КАРО́БУШКІНА (Таццяна Мікалаеўна) (н. 20.7.1934, в. Кубышка Нялідаўскага р-на Цвярской вобл., Расія),
бел. археолаг. Канд.гіст.н. (1977). Скончыла БДУ (1958). З 1958 у Ін-це гісторыі Нац.АН Беларусі. Даследуе земляробства на Беларусі ў перыяд ранняга феадалізму, гісторыю насельніцтва 10—13 ст.тэр.Бел. Пабужжа. Асн. працы: «Земляробства на тэрыторыі Беларусі ў X—XIII стст.» (1979), «Археалогія Беларусі: Бібліягр. паказ. (1932—1975)» (1988), «Курганы Беларускага Пабужжа, X—XIII стст.» (1993). Адзін з аўтараў «Гісторыі Мінска» (1967), «Нарысаў па археалогіі Беларусі» (ч. 2, 1972), «Беларускай археалогіі» (1987).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАРПА́ЦКІ ЗАПАВЕ́ДНІК,
у Закарпацкай вобл., Украіна. Засн. ў 1968 для аховы прыродных комплексаў высакагор’я Усх. Карпат. Пл. 19,9 тыс.га. Вылучаюць 3 участкі: Чарнагорскі, Вугальска-Шырокалужанскі, Даліну нарцысаў. На тэр. К.з. г. Гаверла (2061 м). Характэрны яловыя і мяшаныя букава-піхтава-яловыя лясы, карэнныя букавыя (найбуйнейшыя па плошчы лясы ў Цэнтр. Еўропе). На вяршынях лугі — паланіны. Шматлікія віды жывёл утвараюць мясц. формы: карпацкія высакародны алень, казуля, вавёрка; з птушак — глушэц, даўгахвостая няясыць, цецярук, рабчык і інш. Частка К.з. ўваходзіць у склад Карпацкага прыроднага парку.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КІКЛА́ДЫ (Kyklades),
архіпелаг у паўд.ч. Эгейскага м.Тэр. Грэцыі. Больш за 200 астравоў, выцягнутых гірляндамі з ПнЗ на ПдУ. Пл. 2,6 тыс.км². Нас. 88,4 тыс.чал. (1981). Найб. астравы: Наксас (выш. да 1008 м), Андрас, Мілас, Тынас, Парас. Астравы мацерыковага паходжання, гарыстыя, складзены з крышт. парод і вапнякоў. А-вы Тыра і Мілас вулканічныя. На в-ве Каймені дзеючы вулкан. Частыя землетрасенні. Радовішчы наждаку і мармуру. Клімат міжземнаморскі. Ападкаў каля 500 мм за год. На схілах хмызнякі (фрыгана), у далінах — вінаграднікі, сады, пасевы пшаніцы, кукурузы. Жывёлагадоўля, рыбалоўства.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КЛЕРУ́ХІІ (грэч. klēruchiai ад klēros зямельны надзел + echō валодаю),
ваенна-земляробчыя пасяленні ў Стараж. Грэцыі. Засноўваліся буйнымі полісамі на тэр. падначаленых ці саюзных дзяржаў для ваен.-паліт. кантролю над імі, а таксама для надзялення зямлёй (за абавязак несці ваен. службу) беззямельных грамадзян. Найб. колькасць К. стваралася афінянамі, асабліва ў час існавання Дэласкага саюза (каля 478—404 да н.э.), іх жыхары заставаліся афінскімі грамадзянамі. К. выклікалі незадавальненне саюзнікаў і да часу стварэння Другога Афінскага марскога саюза (378/77 да н.э.) афіняне былі вымушаны ад іх адмовіцца.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КЛІ́МАВІЦКІ ПАВЕ́Т,
адм.-тэр. адзінка на Беларусі з канца 18 ст. да канца 1923. Утвораны пасля 1-га падзелу Рэчы Паспалітай (1772) у складзе Магілёўскай губ. У 1796 скасаваны, у 1802 адноўлены. Цэнтр — г.Клімавічы. Пл. 3711,4 кв. вярсты, нас. 143 287 чал. (1897). Падзяляўся на 13 валасцей, меў 543 нас. пункты, у т. л. 12 мястэчак, 36 сёл, 340 вёсак, 139 хутароў, 82 фальваркі (1908). З 1919 у складзе Гомельскай губ. РСФСР. У снеж. 1923 аб’яднаны з Чэрыкаўскім пав. у Калінінскі павет з цэнтрам у Клімавічах.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КУ́РАЧКІН (Павел Аляксеевіч) (19.11.1900, в. Горнева Вяземскага р-на Смаленскай вобл., Расія — 27.4.1990),
