горад федэральнага значэння, горад-герой, цэнтр Ленінградскай вобл. ў Расіі. Найважнейшы (пасля Масквы) прамысл., навук. і культ. цэнтр Расіі. Размешчаны пры ўпадзенні р. Нява ў Фінскі зал. Балтыйскага м. і на 42 а-вах дэльты р. Нява. Нас. 4694 тыс.ж. (2000). Буйны трансп. вузел (чыгункі, шашэйныя дарогі). Міжнар. аэрапорт (Пулкава). Марскі (у Фінскім зал.) і рачны (у дэльце р. Нява) парты; канечны пункт Волга-Балт. воднага шляху. Метрапалітэн (з 1955). Прам-сць: маш.-буд. і металаапр. (марскія і рачныя судны, турбіны ўсіх відаў, дызельныя рухавікі, радыёэлектронная і радыётэхн. прадукцыя, станкі, машыны і абсталяванне для трыкат., абутковай, тытунёвай, паліграф. і інш. галін), харч. і харчасмакавая, эл.-энергетычная (АЭС і буйныя ЦЭС), хім., нафтахім., хім.-фармацэўтычная, лясная, дрэваапрацоўчая і папяровая, лёгкая (тэкст., трыкат., абутковая, швейная) і паліграфічная. Чорная і каляровая металургія (вытв-сць сталі, пракату, алюм. сплаваў) і інш. Буйны турыстычны цэнтр Расіі, штогод прыцягвае вял. колькасць турыстаў з усяго свету.
Паводле загаду Пятра I на в-ве Заечым у вусці Нявы 27.5.1703 (лічыцца датай засн. горада) пачалося будаўніцтва Петрапаўлаўскай крэпасці. З 1708 С.-П. — цэнтр Інгерманландскай, з 1710 — Санкт-Пецярбургскай губ. У 1712—28 і 1732—1918 сталіца Расіі. Тут размяшчаліся царскі двор, калегіі (з 1718; з 1802 — міністэрствы), Сенат (з 1713) і інш. ўрадавыя ўстановы. Новы горад развіваўся як цэнтр прамысловасці і гандлю. У 1712 на Адміралцейскім в-ве засн. Галерны двор (з 1800 Новае Адміралцейства), у 1711 Ліцейны двор (з 1720 наз. Арсенал), у 1724 Манетны двор і інш. У 1736 і 1737 горад моцна гарэў. З 2-й пал. 18 ст. хутка расло насельніцтва С.-П. (220 тыс.чал. у пач. 19 ст.), горад стаў буйным эканам. і культ. цэнтрам Рас. імперыі. Засн. Марская акадэмія (1715), АН (1725), ун-т (1819), Тэхнал. (1828) і Горны (1866) ін-ты і інш. У 1825 на Сенацкай плошчы адбылося паўстанне дзекабрыстаў. У 2-й пал. 18—1-й пал. 19 ст. развівалася тэкстыльная, суднабуд., машынабуд. прам-сць, пабудаваны з-ды Адміралцейскі, Іжорскі, Пуцілаўскі, Марыінская і Ціхвінская водныя сістэмы. Пабудова чыгункі ператварыла С.-П. у найбуйн. эканам. цэнтр краіны (у 1837 пабудавана першая ў Расіі чыг. С.-П. — Масква, у 2-й пал. 19 ст. — Варшаўская, Паўн. і Фінляндская). У 1883 пабудавана першая эл.-станцыя, у 1907 пушчаны першыя трамваі і аўтобусы. У канцы 19 ст. С.-П. стаў буйнейшым у Расіі і адным з важнейшых сусв. крэдытных і біржавых цэнтраў. У С.-П. дзейнічалі рэв. арг-цыі петрашэўцаў, «Народная воля», Пецярбургскі «Саюз барацьбы за вызваленне рабочага класа». У 1901 у С.-П. адбылося першае ў Расіі арганізаванае выступленне рабочых — Абухаўская абарона. 9.1.1905 царскія войскі расстралялі рабочую дэманстрацыю (гл.«Крывавая нядзеля»), што стала пачаткам Рэвалюцыі 1905—07 у Расіі. У 1914 у пач. 1-й сусв. вайны горад перайменаваны ў Петраград. Тут адбыліся Лютаўская рэвалюцыя 1917 і Кастрычніцкая рэвалюцыя 1917. Вясной — восенню 1919 на горад беспаспяхова наступалі войскі Юдзеніча. Каля Петраграда адбылося Кранштацкае паўстанне 1921. У 1924 перайменаваны ў Ленінград. У Вял.Айч. вайну ў вер. 1941 горад акружаны ням.-фаш. войскамі (гл. Ленінградская бітва 1941—44). У ходзе 872-дзённай блакады разбурана 14 тыс. будынкаў, ад голаду загінула да 900 тыс.чал. У студз. 1944 вызвалены ад блакады сав. войскамі. У 1991 гораду вернута яго гіст. назва С.-П.
С.-П. забудоўваўся паводле рэгулярнага плана. Арганізуючым пачаткам горада сталі водная прастора Нявы і ансамбль Петрапаўлаўскай крэпасці. У 1704 закладзены будынак гал. Адміралцейства, ад якога веерам разыходзіліся 3 гал. магістралі: Неўскі і Вазнясенскі праспекты, Гарохавая вул. На Васільеўскім в-ве ўзведзены палац Меншыкава (1710—16, арх. Дж.М.Фантана і Г.Шэдэль), Кунсткамера (1718—34, арх. Г.Матарнові, Н.Гербель, Г.К’яверы, М.Зямцоў; перабудавана ў 1754—58, арх. С.Чавакінскі), будынак 12 калегій (1722—42, арх. Д.Трэзіні, Т.Швертфегер; з 1819 ун-т). У 1717 складзены план цэнтра горада з прамавугольнай сеткай вуліц і каналаў (арх. Трэзіні). Створаны «ўзорныя» праекты жылых будынкаў (арх. Ж.Б.А.Леблон, Трэзіні): цагляных — для заможных, на драўляным каркасе з запаўненнем глінай, з размалёўкай пад цэглу — для простых гараджан. У 1710 засн. манастыр св. Тройцы і св. Аляксандра Неўскага (з 1797 — Аляксандра-Неўская лаўра). У 1710—14 у Летнім садзе ўзведзены летні палац Пятра I (арх. Трэзіні). У сярэдзіне 18 ст. пашырана параднае буд-ва ў стылі барока: ансамбль Смольнага манастыра, Зімні палац, палацы Варанцова (1749—57, арх. В.Растрэлі), Шарамецева на Фантанцы (1750—55, арх. Чавакінскі, Ф.Аргуноў), Строганава (1752—54, арх. Растрэлі; цяпер адзін з будынкаў Рускага музея), Нікольскі марскі сабор (1753—62, арх. Чавакінскі). Паводле генплана 1763—69 (арх. А.Квасаў) межы горада пашыраны, перапланаваны вуліцы, пабудавана першая гранітная набярэжная перад Зімнім палацам на Няве (1763—67, арх. І.Росі, майстар Г.Насонаў). Ансамблевасцю вылучаецца афармленне набярэжных Кацярынінскага (цяпер Грыбаедава) канала, рэк Фантанкі і Мойкі. Рысы класіцызму выявіліся ў строгай лінейнасці берагавых сцен і парапетаў, мяккай акругленасці спускаў і прычалаў, сілуэтах першых каменных мастоў (Прачачны, Эрмітажны і інш.), у малюнку чыг. агароджаў (агароджа Летняга сада, 1773—84, арх. Ю.Фельтэн, П.Ягораў). Сярод помнікаў ранняга класіцызму ў спалучэнні з барочнай пластыкай: Гасціны двор на Неўскім праспекце (1761—85) і будынак Акадэміі мастацтваў (1764—88, арх. абодвух Ж.Б.М.Вален-Дэламот і А.Какорынаў), Малы Эрмітаж (1764—67, арх. Вален-Дэламот). Грамадскія будынкі канца 18 — пач. 19 ст. набылі большую лапідарнасць, уласцівую класіцызму: паштамт (1782—89, арх. М.Львоў), Эрмітажны т-р (1783—87, арх. Дж.Кварэнгі), Коннагвардзейскі манеж (1804—07, арх. Кварэнгі; цяпер Цэнтр. выставачная зала), Александрынскі т-р (1828—32, арх. К.Росі). У 1783—89 узведзены Таўрычаскі палац. Вакол вял. воднай плошчы пры падзеле Нявы на рукавы створаны грандыёзныя класіцыстычныя ансамблі: Дварцовая плошча з Зімнім палацам, Аляксандраўскай калонай і аркай Ген. штаба, стрэлка Васілеўскага в-ва з будынкам біржы (1805—10, арх. Ж.Тама дэ Тамон; цяпер Цэнтр.ваен.-марскі музей; ампір), Сенацкая пл. (цяпер Дзекабрыстаў) з помнікам Пятру I («Медны коннік»; 1768—78, скульпт. Э.М.Фальканэ, М.А.Кало, Ф.Гардзееў), Ісакіеўскі сабор; ансамблі Неўскага праспекта (Казанскі сабор, плошчы Астроўскага і Мастацтваў), Марсава поле, Летні сад, Інжынерны замак (да 1823 Міхайлаўскі замак; 1797—1800, арх. В.Бажэнаў, В.Брэна), Ісакіеўская пл. Ствараліся і загарадныя ансамблі — Аляксандра-Неўская лаўра, Смольны ін-т, арх.-паркавы Ялагіна в-ва з Ялагіным палацам (1818—22, арх. Росі) і пейзажным паркам. У стылі ампір пабудаваны: Горны ін-т (1806, арх. А.Вараніхін), Адміралцейства, Нарвенскія вароты (1827—34, арх. Кварэнгі, В.Стасаў) з манум. меднай калясніцай (скульпт. П.Клот, С.Піменаў) і інш. Сярод эклектычных збудаванняў: цэрквы лютэранская Пятра і Паўла на Неўскім праспекце (1832—38, арх. А.Брулоў), Уваскрэсення Хрыста Збавіцеля («Храм на крыві»; 1883—1907, арх. В.Малышаў, А.Парланд; мазаікі В.Васняцова; маст. М.Несцераў, А.Рабушкін), Марыінскі т-р (1859—60, арх. А.Кавас; перабудова 1863, арх. В.Шротэр). У 19 ст. пабудаваны шматлікія масты — цераз Няву (Троіцкі. цяпер Кіраўскі, арх. Л.Бенуа, А.Памяранцаў і інш.), Мойку (Зялёны, Красны, Сіні, Пацалункаў, арх. В.Гестэ), канал Грыбаедава (ланцуговыя Банкаўскі і Львіны, інж. Г.Трэтэр; чыг. грыфоны і львы па мадэлях П.Сакалова), Фантанку (Анічкаў, інж. І.Бутац, арх. Брулоў; бронз. групы ўтаймавальнікаў коней, скульпт. Клот). Усяго ў С.-П. каля 800 мастоў. У 19 — пач. 20 ст. створаны гранітныя набярэжныя Нявы. Паявіліся будынкі новых тыпаў — даходныя дамы, вакзалы, банкі, гасцініцы, страхавыя канторы, крытыя рынкі. Пашырыўся стыль мадэрн: Дом кнігі (1904—06, арх. П.Сюзор), Азоўска-Данскі камерцыйны банк (1907—13), гасцініца «Асторыя» (1910—11, арх. абодвух Ф.Лідваль), пасаж на Ліцейным праспекце (1912—13, арх. Н.Васільеў), даходныя дамы на Кіраўскім праспекце (1910-я г., арх. Л. і Ю.Бенуа, У.Шчуко, С.Мінаш). Вылучаюцца асабнякі ў стылі неакласіцызму — Полаўцава (1910—16), Абамелек-Лазарава (1913—15, арх. абодвух І.Фамін). Паводле генпланаў 1930—40-х г. захавалася існуючая планіроўка цэнтра, створаны новыя раёны на свабодных тэрыторыях: Малая Охта, Шчамілаўка, Аўтава і інш. Узведзены буйныя адм. будынкі. С.-П. моцна пацярпеў у Вял.Айч. вайну. У генпланах аднаўлення і развіцця горада (1940—60-я г.) комплексна вырашаліся задачы рэканструкцыі і новага буд-ва. Адна з гал. горадабуд. ідэй генпланаў — выхад гар. забудовы да берагоў Фін. заліва. Ствараюцца новая марская панарама горада, зона адпачынку з добраўпарадкаванымі набярэжнымі, пляжамі, бульварамі, паркамі (Прыморскі парк Перамогі, 1945—50, арх. А.Нікольскі, Н.Сцяпанаў, Н.Мядзведзеў) са стадыёнам (1932—50, арх. Нікольскі, М.Сцяпанаў; рэканструяваны ў 1980, арх. А.Прыбульскі, С.Аднавалаў, М.Цымбал). Сярод значных збудаванняў 2-й пал. 20 ст.: Вял. канцэртная зала «Кастрычніцкая» (1967, арх. В.Каменскі і інш.), палацы спорту «Юбілейны» (1967, арх. Г.Марозаў, інж. А.Марозаў і інш.), моладзі (1969—80, арх. П.Прохараў і інш.), спарт. гульняў (1974—76, арх. Г.Марозаў), спарт.-канцэртны комплекс (1980, арх. І.Чайко і інш.), гасцініца «Пулкаўская» (1981, арх. С.Спяранскі і інш.), лядовы Палац спорту (2000). Створаны мемар. комплекс Піскароўскіх могілак, Манумент гераічным абаронцам Ленінграда ў Вял.Айч. вайну (1975, арх. Спяранскі, Каменскі, скульпт. М.Анікушын). Па лініі абароны горада зроблены «Зялёны пояс Славы». Гіст. цэнтр і манум. ансамблі С.-П. ўключаны ЮНЕСКА у спіс Сусветнай спадчыны.
