ПАДДУ́БІЧЫ,

балота нізіннага і пераходнага тыпаў у Столінскім р-не Брэсцкай вобл. Беларусі (38,2 тыс. га) і ў вадазборах рэк Сцвіга і Маства ў межах Украіны. Пл. 48,2 тыс. га, у межах прамысл. пакладу — 19,5 тыс. га. Глыб. торфу да 4 м, сярэдняя 1,4 м. Запасы торфу каля 38 млн. т. На б. ч. лясы з хвоі і бярозы, растуць трыснёг, асокі, гіпнавыя і сфагнавыя імхі. Трапляюцца пясчаныя астравы і грады, парослыя пераважна хваёвым лесам.

т. 11, с. 493

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПЕГМАТЫ́Т [ад грэч. pēgma (pēgmatos) змацаванне, сувязь],

светлаафарбаваная буйназярністая вывергнутая (пераважна жыльная) горная парода. Найб. пашыраны гранітныя П. кіслага саставу, складзеныя з кварцу, мікракліну, кіслага плагіяклазу і слюд. Характэрны заканамерныя графічныя прарастанні мікракліну кварцам, т. зв. пегматытавая структура, што абумовіла назвы «пісьмовы граніт», «графічны пегматыт», «яўрэйскі камень». Крышталізуецца на заключных стадыях фарміравання інтрузіўных масіваў. Залягае ў выглядзе даек, жыл, лінзаў, гнёздаў, слупоў. З П. звязаны радовішчы рэдказямельных мінералаў, слюды, кварцу, каштоўных камянёў, керамічнай сыравіны.

т. 12, с. 252

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПРАБІ́РНЫ АНА́ЛІЗ,

метады вызначэння колькасці высакародных металаў (пераважна серабра і золата) у рудах, прадуктах іх абагачэння, сплавах і розных вырабах, у т. л. ювелірных. Заснаваны на сплаўленні пробы даследуемага матэрыялу з сухімі парашкападобнымі рэагентамі і наступным гравіметрычным аналізе атрыманага сплаву. Пробу ювелірных вырабаў (гл. Проба высакародных металаў) звычайна вызначаюць без парушэння іх цэласнасці: параўнаннем ліній, прачэрчаных вырабам і эталоннымі (т.зв. прабірнымі) іголкамі вядомага саставу на прабірным камені (брусок з чорнага або рудога тонказярністага крамяністага сланцу).

т. 12, с. 523

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПЧОЛАЖУКІ́ (Trichodes),

род жукоў сям. стракачоў. Каля 80 відаў. Пашыраны пераважна ў Паўд. паўшар’і. Каля 80 відаў. На Беларусі найб. пашыраны П. пчаліны (T. apiarius), які шкодзіць пчалярству.

Даўж. 8—25 мм. Цела прадаўгаватае, галава вялікая. Афарбоўка яркая, надкрыллі ў рознакаляровых папярочных палосах. Жукі трапляюцца на кветках раслін сям. парасонавых, складанакветных, капуставых. Кормяцца насякомымі і пылком. Лічынкі развіваюцца ў кладках саранчовых ці ў гнёздах пчол і вос, знішчаюць іх лічынак і кукалак.

Пчалажук звычайны.

т. 13, с. 147

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РАЙ,

паводле большасці рэліг. вераванняў (у хрысціянстве, ісламе, іудаізме, будызме), месца, куды адпраўляюцца душы памерлых людзей, пераважна праведнікаў. Багасловы сцвярджаюць, што Р. трэба разумець не літар., не ў фіз. сэнсе як рэальную асалоду, а як духоўнае пачуццё задаволенасці, якое перажываюць душы праведнікаў пасля смерці. У Бібліі (Стары запавет; стараж.-яўр. эдэм), Р. — прыгожы сад, у якім жылі «першачалавекі» Адам і Ева (да грэхападзення). Райскай асалодзе супрацьпастаўляюцца пакуты грэшнікаў, якія трапляюць у пекла.

