Любча Навагрудскага р-на Гродзенскай вобл. Створаны ў 1-й пал. 18 ст. на левым беразе р. Нёман. Парк рэгулярнага тыпу. Пл. без пладовага саду каля 4 га. У кампазіцыі парку — Любчанскі замак. На квадратным унутр. двары замка размешчаны круглы партэр з кальцавымі пасадкамі дэкар. кустоў. У канцы 18 ст. паміж вежамі скапаны абарончы вал, за ровам разбіты партэр з кветнікамі і баскеты. За імі з трох бакоў замак абкружае пладовы сад, падзелены рэгулярнай сістэмай алей. У канцы 19 — пач. 20 ст. ў парку групамі і паасобку пасаджаны экзоты. Растуць арэх шэры, хвоя веймутава, лістоўніцы еўрап. і сібірская.

В.​Р.​Анціпаў.

т. 9, с. 400

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛЯСНЫ́ ГАДАВА́ЛЬНІК,

гаспадарка, якая вырошчвае пасадачны матэрыял лясных парод для азелянення, стварэння лясных культур і ахоўных лясных насаджэнняў; таксама ўчастак зямлі, дзе гадуюць пасадачны матэрыял. Уваходзяць у лясгасы. Л.г. падзяляюць на малыя (да 5 га), сярэднія (5—15), вялікія (больш за 15) і базісныя (больш за 25 га); таксама часовыя (закладваюць паблізу будучай пасадкі на тэрмін да 5 гадоў), пастаянныя (для доўгатэрміновага выкарыстання). Пастаянныя маюць аддзяленні: чаранковых саджанцаў; пасяўное і школьнае для вырошчвання сеянцаў і саджанцаў; матачнае для атрымання матэрыялу для вегетатыўнага і насеннага размнажэння; дэндралагічнае. На Беларусі 207 Л.г. (у т. л. пастаянных 72) агульнай пл. 1405 га (1997). 3 іх найбуйнейшыя Глыбоцкі, Смаргонскі, Старобінскі, Мазырскі, Ваўкавыскі, Жлобінскі.

Г.​В.​Юзафовіч.

т. 9, с. 430

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)