У С.-П. знаходзяцца навук. цэнтр Рас.АН, больш за 40 ВНУ, у т. л. Санкт-Пецярбургскі універсітэт, ун-ты — тэхнічны, Рас.пед. імя А.Герцэна, лесатэхнічная акадэмія; Санкт-Пецярбургская кансерваторыя; інстытуты — тэхналагічны, горны, інж.-будаўнічы, інжынераў чыг. транспарту, караблебуд., Санкт-Пецярбургскі інстытут кінаінжынераў, Санкт-Пецярбургскі інстытут тэатра, музыкі і кінематаграфіі, Санкт-Пецярбургскі інстытут жывапісу, скульптуры і архітэктуры імя І.Я.Рэпіна, Санкт-Пецярбургскае вышэйшае мастацка-прамысловае вучылішча імя В.І.Мухінай; 22 вышэйшыя ваенна-навуч. ўстановы, у т. л. Ваенна-мед. акадэмія Найбуйнейшыя б-кі: Рас.нац., навуковая Акадэміі мастацтваў, С.-Пецярбургскага ун-та, Рас.АН і інш. Больш за 120 музеяў і іх філіялаў, у т. л. Эрмітаж, Рускі музей, гісторыі С.-П., антрапалогіі і этнаграфіі імя Пятра Вялікага, Цэнтр. ваенна-марскі.
18 прафес. тэатраў, у т. л. Марыінскі тэатр, Санкт-Пецярбургскі Малы тэатр оперы і балета, драмы імя Пушкіна (Александрынскі), Санкт-Пецярбургскі Вялікі драматычны тэатр. Цырк. Філармонія імя Дз.Шастаковіча.
Беларусы ў Санкт-Пецярбургу. Першыя выхадцы з Беларусі з’явіліся ў С.-П. пасля заснавання горада (жонка Пятра I Кацярына I, паплечнік цара П.І.Ягужынскі, ваен. і дзярж. дзеяч Я.К.Сапега). Пасля далучэння бел. зямель да Расіі некат. беларусы сталі прыбываць у С.-П. для працаўладкавання, вучобы, маст. творчасці; яны садзейнічалі знаёмству рас. сталіцы з дасягненнямі еўрап. культуры (Л.Сітанскі, частка салістаў Шклоўскага тэатра Зорыча і інш.). У 1-й пал. 19 ст. ў С.-П. пачала гуртавацца бел. студэнцкая моладзь, там жылі і працавалі кампазітар А.І.Абрамовіч, мастак І.І.Аляшкевіч, літаратар Я.Баршчэўскі. Пасля паражэння паўстання 1830—31 у С.-П. трапілі музейныя зборы, б-кі і архівы роду Сапегаў. У 1842—1918 у Пецярбургскай рымска-каталіцкай духоўнай акадэміі рыхтавалі святароў, у т. л. для касцёлаў і дыяцэзій Беларусі. У 2-й пал. 19 ст. ў горадзе вучыліся браты В.Каліноўскі і К.Каліноўскі, Ф.Багушэвіч, працавалі філолаг-фалькларыст Б.Эпімах-Шыпіла, гідрограф-геадэзіст А.І.Вількіцкі, гісторык Я.Я.Замыслоўскі, мастакі С.К.Заранка, К.Хруцкі, музыканты Т.Юзафовіч-Бароўская, М.Л.Зарэмба, Ф.А.Стравінскі і інш., дзейнічалі бел. асветнае т-ва «Крывіцкі вязок» (заснавальнік і кіраўнік В.Савіч-Заблоцкі), рэв. група «Гоман» (выдавала нелегальны час. «Гомон»), бел. фракцыя партыі «Народная воля», у т. л. І.Грынявіцкі, Пецярбургскі гурток моладзі польска-літоўска-беларускай і маларускай, у т. л. яе кіраўнік паэт А.Гурыновіч. Паводле перапісу 1897, у С.-П. і прыгарадах жыло 3230 чал., якія лічылі роднай бел. мову, а па падліках бел. даследчыка Р.М.Семашкевіча, у канцы 19 ст. тут жыло каля 7 тыс. беларусаў. У пач. 20 ст. тут часова жылі літаратары Ц.Гартны (З.Жылуновіч), А.Гурло, Я.Купала, Цётка (А.Пашкевіч), вучоныя Я.Ф.Карскі, П.В.Шэйн і інш., дзейнічалі грамадская арг-цыя «Круг беларускай народнай прасветы і культуры» (1902—04), нелегальнае бел. выдавецкае т-ва «Грамада» (1906—07), першае легальнае бел.выд-ва «Загляне сонца і ў наша аконца» (1906—14), прыватнае бел. Грыневіча выдавецтва (1910—13), Беларускі навукова-літаратурны гурток студэнтаў С.-Пецярбургскага ун-та (1912—14), ладзіліся бел. канцэрты і тэатр. спектаклі (гастролі трупы І.Буйніцкага ў 1911, пастаноўка п’есы Я.Купалы «Паўлінка» 9.2.1913). У 1-ю сусв. вайну ў С.-П. і яго наваколлі асела частка бежанцаў з Беларусі, якім дапамагала дабрачыннае Беларускае таварыства ў Петраградзе па аказанні дапамогі пацярпелым ад вайны (1916—18); выдавалася газ. «Дзянніца» (1916—17). У 1917—20 тут вялі актыўную рэв., грамадска-паліт. і культ. дзейнасць арг-цыі Беларускай сацыялістычнай грамады, Беларускай сацыял-дэмакратычнай рабочай партыі, Беларускія секцыі РКП(б), Беларускі абласны камітэт пры Усерас. савеце сял. дэпутатаў (старшыня Я.С.Ханчар), Беларускі нацыянальны камісарыят (камісар А.Р.Чарвякоў), клуб «Беларуская хатка», Беларускае вольна-эканамічнае таварыства, Таварыства ахвотнікаў беларускага народнага штукарства; друкаваліся часопісы «Белорусская криница», «Чырвоны шлях», газ. «Дзянніца», сфарміраваны Першы беларускі камуністычны атрад. У 1923—25 існавала Асацыяцыя беларускіх студэнтаў ВНУ у Петраградзе, а потым яе пераемнік — Бел. студэнцкае зямляцтва ў Ленінградзе (1925—37). У горадзе жылі і працавалі музыказнавец І.І.Салярцінскі, пісьменнік Л.І.Ракоўскі, вучоныя Б.Р.Галёркін, С.Я.Лур’е, У.Ф.Міткевіч, П.Ф.Папковіч, Л.У.Шчэрба, служылі контр-адміралы В.П.Дрозд, М.Б.Паўловіч, ген.-лейт. Ф.Н.Шульгоўскі і інш. выхадцы з Беларусі. Да канца 1980-х г. у С.-П. і Ленінградскай вобл. склаўся адзін з найбуйнейшых і кампактных бел. асяродкаў у Расіі (больш за 127 тыс.чал.). У выніку карэнных грамадска-паліт. зрухаў у СССР у горадзе адрадзілася нац.-культ. дзейнасць мясц. беларусаў, згорнутая пад ціскам сав. улад у 1930-я г. У 1989 засн. Беларускае грамадска-культурнае таварыства, якое мае філіял Т-вабел. мовы імя Ф.Скарыны (старшыня А.Мыльнікаў) і рэгіянальную суполку Міжнар. асацыяцыі беларусістаў (старшыня В.П.Грыцкевіч), удзельнічае ў навук. канферэнцыях «Санкт-Пецярбург і беларуская культура» (у 1993—2001 адбылося 9 канферэнцый), з’ездах і сходах беларусаў замежжа, вядзецца бел. выдавецкая дзейнасць. Мастакі Ю.Казак, В.Сівуха і інш. ўваходзяць у творчае аб’яднанне краін Балтыі «Маю гонар». Бел.-рас.культ. сувязі даследуюць Грыцкевіч, М.В.Нікалаеў і інш., ваен. сувязі — І.Я.Краўцоў. З С.-П. звязана навук. дзейнасць ураджэнца Беларусі, лаўрэата Нобелеўскай прэміі 2000 па фізіцы Ж.І.Алфёрава.
Літ.:
Очерки истории Ленинграда. Т. 1—7. М.; Л., 1955—89;
Засосов Д.А., Пызин В.И. Из жизни Петербурга 1890—1910-х гг.: Зап. очевидцев. Л., 1991;
Санкт-Петербург. Петроград. Ленинград: Энцикл. справ. М., 1992;
Ленинград. Архит. ансамбли и памятники. 3 изд. Л. 1980;
Пунин А.Л. Архитектура Петербурга середины XIX в. Л., 1990;
Семашкевіч Р.М. Беларускі літаратурна-грамадскі рух у Пецярбурзе (канец XIX — пачатак XX ст.). Мн., 1971;
Грыцкевіч В. Пяць гадоў дзейнасці Беларускага грамадска-культурнага таварыства ў Пецярбургу // Беларусіка-Albaruthenica. Мн., 1995. Кн. 5;
Белорусский сборник: Статьи и материалы по истории и культуре Белоруссии. Вып. 1. СПб., 1998;
Ленинградский мартиролог, 1937—1938. Т. 1—5. СПб., 1995—2001;
Хто ёсць Хто сярод беларусаў свету: Энцыкл.давед. Ч. 1. Беларусы і ўраджэнцы Беларусі ў памежных краінах. Мн., 2000.
Л.У.Языковіч (беларусы ў Санкт-Пецярбургу).
Санкт-Пецярбург. Від на раку Фантанка.Санкт-Пецярбург. Царква Уваскрэсення Хрыста Збавіцеля («Храм на крыві»). 1883—1907.Санкт-Пецярбург. Помнік Пятру I («Медны коннік»). 1768—78.Санкт-Пецярбург. Ісакіеўская плошча з помнікам Мікалаю I.Санкт-Пецярбург. Стрэлка Васілеўскага вострава. Злева — будынак біржы.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АДЗЕ́ННЕ,
штучнае покрыва цела чалавека; у шырокім сэнсе ўключае галаўныя ўборы, абутак і інш. Яго агульны выгляд залежыць ад прыродна-кліматычных умоў, відаў і спосабу гасп. дзейнасці, нац. традыцый, узроўню развіцця вытв. сіл, маёмасна-прававых адносін, этычных поглядаў і патрабаванняў. У гісторыі грамадства выконвала і выконвае функцыі магічную, абрадавую, адрознення паводле полу, узросту, сямейнага становішча, саслоўнай, этн. і рэліг. прыналежнасці, паводле роду заняткаў і службовага становішча, найперш утылітарную і эстэтычную. Нясе ў сабе і маст. вобраз, таму выступае як від дэкар.-прыкладнога мастацтва і залежыць ад маст. стылю эпохі.
Адзенне ўзнікла ў сярэднім старажытнакаменным веку і прайшло складаны шлях эвалюцыі. Як сац. з’ява і як прадмет мастацтва ўвасабляла ўяўленні розных гіст. эпох аб ідэальным чалавеку, яго ўнутр. сутнасці і фіз. абліччы. Так, адзенне стараж. грэкаў з іх ідэалам доблеснага і прыгожага воіна-атлета толькі злёгку падкрэслівала гарманічнасць фігуры; адзенне сярэднявечча згодна з хрысціянскімі догмамі пра грахоўнасць цела хавала яго пад цяжкімі бясформеннымі тканінамі; у эпоху Адраджэння, калі нормай прыгажосці стаў прызнавацца чалавек, адзенне стала больш зручным, як бы выяўляла гармонію ўнутр. і знешняга ў чалавеку; у перыяд Асветніцтва, калі эталонам прыгожага была прырода, а ўзорам для пераймання антычнасць, адзенне набыло натуральныя спакойныя формы. Спалучэнне ў адзіным маст. стылі кампанентаў адзення і прадметаў, што яго дапаўняюць, стварае ансамбль, які наз. касцюмам. Касцюмы падзяляюцца на 3 асн. тыпы: драпіраваны (з абгорнутага вакол цела кавалка тканіны, замацаванага непасрэдна на фігуры), накладны (надзяваецца праз галаву і як бы накладаецца на плечы), раслінны (мае спераду разрэз зверху данізу).