т. 13, с. 270

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РАСЛІ́НЫ-ПАРАЗІ́ТЫ, паразітныя расліны,

расліны, якія поўнасцю жывяцца пажыўнымі рэчывамі жывых арганізмаў. Грыбы, водарасці і бактэрыі паразітуюць на раслінах, жывёлах і чалавеку, часта з’яўляюцца ўзбуджальнікамі інфекц. хвароб. Кветкавыя Р.-п. паразітуюць пераважна на вышэйшых раслінах. Не маюць зялёнага лісця і каранёў (рэдукаваны ў вырасты-прысоскі). З дапамогай прысоскаў яны пранікаюць у расліну-гаспадара і жывяцца гатовымі арган. рэчывамі. На Беларусі вядомы віды з родаў заразіха, павітуха, таемнік. Гл. таксама Паразітызм.

І.​В.​Чыкілеўская.

т. 13, с. 356

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РЫЗАСФЕ́РА (ад грэч. rhiza корань + sphaira шар),

слой глебы (2—3 мм), які прымыкае непасрэдна да кораня расліны і мае павышаную колькасць мікраарганізмаў. Склад мікрафлоры залежыць пераважна ад тыпу глебы, віду і ўзросту раслін. Уздзеянне мікраарганізмаў Р. разнастайнае: ператвараюць складаныя нерастваральныя злучэнні ў формы, засваяльныя раслінамі, узбагачаюць глебу азотам, сінтэзуюць біялагічна актыўныя рэчывы, выдзяляюць таксіны, удзельнічаюць у дэнітрыфікацыі, уступаюць у сімбіёз з раслінамі (гл. Клубеньчыкавыя бактэрыі, Мікарыза), некат. паразітуюць.

С.​І.​Бельская.

т. 13, с. 496

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

САКО́ТРА (Socotra, Sokotra),

група астравоў у Індыйскім ак., на У ад мыса Гвардафуй (Афрыка), тэр. Йемена. Пл. 3,6 тыс. км². Самы буйны — в-аў Сакотра (выш. да 1503 м). Складзены пераважна з крышт. парод. Клімат трапічны, сухі. Сярэднія т-ры студз. 21 °C, ліп. 28 °C. Ападкаў 250—300 мм за год. Паўпустынная расліннасць. На У і ў гарах — ксерафітная дрэвава-хмызняковая расліннасць. Вырошчванне фінікавай пальмы. Рыбалоўства. Гал. горад — Хадыбу (на в-ве Сакотра).

т. 14, с. 89

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

САЛАДЗІ́ЛЬНЯ, саладоўня,

старадаўняе гаспадарчае збудаванне, дзе прарошчвалі і сушылі зерне на солад; тып сушні. Вядома ў матэрыяльнай культуры многіх слав. народаў. На Беларусі ў 16—19 ст. будавалі (пераважна пры броварах ці асобна) драўляныя пабудовы, накрытыя драніцамі ці саломай, з маленькімі вокнамі. Складалася з 2 памяшканняў: у адным ставілі рошчыну, у другім была сушня з курнай печчу. С. былі ў многіх маёнтках і сядзібах. Часам іх выкарыстоўвалі як сушні.

Ю.​А.​Якімовіч.

т. 14, с. 97

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СВАЙГІ́НСКАЯ ГРАДА́ (ОЗ),

геамарфалагічны помнік прыроды рэсп. значэння (з 1988). Размешчана паміж вёскамі Свайгіні і Замэчак Смаргонскага р-на Гродзенскай вобл. Тыповая форма ледавіковага рэльефу, озавая града даўж. 4 км, шыр. 100 м, выш. да 20 м, пл. 0,4 км², выцягнута з Пн на Пд. Складзена пераважна з пяску, жвіру, марэннага супеску і дробных валуноў. Утварылася каля 20—17 тыс. г. назад у выніку намнажэння флювіягляцыяльных адкладаў у вузкай шчыліне ледавіка.

В.​Ф.​Вінакураў.

т. 14, с. 246

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)