суадносныя філас. катэгорыі. Змест — вызначальны бок цэлага, сукупнасць усіх частак (элементаў) прадмета, адзінства яго ўласцівасцей, унутр. працэсаў, сувязей, супярэчнасцей, узаемадзеянняў з іншымі прадметамі. Форма — унутр. арганізацыя, тып і структура зместу. З. і ф. знаходзяцца ў адзінстве, могуць нават пераходзіць адно ў адно, але гэтае адзінства адноснае. Змест уяўляе сабой дынамічны бок адзінага цэлага, форма, наадварот, — больш кансерватыўная. У выніку ў пэўны час узнікае супярэчнасць паміж новым зместам і старой формай, якая вырашаецца шляхам «скідвання» старой формы і заменай яе новай, адпаведнай новаму зместу. Катэгорыі З. і ф. ўпершыню распрацаваны ў стараж.-грэч. філасофіі. Першапачатковым разуменнем катэгорыі зместу было меркаванне аб існаванні нейкага пастаяннага субстрату (першаасновы ў выглядзе апейрона, матэрыі і г.д.) у адрозненне ад узнікаючага і знікаючага свету навакольных рэчаў. Форму ж разумелі як прасторава-арганізаваную структуру цела (атамісты), як нейкую цэласнасць, сутнасць быцця кожнай рэчы (Платон), як пэўнасць саміх матэрыяльных рэчаў (Арыстоцель). Арыстоцель дапускаў таксама існаванне і неаформленай матэрыі і нематэрыяльнай формы, узыходнай да «формы формаў», г.зн. да бога. У філасофіі новага часу (Дж.Бруна, Ф.Бэкан, Р.Дэкарт, Т.Гобс іінш.) быў абгрунтаваны тэзіс аб прымаце матэрыі над формай, аб адзінстве З. і ф. І.Кант засяродзіў увагу на праяўленні З. і ф. ў мысленні. Ён атаясамліваў матэрыю з пачуццёва-дадзеным зместам мыслення, з яго разнастайнасцю, а форму — з тым, што сістэматызуе гэтую разнастайнасць. Г.Гегель адхіліў метафізічны падыход да З. і ф. як самаізаляваных і ўпершыню ўсебакова раскрыў дыялектную ўзаемасувязь. К.Маркс, Ф.Энгельс, У.І.Ленін разглядалі З. і ф. з дыялектыка-матэрыяліст. пазіцый, аналізавалі гэтыя катэгорыі і ў тэарэт.і ў канкрэтнай сац.-практ. плоскасці. Катэгорыі З. і ф. маюць прынцыповае значэнне і для разумення гіст. працэсаў у цэлым, і для свядомага ўздзеяння на сац.-эканам., паліт., духоўна-маральныя адносіны ў грамадстве.
