МЭТАЗГО́ДНАСЦЬ,

адпаведнасць з’явы (працэсу) пэўнаму (адносна завершанаму) стану, матэрыяльная ці ідэальная мадэль якога прадстаўляецца ў якасці мэты. Спецыфічна праяўляецца ў арган. свеце, грамадскіх сістэмах, дзеяннях чалавека. Паняцце «М.» генетычна звязана з мэтамеркаваннем як сутнасным элементам чалавечай дзейнасці, які характарызуе мысліцельныя працэсы і прадметную яго дзейнасць. Дзеянні чалавека, якія адпавядаюць нейкай мэце, мэтазгодныя ў шырокім сэнсе слова. У больш вузкім сэнсе мэтазгодна такая дзейнасць, што адпавядае ўмовам дадзенага моманту і агульнаму кірунку развіцця, заснаванаму на веданні грамадскіх законаў і патрэб развіцця. М. арганічна разглядаецца як прыстасаванасць арганізмаў да ўмоў існавання, накіраванасць працэсаў развіцця жывых сістэм, якая вызначаецца ўзаемадзеяннем знешніх і ўнутр. умоў, актыўнасцю арганізмаў. Паводле Ч.​Дарвіна, адносная М. жывых арганізмаў — вынік натуральнага адбору, у ходзе якога назапашваюцца і замацоўваюцца карысныя для арганізмаў адзнакі. Тэлеалогія пашырае М. на ўсю прыроду і разглядае развіццё ўсяго існуючага як ажыццяўленне загадзя прадугледжанага плана — руху да ўстаноўленай, зададзенай зверху мэты, што пацвярджаецца гарманічнай, мэтазгоднай будовай жывых арганізмаў. У кібернетыцы М. вызначаецца тым, што складаная дынамічная сістэма захоўвае сваю ўстойлівасць дзякуючы наяўнасці адваротнай сувязі — атрыманай інфармацыі пра фактычны стан дзейных органаў сістэмы, іх узаемадзеянні з навакольным асяроддзем, а не ў сілу ўсвядомленага імкнення да якой-н. мэты.

А.​Л.​Галаўнёў.

т. 11, с. 59

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАВЕ́ТРАНА-РЭАКТЫ́ЎНЫ РУХАВІ́К (ПРР),

рэактыўны рухавік, у якім для гарэння паліва выкарыстоўваецца кісларод атмасфернага паветра, што ўсмоктваецца ў камеру згарання. Пры выкарыстанні хім. паліва кісларод паветра служыць акісляльнікам, што абумоўлівае высокую эканамічнасць ПРР у параўнанні з хім. ракетнымі рухавікамі.

Паводле спосабу сціскання паветра, што паступае ў камеру згарання, ПРР падзяляюцца на бескампрэсарныя і кампрэсарныя. У бескампрэсарных ПРР сцісканне адбываецца ў паветразаборніку за кошт кінетычнай энергіі набягаючага паветр. патоку. Да такіх рухавікоў адносяцца праматочныя ПРР (згаранне паліва ў іх адбываецца ў скразным — праматочным канале; выкарыстанне іх мэтазгодна ў апаратах са звышгукавымі скарасцямі палёту, а для разгону патрэбны дадатковы рухавік) і пульсуючыя (згаранне паліва адбываецца кароткімі паслядоўнымі ўспышкамі; могуць развіваць цягу на месцы; апараты з такімі рухавікамі не патрабуюць сілавых стартавых паскаральнікаў). У кампрэсарных ПРР сцісканне паветра, акрамя паветразаборніка, робіцца спец. кампрэсарамі. Такімі рухавікамі з’яўляюцца турбарэактыўныя рухавікі і турбавінтавыя рухавікі. Да ПРР адносяцца таксама некаторыя камбінаваныя рухавікі (напр., турбапраматочныя). Цяга ПРР залежыць ад вышыні і скорасці палёту.

Схемы паветрана-рэактыўных рухавікоў: а — праматочнага (1 — паветразаборнік, 2 — стабілізатар полымя, 3 — камера згарання); б — пульсуючага (1 — клапанная рашотка, 2 — фарсункі, 3 — камера згарання, 4 — рэактыўнае сапло).

т. 11, с. 467

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАТЭНЦЫЯ́ЛЫ ТЭРМАДЫНАМІ́ЧНЫЯ,

функцыя аб’ёму (V), ціску (p), тэмпературы (T), энтрапіі (S), колькасці часціц у сістэме (N) і інш. макраскапічных параметраў, што характарызуюць стан тэрмадынамічнай сістэмы. Да П.т. адносяць унутраную энергію (U), энтальпію (H), энергію Гельмгольца (F; свабодная энергія, ізахорна-ізатэрмічны патэнцыял), энергію Гібса (G; ізабарна-ізатэрмічны патэнцыял) і інш.

Кожнаму П.т. адпавядае набор параметраў стану. Выбар П.т. для апісання сістэмы абумоўлены наборам незалежных параметраў, што вызначаюць стан сістэмы. Дыферэнцаваннем П.т. як функцыі незалежных параметраў можна вызначыць усе астатнія параметры, што характарызуюць сістэму. У найпрасцейшых выпадках П.т. з’яўляюцца функцыямі 2 незалежных параметраў: U = U(S, V), H = H(S, p) F = F(T, V), G = G(T, p). У больш агульным выглядзе П.т. залежыць ад колькасці часціц (у сістэмах з пераменнай колькасцю часціц уводзіцца хімічны патэнцыял), а таксама ад набору абагульненых каардынат (напр., калі сістэма знаходзіцца ў эл. ці магн. полі). П.т. звязаны паміж сабой суадносінамі: F = UTS, H = U + pV, G = F + pV. П.т. карыстаюцца пераважна для апісання раўнавагі тэрмадынамічнай. Веданне якога-н. П.т. як функцыі поўнага набору параметраў дазваляе вызначыць усе тэрмадынамічныя характарыстыкі сістэмы і атрымаць ураўненне стану. Гл. таксама Тэрмадынаміка.