Вытокі бел. адзення ў культуры ўсх.-слав. плямёнаў. Умерана кантынентальны клімат вымагаў закрытага, цёплага адзення. Тканіны выраблялі з лёну (радзей канапель) і воўны, упрыгожвалі нашываннем, натыканнем, вышываннем ці набіўным узорам. Баярства шыла адзенне пераважна з прывазных тканін (парча, аксаміт, тафта, камка); аздобаю служыла вышыўка шоўкам і жэмчугам. Амаль усе віды адзення былі накладныя. Аснову мужчынскага гарнітура складалі кашуля з поясам і нагавіцы, жаночага — кашуля (даўжэйшая за мужчынскую) і паясное адзенне тыпу панёвы; верхняя вопратка — світа (зімой падшытая футрам). Мужчыны насілі шапкі з футра, сукна ці лямцу, дзяўчаты — вянец, замужнія жанчыны — чапец, а паверх — убрус. Абуваліся ў пасталы, поршні ці боты (жаночыя часта вышывалі). Гэтыя асаблівасці перайшлі ў адзенне насельніцтва ВКЛ, дзе ў 13—16 ст. сфарміравалася бел. народнасць. У касцюме беларусаў адчуваецца блізкасць да касцюма літоўцаў і палякаў, а таксама рускіх і інш.еўрап. народаў. Выпрацоўка ў Зах. Еўропе асн. спосабаў і прыёмаў крою, удасканаленне кравецкага рамяства прывяло адзенне да істотных змен. Адзенне магнатаў, шляхты і гар. знаці развівалася ў рэчышчы зах.-еўрап. моды. Важнымі часткамі іх мужчынскага гарнітура былі атласны жупан, зверху кунтуш, падпяразаны доўгім поясам, воўчае (вільчура) і бабровае футра, жаночае — ферэзія, чамара, аблямаваныя карункамі або футрам собаля, куніцы, лісы, кабат з рукавамі. Спрашчэнне адзення арыстакратаў пачалося з канца 18 ст. Народнае адзенне больш яскрава, чым адзенне інш. слаёў грамадства, выяўляла маральныя нормы і эстэт. густы. Нар. касцюм уздзейнічаў на касцюм вышэйшых класаў і сам зазнаваў яго ўплыў. У ім найлепш захаваліся традыцыі нац. адзення. У 14—16 ст.бел. касцюм узбагаціўся новымі відамі (андарак, гарсэт) і прынцыпамі афармлення (спосабы завязвання наміткі). Ён меў характэрныя прыкметы касцюма готыкі і рэнесансу, а з найб. спецыфічных — тэндэнцыі да агульнай строгасці ансамбля, перавагі белага колеру, спалучэння белага з чырвоным у каларыстыцы, геам. узораў у арнаментыцы. Бел. касцюм у гэты час набыў сваю завершанасць, утылітарны і маст. вобраз. Яго развіццё ў 17 — сярэдзіне 19 ст. ішло па шляху мадыфікацыі асобных элементаў адзення, насычэння колеравай гамы, пераасэнсавання арнаментальных матываў, замацавання рэгіянальных адметнасцяў. У перыяд фарміравання бел. нацыі захоўвалася выразнае этнагр. аблічча бел.нар. адзення. Касцюм сялян той пары — класічны ўзор бел.нар. мастацтва. Даўнімі традыцыямі было вызначана, якое адзенне насіць у будні ці святы, надзяваць на вяселле ці на радзіны, падчас радасці ці жалобы. У традыц.комплекс мужчынскага адзення ўваходзілі кашуля, нагавіцы і камізэлька. Кашулю насілі навыпуск, падпяразвалі поясам, калошы абгортвалі анучамі і запраўлялі ў скураныя пасталы, лапці, боты, зімой — у валёнкі. Галаўнымі ўборамі былі саламяны капялюш (брыль) ці валеная магерка, зімой заечая ці аўчынная аблавуха. Мужчынскае адзенне мела сціплае аздабленне, у ім пераважаў белы колер. Найб. ўзлёту фантазіі і майстэрства бел. адзенне дасягнула ў жаночым касцюме, своеасаблівасць якога вызначае адметнасць нац. касцюма беларусаў увогуле. Жаночая кашуля кроілася з прамавугольных кавалкаў ільняной тканіны. Найб. ўвага аддавалася ўпрыгожанню рукавоў, што звязана з маст. тэктонікай і пластыкай касцюма, а таксама з верай у магічную сілу чырвонага рамбічнага арнаменту. Разнастайнае паясное адзенне жанчыны: многія віды спадніц (андарак, саян, палатнянік, летнік), а таксама панёвы, фартухі. Малюнак спадніцы і панёвы — клетка, падоўжныя або папярочныя палосы ў чырвоным, сіне-зялёным ці серабрыста-белым каларыце. Фартух гарманіраваў з кашуляй. У жаночае, асабліва святочнае, убранне ўваходзіў і гарсэт у выглядзе безрукаўкі. Шылі яго звычайна з крамных тканін (аксаміт, парча, шоўк), аздаблялі вышыўкай, аплікацыяй, нашыўкамі тасёмак, стужак, гузікаў. Касцюм мог дапаўняцца разнаколерным поясам з кутасамі. Галаўныя ўборы залежалі ад узросту і сямейнага становішча жанчыны. У дзяўчат гэта былі перавязкі накшталт вузкіх ручнікоў (скіндачка, шлячок), вянкі. Замужняй жанчыне не дазвалялася паказвацца на людзях з непакрытай галавой. Жаночыя галаўныя ўборы падзяляюцца на ручніковыя (намітка, сярпанка, хустка), рагацістыя (галовачка), каптуровыя (каптур, чапец, падвічка). Самы пашыраны і адмысловы — намітка. Будзённым абуткам жанчыны былі лапці, святочным — пасталы і чорныя хромавыя чаравікі. Верхняя мужчынская і жаночая вопратка мала адрознівалася. Яе шылі з валенага нефарбаванага сукна (світа, сярмяга, бурка, бурнос), аўчыны (кажух, кажушок). Насілі таксама бравэрку, каптан, кабат. Пранікненне ў вёску прамысловых вырабаў «размывала» жанравыя межы традыц.нар. касцюма. У 20 ст. многія віды і састаўныя часткі традыц. адзення выйшлі з ужытку. Нар. адзенне аднатыпнае на ўсёй тэр. Беларусі, але ў ім вылучаюць 4 асн. комплексы (залежна ад таго, з чым насілі кашулю ў жаночым касцюме): са спадніцай і фартухом; са спадніцай, фартухом і гарсэтам; са спадніцай, да якой прышыты ліф-гарсэт, і фартухом; з панёвай, фартухом, гарсэтам. Першыя 2 вядомыя ўсюды, 2 другія — ва ўсх. і паўд.-ўсх. раёнах. Комплексы маюць шэраг лакальных разнавіднасцяў, якія вылучаюцца як нар. строі. Найб. вывучаны строі Зах. і Усх. Палесся, Падняпроўя, Цэнтр. Беларусі, Панямоння, Паазер’я (пра кожны строй гл. адпаведны артыкул). Паасобныя матывы традыц. адзення выкарыстоўваюць мадэльеры пры распрацоўцы сучаснага касцюма.
Літ.:
Маслова Г.С. Народная одежда русских, украинцев и белорусов в XIX — начале XX в. // Восточнославянский этнографический сборник. М., 1956;
Беларускае народнае адзенне. Мн., 1975;
Каминская Н.М. История костюма. М., 1977;
Раманюк М.Ф. Беларускае народнае адзенне: [Альбом]. Мн., 1981;
Яго ж. Народны касцюм Чачэрска і ваколіц: Канец XIX — сярэдзіна XX стст. Мн., 1993;
Раманюк М., Ліцвінка В., Раговіч У. Песні і строі Піншчыны. Слонім, 1994.
М.Ф.Раманюк.
Адзенне: 1 — княжацкае 11-12 ст.; 2 — баярскае 12-13 ст.; 3 — гараджан 12-13 ст.; 4-5 — магнатаў 16—17 ст.; 6 — сялян 15 ст.Да арт.Адзенне. 1—2 — селянін і сялянка. Паводле Норбліна (канец 18 — пач. 19 ст.); 3—4 — дзяўчына і жанчына з Піншчыны. Паводле Рабцэвіча (канец 18 — пач. 19 ст.).Да арт.Адзенне. 1 — селянін. Паводле А.Рыгельмана (канец 18 ст.); 2 — сялянка з цэнтральнай Беларусі. Паводле К.Вуйціцкага (пач. 19 ст.); 3—4 — селянін з Палесся і жанчына з-пад Кобрына. Паводле Ю.Крашэўскага (1-я чвэрць 19 ст.).Да арт.Адзенне. К.Русецкі. Жняя. 1845.Да арт.Адзенне. І.Рэпін. Беларус. 1892.
Да арт.Адзенне. Партрэт Лізаветы Соф’і Радзівіл. Невядомы мастак. 1-я пал. 17 ст.
Беларускае народнае адзенне. Строі Цэнтральнай Беларусі і Панямоння: пухавіцкі (1), ляхавіцкі (2), капыльска-клецкі (3), слуцкі (4), вілейскі (5), мастоўскі (6), навагрудскі (7), ваўкавыска-камянецкі (8—9).Беларускае народнае адзенне. Строі заходняга і ўсходняга Палесся: дамачоўскі (10), маларыцкі (11), кобрынскі (12), пінска-івацэвіцкі (13), мотальскі (14), давыд-гарадоцка-тураўскі (15), турава-мазырскі (16), калінкавіцкі (17), брагінскі (18).Беларускае народнае адзенне. Строі Прыдняпроўя і Наддзвіння: магілёўскі (19—20), краснапольскі (21), буда-кашалёўскі (22), неглюбскі (23), лепельскі (24), дубровенскі (25), астравецка-дзісенскага рэгіёна (26—27).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АКАДЭ́МІЯ НАВУ́К БЕЛАРУ́СІ,
вышэйшая навуковая самакіравальная ўстанова, якая ажыццяўляе і каардынуе фундаментальныя і пошукавыя даследаванні ў Рэспубліцы Беларусь па асн. кірунках прыродазнаўчых, тэхн. і грамадскіх навук. Заснавана 1.1.1929 у Мінску на базе Інстытута беларускай культуры (Інбелкульта) паводле пастановы ЦВК і СНКБССР ад 13.10.1928. Да 1936 наз. Беларуская АН (БАН), да 1991 — АНБССР. У 1932 у Акадэміі было 14 ін-таў. У канцы 1920-х — 1930-я г. па надуманых абвінавачаннях было рэпрэсіравана больш як 140 супрацоўнікаў АН (у т. л. акадэмікі Г.І.Гарэцкі, П.В.Горын, А.Д.Дубах, М.М.Дурнаво, В.Ю.Ластоўскі, Я.Лёсік, С.М.Некрашэвіч, У.І.Пічэта, А.І.Смоліч, Б.А.Тарашкевіч, М.М.Шчакаціхін і інш.), што адмоўна адбілася на развіцці ўсіх навук. кірункаў. Найбольш пацярпелі гуманіт. навукі, дзе поруч са знішчэннем буйных бел. грамадазнаўцаў ліквідавана і распрацаваная імі навук. метадалогія, месца якой у гуманіт. даследаваннях 1930—50-х г. занялі празмерна гнуткія прынцыпы тагачаснай паліт. практыкі. У 1941 у АН было 12 н.-д. устаноў, у т. л. 9 ін-таў. У гады Вял.Айч. вайны АН панесла вял. людскія, матэрыяльныя і культ. страты (толькі матэрыяльны ўрон склаў больш за 300 млн.руб. у тагачасных цэнах). За 1-е пасляваеннае 10-годдзе адноўлены даваен. навук. ўстановы і створаны новыя. Сусв.навук.-тэхн. рэвалюцыя ў 1960—80-я г. дала значны імпульс далейшаму развіццю АН, абумовіла стварэнне многіх новых устаноў фізіка-матэм. і тэхн. профілю. На 1.1.1991 у АН працавалі 17 093 чал., у т. л. 5967 навук. работнікаў, 55 акад., 96 чл.-кар., 375 д-роў і 2557 канд.навук. Перабудовачныя працэсы 1980-х г. і эканам. крызіс пач. 1990-х г. паўплывалі на змяншэнне аб’ёму даследаванняў. На 1.1.1995 у складзе АН 11 218 супрацоўнікаў, у т. л. 4747 навук. работнікаў, 65 акад., 99 чл.-кар., 444 д-ры і 2139 канд.навук. Кіраванне работай АН ажыццяўляюць прэзідэнт і выбарны калегіяльны орган — Прэзідыум АН. Мае 6 аддзяленняў, якія аб’ядноўваюць н.-д. ўстановы па розных галінах навукі.