З. і ф. ў літаратуры і мастацтве характарызуюць дыялектычную структуру маст. вобраза і выступаюць у якасці крытэрыю яго эстэт. вартасці. Змест адлюстроўвае агульныя, сутнасныя тыповыя рысы прадмета, форма — яго асаблівыя, наяўныя, індывід. рысы. Звязаныя з прадметам як аб’ектам успрымання, яны адпаведна звязаны і з суб’ектам: змест суадносіцца з рацыянальным, форма — з эмацыянальным пачаткам. У эстэт. аспекце спецыфіка З. і ф. заключаецца ў іх непарыўным адзінстве і ўзаемадзеянні, могуць выступаць і як сукупнасць пэўных узроўняў маст. твора. У структуры літ.-маст. твора могуць быць вылучаны наступныя ўзроўні: моўныя гукі, марфемы, словы, тропы, сінтакс. адзінкі, моўная тканіна, кампазіцыя, сюжэт, фабула, тыпаж, характар, тэма, ідэя; у структуры жывапіснага вобраза — колеры, лініі, контуры, кампазіцыя, перспектыва, прадметы, сюжэт, тыпаж, характар, тэма, ідэя; у структуры арх. твора — колер, фактура, матэрыял, сілуэт, канструкцыя, функцыя. Пераход ад аднаго ўзроўню да другога адметны паступовасцю, запоўненасцю паміж полюсамі З. і ф., іх цэласнасцю і рухомасцю адзінства. Прамежкавыя ўзроўні суадносяцца паміж сабою як З. і ф. ў залежнасці ад іх месца ў агульнай структуры твора. Маст. твор і адпаведны яму маст. вобраз як дыялектычна супярэчлівае адзінства З. і ф. маюць зменлівы, рухомы характар. Адзінства З. і ф. можа знаходзіцца ў розных станах — гарманічнай цэласнасці, антаганістычным проціпастаўленні, перавагі зместу над формай ці наадварот. У агульнаэстэт. аспекце такія станы суадносяцца з асн.эстэт. катэгорыямі (прыгожага, агіднага іінш.). У мастацтвазнаўчым плане яны звязаны з тыпалогіяй стыляў, што змяняюцца ў пэўнай паслядоўнасці, выступаюць як адзін з асн. законаў гісторыі, мастацтва і цесна звязаны з законамі развіцця грамадства ўвогуле.
Літ.:
Аристотель. Метафизика // Соч.М., 1976. Т. 1;
Гегель Г.В.Ф. Энциклопедия философских наук. Т. 1. М., 1974;
Энгельс Ф. Анты-Дзюрынг. Мн., 1952;
Современные зарубежные концепции диалектики: Критич. очерки. М., 1987.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СПЕКТРАСКАПІЯ І ЛЮМІНЕСЦЭНЦЫЯ
Даследаванні ў галіне спектраскапіі і люмінесцэнцыі на Беларусі пачалі інтэнсіўна развівацца ў пач. 1950-х г. у АН Беларусі іБДУ па ініцыятыве А.Н.Сеўчанкі і Б.І.Сцяпанава. У наш час даследаванні вядуцца ў ін-тах фізікі, малекулярнай і атамнай фізікі, электронікі, фізікі цвёрдага цела і паўправаднікоў, агульнай і неарганічнай хіміі, фотабіялогіі Нац.АН Беларусі; на кафедрах і ў НДІ прыкладных фізічных праблем БДУ, Гродзенскім і Гомельскім ун-тах. У гэтай галіне фізікі сфарміраваліся вядомыя навук. школы М.А.Барысевіча, М.А.Ельяшэвіча, А.Н.Сеўчанкі і Б.І.Сцяпанава. Многія вынікі, дасягнутыя ў галіне спектраскапіі і люмінесцэнцыі ў 1950-я г., сталі асновай хуткага развіцця на Беларусі лазернай фізікі.
У галіне малекулярнай спектраскапіі М.А.Барысевічам і яго вучнямі (А.П.Блахін, В.У.Грузінскі, Г.А.Залеская, У.А.Павядайла, Г.Б.Талстарожаў, В.А.Таўкачоў, С.А.Ціхаміраў іінш.) устаноўлены заканамернасці фарміравання спектральна-люмінесцэнтных характарыстык малекул у газавай фазе і працякання працэсаў унутры- і міжмалекулярных узаемадзеянняў, суадносіны паміж спектрамі люмінесцэнцыі і паглынання, квантавым выхадам і працягласцю люмінесцэнцыі; распрацаваны метады вызначэння фотафізічных і тэмпературных характарыстык узбуджаных станаў малекулярных асяроддзяў; адкрыта з’ява стабілізацыі-лабілізацыі электронна-ўзбуджаных шмататамных малекул; атрыманы важныя звесткі аб кінетыцы звышхуткіх рэлаксацыйных працэсаў у газавай і кандэнсаванай фазах, а таксама ва ўмовах струменнага ахаладжэння і інш.
