АЭРАМАГНІ́ТНАЯ ЗДЫ́МКА,
метад вывучэння магн. поля Зямлі з лятальных апаратаў з дапамогай аэрамагнітометраў.
Прапанавана ў 1936 рус. вучоным А.А.Лагачовым для пошуку жал. руды па магн. анамаліях над радовішчамі. Вынікі аэрамагнітнай здымкі выкарыстоўваюцца пры складанні геал. картаў, выяўленні тэктанічных парушэнняў, пошуках радовішчаў жал. руды, баксітаў і інш. Для ўзгаднення картаў магн. поля асобных тэрыторый ствараецца адзіная апорная сетка ў абс. значэннях геамагн. Поля.
т. 2, с. 173
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АЭРАЭЛЕКТРАРАЗВЕ́ДКА,
адзін з кірункаў аэрагеафізічнай разведкі, заснаваны на даследаванні прыродных або штучна створаных электрамагнітных палёў пры дапамозе апаратуры, устаноўленай на самалёце або верталёце. Выкарыстоўваецца пры пошуках рудных целаў, лінзаў прэсных водаў, карціраванні карэнных адкладаў на глыб. да некалькіх дзесяткаў метраў. Дае магчымасць хутка абследаваць вял. плошчы, часта ў цяжкадаступных для наземнай разведкі раёнах. Упершыню выкарыстана для пошукаў карысных выкапняў у пач. 1950-х г. у Швецыі.
т. 2, с. 175
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БІУРЭ́ТАВАЯ РЭА́КЦЫЯ, рэакцыя Піятроўскага,
каляровая рэакцыя (фіялетавая афарбоўка), што атрымліваецца пры ўзаемадзеянні арган. рэчыва, у малекуле якога ёсць пептыдная (амідная) сувязь (-CO-NH-), з сернакіслай меддзю ў шчолачным асяроддзі. Выкарыстоўваецца для колькаснага і якаснага вызначэння бялкоў, а таксама прадуктаў іх гідролізу — пептонаў і пептыдаў, пачынаючы з трыпептыдаў. Упершыню апісана ў 19 ст. для простага арган. злучэння — біурэту (NH2-CO-NH-CO-NH2).
А.М.Ведзянееў.
т. 3, с. 163
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АЗО́Н,
O3, алатропная мадыфікацыя кіслароду. Газ сіняга колеру, з рэзкім пахам, tкіп -112 °C, моцны акісляльнік, у вял. канцэнтрацыях раскладаецца з выбухам, утварае азаніды. Асн. колькасць азону ў прыродзе знаходзіцца ў азанасферы Зямлі. Атрымліваюць дзеяннем эл. разраду ці УФ-выпрамянення на паветра. Выкарыстоўваюць для дэзінфекцыі вады, паветра, адбельвання тканін, мінер. масла, як бактэрыцыдны сродак. Лішак азону шкодны для жывых арганізмаў, ГДК у паветры 1 мг/м³.
т. 1, с. 170
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АКТА́НАВЫ ЛІК,
умоўная колькасная характарыстыка ўстойлівасці да дэтанацыі маторнага паліва для карбюратарных рухавікоў. Актанавы лік роўны колькасці (аб’ёмных %) ізаактану (актанавы лік прыняты за 100) у яго сумесі з н-гептанам (актанавы лік прыняты за 0). Для кожнага паліва падбіраецца эталонны эквівалент гэтай сумесі. Актанавы лік бензінаў можна павысіць на 4—15 адзінак дабаўкай да 0,1% прысадак, напр. тэтраэтылсвінцу. Звычайна бензіны маюць актанавы лік 76—98.
т. 1, с. 209
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АГРАКЛІМАТЫ́ЧНЫЯ КА́РТЫ.
Адлюстроўваюць клімат як фактар с.-г. вытв-сці. Характарызуюць комплекс агракліматычных рэсурсаў пэўных тэрыторый, кліматычныя ўмовы развіцця асобных культур, асобныя віды кліматычных рэсурсаў сельскай гаспадаркі ў зручных паказчыках (напр., сумы актыўных т-р, працягласць вегетац. перыяду), кліматычныя з’явы, небяспечныя для сельскай гаспадаркі, тэрміны вегетацыі культур. Выкарыстоўваюцца для абгрунтавання агракліматычнага раянавання, рацыянальнага выкарыстання кліматычных рэсурсаў, планавання тэрмінаў с.-г. работ і вызначэння спецыялізацыі сельскай гаспадаркі.
т. 1, с. 80
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АБРО́СІМАЎ Пётр, разьбяр і цясляр канца 17 ст. Выхадзец з Беларусі. Працаваў у Палаце разьбярскіх і сталярскіх спраў Маскоўскага Крамля, «новым пацешным двары цара» ў Аляксандравай Слабадзе. У 1682—83 кіраваў арцеллю бел. разьбяроў, якая з арцеллю К.Міхайлава выконвала разная іканастасы для Новадзявочага і Данскога манастыроў, у 1686 — для царквы Пятра і Паўла ў Маскве. Выконваў асабістыя заказы цара і царыцы (крэслы, ківоты, шуфляды, шкатулкі, падносныя сталы).
т. 1, с. 40
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АЛЬПІ́ЙСКІЯ СТРАЛКІ́,
воіны, аснашчаныя спец. рыштункам і зброяй і падрыхтаваныя для вядзення бою ў гарах. Першыя фарміраванні з’явіліся ў канцы 18 ст. ў Францыі, прызначаліся для баявых дзеянняў у Альпах (адсюль назва) і складаліся ў асн. з жыхароў горных раёнаў. Назва захавалася ў Францыі, Італіі і некаторых інш. краінах як сінонім паняццяў «горныя» і «горнапяхотныя» войскі, якія ўваходзяць у склад сухапутных войскаў (гл. таксама Горныя войскі).
т. 1, с. 281
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БРЭ́СЦКІ ЗАВО́Д БЫТАВО́Й ХІ́МІІ.
Створаны ў 1973—75 у Брэсце. З 1991 — акц. т-ва, на з-дзе дзейнічае бел.-польскае сумеснае прадпрыемства «Аўра», на іх базе створана НВА «Брэстбытхім». Дзейнічаюць цэхі: палімернай і карданажнай тары, сінт. мыйных сродкаў, напаўнення аэразольных балонаў, клеяў. Асн. прадукцыя (1995): мыйныя, пенамыйныя і для ачысткі сродкі, шампуні, ласьёны, лакі для валасоў, антыстатыкі, асвяжальнікі паветра, дэзадаранты, сіт. клеі, стымулятары росту раслін, інсектыцыды.
т. 3, с. 295
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВЕТЭРЫНА́РНАЯ ЛЯЧЭ́БНІЦА,
установа для аказання ўсіх відаў ветэрынарнай дапамогі жывёле. Асн. задачы: правядзенне прафілактычных, лячэбных і супрацьэпізаатычных мерапрыемстваў; вет. абслугоўванне гаспадарак і жывёлы, якая належыць насельніцтву; аказанне неабходнай дапамогі вет. спецыялістам інш. устаноў і гаспадарак. У комплекс тыпавых ветэрынарных лячэбніц уваходзяць: амбулаторыя (манеж, аптэка, кабінеты і інш. службовыя памяшканні), стацыянар для незаразных хворых жывёл, ізалятар і інш. Ветэрынарная лячэбніца забяспечваецца аўтамашынай «Хуткая ветэрынарная дапамога», аўтадэзустаноўкамі.
т. 4, с. 132
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)