У аддзяленні фізікі, матэматыкі і інфарматыкі (ін-ты: фізікі; малекулярнай і атамнай фізікі; прыкладной оптыкі; матэматыкі; фізікі цвёрдага цела і паўправаднікоў; электронікі; тэхнічнай кібернетыкі; аддзел аптычных праблем інфарматыкі; Вылічальны цэнтр) вядуцца распрацоўкі ў галіне лазернай фізікі, аптычных метадаў даследавання прыродных і штучных асяроддзяў, фундаментальных узаемадзеянняў у фізіцы палёў, часціц і атамных ядраў, фізікі плазмы і плазменных тэхналогій, стварэння новых перспектыўных матэрыялаў, дыферэнцыяльных ураўненняў, вылічальнай матэматыкі, алгебры, новых інфарм. тэхналогій і інш. У аддзяленні фізіка-тэхнічных праблем машынабудавання і энергетыкі (ін-ты: праблем энергетыкі; радыяцыйных фізіка-хімічных праблем; радыеэкалагічных праблем; фізіка-тэхнічны; прыкладной фізікі; тэхналогіі металаў; тэхнічнай акустыкі; механікі металапалімерных сістэм; надзейнасці машын; акад.навук.комплекс «Ін-т цепла- і масаабмену імя А.В.Лыкава»; інжынерны цэнтр «Плазматэг»; навук-тэхн. цэнтр «Нетрадыцыйная энергетыка і энергазберажэнне», навук. цэнтр праблем механікі машын і аддзел праблем рэсурсазберажэння) вядуцца даследаванні ў галіне цепла- і масанераносу ў капілярна-порыстых целах, дысперсных сістэмах, рэалагічных асяроддзях, турбулентных патоках і ў нізкатэмпературнай плазме, фізікі, хіміі і трыбалогіі паверхні, тэхналогіі атрымання і апрацоўкі металічных, палімерных, кампазіцыйных і звышцвёрдых матэрыялаў, механікі мабільных машын і надзейнасці, цеплафізікі ліцейных працэсаў, распрацоўкі фізічных прынцыпаў і сродкаў дыягностыкі неразбуральнага кантролю рэчываў, матэрыялаў, вырабаў і тэхпрацэсаў і інш. У аддзяленні хімічных і геалагічных навук (ін-ты: агульнай і неарганічнай хіміі; біяарганічнай хіміі; геалагічных навук; праблем выкарыстання прыродных рэсурсаў і экалогіі; фізіка-арганічнай хіміі, Рэсп.навук.-тэхн. цэнтр «Экамір»; Хіміка-тэхналагічны цэнтр) вядуцца даследаванні ў галіне фізіка-хіміі палімераў і арган. сінтэзу, сінтэзу высокаактыўных і селектыўных адсарбентаў і каталізатараў, прыроды паверхневых з’яў і дысперсных сістэм, структурных асноў функцыянавання бялкоў і нуклеінавых кіслот, распрацоўкі рацыянальных падыходаў да накіраванага сінтэзу і вылучэння біялагічна важных злучэнняў, ацэнкі, прагназавання і аптымізацыі ўздзеяння натуральных і антрапагенных фактараў на прыроднае асяроддзе, стварэння рэсурсазберагальных тэхналогій здабычы, перапрацоўкі і выкарыстання цвёрдых гаручых выкапняў, будовы і эвалюцыі зямной кары і прыроднага асяроддзя на тэр. Беларусі. У аддзяленні біялагічных навук (ін-ты: генетыкі і цыталогіі; заалогіі; лесу; мікрабіялогіі; радыебіялогіі; фотабіялогіі; эксперыментальнай батанікі; Цэнтр. батанічны сад) вядуцца даследаванні ў галіне дынамікі супольнасцяў раслін і жывёл Беларусі, біял. рэсурсаў, асновы іх узнаўлення, рацыянальнага выкарыстання і аховы, генетычных і фізіёлага-біяхімічных праблем селекцыі, прадукцыйнасці і імунітэту раслін, генетычнай і клетачнай інжынерыі раслін і мікраарганізмаў, выкарыстання мікраарганізмаў у біятэхналогіі, сельскай гаспадарцы і аховы навакольнага асяроддзя, экалагічнай абстаноўкі, абумоўленай катастрофай на Чарнобыльскай АЭС, медыка-біял. і генетычных вынікаў радыяцыі, спосабаў зніжэння яе шкоднага ўздзеяння і інш. У аддзяленні гуманітарных навук (ін-ты: гісторыі; літаратуры; мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору; мовазнаўства; сацыялогіі; філасофіі і права; эканомікі; аддзел навук. інфармацыі па гуманітарных навуках) вядуцца даследаванні ў галіне вывучэння гісторыі бел. народа, яго мовы і л-ры, заканамернасцяў развіцця бел. мастацтва, матэрыяльнай культуры і побыту народа, гісторыі і тэорыі вусна-паэт. творчасці, праблем этн. і мед. антрапалогіі беларусаў, распрацоўкі сацыялагічнай мадэлі сац. і паліт. працэсаў ва ўмовах пераходу грамадства ад таталітарнай да дэмакратычнай сістэмы рыначнага тыпу, вывучэння гісторыі філас. і паліт.-прававой думкі, заканамернасцяў грамадскага развіцця, фарміравання дэмакр.дзярж. і паліт. сістэмы Рэспублікі Беларусь, распрацоўкі нац.-дзярж. мадэлі эканомікі Беларусі і механізму яе дзярж. рэгулявання і інш. У аддзяленні праблем медыцыны (ін-ты біяхіміі; фізіялогіі) вядуцца даследаванні ў галіне асаблівасцяў уздзеяння фактараў сучасных экасістэм і ладу жыцця на здароўе чалавека; вывучаюць праблемы аховы генафонду насельніцтва краіны, патагенезу асн. захворванняў чалавека, стварэння новых метадаў дыягностыкі, прафілактыкі і лячэння сардэчна-сасудзістых, анкалагічных, нервовых, эндакрынных і інш. хвароб. Некаторыя ўстановы АН знаходзяцца або маюць свае рэгіянальныя аддзяленні ў абл. цэнтрах.
Для забеспячэння ўкаранення вынікаў навук. даследаванняў і навук.-тэхн. распрацовак у АН створана доследна-канструктарская база, у складзе якой: Цэнтр. канструктарскае бюро, канструктарскае аддзяленне з доследнымі вытв-сцямі; 10 спец. канструктарскіх бюро з доследнымі вытв-сцямі пры ін-тах. У сістэме АН выдавецка-паліграфічнае вытворчае аб’яднанне «Беларуская навука», Бібліятэка цэнтральная навуковая імя Я.Коласа, Цэнтральны навук. архіў, музеі стараж.-бел. культуры, гісторыі АН Беларусі. АН выдае «Даклады АН Беларусі», «Весці АН Беларусі» (5 серый), часопісы «Дифференциальные уравнения», «Инженерно-физический журнал», «Журнал прикладной спектроскопии», часопіс «Трение и износ», шматтыражную газ. «Навіны АН Беларусі». Падрыхтоўка навуковых кадраў вядзецца праз дактарантуру і аспірантуру. Асобныя вынікі даследаванняў АН прызнаны сусв. супольніцтвам вучоных як навук. адкрыцці (ультрагукавы капілярны эфект адкрыў акад. Я.Р.Канавалаў, 1972; з’яву рухомасці падвойных сувязяў у спалучаных дыёнавых злучэннях — акад. А.А.Ахрэм разам з вучонымі з Масквы і Новасібірска, 1975; з’яву стабілізацыі-лабілізацыі электронна-ўзбуджаных шмататамных малекул — акад. М.А.Барысевіч і праф. Б.С.Непарэнт, 1978; бакавы зрух праменя пры адбіцці святла — акад. Ф.І.Фёдараў, 1980, і інш.). Многія навук. распрацоўкі знайшлі шырокае прымяненне ў нар. гаспадарцы Беларусі, у т. л. новыя матэрыялы і тэхналогіі, унікальныя прыборы і высокапрадукцыйныя гатункі культ. раслін.
Купревич В.Ф. Академия наук Белорусской ССР: Очерк истории и деятельности. 3 изд. Мн., 1968;
Акадэмія навук Беларускай ССР. Мн., 1979;
Токарев Н.В. Академия наук Белорусской ССР: годы становления и испытаний (1929—45). Мн., 1988;
Академия наук Белорусской ССР: Краткий очерк Мн., 1989;
Інстытут беларускай культуры. Мн., 1993.
В.К.Шчэрбін.
Акадэмія навук Беларусі. Галоўны корпус.Да арт.Акадэмія навук Беларусі. У лабараторыі ядзернай спектраскапіі Інстытута фізікі.Да арт.Акадэмія навук Беларусі. У музеі Інстытута мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору.Да арт.Акадэмія навук Беларусі. У лабараторыі экалогіі наземных жывёл Інстытута заалогіі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КІ́ЕЎ,
горад, сталіца Украіны, цэнтр Кіеўскай вобл., на р. Дняпро. 2638,7 тыс.ж. (1995). Буйны вузел чыг., аўтамаб. і паветр. шляхоў зносін. Рачны порт. Міжнар. аэрапорт у г. Барыспаль (прыгарад К.). Цэнтр машынабудавання (станкабудаванне, трансп. машынабудаванне, дакладнае прыладабудаванне, электратэхніка і радыёэлектроніка). Прамысловасць: лёгкая (шаўковая, трыкат., швейная, абутковая), паліграф., хім., харчасмакавая; вытв-сцьбуд. матэрыялаў. Метрапалітэн (з 1960).
Пасяленні на тэр. К. існавалі са старажытнасці. З канца 5 ст. цэнтр племя палян. Паводле летапіснага падання, засн. ў канцы 6 — пач. 7 ст. палянскімі князямі Кіем, Шчэкам, Харывам. У летапісах упершыню згадваецца пад 860 у сувязі з паходам Русі на Візантыю. Пасля ўтварэння ў канцы 9 ст.Кіеўскай Русі стаў яе паліт. цэнтрам, тут развіваліся рамёствы, пісьменнасць, архітэктура, жывапіс; кантактаваў з Полацкам і інш.бел. гарадамі. Пасля хрышчэння Русі ў К. пабудаваны першыя цэрквы, пры кн. Яраславе Мудрым — Кіеўскі Сафійскі сабор, Пячэрскі манастыр (гл.Кіева-пячэрская лаўра). Тут адбыліся Кіеўскае паўстанне 1068—69 (у час паўстання ў К. кароткі час княжыў Усяслаў Брачыславіч), Кіеўскае паўстанне 1113. У 1169 разрабаваны войскам кн. Андрэя Багалюбскага, у 1203 спустошаны кн. Рурыкам Расціславічам, у 1240 разбураны мангола-татарамі. З 1362 у складзе ВКЛ. З 1399 вытрымаў аблогу тат. войска, у 1416 захоплены ханам Адыгеем, у 1482 — крымскім ханам Менглі-Гірэем. З 1471 цэнтр Кіеўскага ваяводства. У канцы 15 ст. атрымаў магдэбургскае права. З 1569 у складзе Рэчы Паспалітай. Пасля заключэння Брэсцкай уніі 1596 адзін з антыкаталіцкіх і антыуніяцкіх цэнтраў. Каля 1615 пры Богаяўленскім манастыры створана Кіеўскае правасл. брацтва. У сярэдзіне 17 ст. дзейнічалі 4 касцёлы, дамініканскі манастыр, езуіцкі калегіум (з 1647). З 1654 у складзе Расіі, цэнтр Кіеўскага ваяводства, з 1708 — Кіеўскай губ. (у 1781—97 намесніцтва). У 18 ст. ўзніклі першыя буйныя прамысл. прадпрыемствы: Арсенал (1764), Кіева-Мяжыгарская фаянсавая ф-ка (1801). У 1809 адкрыта 1-я мужчынская гімназія, у 1834 — Кіеўскі нацыянальны універсітэт (у ім вучылася нямала выхадцаў з Беларусі). У 1820-я г. ў К. праходзілі сходы Паўд.т-ва дзекабрыстаў. Дзейнічалі Кірыла-Мяфодзіеўскае таварыства (1845—47), Кіева-Харкаўскае т-ва (1858—60). У канцы 19 — пач. 20 ст. буйны прамысл. цэнтр (у 1897 было 17 вял. прадпрыемстваў). Пасля пракладкі ў 1860-я г. Кіева-Адэскай і Кіева-Курскай чыгунак і з развіццём суднаходства па Дняпры К. — буйны трансп. вузел (у 1868 адкрыты Гал. майстэрні Паўд.Зах. чыгункі, у 1873 суднарамонтныя майстэрні). У 1890 засн. Політэхнічны ін-т, у 1899 Музей старажытнасцей і мастацтваў. У рэвалюцыю 1905—07 рас. ўлады расстралялі ў К. 30-тысячную дэманстрацыю (18.10.1905), адбыліся паўстанні сапёраў (1905 і 1907), створаны першыя прафсаюзы У 1913 у К. 595 тыс.ж., больш за 170 прадпрыемстваў. У 1-ю сусв. вайну тут размяшчаўся штаб Кіеўскай ваен. акругі. У сак. 1918 горад акупіраваны войскамі Германіі, у снеж. 1918 захоплены войскамі С.В.Пятлюры, у жн. 1919 — белагвардзейцамі, у маі 1920 — войскамі Польшчы. У чэрв. 1920 вызвалены Чырв. Арміяй. З 1919 у К. базіравалася частка караблёў і падраздзяленняў Дняпроўскай ваеннай флатыліі, у 1940—41 — Пінскай ваеннай флатыліі. З 1934 сталіца Украіны. У Вял.Айч. вайну 20.9.1941—6.11.1943 акупіраваны ням.-фаш. войскамі, месца жорсткіх баёў (гл.Кіеўская абарончая аперацыя 1941, Кіеўская наступальная аперацыя 1943).
Пачатак буд-ва горада паклалі 3 стараж.