Б.І.Сцяпанавым і яго вучнямі (П.А.Апанасевіч, В.П.Грыбкоўскі, А.П.Казачэнка, А.С.Рубанаў, А.М.Рубінаў, А.М.Самсон іінш.) развіты эфектыўныя метады разліку і прааналізавана структура спектраў паглынання і люмінесцэнцыі малекулярных асяроддзяў з улікам вымушанага выпрамянення і цеплавога фону; дадзена фізічна абгрунтаваная класіфікацыя другаснага выпрамянення; устаноўлены універсальныя суадносіны паміж спектрамі паглынання і люмінесцэнцыі (універсальныя суадносіны Сцяпанава); развіта спектраскапія адмоўных светлавых патокаў, выяўлены заканамернасці дзеяння магутнага выпрамянення на спектральныя характарыстыкі асяроддзяў.
Пад кіраўніцтвам А.Н.Сеўчанкі выкананы даследаванні па спектраскапіі уранілавых (Л.В.Валадзько, А.І.Камяк, Дз.С.Умрэйка іінш.) і рэдказямельных (В.В.Кузняцова, Г.Я.Малашкевіч, В.С.Хаменка) злучэнняў у крышталях і растворах; устаноўлена сувязь спектральна-люмінесцэнтных уласцівасцей са структурай гэтых злучэнняў і створаны асновы спектральна-структурнага аналізу каардынацыйных злучэнняў цяжкіх металаў; распрацаваны антыстоксавы візуалізатары інфрачырвонага выпрамянення. Вяліся даследаванні па палярызаваным узбуджэнні люмінесцэнцыі, у т. л. двухфатонным узбуджэнні (В.А.Гайсёнак, А.М.Саржэўскі іінш.). Выкананы цыкл работ па даследаванні спектральнымі метадамі флуктуацый мікраструктуры і фотафізікі раствораў складаных арганічных злучэнняў (Б.А.
А.Н.Сеўчанкам і Ц.М.Годневым закладзены асновы даследаванняў па фатоніцы біялагічна важных злучэнняў тыпу хларафілу, гему і іх аналагаў (парфірынаў і металапарфірынаў). Устаноўлены шляхі перадачы паглынутай светлавой энергіі, сувязі спектраскапічных уласцівасцей з малекулярнай структурай і асаблівасці фотахімічных і цемнавых пераўтварэнняў; выяўлена і вывучана з’ява «выпальвання» спектральных правалаў (Г.П.Гурыновіч, Б.М.Джагараў, К.М.Салаўёў, М.П.Цвірка). М.А.Ельяшэвіч стымуляваў выкарыстанне метадаў радыёспектраскапіі і разам з вучнямі (Б.І.Бяляеў, Л.І.Грачыхін, Л.І.Кісялеўскі, Л.Я.Мінько, У.Я.Плюта, В.М.Снапко, У.Дз.Шымановіч іінш.) развіў спектральныя метады даследавання плазмы і дыягностыкі зямных аб’ектаў з касмічных апаратаў. Атрыманы важныя вынікі па люмінесцэнцыі бялкоў і яе выкарыстанні ў навук. даследаваннях і практыцы (І.Дз.Валатоўскі, С.В.Конеў, У.М.Мажуль, Л.Р.Пікулік, К.І.Слабажаніна, Я.А.Чарніцкі). Работы па інфрачырвонай спектраскапіі цэлюлозы, пачатыя ў канцы 1950-х І.М.Ярмоленкам, перараслі ў інтэнсіўныя даследаванні вагальных спектраў вугляводаў (мона-, ды- і поліцукрыдаў) з мэтай устанаўлення структуры і ўласцівасцей рэчываў гэтага класа (Р.Г.Жбанкоў). Метадамі спектраскапіі камбінацыйнага рассеяння, у асаблівасці гіганцкага, вывучаецца будова біялагічна актыўных рэчываў, у т. л. лекавых прэпаратаў (Г.А.Гачко, С.А.Маскевіч іінш.). На аснове спектраскапічных метадаў распрацаваны фотарэфрактыўныя і вадкія крышталі (ВК) для аптычных сістэм апрацоўкі інфармацыі (А.