ЦУКРАНО́СНЫЯ КУЛЬТУ́РЫ,

расліны, якія назапашваюць у тканках значную колькасць цукроў (пераважна цукрозу) і выкарыстоўваюцца для іх атрымання. Асн. Ц.к. — цукровы трыснёг (у тропіках і субтропіках) і цукр. буракі (ва ўмераным клімаце). Да Ц.к. адносяцца таксама цукр. клён (з соку атрымліваюць кляновы цукар), цукр. сорга, цукр. і вінная пальма, ражковае дрэва і інш.

т. 17, с. 135

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЦЫНДА́О,

горад на У Кітая, на паўд. узбярэжжы Шаньдунскага п-ва, прав. Шаньдун. 1,5 млн. ж. (1990). Трансп. вузел. Буйны марскі порт у заліве Цзяачжаўвань Жоўтага м. Прам-сць: тэкст. (баваўняная, шарсцяная, ільняная, трыкат.), трансп., радыётэхн., металургічная, хім., электронная, гумавая, харч., тытунёвая, гарбарная, цэментавая. База рыбалоўства. Марскі курорт. Акіянаграфічны НДІ. Марскі музей.

т. 17, с. 146

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЦЯЛЯ́КАВА,

вёска ва Уздзенскім р-не Мінскай вобл. Цэнтр сельсавета. За 15 км на ПнУ ад г. Узда, 50 км ад Мінска, 37 км ад чыг. ст. Негарэлае. 212 ж., 105 двароў (2003). Сярэдняя школа, Дом культуры, б-ка, аддз. сувязі. Брацкая магіла сав. воінаў і партызан. Помнік землякам, якія загінулі ў Вял. Айч. вайну.

т. 17, с. 193

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЧА́ВУСКІ МАСЛАСЫРЗАВО́Д.

Пабудаваны ў 1968—73 у г. Чавусы Магілёўскай вобл. Мае цэхі: сыраробны, маслацэх, сырны падвал і дапаможныя. З 1996 — адкрытае акц. т-ва. У 1999—2000 сыраробны і маслацэх пераабсталяваны. Асн. прадукцыя (2003): сыры цвёрдыя («Пашахонскі», «Кастрамскі»), плаўленыя («Каўбасны», сыркі «Дружба», «Шакаладны»), сыркі глазураваныя, тварожныя, ёгурты, цэльнамалочная прадукцыя, казеін, малочны цукар.

т. 17, с. 202

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЧЫЖЭ́ВІЧЫ,

вёска ў Салігорскім р-не Мінскай вобл. Цэнтр сельсавета. За 300 м на Пн ад ускраіны г. Салігорск, 130 км ад Мінска. 390 ж., 183 двары (2003). Бібліятэка. Помнік загінуўшым працаўнікам ВА «Беларуськалій». Помнік архітэктуры — Свята-Пакроўская царква (1795—1808). У 1949 каля Ч. упершыню на Беларусі былі выяўлены калійныя солі.

т. 17, с. 302

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЧЫМГА́Н,

горнакліматычны курорт ва Узбекістане ў даліне р. Чымганка (90 км ад Ташкента). Выш. над узр. м. 1400—1600 м. Клімат рэзка кантынент., лета цёплае (сярэдняя т-ра ліп. 20 °C). Асн. лек. фактар — горны клімат, спрыяльны для клімататэрапіі (для хворых на туберкулёз) і кліматапрафілактыкі. Праводзіцца таксама кумысалячэнне. Санаторый, дамы адпачынку, турбаза, гасцініца.

т. 17, с. 309

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЧЭЛЕКЕ́Н,

паўвостраў па ўсх. узбярэжжы Каспійскага м., у Туркменістане. Пл. каля 500 км². Выш. да 100 м. Утварыўся ў выніку прычлянення да берага в-ва Чэлекен з-за паніжэння ўзроўню Каспійскага м. (пасля 1937). Пераважаюць пяскі і саланчакі. Паверхня раўнінная. Радовішчы нафты, газу, азакерыту. Рыбалоўства. На Ч. — г. Хазар (да 2000 Чэлекен).

т. 17, с. 326

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ШТЫЛЬ (галанд. stil),

1) бязветранасць або слабы вецер, скорасць якога па Бофарта шкале не перавышае 0,5 м/с. Назіраецца звычайна ва ўнутр. ч. антыцыклонаў, у барычных седлавінах. У далінах і катлавінах узнікае часцей, чым на адкрытай мясцовасці са свабоднай цыркуляцыяй атмасферы.

2) Стан мора, пры якім на яго паверхні адсутнічаюць ветравыя хвалі.