паселішчы 6—7 ст. на Старакіеўскай, Шчокавіцкай і Хоравай гарах. У 10 ст. К. падзяляўся на Верхні горад (Стары К.) з Дзесяціннай царквой (989—96, зруйнавана ў 1240) і Ніжні горад (Падол) з майстэрнямі і дамамі рамеснікаў. У 11 ст. Верхні горад з кампазіцыйнай дамінантай — Кіеўскім Сафійскім саборам — абкружаны крапаснымі сценамі (захаваліся фрагменты мураванай Залатой брамы, 1037, рэканструявана ў 1982); з’явіліся першыя пабудовы Кіева-Пячэрскай лаўры і Выдубіцкага манастыра Ад 12 ст. захаваліся цэрквы Спаса на Бераставе (1113—25, размалёўкі 12 ст.; перабудавана ў 17 ст.) і Кірылаўская (1146, фрэскі 12 ст.; перабудавана ў 18 ст. ў стылі ўкр. барока, арх. І.Р.Грыгаровіч-Барскі). Манум. цэрквы Міколы Прыціска (1631) і Ільінская (1692) пабудаваны ў формах, блізкіх укр. драўлянаму дойлідству. Сярод помнікаў укр. барока: званіца (канец 17 ст. — 1853, арх. Г.І.Шэдэль і П.І.Спаро), брама Забароўскага (1746—48, арх. Шэдэль), пабудовы Сафійскага манастыра, Георгіеўская царква, трапезная (абодва 1696—1701) і званіца (1727—33) Выдубіцкага манастыра, цэрквы Ушэсця (1732), Пакроўская (1766, арх. Грыгаровіч-Барскі), Андрэеўская (1748—53, арх. В.В.Растрэлі і інш.; жывапіс іканастаса ў стылі ракако, мастакі А.П.Антропаў і Р.К.Лявіцкі); палацы Марыінскі (1752—55, арх. Растрэлі і І.Ф.Мічурын), Клоўскі (1754—58, арх. С.Дз.Коўнір і П.І.Няелаў). У стылі класіцызму пабудаваны манумент у гонар магдэбургскага права (1802—08; выш. 23,1 м), царква-ратонда на Аскольдавай магіле (1803—10, арх. абодвух А.І.Мяленскі, надбудавана ў 1935—36), Кантрактавы дом на Падоле (1815—17, арх. В.І.Гестэ), ун-т (1837—43, арх. В.І.Берэці). У 2-й пал. 19 ст. — пач. 20 ст. К. забудоўваўся стыхійна ў духу стылізатарства і эклектыкі: Уладзімірскі сабор (1862—96, арх. А.В.Берэці, І.В.Штром, Спаро; размалёўкі В.М.Васняцова, М.В.Несцерава, М.К.Піманенкі і інш.), оперны т-р (1897—1901, арх. В.А.Шротэр), будынкі Музея ўкр.выяўл. мастацтва (1900, арх. Г.П.Байцоў і У.У.Гарадзецкі), дзяржбанка (1902—05, арх. А.В.Кобелеў і А.М.Вярбіцкі), дом з хімерамі (1902—03, арх. Гарадзецкі). Пастаўлены помнікі кн. Уладзіміру (1853, скульпт. В.І.Дэмут-Маліноўскі, П.К.Клот, арх. К.А.Тон), Багдану Хмяльніцкаму (1870—88, скульпт. М.В.Мікешын). Жыллёвае і грамадскае буд-ва 1-й пал. 20 ст. мела манум. характар: чыг. вакзал (1927—33, арх. Вярбіцкі), стадыён (1936—46, арх. М.І.Грачына), помнік Т.Р.Шаўчэнку (1938, скульпт. М.Г.Манізер, арх. Я.А.Левінсон). У Вял.Айч. вайну К. моцна пашкоджаны. Паводле генплана 1945—47 створаны новы арх. ансамбль гал. вуліцы К. — Крашчацік (1947—54, арх. А.В.Уласаў, А.У.Дабравольскі, Б.І.Прыймак і інш.). У 1950—60 інтэнсіўна забудоўваліся новыя жылыя масівы (Першамайскі, Русанаўка, Абалонь, Троешчына), пачата буд-ва метрапалітэна. Найб. значныя пабудовы 2-й пал. 20 ст.: мост Патона (1951, арх. Прыймак і інш.), Палац спорту (1958—60, арх. Грачына, А.І.Завараў і інш.), гасцініца «Дняпро» (1964, арх. В.Дз.Елізараў, Н.Б.Чмуціна), Палац культуры «Украіна» (1970, арх. Я.А.Марынчанка, І.Г.Вайнер, П.Н.Жыліцкі), комплексУкр. музея гісторыі Вял.Айч. вайны (1981, скульпт. Я.В.Вучэціч, В.З.Барадай, Ф.М.Сагаян, арх. Елізараў і інш.), помнікі Лесі Украінцы (1973), М.В.Гогалю (1982), АН Украіны. 18 ВНУ, у т. л.Кіеўскі нацыянальны універсітэт, 15 тэатраў, у т. л.Укр.т-р оперы і балета. Каля 30 музеяў: літ.-маст. Т.Р.Шаўчэнкі, гіст., укр.выяўл. мастацтва, рус. мастацтва, зах. і ўсх. мастацтва, нар. архітэктуры і побыту, гісторыі Кіева, археал.нар. дэкаратыўнага мастацтва, архіў-музей л-ры і мастацтва, гісторыі медыцыны і інш.Рэсп. стадыён.
З часоў Кіеўскай Русі К. быў адным з цэнтраў маст. культуры. У 10 ст. тут зарадзілася Кіеўская маст. школа (фрэскі і мазаікі Дзесяціннай царквы, Сафійскага сабора, мініяцюры Астрамірава евангелля, Ізборніка Святаслава і інш.). Пры лаўры існавала іканапісная майстэрня, настаўнікі і вучні якой у сярэдзіне 18 ст. стварылі «кужбушкі» — альбомы малюнкаў і гравюр высокага маст. ўзроўню. У 13—18 ст. мастакі К. працягвалі стараж. традыцыі (мініяцюры Кіеўскага псалтыра, 1397). У 1901 на базе рысавальнай школы М.І.Мурашкі створана маст. вучылішча.
Літ.:
Логвин Г.Н. Киев 2 изд. М., 1982;
Толочко П.П. Древний Киев. Киев, 1983;
Киев: Энцикл. справ. 2 изд. Киев 1985.
Уладзімірскі сабор у Кіеве. Арх. А.Берэці, І.Штром, П.Спаро. 1862—96.Плошча Незалежнасці ў Кіеве.Кіеў. Нацыянальны акадэмічны тэатр оперы і балета імя Т.Р.Шаўчэнкі.Дом з хімерамі ў Кіеве. Арх. У.Гарадзецкі. 1902—03.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПО́ЛАЦКІ СПА́СА-ЕФРАСІ́ННЕЎСКІ МАНАСТЫ́Р, Полацкі Спаскі манастыр,
помнік архітэктуры 12 — пач. 20 ст. ў г. Полацк Віцебскай вобл. Знаходзіцца на ўскраіне горада, на правым беразе р. Палата. Засн. ў пач. 12 ст. князёўнай Ефрасінняй Полацкай як абарончы фарпост Полацка (з Пн), за 2 км ад горада, у в. Сяльцо, на месцы, дзе знаходзілася драўляная царква Спаса. У 1579 кароль Рэчы Паспалітай Стафан Баторый заняў Полацк і заснаваў у манастыры сваю рэзідэнцыю, потым перадаў яе езуітам. У 1656 паводле загаду рас. цара Аляксея Міхайлавіча манастыр пераасвячоны і вернуты праваслаўным. З 1667 зноў належаў езуітам, пасля 1820 перайшоў да піяраў. З 1832 вернуты праваслаўным, з 1841 жаночы манастыр. У 1844 пры манастыры адкрыта 3-класнае жан. вучылішча, сіроцкі прытулак, багадзельня. Найб. росквіту манастыр дасягнуў у канцы 19 ст. пры ігуменні Яўгенні (Гаваровіч). У 1910 сюды з Кіева перавезены мошчы св. Ефрасінні Полацкай. У пач. 20 ст. ў манастыры былі мураваныя храмы, якія ўтваралі невял. плошчу пры ўваходзе, а таксама каля 20 драўляных і мураваных жылых і гасп. пабудоў, сад, агарод. У1928 манастыр закрыты. У Вял.Айч. вайну на тэр. манастырскага комплексу быў лагер сав. ваеннапалонных, многія пабудовы разбураны. З 1943 манастыр пачаў дзейнічаць. У 1960 зноў закрыты (насельніцы пераведзены ў Жыровіцкі Успенскі манастыр). З 1989 манастыр аднавіў сваю дзейнасць. У ансамбль уваходзяць: цэрквы Спаса-Праабражэнская і Свята-Ефрасіннеўская трапезная (цёплая), Крыжаўзвіжанскі сабор, жылы дом, брама-званіца з жылым манастырскім корпусам, падмуркі храма-пахавальні. У 1998—2000 узведзены манастырскі жылы корпус, гасп. пабудовы, майстэрні. Спаса-Праабражэнская царква — помнік архітэктуры Полацкай школы дойлідства. Размешчана ў цэнтры манастырскага комплексу. Пабудавана паміж 1152—61 дойлідам Іаанам на заказ Ефрасінні Полацкай як саборны храм. З пераходам манастыра да езуітаў царква была ператворана ў касцёл. У 1833 часткова перабудавана (арх. А.Порта). Мураваны 3-нефавы 6-стаўповы крыжова-купальны храм (8 χ 12). Цэнтр. неф з У завершаны паўкруглай масіўнай апсідай, больш вузкія бакавыя нефы — паўкруглымі нішамі ў тоўшчы сцяны. Паўд. і паўн. фасады расчлянёны пілястрамі з паўкалонамі, якія рытмічна падзяляюць паверхню на 3 вузкія і 2 шырокія прасценкі (чаргуюцца), прарэзаны паўцыркульнымі аконнымі праёмамі на 2 узроўнях (ніжнія ў 1,5 раза большыя за верхнія, з т.зв. броўкамі з 4 радоў плінфы). Напачатку царква мела пазакамарнае пакрыццё асн. аб’ёму і больш нізкага нартэкса. Барабан купала ўзвышаўся над скляпеннямі асн. аб’ёму і апіраўся на квадратны ў плане пастамент, на гранях якога былі какошнікі. Закамары і какошнікі мелі кілепадобнае завяршэнне, што стварала ярусную кампазіцыю верху. У 19 ст. пазакамарнае пакрыццё заменена 3-схільным дахам. Уваход на хоры — у паўн. частцы зах. сцяны. Па баках хораў 2 маленькія келлі, адна з іх, паводле падання, прызначалася для Ефрасінні Полацкай. Інтэр’ер аздоблены фрэскамі 12 ст. — унікальнымі творамі стараж.-рус.манум. мастацтва. Даследаванні паверхні сцен, скляпенняў і слупоў даюць падставу меркаваць, што ўвесь храм багата ўпрыгожаны фрэскамі, якія закрыты напластаваннямі тынку і алейнай размалёўкай 5 832—35 і 1840. Расчыстка сценапісу праводзілася ў 1937, 1938, 1940, 1950, 1972. Адкрыта 8 фрагментаў фрэсак 12 ст. Тры з іх знаходзяцца ў алтарнай частцы: на лапатках паўд. і паўн. сцен выявы невядомых святых ва ўвесь рост з кнігамі ў руках, на паўд. сцяне побач з бакавым праёмам выява святога, што моліцца на фоне высокай вежы. 5 фрагментаў у цэнтр. частцы: на паўд. сцяне 2 з выявамі святых манашак; на паўн.-ўсх. і паўд.-ўсх. слупах франтальныя выявы святых ва ўвесь рост са скруткамі ў руках; на паўн.-зах. слупе, які падтрымлівае хоры, выява невядомай маладой святой. У апошнія гады пазнейшыя алейныя размалёўкі пачалі ападаць. Адкрылася шмат новых фрагментаў і сюжэтных кампазіцый у цэнтр. (10 выяў) і бакавых апсідах, цэнтр. частцы, у келлі Ефрасінні Полацкай. Фрэскі вылучаюцца выразнасцю індывід. характарыстык, натхнёнасцю, эмацыянальнасцю, суровай экспрэсіяй. Выявы святых пададзены ў класічных прапорцыях: з прадаўгаватымі тварамі, вял. міндалепадобнымі вачыма, цёмнымі вачніцамі, сціснутымі, але прыгожымі і жывымі вуснамі. Стараж. фрэскамі таксама была размалявана вонкавая паўд. сцяна (не захавалася). У 1161 Лазар Богша для царквы зрабіў Крыж Ефрасінні Полацкай. Крыжаўзвіжанскі сабор размешчаны з левага (паўн.) боку ад Спаса-Праабражэнскай царквы. Узведзены ў 1893—97 з цэглы (паводле праекта У.Ф.Коршыкава) у руска-візант. стылі. З пач. 1990-х г. вядзецца расчыстка і кансервацыя размалёвак (мастак-рэстаўратар І.В.Ракіцкі). Уяўляе сабой крыжова-купальны 3-нефавы храм, 4-слуповы, 5-купальны, з 3 прытворамі і паўцыркульнай апсідай. Цэнтр. шлемападобны купал на высокім светлавым 12-гранным барабане. Па вуглах ад яго 8-гранныя вежы, завершаныя шлемападобнымі купаламі. У дэкар. аздабленні фасадаў выкарыстаны закамары, арачныя ўваходныя парталы, паўкалонкі, круглыя медальёны. У 1990 праведзена рэстаўрацыя сабора.