А.Кавалёў, У.А.Піліповіч іінш.); вывучаюцца міжмалекулярныя ўзаемадзеянні ў ВК і распрацоўваюцца ВК-матэрыялы для электрааптычных устройстваў (А.А.Мінько іінш.). Праведзена вялікая праца па ўкараненні метадаў атамнага спектральнага аналізу ў заводскіх лабараторыях (У.С.Буракоў, А.А.Янкоўскі). Вынікі даследаванняў па спектраскапіі і люмінесцэнцыі значна ўплываюць на развіццё хіміі, геахіміі, біяхіміі, экалогіі, распрацоўку вытворчых тэхналагічных працэсаў. Для правядзення даследаванняў і аналізаў метадамі спектраскапіі і люмінесцэнцыі створаны цэнтры калектыўнага карыстання высакаякасным абсталяваннем: Аддзел аўтаматызаваных спектраскапічных вымярэнняў у Ін-це малекулярнай і атамнай фізікі, Цэнтр крыягенных даследаванняў у Ін-це фізікі цвёрдага цела і паўправаднікоў і Аддзел фізіка-хімічных метадаў даследаванняў у Ін-це фізіка-арганічнай хіміі Нац.АН Беларусі. З 1964 выдаецца міжнар. часопіс «Журнал прикладной спектроскопии». Дасягненні бел. вучоных у галіне спектраскапіі і люмінесцэнцыі адзначаны Ленінскай прэміяй (М.А.Барысевіч, В.У.Грузінскі, В.А.Таўкачоў), 2 Дзяржаўнымі прэміямі СССР (А.А.Кавалёў, У.А.Піліповіч, К.М.Салаўёў), 4 Дзярж. прэміямі Беларусі (М.А.Барысевіч, А.П.Блахін, Б.А.Бушук, І.Дз.Валатоўскі, Я.С.Варапай, В.А.Гайсёнак, І.М.Гуліс, Г.П.Гурыновіч, С.В.Конеў, У.М.Мажуль, У.А.Павядайла, Л.Р.Пікулік, А.М.Рубінаў, К.М.Салаўёў, К.І.Слабажаніна, В.А.Таўкачоў, У.І.Томін, Я.А.Чарніцкі).
Літ.:
Степанов Б.И. Люминесценция сложных молекул. Мн., 1955;
Бураков В.С., Янковский А.А. Практическое руководство по спектральному анализу. Мн., 1960;
Ельяшевич М.А. Атомная и молекулярная спектроскопия. М., 1962;
Степанов Б.И., Грибковский В.П. Введение в теорию люминесценции Мн., 1963;
Жбанков Р.Г. Инфракрасные спектры целлюлозы и ее производных. Мн., 1964;
Борисевич Н.А. Возбужденные состояния сложных молекул в газовой фазе. Мн., 1967;
Кузьмицкий В.А., Соловьев К.Н., Цвирко М.П. Спектроскопия и квантовая химия порфиринов // Порфирины: спектроскопия, электрохимия, применение. М., 1987;
Воропай Е.С., Торпачев П.А. Техника фотометрии высокого амплитудного разрешения Мн., 1988;
Панов В.П., Жбанков Р.Г. Внутри- и межмолекулярные взаимодействия в углеводах. Мн., 1988;
Черницкий Е.А., Слобожанина Е.И. Спектральный люминесцентный анализ в медицине. Мн., 1989;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СЦЫ́ЛА І ХАРЫ́БДА, Скіла і Харыбда,
у старажытнагрэчаскай міфалогіі марскія пачвары, якія жылі каля вузкага праліва і падпільноўвалі мараходаў. Сцыла ўяўлялася пачварай з 6 сабачымі галовамі, трыма шэрагамі зубоў і дванаццаццю нагамі, Харыбда — у выглядзе страшэннага віру, што тройчы ў дзень усмоктваў і вывяргаў ваду. Праплыць паміж С. і Х. здолелі толькі арганаўтыіАдысей.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«ЛЕ́ВЫЯ» І «ПРА́ВЫЯ» ў палітыцы,