т. 17, с. 478

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЭСКАДРЫ́ЛЛЯ (франц. escadrille),

1) асноўнае тактычнае і агнявое падраздзяленне авіяц. і верталётных часцей ВПС і інш. відаў узбр. сіл. Складаецца з некалькіх звёнаў (атрадаў), на ўзбраенні якіх, як правіла, аднатыпныя самалёты або верталёты (ад 10 да 24 і больш адзінак).

2) Ракетнае (зенітна-ракетнае) падраздзяленне ва ўзбр. сілах шэрагу дзяржаў (ЗША, Італія, ФРГ).

т. 18, кн. 1, с. 159

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КРАЯЗНАЎСТВА

Першыя звесткі краязнаўчага характару пра Беларусь вядомы з 15—17 ст. Яны маюцца ў летапісах і хроніках, у т. л. ў Хроніцы Быхаўца (16 ст.), «Хроніцы польскай, літоўскай, жамойцкай і ўсяе Русі» (1582), «Баркулабаўскай хроніцы» (пач. 17 ст.). Каштоўнымі краязнаўчымі крыніцамі з’яўляюцца паэма Міколы Гусоўскага «Песня пра зубра» (1523), «Зборнік прыказак і прымавак» (Любча, 1618). Звесткі апісальнага характару ёсць у шматлікіх дзённіках (дыярыушах), у мемуарах падарожнікаў, што наведвалі Беларусь у 15—17 ст. Больш грунтоўнае вывучэнне краю пачалося ў канцы 18—19 ст., калі выкарыстоўваліся багатыя зборы бібліятэк, архіваў, карцінных галерэй, нумізматычных, мінералагічных і інш. калекцый, якія меліся ў рэзідэнцыях магнатаў, пры некаторых манастырах і навуч. установах. Пры Гродзенскай урачэбнай акадэміі былі батанічны сад (першы ва Усх. Еўропе) і заалагічны музей з калекцыяй у 10 тыс. экспанатаў. У 1786 А.​Меер склаў «Апісанне Крычаўскага графства або былога староства». Краязнаўчая інфармацыя ёсць у «Гісторыі літоўскага народа» (т. 1—9, 1835—41) Т.​Нарбута, у працы М.​В.​Без-Карніловіча «Гістарычныя звесткі пра выдатныя мясціны на Беларусі з дадаткам іншых звестак, якія да яе ж адносяцца» (1855). Зборы музея братоў К.П. і Я.​П.​Тышкевічаў у Лагойску сталі асновай для стварэння Віленскага музея старажытнасцей. У Паставах К.​Тызенгаўз арганізаваў арніталагічны музей. У канцы 18 ст. Віленскі ун-т праводзіў на тэр. Беларусі батанічна-заалагічныя даследаванні. У 19 ст. разам з археалагічнымі, этнаграфічнымі і фальклорнымі даследаваннямі публікаваліся і краязнаўчыя матэрыялы. Прыкметную ролю ў станаўленні краязнаўства ў 1-й пал. 19 ст. адыгралі гурткі пры Віленскім ун-це, Віленскае т-ва дабрачыннасці, Бел. вольнае эканамічнае т-ва ў Віцебску. У 2-й пал. 19 ст. сабраны багатыя гербарыі раслін Мінскай, Гродзенскай, Магілёўскай, Віцебскай, Віленскай губ. З сярэдзіны 19 ст. вяліся кліматычныя, гідралагічныя і феналагічныя назіранні. Іх праводзілі ў Маладзечанскай і Нясвіжскай настаўніцкіх семінарыях, у многіх гімназіях. У Віцебску і Полацку былі адкрыты музеі лясной гаспадаркі. Своеасаблівымі краязнаўчымі даследаваннямі з’яўляюцца асобныя творы тагачасных паэтаў і пісьменнікаў. Вынікі краязнаўчых даследаванняў друкавалі Віленская археалагічная і археаграфічная камісіі, Паўн.-Зах. аддзел Рускага геагр. т-ва «Віленскі фармацэўтычны часопіс», «Памятныя кнігі губерняў», шматлікія календары. К.​А.​Буйніцкі склаў апісанне Зах. Дзвіны. У 1860-я г. выдадзены шматтомныя «Матэрыялы для геаграфіі і статыстыкі Расіі, сабраныя афіцэрамі Генеральнага штаба». Выйшла серыя прац Г.​К.​Крэера па геабатанічным даследаванні лугоў Магілёўшчыны. У працы бел. урачоў А.​А.​Бекарэвіча, П.​А.​Грацыянава, В.​В.​Кошалева і інш. змешчаны медыка-геагр. характарыстыкі Бабруйска, Барысава, Магілёва, Мазыра, Мінска, Навагрудка, Пінска, Рэчыцы, Слуцка і асобных паветаў. У 1901 М.​М.​Арнольд апублікаваў «Каталог насякомых Магілёўскай губерні».