Свята-Ефрасіннеўская трапезная (цёплая) царква размешчана з правага (паўд.) боку ад Спаса-Праабражэнскай царквы. У 1847 1-павярховы жылы дом быў прыстасаваны пад царкву, у 1849 перабудаваны. Уяўляе сабой прамавугольны ў плане аб’ём з 5-граннай апсідай (з У), 4-гранным прыдзелам (з Пд) і прытворам (з 3). Накрыта 2-схільным дахам, у цэнтры якога невял. купал з галоўкай на драўляным 8-гранным барабане. Уваход у выглядзе арачнага партала з шырокай лесвіцай, сцены дэкарыраваны рустам, аконныя праёмы паўцыркульныя з ліштвамі. У 1989 царква адрэстаўрыравана. Жылы корпус размешчаны на ПдУ ад Спаса-Праабражэнскай царквы (каля храма-пахавальні). Пабудаваны ў пач. 18 ст. з цэглы як жылы, пазней — летняя рэзідэнцыя генерала езуіцкага ордэна. 2-павярховы прамавугольны ў плане будынак з уваходам з усх. боку. Сцены прарэзаны невял. аконнымі праёмамі з ліштвамі, вуглы дэкарыраваны руставанымі лапаткамі і ўмацаваны (з боку яра) 2 масіўнымі контрфорсамі. Брама-званіца і манастырскі корпус размешчаны пры ўваходзе на тэр. манастыра з боку вул. Фрунзе. Брама-званіца, узведзеная ў 1882 з цэглы, уяўляла сабой 1-арачны пралёт, перакрыты цыліндрычным скляпеннем і завершаны вежай-званіцай (не захавалася; у 1992 адноўлена). Да яго з 2 бакоў далучаліся 1-павярховыя флігелі. Да левага флігеля ў 1902 прыбудаваны 3-павярховы (1-ы паверх цокальны) мураваны жылы манастырскі корпус. Фундаменты храма-пахавальні размешчаны за 100 м на ПнУ ад Спаса-Ефрасіннеўскай царквы. Існаваў у 1-й пал. 12—1-й пал. 17 ст. Уваходзіў у ансамбль манастыра. Быў пабудаваны ў традыцыях Полацкай школы дойлідства. Паводле археал. даследаванняў 1947, 1961—62, 1964, 1976 храм быў 3-нефавы, 4-стаўповы, крыжова-купальны (шыр. 14,85 м, даўж. без апсіды 17,2 м), 3-апсідны (бакавыя апсіды размешчаны ў тоўшчы ўсх. сцяны). З паўд., зах. і паўн. бакоў абнесены галерэяй (шыр. 4,1 м), якая пераходзіла ў невял. капліцы з самаст. апсідамі. Сцены складзены з плінфы ў тэхніцы муроўкі са «схаваным радам». Фасады аформлены лапаткамі ступеньчатага профілю. Унутры храм быў багата аздоблены. Знойдзена шмат кавалкаў тынкоўкі з фрэскавай размалёўкай: з арнаментам, выявамі святых і анёлаў. Узорыстая мазаічная падлога была выкладзена з керамічных паліваных плітак рознай формы; малюнкі выкладаліся са смальты ў форме квадратаў, трохвугольнікаў і палосак. Выяўлены таксама рэшткі мужчынскіх пахаванняў у цагляных камерах. Храм быў пахавальняй полацкіх епіскапаў. Захаваліся падмуркі і часткова ніжнія ч. сцен. Комплекс манастыра ўваходзіць у Полацкі гісторыка-культурны музей-запаведнік. З 1997 у манастыры знаходзіцца адноўлены Крыж Ефрасінні Полацкай (маст. М.Кузьміч). У 2000 у гонар 2000-годдзя Раства Хрыстова і 100-годдзя смерці ігуменні Яўгенні (Гаваровіч) у саборы ўстаноўлена памятная дошка (аўтары: А.Інькова, Г.Лаўрэцкі, А.Царык).
Літ.:
Монастырь у церкви Спаса: Полоцкий Спасо-Ефросиниевский монастырь с древности до наших дней: Фотоальбом. Мн., 2000.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПО́МНІКІ ГІСТО́РЫІ І КУЛЬТУ́РЫ,
аб’екты матэрыяльнай і духоўнай творчасці, якія маюць гіст. ці маст. каштоўнасць; своеасаблівае адлюстраванне гісторыі народа. Вылучаюць тыпалагічныя групы помнікаў: археалогіі, гісторыі, архітэктуры і горадабудаўніцтва, мастацтва, дакументальныя. П.г. і к. адыгрываюць важную ролю ў патрыят. і духоўным выхаванні людзей усіх дзяржаў і нацый, складаючы вобразны летапіс іх гісторыі 1 культуры. Найб. выдатныя помнікі сусв. значэння ўключаны ЮНЕСКА у спіс Сусветнай спадчыны. На тэр. Беларусі П.г. і к. сусв. значэння са снеж. 2000 з’яўляецца Мірскі замкава-паркавы комплекс. У 1972 прынята міжнар. Канвенцыя па ахове сусв.культ. і прыроднай спадчыны, падпісаная большасцю краін свету. У Рэспубліцы Беларусь П.г. і к. прызнаны ўсенар. набыткам і ахоўваюцца дзяржавай. У Расіі захады па ахове асобных помнікаў старажытнасці ўпершыню прыняты Пятром 1 (1718, 1722). Указамі 1838 і 1839 зацверджана дзярж. апека над помнікамі, пачалася работа па іх уліку і каталагізацыі. У сав. час выдадзена больш за 15 дэкрэтаў па ахове помнікаў. На Беларусі 24.12.1923 СНКБССР прыняў пастанову аб абавязковай рэгістрацыі і ахове помнікаў мастацтва, старажытнасці і прыроды, якія знаходзіліся ва ўласнасці ўстаноў, т-ваў, прыватных асоб. Да 1925 ахову помнікаў ажыццяўляў Наркамат асветы БССР, потым Інбелкульт. Першы спіс помнікаў культуры зацверджаны пастановай СНКБССР ад 5.7.1926. У 1950 і 1957 праведзена перарэгістрацыя помнікаў, што зберагліся, зацверджаны новыя спісы помнікаў ваен. гісторыі, археалогіі, архітэктуры і мастацтва, якія падлягалі дзярж. ахове. У снеж. 1966 створана Беларускае добраахвотнае таварыства аховы помнікаў гісторыі і культуры. З 1967 ахова помнікаў ускладзена на Мін-ва культуры БССР, а нагляд за іх станам — на выканкомы мясц. Саветаў і іх аддзелы культуры. У 1969 у БССР прыняты закон «Аб ахове помнікаў культуры», у 1978 — закон «Аб ахове і выкарыстанні помнікаў гісторыі і культуры», паводле якога з 1.11.1978 дзярж. кіраўніцтва па ахове помнікаў ажыццяўляў СМБССР, выканкомы абл., раённых, пасялковых Саветаў, а таксама ўпаўнаважаныя дзярж. органаў аховы помнікаў. У 1.984—88 выд-ва «Беларуская Энцыклапедыя» выпусціла «Збор помнікаў гісторыі і культуры Беларусі» ў 7 тамах (8 кнігах), які стаў афіц. дакументам уліку помнікаў, што падлягаюць дзярж. ахове. 13.11.1992 прыняты закон Рэспублікі Беларусь «Аб ахове гісторыка-культурнай спадчыны» (змены і дапаўненні 1995 і 1998), паводле якога дзярж. палітыка ў галіне ўліку і аховы гіст.культ. спадчыны ажыццяўлялася ўрадам рэспублікі праз спец.дзярж. орган — Дзярж. інспекцыю (у 1997 пераўтворана ў Камітэт па ахове гіст.-культ. спадчыны пры Мін-ве культуры). Матэрыяльныя аб’екты і нематэрыяльныя праяўленні чалавечай творчасці, якім у адпаведнасці з гэтым законам нададзены статус каштоўнасці, уносяцца ў Дзярж. спіс гіст.-культ. каштоўнасцей. Вінаватыя ў наўмысным разбурэнні і пашкоджанні помнікаў падлягаюць крымін. адказнасці. Кансервацыю і рэстаўрацыю помнікаў архітэктуры, выяўл. і дэкар.-прыкладнога мастацтва праводзяць пад кантролем К-та па ахове гіст.-культ. спадчыны дзярж. і прыватныя спецыялізаваныя прадпрыемствы: «Мінскрэстаўрацыя», «Брэстрэстаўрацыя», «Белбудэнерга» і інш. У 1970—89 Бел. добраахвотнае т-ва аховы помнікаў гісторыі і культуры выдавала інфармацыйны навук.-метадычны бюлетэнь «Помнікі гісторыі і культуры Беларусі», з 1989 сумесна з Бел. фондам культуры выдае час.«Спадчына». На тэр. Беларусі (кастр. 2000) зарэгістравана 17 769 нерухомых гіст.-культ. каштоўнасцей (помнікаў).
Да помнікаў археалогіі адносяцца: стаянкі і паселішчы, селішчы, гарадзішчы розных археалагічных культур, ч.стараж. гарадоў (вакольны горад, замчышчы, пасады); стараж. помнікі вытв. дзейнасці чалавека — руднікі, шахты крэменездабыўныя, майстэрні, ірыгацыйныя сістэмы, курганы, могільнікі, каменныя ідалы і крыжы, наскальныя малюнкі і помнікі эпіграфікі (Барысавы камяні), знаходкі першабытнага мастацтва, следавікі, свяцілішчы, месцы асобных знаходак археал. прадметаў (касцей выкапнёвых жывёл, скарбаў, затанулых стараж. суднаў і іх грузаў).
Помнікі гісторыі ўключаюць: стараж. прылады земляробства (саха, валакуша), вытв-сці і перапрацоўкі с.-г. прадуктаў (млыны, ветракі і інш.), прамысл. вытв-сці (будынкі мануфактур, першых фабрык, з-даў і майстэрняў), гідратэхн. і дарожнага буд-ва (каналы, дарогі, масты і г.д.), інж. гаспадаркі (унікальныя збудаванні, механізмы), рамесныя і гандл. цэнтры, цэнтры нар. промыслаў, мясціны і помнікі прац. дзейнасці, гіст.прамысл. будоўлі. Помнікі і памятныя мясціны, звязаныя з гісторыяй грамадска-паліт. рухаў, паліт. падзей, нар. паўстанняў, у т. л. з рэв. рухам дзекабрыстаў, рэв.-дэмакратаў, з кіраўнікамі і дзеячамі нац.-вызв. руху, з рэвалюцыяй 1905—07, Лютаўскай і Кастр. рэвалюцыямі 1917, грамадзянскай вайной і замежнай інтэрвенцыяй 1918—20. Помнікі і памятныя мясціны, звязаныя з дзярж. і грамадскім жыццём, уключаюць месцы гіст.нар. сходаў, будынкі дзярж. устаноў, будынкі, у якіх адбываліся важныя з’езды, кангрэсы, нарады. Помнікі і памятныя мясціны, звязаныя з жыццём і дзейнасцю нар. герояў, рэвалюцыянераў, герояў воінскай славы і працы, выдатных грамадска-паліт., дзярж., паліт. і ваен. дзеячаў. Да помнікаў гісторыі таксама адносяцца: будынкі, звязаныя з узнікненнем культ.-асв. устаноў, навуковых т-ваў, творчых саюзаў і інш. арг-цый, дзе працавалі выдатныя дзеячы культуры; памятныя мясціны, сядзібы, паркі, будынкі, звязаныя з жыццём і дзейнасцю вядомых асветнікаў, вучоных, пісьменнікаў, мастакоў, музыкантаў і інш.; магілы дзеячаў навукі і культуры і скульптурныя надмагіллі на іх. Помнікі барацьбы народа за сваю незалежнасць і мясціны воінскай славы ўключаюць месцы бітваў, месцы фарміравання нар. дружын і апалчэнняў, вайск. часцей, дыслакацыі партыз. атрадаў і злучэнняў, падп.патрыят. арг-цый, памятныя мясціны братэрства па зброі, брацкія і адзіночныя магілы сав. воінаў і партызан, помнікі ахвярам фашызму, помнікі аднавяскоўцам, якія загінулі ў Вял.Айч. вайну, месцы спаленых ням.-фаш. захопнікамі разам з жыхарамі вёсак; помнікі і памятныя знакі, звязаныя з ахвярамі рэпрэсій палітычных у СССР, з воінамі-інтэрнацыяналістамі, што загінулі ў Афганістане і інш. мясцінах. На месцы гіст. падзей ці ў іх гонар, на месцы пахаванняў ставяцца помнікі, сярод якіх шмат выдатных арх.-маст. твораў. Найб. пашыраны абеліскі, храмы, мемар. капліцы, манументы, стэлы, мемарыяльныя дошкі, арх.-маст. комплексы і інш. мемарыяльныя збудаванні.