традыцыйныя паліталагічныя паняцці для абазначэння 2 найб. значных паліт. плыней у большасці краін свету. Тэрміны «Л.» і «п.» ўзніклі ў часы Французскай рэвалюцыі 1789—99, калі радыкальныя і кансерватыўныя дэпутаты Канвента размяшчаліся адпаведна на лаўках з левага і правага бакоў залы пасяджэнняў. З тых часоў у зах. (еўрап.) традыцыі «левымі» называюць прыхільнікаў паліт., сац.іэканам. пераўтварэнняў у інтарэсах працоўных, прыярытэту агульнадзярж. і грамадскіх інтарэсаў над асабістымі (з 2-й пал. 19 ст. пераважна носьбітаў камуніст.ісацыяліст. ідэалогіі); «правымі» адпаведна лічаць прыхільнікаў капіталізмуі захавання традыц. форм дзярж. ладу — звычайна членаў антыкамуніст. і антысацыяліст. партый і рухаў. У СССР панавала ўяўленне, што «правыя» — гэта перш за ўсё прыгнятальнікі народа, ворагі свабоды думкі і слова, а «левыя» — супрацьлеглая ім плынь прыхільнікаў вызвалення чалавека ад паліт., сац., нац.іэканам. прыгнёту. У наш час у краінах былога СССР паступова ўсталёўваецца традыц. для зах. краін падзел на «Л.» і «п.».
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АПТЫМІ́ЗМ І ПЕСІМІ́ЗМ,
процілеглыя і адначасова ўзаемазвязаныя формы ўспрымання свету, тэндэнцый і заканамернасцяў яго развіцця. Залежаць ад перавагі спрыяльных, стваральных і жыццесцвярджальных, або, наадварот, неспрыяльных і разбуральных пачаткаў. Абазначаюць веру ці нявер’е ў будучае, у здольнасць чалавецтва арганізаваць сваё жыццё на аснове ідэалаў дабра, справядлівасці і г.д. Надаюць пэўную афарбоўку розным ідэйна-паліт. плыням, ідэалогіям, філас. вучэнням, праграмам практычнага дзеяння. Аптымізм становіцца пануючым настроем у эпоху грамадскага ўздыму і пераходу да новага, больш высокага ў параўнанні з ранейшым якаснага стану. Калі пераход заканчваецца і ў грамадстве ўзнікаюць новыя праблемы і цяжкасці, супярэчнасці абвастраюцца, уздым перарываецца спадамі і крызісамі, узмацненнем рэгрэсіўных тэндэнцый у грамадскім жыцці, аптымізм, як правіла, саступае месца песімізму. Крыніцай песімістычных настрояў і змрочных глабальных прагнозаў на будучыню служыць і заснаваная на драпежніцкіх адносінах да прыроды «цывілізацыя спажывання» (экалагічны песімізм). Аптымізм і песімізм здольныя адыгрываць актыўную канструктыўную ролю ў пошуках адказаў на пытанні, што ўзнікаюць перад грамадствам.
Літ.:
Мечников И.И. Этюды оптимизма. М., 1988;
Жибуль И.Я. Экологические потребности: сущность, динамика, перспективы. Мн., 1991.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛІЯФІ́ЛЬНАСЦЬ І ЛІЯФО́БНАСЦЬ (ад грэч. lyō раствараю + phileō люблю, phobos страх),
характарыстыкі міжмалекулярнага ўзаемадзеяння рэчыва і вадкага асяроддзя, у якім яно знаходзіцца. У выпадку ўзаемадзеяння рэчыва з вадой Л. і л. наз.гідрафільнасцю і гідрафобнасцю, у выпадку непалярных вадкасцей (алей, тлушч) — алеяфільнасцю (ліпафільнасцю) і алеяфобнасцю (ліпафобнасцю).