У 1908 пры Мінскай епархіі створаны Мінскі царкоўны гісторыка-археалагічны камітэт, у 1911 — Віцебскае аддзяленне Маскоўскага археалагічнага ін-та, у 1912 — Мінскае т-ва аматараў прыродазнаўства, этнаграфіі і археалогіі. Выдаваліся шматлікія тэматычныя зборнікі. Матэрыялы краязнаўчага характару друкаваліся ў «Записках. Северо-Западного отдела Русского географического общества», у газ. «Наша ніва». Краязнаўчыя студэнцкія гурткі па вывучэнні Беларусі існавалі пры многіх ВНУ Расіі, у т. л. Бел. навукова-літ. гурток (1912) пры Пецярбургскім ун-це. У канцы 19 — пач. 20 ст. склалася плеяда бел. краязнаўцаў: Я.​Ф.​Арлоўскі, А.​Я.​Багдановіч, М.​В.​Доўнар-Запольскі, А.​К.​Ельскі, У.​З.​Завітневіч, Я.​Ф.​Карскі, Ю.​Ф.​Крачкоўскі, В.​Ю.​Ластоўскі, І.​І.​Луцкевіч, Ф.​В.​Пакроўскі, Е.​Р.​Раманаў, Г.​Х.​Татур, А.​М.​Уласаў і інш.

У Беларускай ССР у 1920-я г. краязнаўчыя аб’яднанні ствараліся пры навуч. і навук. установах, аддзелах нар. асветы, у т. л. Бел. вольна-эканамічнае т-ва (1921). З 1922 каардынацыйным цэнтрам краязнаўчых арганізацый стаў Ін т бел. культуры, пры якім існавала Цэнтр. бюро краязнаўства (ЦБК). У лістападзе 1924 адбылася 1-я Усебел. краязнаўчая канферэнцыя, у лютым 1926—1-ы Усебел. краязнаўчы з’езд. З кастрычніка 1925 ЦБК выдавала штомесячны час. «Наш край» (у 1930—33 «Савецкая краіна»). Выходзілі мясцовыя неперыядычныя зборнікі «Віцебшчына», «Полаччына» і інш. Удзел у краязнаўчым руху прымалі бел. пісьменнікі і вучоныя З.​Бядуля, Д.​М.​Васілеўскі, М.​І.​Гарэцкі, В.​Д.​Дружчыц, З.​Х.​Жылуновіч (Ц.​Гартны), У.​М.​Ігнатоўскі, М.​І.​Каспяровіч, Я.​Колас, К.​Крапіва, У.​І.​Пічэта, М.​М.​Улашчык, А.​А.​Шлюбскі, М.​М.​Шчакаціхін і інш. Прыродазнаўчыя кірункі курыравалі навукоўцы Бел. с.-г. акадэміі ў Горы-Горках. Вялікае значэнне краязнаўцы надавалі вывучэнню прыродных рэсурсаў Беларусі. Краязнаўчыя таварыствы рыхтавалі і выдавалі працы па краязнаўчым апісанні асобных раёнаў і акруг Беларусі: «Віцебшчына. Неперыядычны зборнік Віцебскага акруговага таварыства краязнаўства» (Віцебск, т. 1—2, 1925—28), «Случчына. Першы зборнік Слуцкага таварыства краязнаўства» (Слуцк, 1930). Да гэтага часу адносяцца працы бел. краязнаўцаў М.​В.​Азбукіна, М.​А.​Грамыкі, М.​І.​Збіткоўскага, В.​М.​Палянскай, П.​А.​Самцэвіча і інш.

Развівалася краязнаўства і ў Зах. Беларусі. У многіх гарадах існавалі філіі Польскага краязнаўчага т-ва, мясцовыя краязнаўчыя аб’яднанні, ствараліся краязнаўчыя музеі (Гродзенскі гістарычны, 1922; Пінскі, 1924; Баранавіцкі і Слонімскі, 1929). Геабатанічныя назіранні праводзілі навучэнцы бел. гімназій. Вывучэннем заходнебел. краю займаліся Бел. навук. т-ва, Бел. ін-т гаспадаркі і культуры, Бел. музей імя І.​Луцкевіча, Бел. навукова-краязнаўчае т-ва ў Латвіі (1920—40-я г.). У ліку актыўных краязнаўцаў Зах. Беларусі былі навукоўцы, мастакі, грамадскія дзеячы: Я.​Булгак, Л.​І.​Вітан-Дубейкоўскі, Я.​Н.​Драздовіч, А.​І.​Луцкевіч, М.​Манцэвіч, В.​Мароз, П.​Прадуха, У.​І.​Самойла, П.​Сергіевіч, Б.​А.​Тарашкевіч, М.​Тулейка, М.​Якімец і інш.