Помнікі архітэктуры і горадабудаўніцтва ўключаюць: помнікі горадабуд. мастацтва — гіст. гарады (Гродна, Мінск, Полацк, Тураў і інш.) і іх часткі, рэшткі стараж. планіроўкі, буйныя арх. комплексы і ансамблі, якія вызначаюць сілуэт стараж. гарадоў і вёсак, іх панараму; жыллёвай архітэктуры — гар. і сельскія жылыя дамы, гасп. будынкі, палацы і палацава-замкавыя комплексы; грамадз. архітэктуры — будынкі ратуш, банкаў, судоў, навуч. устаноў, тэатраў, бальніц, вакзалаў, гандлёвыя будынкі, музеі; прамысл. архітэктуры — вытв. збудаванні; культавай архітэктуры — манастыры, цэрквы, саборы, касцёлы, капліцы, сінагогі, мячэці, кірхі; ваеннаабарончага дойлідства — равы, валы, дзядзінцы, вежы, абарончыя збудаванні; садова-паркавага мастацтва — планіроўка паркаў з насаджэннямі, фантанамі, каналамі, альтанкамі, паркавай скульптурай, малымі формамі ў архітэктуры; арх. манументы ў гарадах, на месцах пахаванняў, мемарыяльныя ансамблі на тэрыторыях, звязаных з гіст. падзеямі — абеліскі, стэлы, калоны, Курганы Славы, Курганы Дружбы, арх.-скульптурныя комплексы.
Помнікі мастацтва ўключаюць творы манум., выяўл.дэкар.-прыкладнога і інш. відаў мастацтва. Помнікі манум. мастацтва: манум. скульптуры — скульптурныя кампазіцыі, манументы, бюсты, надмагіллі, скульптура прыдарожная, рэльефы, мемарыяльныя дошкі; манументальнага жывапісу — унутр. і вонкавая размалёўка сцен, перакрыццяў; дэкар. мастацтва — арнаментальная і дэкар. размалёўка, дэкар. лепка, разьба па дрэве. Помнікі выяўл. мастацтва — творы станковага і дэкар. жывапісу, мініяцюры; станковая, газетна-часопісная, кніжная, прамысл.графіка, плакат, карыкатура; станковая скульптура і скульптура малых форм. Помнікі дэкар.-прыкладнога мастацтва — посуд, прылады працы, адзенне, ювелірныя і ткацкія вырабы.
Дакументальныя помнік і — акты органаў дзярж. улады і органаў дзярж. кіравання, інш. пісьмовыя і графічныя дакументы, кінафотадакументы і гуказапісы, а таксама стараж. і інш. рукапісы і архівы, запісы фальклору і музыкі, рэдкія друкаваныя выданні. Да П.г. і к. могуць быць аднесены і інш. аб’екты, якія маюць гіст., навук., мастацкую і інш.культ. каштоўнасць. Іл.гл. пры арт.Архітэктура, Дэкаратыўна-прыкладное мастацтва, Жывапіс, Манументальная скульптура, Манументальны жывапіс, Мемарыяльныя збудаванні і інш.
Літ.:
Короткевич В.Б. Памятники истории и культуры. Мн., 1978;
Кисель В.П. Памятники всемирного наследия. Мн., 1998.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ФАРМІРАВАННЕ РЭЛЬЕФУ.
Рэльеф Беларусі ўтварыўся ў выніку ўзаемадзеяння экзагенных і эндагенных фактараў на працягу ўсёй геалагічнай, асабліва мезазойска-кайназойскай, гісторыі развіцця зах. часткі Усходне-Еўрапейскай платформы, а ў апошні час і тэхнагенных працэсаў. Вялікую ролю адыгралі ледавіковыя покрывы, якія ў чацвярцічны перыяд неаднаразова насоўваліся ў межы рэгіёна, што прывяло да значнай змены агульнага араграфічнага аблічча.
У канцы перадледавікоўя тэр. Беларусі ўяўляла сабой пераважна спадзіста-хвалістую дэнудацыйную раўніну, паверхня якой мела форму амфітэатра, адкрытага на ПнЗ, і была складзена з карэнных парод. На ПдЗ пераважалі азёрна-алювіяльныя, месцамі забалочаныя нізіны. Перасечанасць рэльефу была невялікая. Паўсюдна сустракаліся азёры тэктанічнага і старычнага паходжання (асабліва на ПдЗ Беларусі). На Пн і У яны займалі невялікія плошчы, і толькі ў раёне сучаснага сярэдняга цячэння Прыпяці знаходзіўся вялікі вадаём або група вадаёмаў.
У нараўскі час значную частку тэр. Беларусі перакрывалі ледавіковыя покрывы, мяжа распаўсюджвання якіх праходзіла па лініі Шарашова—Любань—Глуск—Жлобін—Клімавічы. У выніку дзейнасці ледавіка ўзнік складаны комплекс марэнных, флювіягляцыяльных і азёрна-ледавіковых адкладаў, якія ў наш час пашыраны толькі ў зах. і цэнтр. частках краіны. На астатняй тэр. ўтварэнні нараўскага ўзросту ў значнай ступені размыты або здзёрты наступнымі ледавіковымі покрывамі. Морфагенез нараўскага часу на тэр. Беларусі ў генетычных адносінах значна адрозніваецца ад даледавіковага: павялічылася агульная расчлянёнасць зямной паверхні да 120—140 м, паўд. частка (Палессе) пачала набываць выгляд катлавіны. Узніклі краявыя ледавіковыя ўзвышшы, якія прымеркаваны да плошчаў распаўсюджвання сучаснага ўзгоркава-градавага рэльефу. Плошчы гэтых стараж. узвышшаў былі невялікія, найбольшыя з іх — міжлопасцевыя ўтварэнні ў раёне Гродна, Навагрудка і на Пн ад Мінска.
На тэр. Беларусі трапляюцца адклады белавежскага міжледавікоўя ў выглядзе азёрных, азёрна-алювіяльных і балотных комплексаў, размешчаных у паніжэннях на ледавіковых адкладах, у лагчынах — на больш стараж. гарызонтах. Рэльеф стаў больш разнастайным: дэнудацыйныя паверхні змяніліся пераважна ледавіковымі. Дэнудацыйныя раўніны зберагліся толькі на Пд і У Беларусі. На астатняй тэр. рэльеф складалі пераважна спадзістахвалістыя зандравыя раўніны і нізіны, над якімі на 40—60 м узвышаліся краявыя ледавіковыя ўзвышшы і на 5—10 м — марэнныя раўніны. Ніжэй зандраў (на 5—10 м) размяшчаліся азёрна-ледавіковыя нізіны, а таксама азёры і рачныя даліны (Пра-Дняпро, Бярэзіна, Прыпяць, Сож і інш.). Бярэзінскі ледавік амаль цалкам перакрыў тэр. Беларусі. У пазаледавіковай зоне засталіся толькі тэрыторыі на Пд ад лініі Столін—Петрыкаў—Ельск. Паверхня бярэзінскіх адкладаў у цяперашні час залягае ніжэй абсалютных адзнак 90—150 м, зрэдку апускаецца да 30—70 м або падымаецца на асобных участках Цэнтральнабеларускіх узвышшаў і град вышэй за 150 м. Шматлікія лагчыны і ўрэзы таго часу сведчаць пра вял. выворвальную дзейнасць ледавіка. Пасля адступання бярэзінскага ледавіка павялічыліся плошчы спадзістахвалістых марэнных раўнін і асабліва плоскіх азёрна-ледавіковых раўнін і нізін. Сфарміраваліся ледавіковыя ўзвышшы на месцы амаль усіх сучасных град (акрамя Мазырскай грады). Зменшыліся плошчы дэнудацыйных раўнін, складзеных з карэнных (палеаген-неагенавых) парод.
Александрыйскае міжледавікоўе папярэднічала самаму значнаму (прыпяцкаму) ледавіковаму покрыву на тэр. Беларусі. Густая сетка прыледавіковых азёр, што ўзніклі пры адступанні бярэзінскага ледавіка, прадоўжыла сваё развіццё. Яны сталі тыповымі вадаёмамі гуміднай зоны. На ПдЗ Беларусі азёрнасць складала да 20%. Даволі шырока распаўсюджваліся выраўнаваныя і паніжаныя прасторы, інтэнсіўна дрэніраваныя густой сеткай рэк (Пра-Дняпро, Прыпяць, Сож, Нёман, Бярэзіна і інш.). Рэкі мелі шырокія даліны, не падобныя на сучасныя вадацёкі. Ваганні адносных вышынь сталі больш значнымі: узвышшы, якія адпавядаюць сучасным Гродзенскаму, Навагрудскаму, Мінскаму, перавышалі ўрэз вады на 60—100 м. Астатнія ледавіковыя ўзвышшы мелі адносныя вышыні 20—40 м. Значную ролю на асобных участках пачалі выконваць азёрна-ледавіковыя нізіны, асабліва ў басейне Пра-Нёмана. Ва ўмовах цёплага і вільготнага клімату пры адноснай стабільнасці тэктанічнага становішча ішло паступовае агульнае выраўноўванне тэрыторыі.
У пачатку прыпяцкага этапу на тэр. Беларусі насунуўся самы магутны з ледавікоў, які ў дняпроўскую стадыю амаль цалкам яе перакрыў. У час перарывістай дэградацыі гэтага ледавіка мелі месца працяглыя спыненні яго краю. У выніку ўзніклі субшыротныя ланцугі ўзвышшаў, якія вызначылі своеасаблівасці сучаснага размяшчэння рэк, азёр, балот. Гэтыя краявыя ледавіковыя комплексы на тэр. Палесся захаваліся ў межах Загароддзя, Мазырскай, Юравіцкай град, фрагментарна ў раёне Брэста, Маларыты, Рэчыцы, Чачэрска і інш.; самая вялікая і своеасаблівая паводле генезісу Мазырская града. У цэнтр. і паўн. Беларусі дняпроўскі ледавік надбудаваў узвышшы, што ўзніклі раней, паглыбіў ужо створаныя і ўтварыў новыя лагчыны ледавіковага выворвання і размыву. Пры раставанні і адступанні ледавіка на месцах паніжэнняў развіваліся вадасцёкі, фарміраваліся азёры.
У сожскую стадыю льды пашырыліся на паўд. частку Беларусі, да лініі Шарашова—Бяроза—Івацэвічы—Даманава—Баранавічы—Старобін—Любань—Глуск—Бабруйск—Рагачоў—Клімавічы. З сожскім зледзяненнем звязваецца канчатковае афармленне ўзвышшаў і град цэнтр. Беларусі (Гродзенскае, Ваўкавыскае, Слонімскае, Навагрудскае, Капыльскае, Ашмянскае, Мінскае). Пры стабілізацыі краю ледавіка ўзніклі шырокія, часта 2-узроўневыя зандравыя раўніны Перадпалесся і Палесся; сярод іх існавалі тэрмакарставыя азёры. У пазаледавіковай зоне намнажаліся перыягляцыяльныя адклады, фарміраваліся рачныя тэрасы, яры, лагчыны. Паступова адраджалася рачная сетка, адбываліся шматлікія перахваты рэчышчаў.
У пачатку муравінскага міжледавікоўя на тэр. Беларусі, асабліва на Пд, існавала мноства азёр. На месцы самых глыбокіх іх участкаў і зараз існуюць азёры Чырвонае, Спораўскае, Бабровіцкае, Чорнае, Белае, Арэхаўскае. На астатняй тэр. сустракаліся меншыя па плошчы азёры. Іх катлавіны і зараз вылучаюцца ў рэльефе ў выглядзе неглыбокіх паніжэнняў. Паступова фарміравалася рачная сетка, блізкая да сучаснай. Найб. узвышанай была тэр. ў цэнтры рэгіёна. На Пд і Пн пераважалі марэнныя, водна-ледавіковыя, азёрна-алювіяльныя раўніны і нізіны.
Апошняе (паазерскае) ледавіковае покрыва пранікла толькі на Пн Беларусі. Межы пашырэння льдоў праходзілі па паўн. схілах Гродзенскага ўзвышша, паміж Скідзелем і Астрыной, на З ад Радуні, каля Астраўца, на Пн ад Вілейкі і Докшыц, па лініі азёр Шо, Сялява, каля Оршы і ўздоўж шыротнага адрэзка Дняпра выйшлі за тэр. краіны. Гэта быў самы кліматычна суровы час за ўвесь чацвярцічны перыяд, што абумовіла інтэнсіўнасць працэсаў перыягляцыяльнага марфагенезу. На пачатку і ў сярэдзіне паазерскага этапу на Пн працягвалася развіццё рачных далін, пашыраліся балоты. У басейне Нёмана і Зах. Дзвіны фарміраваліся алювіяльныя адклады і адпаведныя ім тэрасы, якія на большай частцы тэрыторыі з’яўляюцца пахаванымі. На адрэзку, што завяршае паазерскі час, узніклі паўн. схілы Гродзенскага ўзвышша, Свянцянскія грады, Кубліцкае, Віцебскае і паўн. часткі Лукомскага і Аршанскага ўзвышшаў. На Пд ад іх утварыўся пояс зандравых раўнін, якія месцамі дасягаюць шырыні 50 км. Ледавік перапыніў сцёк вод Нёмана і садзейнічаў фарміраванню ў межах яго даліны вялікіх прыледавіковых азёр. Пры яго адступленні на Пн Беларусі з’явіліся вялізныя прыледавіковыя вадаёмы (Полацкі, Дзісенскі, Суражскі, Лучоскі). Тут жа сфарміраваліся краявыя ледавіковыя ўзвышшы: Браслаўскае, Віцебскае, Гарадоцкае. З адступаннем ледавіка ўзровень азёр зніжаўся, на схілах іх катлавін фарміраваліся тэрасы. Паступова аднаўляўся сцёк рэк Балтыйскага басейна. З’явіліся верхнія цыклавыя надпоймавыя тэрасы Нёмана і Зах. Дзвіны. У позналедавікоўі інтэнсіўна развіваліся тэрмакарставыя працэсы, узнікла густая сетка азёр, фарміраваліся ніжнія надпоймавыя тэрасы, актыўна адбываліся балотаўтварэнне. эолавыя, саліфлюкцыйныя, абразійныя і інш. працэсы.