Ліяфільнасць паказвае наяўнасць значнага ўзаемадзеяння рэчыва, а таксама паверхні цвёрдага цела, асобных часцінак (гл.Дысперсныя сістэмы) з малекуламі асяроддзя, якое магчыма з-за блізкасці іх хім. прыроды ці абумоўлена ўтварэннем паміж імі трывалых вадародных, электрастатычных ці каардынацыйных сувязей. Ліяфобнасць — паняцце супрацьлеглае ліяфільнасці і паказвае на слабое ўзаемадзеянне паміж рэчывам і вадкім асяроддзем. Ліяфільнасцю абумоўлены змочванне вадкасцямі цвёрдых паверхняў, растварэнне рэчываў у вадкасцях, экстракцыя рэчываў вадкасцямі з цвёрдых цел і раствораў. Паняцці Л. і л. могуць быць аднесены таксама да малекул і асобных частак (груп) адной малекулы, напр., малекулы паверхнева-актыўных рэчываў утвораны гідрафільнымі палярнымі групамі і алеяфільнымі вуглевадароднымі ланцугамі. Л. і л. можна змяняць хім. мадыфікаваннем паверхні (напр., «прышчэпкай» да паверхні цвёрдага цела ліяфільных ці ліяфобных функцыян. груп, увядзеннем у сістэму паверхнева-актыўных рэчываў), што дазваляе кіраваць уласцівасцямі паверхняў і дысперсных сістэм. Рэгуляванне Л. і л. выкарыстоўваецца ў многіх галінах тэхнікі іхім. тэхналогіі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НЕПЕРАРЫ́ЎНАСЦЬ І ПЕРАРЫ́ЎНАСЦЬ,
філасофскія катэгорыі, якія характарызуюць стан і структуру прадмета ці з’явы, а таксама іх развіццё. Адлюстроўваюць супрацьлеглыя, але ўзаемазвязаныя ўласцівасці матэрыяльных аб’ектаў; утвараюць адзінае цэлае. Неперарыўнасць праяўляецца ў адноснай цэласнасці і стабільнасці розных сістэм, кожная з якіх складаецца з дыскрэтных (перарывістых) элементаў, у бясконцасці іх сувязей, паступовасці, павольным пераходзе з аднаго стану ў другі. Перарыўнасць азначае дыскрэтнасць пабудовы і стану аб’ектаў, іх існаванне ў часе і прасторы ў канкрэтных формах, відах і г.д.; яна падкрэслівае перарывы паступовасці, наяўнасць рэзкіх пераходаў з аднаго якаснага стану ў другі, скачкападобнасць змен. Адмаўленне неперарыўнасці прыводзіць да атаясамлівання змяненняў у прыродзе з бясконцай серыяй катастроф, а ў грамадскім развіцці — з рэвалюцыямі; ігнараванне перарыўнасці азначае, што прырода і грамадства знаходзяцца ў нейкім застойным стане, што не адпавядае рэчаіснасці. Дыялектычны падыход да разумення Н. іп. раскрывае сутнасць руху, яго супярэчлівасць; рух выступае ў якасці адзінства Н. іп., змяненняў стану і месцазнаходжання цела ў прасторы і часе. Супярэчнасці ў адносінах паміж Н. іп. разглядалі стараж.-грэч. філосафы Зянон Элейскі, Платон, Арыстоцель, якія ў форме апарый спрабавалі вырашыць пытанне аб супярэчлівасці руху. Навук. інтэрпрэтацыя Н. іп. адкрывае шлях да больш поўнага і адэкватнага адлюстравання спецыфічных уласцівасцей і адносін аб’ектаў навакольнага свету ў навук. гіпотэзах, канцэпцыях, тэорыях.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГІСТАРЫ́ЧНАЕ І ЛАГІ́ЧНАЕ,
філасофскія катэгорыі, з дапамогай якіх выражаецца ўзаемасувязь рэальнага працэсу развіцця і яго адлюстраванне ў тэарэт. свядомасці. З’яўляюцца двума канкрэтнымі бакамі гістарызму прынцыпу, які прасочвае розныя пераўтварэнні аб’екта пры адначасовым раскрыцці заканамернасцей і механізмаў дадзенага працэсу. Гістарычнае — гэта сам аб’ектыўны працэс развіцця пэўнага прадмета, з’явы. Ён ахоплівае ўсю разнастайнасць і багацце індывід. праяўленняў, рыс і ўласцівасцей кожнага аб’екта, увесь комплекс