У пасляваенныя гады ўвага краязнаўцаў скіроўвалася пераважна на пошукавую працу: даследаванні падзей гісторыі Вял. Айч. вайны, партыз. руху на Беларусі. Адкрыты шэраг краязнаўчых музеяў: Баранавіцкі (1946), Мазырскі (1949), Слуцкі (1952), Лепельскі (1954), Мінскі (1959), Веткаўскі музей нар. творчасці (1978) і інш. У наш час краязнаўствам займаюцца Бел. добраахвотнае т-ва аховы помнікаў гісторыі і культуры, Бел. т-ва аховы прыроды, Бел. фонд культуры, Т-ва бел. мовы імя Ф.​Скарыны і інш. Вывучэнню краю спрыяюць раённыя краязнаўчыя канферэнцыі (Браслаў, Навагрудак). Акрамя краязнаўчых музеяў краязнаўчыя матэрыялы збіраюць, апрацоўваюць, захоўваюць і прапагандуюць метэаралагічныя, аграметэаралагічныя, аэралагічныя станцыі, гідраметэаралагічныя абсерваторыі, аграметэаралагічныя пасты, сельскагаспадарчыя доследныя станцыі, архівы, мясц. ведамствы і ўстановы па каранціне сельскагаспадарчых раслін і інш. Найб. масавым з’яўляецца школьны краязнаўчы рух. Пры школах працуюць краязнаўчыя гурткі, атрады следапытаў, «зялёныя» і «блакітныя» патрулі, школьныя лясніцтвы, прыродазнаўчыя музеі. Існуюць краязнаўчыя аддзелы пры некаторых бібліятэках. Вынікі краязнаўчых даследаванняў надрукаваны ў «Энцыклапедыі прыроды Беларусі» (т. 1—5, 1983—86), «Зборы помнікаў гісторыі і культуры Беларусі» (т. 1—7, 1984—88), «Энцыклапедыі літаратуры і мастацтва Беларусі» (т. 1—5, 1984—87), «Энцыклапедыі гісторыі Беларусі» (т. 1—6, 1993—2003), у шматтомнай серыі кніг «Памяць». Праблемы краязнаўства асвятляюцца ў перыяд. выданнях: часопісах «Родная прырода» (з 1972), «Беларускі гістарычны часопіс» (з 1993), «Беларуская мінуўшчына» (з 1993), «Беларускі гістарычны агляд» (з 1994), «Падарожнік» (у ім змяшчаецца дадатак «Наш край» як працяг часопіса, што выдаваўся ў 1930-я г.), у бюлетэні «Помнікі гісторыі і культуры Беларусі» (з 1970, з 1989 час. «Спадчына»), у альманахах «Магілёўская даўніна», «Палессе» і інш., у рэсп. («Краязнаўчая газета», з 2003), абл. і раённых газетах, у навукова-краязнаўчых зборніках і інш. Уклад у краязнаўства пасляваен. перыяду зрабілі А.​М.​Белакоз, А.​П.​Грыцкевіч, В.​П.​Грыцкевіч, Л.​У.​Дучыц, М.​І.​Ермаловіч, Э.​М.​Загарульскі, У.​Ф.​Ісаенка, Л.​Р.​Казлоў, У.​А.​Калеснік, А.​К.​Каўка, Г.​А.​Каханоўскі, Г.​В.​Кісялёў, Ю.​А.​Лабынцаў, А.​І.​Мальдзіс, М.​Ф.​Мельнікаў, В.​Л.​Насевіч, В.​У.​Скалабан, М.​А.​Ткачоў, М.​М.​Улашчык, Ю.​А.​Якімовіч і інш. Гл. таксама Краязнаўства.

Літ.:

Грыцкевіч В.П., Мальдзіс А.І. Шляхі вялі праз Беларусь. Мн., 1980;

Каханоўскі Г.А. Археалогія і гістарычнае краязнаўства Беларусі ў XVI—XIX стст. Мн., 1984;

Алексеев Л.В. Археология и краеведение Белоруссии XVI в. — 30-е гг. XX в. Мн., 1996.

Г.​А.​Каханоўскі, Л.​В.​Трэпет, В.​В.​Грычык, А.​М.​Іода.

т. 18, кн. 2, с. 550

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)