удзельнік баёў на Беларусі ў Вял.Айч. вайну. Герой Сав. Саюза (1945), ген. арміі (1959). Скончыў ваен. акадэміі імя Фрунзе (1932), Генштаба (1940). 3 ліп. 1941 камандуючы 20-й арміяй у складзе Зах. фронту, якая вяла абарончыя баі на тэр. Беларусі; удзельнічаў у Смаленскай бітве 1941, са жн. 1941 камандуючы 43-й арміяй, прадстаўнік Стаўкі Вярх. Галоўнакамандавання, камандуючы, нам. камандуючага Паўн.-Зах., 1-м Укр., 2-м Бел. франтамі. Да 1970 на адказных пасадах у Сав. Арміі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КУРО́РТНЫ ПАСЁЛАК,
катэгорыя населеных пунктаў гар. тыпу, у якіх не менш за 2 тыс. чалавек і на тэр. якіх размешчаны санаторыі, прафілакторыі, дамы адпачынку, пансіянаты, інш. аздараўленчыя ўстановы. На Беларусі крытэрыі аднясення населенага пункта да К.п. замацаваны ў Законе Рэспублікі Беларусь ад 5.5.1998 «Аб адміністрацыйна-тэрытарыяльным падзеле і парадку вырашэння пытанняў адміністрацыйна-тэрытарыяльнага ўладкавання Рэспублікі Беларусь». Пры аднясенні пэўнага населенага пункта да К.п. ўлічваецца таксама наяўнасць прадпрыемстваў гандлю, грамадскага харчавання і быт. абслугоўвання, культ.-асв. устаноў. На 1.1.1998 на Беларусі адзін К.п. (К.п. Нарач Мядзельскага р-на Мінскай вобл.).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛАДДЗЯ́,
старажытнае рачное і марское судна ўсх. славян. Шырока бытавала на тэр. Беларусі. Вядома з 7 ст., калі на іх перавозілі грузы па шляху «з варагаў у грэкі». Аднадрэвы човен, найчасцей з дашчанымі набоямі па баках для павелічэння памераў. З 12 ст. мела палубу. Кіравалася рулявымі вёсламі на карме і носе, рухалася з дапамогай грабных вёслаў і ветразя. Вял. Л. змяшчала 40—60 і нават 100 чал. Тэрмін «Л.» выйшаў з ужытку ў 14 ст. ў сувязі са з’яўленнем тэрміна «судна».
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛІ́НГБІ КУЛЬТУ́РА,
археалагічная культура эпохі мезаліту (9—8-е тыс. да н.э.), пашыраная на тэр. ад Паўн. Еўропы да бас.р. Прыпяць. Назва ад стаянкі Лінгбі на в-ве Зеландыя (Данія). Насельніцтва займалася паляваннем на паўн. і высакароднага аленяў, лася, дзіка і інш. Характэрныя прылады — рагавыя сякеры і грубыя несіметрычныя крамянёвыя наканечнікі дзідаў і стрэл з шырокай насадкай; вырабляліся кароткія нажы, скоблі, разцы з масіўных пласцін, падобныя да макралітычных. На Беларусі выяўлены стаянкі Л.к. каля в. Адрыжын, Опаль Іванаўскага р-на Брэсцкай вобл.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛІ́НКАЛЬН-ЦЭНТР (Lincoln Center),
комплекс устаноў мастацтваў у Нью Йорку. Размешчаны на в-ве Манхатан. Пабудаваны ў 1960-я г. пераважна на сродкі прыватных асоб (арх. У.К.Харысан). На тэр. цэнтра размешчаны зала Нью-Йоркскай філармоніі (1962), Т-р штата Нью-Йорк (1964; выступаюць нью-йоркскія гар. балет і гар. опера), Драм.т-р «Вівіян Бомант» (1965), Бібліятэка-музей выканальніцкіх мастацтваў (абодва 1965), «Метраполітэн-опера» (1966), Джульярдская муз. школа (1970). У парку каля Л.-ц. размешчана адкрытая эстрада для выступленняў вял.муз. калектываў.