яго змен у часе і прасторы і тоесны рэальнай гісторыі гэтага аб’екта (напр., узнікненне і развіццё зорак і планет у Сусвеце, паходжанне чалавека з гамінідаў, станаўленне цывілізацыі, з’яўленне дзяржавы, ход паліт. гісторыі чалавецтва іінш.). Лагічнае ўяўляе сабой адлюстраванне гістарычнага ў навук. мысленні. Яго зыходным пунктам з’яўляецца пэўны вынік унутранага разгортвання прадмета або з’явы, выдзяленне істотных узаемасувязей і ўзаемадзеянняў, што выклікалі рэальны гіст. рух аб’екта. Катэгорыі гістарычнага і лагічнага валодаюць уласцівай кожнаму з іх якаснай вызначанасцю і ў той жа час знаходзяцца ў непарыўным адзінстве, абумоўленым адзінствам быцця чалавека ў навакольным свеце і пазнання гэтага свету. Найважнейшай рысай гэтага адзінства з’яўляецца яго супярэчлівасць — вынік адноснай самастойнасці лагічнага, якое залежыць ад узроўню назапашаных чалавецтвам ведаў, сац., паліт.іінш. фактараў. Метадалагічнае значэнне гістарычнага і лагічнага ў тым, што кожнае з гэтых паняццяў служыць асновай адпаведнага метаду даследавання гіст. працэсу. Як метад пазнання рэчаіснасці ўзаемадзеянне паміж гістарычным і лагічным дае магчымасць узнавіць заканамерны ход гісторыі любога аб’екта і адначасова захаваць яго індывід. асаблівасці.
Літ.:
Материалистическая диалектика: Краткий очерк теории. 2 изд. М., 1985;
Андреев И.Д. Диалектическая логика. М., 1985;
Социальное познание: Принципы, формы, функции. Киев, 1989;
Проблемы познания социальной реальности. М., 1990.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РАЗВА́ГА І РО́ЗУМ,
суадносныя філасофскія паняцці, якія характарызуюць дыялектыку пазнавальнага працэсу і 2 узроўні мысліцельнай дзейнасці; адна з ключавых праблем дыялектычнай логікі. Вытокі вучэння аб Р. ір. у ант. філасофіі. Дэмакрыт адрозніваў «цёмныя» (неверагодныя) веды ад сапраўдных ведаў; Геракліт — «вучонасць» ад «мудрасці»; Платон падзяляў навакольны свет на бачны і розумаспасцігальны, а веды — на дакладныя і ненадзейныя. У сярэдневякоўі развага разглядалася як інструмент пазнання зямнога, канечнага, а розум як інструмент спасціжэння бясконцага і абсалютнага. Ідэяй трыумфу розуму прасякнута філасофія Адраджэння і Новага часу. Тэарэт. асновы праблем Р. ір. як 2 ступеняў мыслення распрацаваў І.Кант. Развагу ён прадстаўляў як ніжэйшую ступень, функцыя якой сістэматызацыя і ўпарадкаванне матэрыялу пачуццёвасці; яна абмежавана ў сваіх магчымасцях і не здольная даць безумоўныя веды. Гэтую задачу павінен вырашыць розум як вышэйшая ступень пазнавальнай дзейнасці чалавека. Аднак і розум не ў стане яе выканаць, паколькі ў працэсе адшукання безумоўнага і абсалютнага ён сутыкаецца з невырашальнымі супярэчнасцямі — т.зв. антыноміямі. Г.Гегель абсалютызаваў розум, прызнаваў за ім здольнасць разгарнуцца ў выглядзе канкрэтна-ўсеагульнага паняцця. Як ключавую праблему дыялектычнай логікі яе распрацоўвалі рас. даследчыкі Э.В.Ільянкоў, П.В.Капнін, В.С.Сцёпін, У.І.Шынкарук іінш. Базавым палажэннем з’яўляецца прызнанне 2 узаемазвязаных форм мыслення — разважлівай і разумовай. Розум звязваецца з аперыраваннем паняццямі, абстракцыямі і з даследаваннем існасці самога спасцігаючага мыслення. Ён выступае і як вышэйшая форма тэарэт. асваення рэчаіснасці. Развага таксама аперыруе абстракцыямі, але ў адпаведнасці з зададзенай схемай, яна надае мысленню сістэмнасць, пэўную строгасць.