Л.​А.​Рот.

т. 12, с. 186

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РАЦЫЯНА́ЛЬНАЕ І ІРАЦЫЯНА́ЛЬНАЕ,

узаемавызначальныя і ўзаемавыключальныя філас. паняцці, якія характарызуюць меру падуладнасці з’яў рэчаіснасці розуму чалавека; вызначаюць пазнанне і дзейнасць чалавека. Рацыянальнае (ад лац. rationalis разумны) — тое, што адносіцца да сферы розуму (развагі), што ім пазнана, абгрунтавана. Для рацыянальнага пазнання характэрна спасціжэнне рэчаіснасці ў адпаведнасці з законамі логікі, нормамі і правіламі мыслення, вынікам чаго з’яўляюцца мэтазгодныя ідэі, здольныя знайсці практычнае ўвасабленне. Вылучаюцца 2 формы рацыянальнага: развагавае (пазнанне адноснага) і разумовае (пазнанне абсалютнага; гл. Развага і розум). Рацыянальнае звычайна супрацьпастаўляюць і рацыянальнаму, і пачуццёваму. Ірацыянальнае (ад лац. irrationalis неразумны, несвядомы) — тое, што выходзіць па-за межы розуму і несумяшчальнае з ім; выступае асновай некаторых філас. кірункаў, напр., інтуітывізму, валюнтарызму і інш. Паняцце ірацыянальнага мае важнае значэнне ў гнасеалагічным плане, яно звязана з немагчымасцю суб’екта спасцігнуць «канчатковую» ісціну. Аднак у працэсе развіцця практыкі, пазнання і мыслення спектр ірацыянальнага ў пазнанні звужаецца. Паняцці Р. і і. атрымліваюць рознабаковую трактоўку і знаходзяць увасабленне ў філас. кірунках, тыпах тэарэт. асэнсавання рэчаіснасці — рацыяналізме і ірацыяналізме.

Літ.:

Порус В.Н. Парадоксальная рациональность. М., 1999;

Рациональность на перепутье. Кн. 1—2. М., 1999;

Иванов А.В. Пути противостояния современному иррационализму // Вест. Моск. ун-та. Сер. 7. Философия. 2000. №6.

Т.​І.​Адула.

т. 13, с. 383

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВАСІ́ЛЬ ПАЛАЧА́НІН,

полацкі баярын 12 ст. Упамінаецца ў Іпацьеўскім летапісе пад 1146, калі разам з інш. баярамі браў удзел у міжусобных сварках паўд.-рускіх князёў. Гэта ўпамінанне сведчыць, што радаслоўная баярскіх родаў у Полацку бярэ пачатак з 12 ст.

т. 4, с. 26

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БУРУ́НЫ,

хвалі, якія разбураюцца з пенай на некаторай адлегласці ад берага (у адрозненне ад прыбою). Утвараюцца звычайна над падводнымі валамі, рыфамі, водмелямі. Адрозніваюць «ныральныя» буруны, што ўзнікаюць пры поўным разбурэнні хвалі, і «слізгальныя» буруны — пры частковым, неаднаразовым разбурэнні.

т. 3, с. 354

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БАРАТРА́ЎМА (ад бара... + траўма),

пашкоджанне органа слыху, лёгкіх, прыдатачных пазухаў носа, кішэчніка пры рэзкім перападзе атм. ціску. Найчасцей бывае ў лётчыкаў, парашутыстаў, вадалазаў, падводнікаў. Здараюцца баратраўмы ў артылерыстаў і масавыя баратраўмы ў людзей, што пацярпелі ад ядз. выбуху.

т. 2, с. 300

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВІДЭА... (ад лац. video бачу, гляджу),

першая састаўная частка складаных слоў, якая паказвае на іх дачыненне да эл. сігналаў, што нясуць інфармацыю аб відарысе (відэасігнал), а таксама да ўстройстваў, якія выкарыстоўваюцца ў сістэмах перадачы відарысаў, напр., відэамагнітафон, відэатэлефон.

т. 4, с. 143

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АДДЗЕ́Л у геалогіі,

самае буйное падраздзяленне геал. сістэмы, якое мае планетарнае пашырэнне; адзінка агульнай стратыграфічнай шкалы. Аб’ядноўвае адклады, што ўтварыліся на працягу геал. эпохі. Кожны аддзел адасабляецца па характэрных рэштках выкапнёвай фауны і флоры і падзяляецца на ярусы.

т. 1, с. 100

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АДЫТЫ́ЎНАСЦЬ (ад лац. additivus які прыбаўляецца),

уласцівасць велічыні, значэнне якой адпаведнае цэламу аб’екту, роўна суме значэнняў велічыняў, адпаведных яго часткам, пры адвольнай разбіўцы аб’екта на часткі. Напр., адытыўнасць аб’ёму азначае, што аб’ём цэлага цела роўны суме аб’ёмаў яго частак.

т. 1, с. 143

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)