Літ.:
Природа научного познания. Мн., 1979;
Ильенков Э.В. Диалектическая логика. 2 изд. М., 1984.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПЛЫНЬ І КІРУ́НАКу літаратуры і мастацтве,
эстэтычныя гісторыка-маст. катэгорыі, якія абазначаюць светапогляднае або творчае адзінства літ.-маст. з’яў, характэрных для асобных творцаў ці літ.-маст. аб’яднанняў. Суадносяцца з паняццямі метаду мастацкагаістылю, на практыцы нярэдка атаясамліваюцца з імі, што вядзе да метадалагічнай невыразнасці. Плынь узнікае і развіваецца звычайна ўнуры складаных маст.-творчых з’яў (стыль, кірунак), дзе існуюць розныя магчымасці вырашэння агульных задач (напр., плыні «рубенсістаў» і «пусэністаў» у мастацтве франц. класіцызму канца 17 ст.: неакласічная і неарус. ў рус. архітэктуры мадэрна 1910-х г.; рэліг.-маралістычная іграмадз. плыні ў л-ры еўрап. рамантызму канца 18—1-й трэці 19 ст.; «сумарокаўская» і «ламаносаўская» плыні ў л-ры рус. класіцызму 18 ст.іінш.). Плынь існуе адносна непрацяглы час, часта перарастае ў больш сістэматызаваную і складаную форму — кірунак. Кірунак абазначае прынцыповую агульнасць літ.-маст. з’яў на працягу значнага адрэзка часу. У адрозненне ад стылю, які бярэ за аснову класіфікацыі агульнасць вобразнай сістэмы і сродкаў маст. выразнасці, крытэрыі кірунку маюць духоўны, сацыяльны характар, адносяцца да свету ідэй, эстэт. поглядаў і прынцыповых адносін мастацтва да рэчаіснасці. Разыходжанні паміж стылем і кірункам вызначыліся з 2-й пал. 18 ст. (кірункі сентыменталізму і перадрамантызму ў межах стылю класіцызму іінш.). Пачынальнікамі новых плыней і кірункаў з’яўляюцца, як правіла, арыгінальныя творцы, вакол якіх ствараюцца аб’яднанні на аснове дэкларацый, статутаў, маст. школ, літ. выданняў (напр., кірункі сімвалізму, імажынізму, футурызму ў л-ры і мастацтве мадэрнізму, супрэматызму ў абстрактным мастацтве пач. 20 ст., плыні этнаграфізму, міфалагізму, рэтраспектывізму, неасімвалізму ў бел.выяўл. мастацтве 2-й пал. 20 ст.іінш.). Сучасная маст. культура характарызуецца разнастайнасцю П. і К. — ад традыц. да мадэрнісцкіх і постмадэрнісцкіх.
Літ.:
Лявонава Е.А. Плыні і постаці: З гісторыі сусвет. літ. другой паловы XIX—XX стст. Мн., 1998.