У пазаледавіковай зоне ў пачатку і сярэдзіне паазерскага часу намнажаліся тарфянікі, азёрна-алювіяльныя і алювіяльныя адклады, ішло яраўтварэнне. У час зледзянення на тэр. Палесся з басейна Нёмана і па далінах рэк Бярэзіна і Дняпро паступала значная колькасць вод, што спрыяла ўтварэнню скразных далін на водападзелах, даволі шырокіх другіх надпоймавых тэрас, шматлікіх азёр і азёрна-алювіяльных нізін. У гэты ж час фарміраваліся покрывы лёсападобных адкладаў. Падняцце тэрыторыі пазаледавіковай зоны выклікала ўразанне рэк і спусканне многіх палескіх азёр. У басейне Дняпра змыкаліся паверхні першай надпоймавай тэрасы і адпаведных зандраў. У канцы паазерскага этапу завяршылася акумуляцыя лёсападобных адкладаў, выпрацаваўся ўступ ад першай надпоймавай тэрасы да поймы. Рэліктамі познапаазерскага часу на Пд Беларусі з’яўляюцца катлавіны найбольшых азёр.
Сучасны этап (галацэн) характарызуецца невялікімі ваганнямі клімату, рэльефаўтварэнне адбывалася ва ўмовах, блізкіх да сучасных. Вядучую ролю ў змене зямной паверхні адыграў флювіяльны фактар. У выніку яго праяўлення сфарміраваліся нізкія надпоймавыя тэрасы і поймы рэк басейна Балтыйскага мора, некалькі поймавых узроўняў у рачных далінах Чарнаморскага басейна. Інтэнсіўна працякалі працэсы балотаўтварэння, яраўтварэння і інш., у 19—20 ст. адным з самых актуальных геамарфалагічных працэсаў стаў антрапагенны морфагенез.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АРХІТЭКТУРА КАНЦА 16 — СЯРЭДЗІНЫ 18 ст.
У гэты перыяд на Беларусі, як і ў многіх краінах Еўропы, быў пашыраны стыль барока. У храмавым дойлідстве ён звязаны з эпохай контррэфармацыі і новым часам. На Беларусі барока бярэ пачатак ад касцёла езуітаў у Нясвіжы (1587—93, арх. Дж.М.Бернардоні, купал — Дж.Брызіо). Узорам для яго паслужыў касцёл Іль Джэзу (Ісуса) у Рыме, толькі ў нясвіжскім касцёле бакавыя нефы не падзелены на асобныя капліцы, што, магчыма, тлумачыцца яго прыходскімі функцыямі і густам М.К.Радзівіла. Касцёл — першы ў Рэчы Паспалітай 3-нефавы крыжова-купальны храм з трансептам. Пазней у стылі барока пабудаваны касцёл св. Казіміра (1604—18, арх. Дж.М.Бернардоні і Я.Франкевіч), Святадухаўская царква (каля 1638) у Вільні, Успенскі сабор у в. Жыровічы Слонімскага р-на (сярэдзіна 17 ст.), касцёлы езуітаў у Брэсце (сярэдзіна 17 ст.), Гродне (1678—1705) і Полацку (закончаны ў 1745). На працягу 17—18 ст.найб. пашыранай была 3-нефавая базіліка: касцёлы бернардзінцаў у Нясвіжы (1598), Гродне (1602—18); францысканцаў у Гродне (апошняя чвэрць 17 ст.); Петрапаўлаўская царква ў Мінску (1620-я г.), касцёлы езуітаў у Магілёве, Мінску (абодва пач. 18 ст.), в. Юравічы Калінкавіцкага р-на (1755), бернардзінак у Мінску (1642) і інш. Каталіцкія ордэны арыентаваліся пераважна на ўзоры рымскіх храмаў, пры якіх знаходзіліся рэзідэнцыі генералаў іх ордэнаў. У адрозненне ад вышынных касцёлаў Польшчы прапорцыі езуіцкіх касцёлаў Беларусі набліжаны да рымскіх. Структура бакавых нефаў касцёла Іль Джэзу паўторана ў касцёлах дамініканцаў у Стоўбцах (1621—42, арх. К.Тэнкала) і францысканцаў у Пінску (1705—21). У перыяд станаўлення барока (1-я пал. 17 ст.) многія храмы адзначаны спалучэннем рэнесансавых рыс з гатычнымі. Дж.М.Бернардоні адначасова з езуіцкім касцёлам у Нясвіжы ў традыцыйных гатычна-рэнесансных формах пабудаваў касцёлы фарны ў Гродне (1584—87), у в. Новы Свержань Стаўбцоўскага р-на (пасля 1588), бенедыкцінак у Нясвіжы (1590—96), г.п. Мір Карэліцкага р-на (1599—1605), в. Чарнаўчыцы Брэсцкага р-на, Клецку (абодва да 1607). У гэтых храмах гал. нефы часта перакрываліся паўцыркульнымі скляпеннямі з распалубкамі, бакавыя — крыжовымі, з’явіліся падпружныя аркі. Пераходную шматстылёвасць увасабляе група аднанефавых касцёлаў з контрфорсамі, шчытавымі фасадамі і часам са своеасаблівым дэкорам цыліндрычнага скляпення: св. Міхаіла ў Вільні (1596—1627), у в. Крамяніца Зэльвенскага р-на (1617—20), Слоніме (1635—50), у в. Вішнева Валожынскага р-на (1637—41), г.п. Друя Браслаўскага р-на (1646), г.п. Свір Мядзельскага р-на (1653), Брэсце (2-я пал. 17 ст.). Да познарэнесансавай плыні адносяцца нешматлікія храмы з адной вежай на фасадзе: касцёлы бернардзінцаў у Слоніме (1639—70), в. Дзераўная Стаўбцоўскага р-на (пач. 17 ст. ці 1630), царква ў в. Чарэя Чашніцкага р-на (17 ст.). Сярод раннебарочных тыповымі былі аднанефавыя касцёлы з 2-вежавым фасадам і паўцыркульнай або гранёнай апсідай: у г. Дзятлава (1624—46), брыгітак у Гродне (1642—51), в. Міхалішкі Астравецкага р-на (1653), дамініканцаў у Клецку (1680-я г.). Прыкладам сціплага ранняга барока можа служыць езуіцкі касцёл св. Ігнація ў Вільні (1622—47; 3-нефавы, са шчытавым фасадам, падзеленым пілястрамі і плоскай апсідай) і касцёл св. Тэрэзы (1633—54, арх. К.Тэнкала). Сярод іншых ранніх узораў барока касцёл кармелітаў у г. Глыбокае (сярэдзіна 17 ст.), ансамбль кляштара картузаў у Бярозе (1648—66, 1689, арх. Дж.Гіслені). Для перыяду сталага барока характэрны рэгіянальныя архітэктурныя школы, з якіх найбольшай самабытнасцю вылучаецца Магілёўская школа дойлідства. Да яе належаць правасл. храмы Падняпроўя: саборы Успенскі Куцеінскага манастыра (каля Оршы, 1630-я г.), Богаяўленскі (1633—36), цэрквы Мікалаеўская (1665—72) і Пакроўская (1670; усе ў Магілёве). Гэта крыжова-купальныя храмы з кароткімі бакавымі нефамі, 3 апсідамі і фасаднымі шчытамі, дэкарыраванымі радамі арачных нішаў накшталт іканастасных.
Адметнасць і самастойнасць царкоўнай архітэктуры відавочная пры параўнанні іх з магілёўскімі барочнымі касцёламі езуітаў (1699—1725) і кармелітаў (1740). Сінтэз архітэктуры і пластыкі сталага барока рэалізаваны італьянскімі і мясц. майстрамі-штука́тарамі ў віленскіх касцёлах Пятра і Паўла (1668—82) і трынітарыяў (1694—1717), капліцах св. Казіміра ў Вільні і латэранскай у Гродне.
У 1-й пал. 18 ст. сінтэз закрануў і разьбяную скульптуру (касцёл францысканцаў у Пінску, езуітаў у Гродне). У 2-й пал. 18 ст. паліхромны стука становіцца асн. дэкаратыўным матэрыялам манументальных алтароў. Укладам у еўрапейскую архітэктуру з’яўляюцца помнікі т.зв. віленскага барока 1740—70-х г. Для іх характэрны дынамічныя формы фасадаў: хвалістыя ў плане, з ажурнымі стромымі вежамі і фігурнымі шчытамі. Вызначальны ўклад у фарміраванне гэтага стылю зрабіў архітэктар Я.К.Глаўбіц. Яму належаць: у Вільні — рэканструкцыя касцёла бенедыкцінак (1741), касцёлы св. Казіміра (пасля 1749, з Т.Жаброўскім), св. Яна (1760-я г.), брама базыльянскага кляштара св. Тройцы (1761); дамініканскі касцёл у Забелах каля в. Валынцы Верхнядзвінскага р-на (1760-я г.), архірэйскі палац у Магілёве (1762—85); відаць, касцёл францысканцаў у г.п. Івянец Валожынскага р-на (1740-я г.). Ён перабудаваў Сафійскі сабор у Полацку (1738—50), пабудаваў царкву манастыра базыльян у в. Беразвечча Глыбоцкага р-на (1756—63), Спаскую царкву ў Магілёве (1756—62). Для храмаў позняга барока характэрна пластычная распрацоўка інтэр’ера з выкарыстаннем архітэктуры малых форм (напр., царква ў Беразвеччы). Да храмаў позняга барока належаць касцёл св. Андрэя ў Слоніме, базыльянскія цэрквы ў вёсках Баруны Ашмянскага (1747—57) і Вольна Баранавіцкага (1768) р-наў. Апошнім выдатным помнікам стылю лічыцца манументальны касцёл у в. Будслаў Мядзельскага р-на (1767—83); яго архітэктар, відаць, Дж.Фантана, які зрабіў значны ўклад у познабарочную архітэктуру на Пн Беларусі. Недастаткова вывучана барока ў драўляных храмах з прычыны слабай захаванасці помнікаў; яго рысы праглядаюцца ў пластыцы 2-вежавых фасадаў 2-й пал. 18 ст. Касцёлы 17—18 ст. (пераважная большасць разабрана ў пач. 20 ст.) адметныя манументальнымі памерамі і простым 2-зрубным планам. Такую ж структуру з мураванага дойлідства перанялі уніяцкія цэрквы 18 ст., хоць майстэрства мясц. цесляроў надало ім своеасаблівыя рысы. Больш выразны сілуэт маюць 3-зрубныя цэрквы. Шэдэўрамі лічацца правасл. храмы на У Беларусі: цэрквы Ільінская і Троіцкая ў Віцебску, Богаяўленскі сабор Куцеінскага манастыра. У іх спалучыліся традыцыйны крыжовы 4-зрубны план з манументалізмам і маляўнічасцю барока. На Палессі такі тып, а таксама 3-зрубны з барочнымі купаламі, выкарыстоўваўся аж да пач. 19 ст. (вёскі Кажан-Гарадок Лунінецкага, Старая Беліца Гомельскага р-наў). Барочны стыль больш выразна выявіўся ў маст. афармленні інтэр’ераў (жывапіс, разьба, скульптура). Да дасягненняў барока належаць і драўляныя сінагогі 18 ст. на З Беларусі. Яны адметныя надзвычай складаным шматслойным купальным перакрыццём інтэр’ера (в. Воўпа Ваўкавыскага р-на, Гродна). У канцы 16 — 1-й пал. 17 ст. магнацкая рэзідэнцыя фарміруецца як палацава-замкавы комплекс рэнесансавага тыпу (Нясвіжскі замак Радзівілаў, Гальшанскі і Быхаўскі замкі Сапегаў, Смалянскі замак Сангушкаў, палац Януша Радзівіла ў Вільні). У 2-й пал. 17 ст. інтэр’еры набываюць багатае жывапісна-скульпт. аздабленне ў стылі барока (палацы Слушкаў і Сапегаў у Вільні). Сядзібы, што складаліся з палаца і 2 афіцын, набылі сіметрычны П-падобны план. У найб. развітых кампазіцыях яны злучаюцца каланадамі (Ружаны). Характэрнымі становяцца высокія ламаныя дахі, вежы з гадзіннікамі і флюгерамі, рызаліты, алькежы з купаламі (Ганута каля в. Ручыца Вілейскага р-на; Дзятлава). У 2-й пал. 18 ст. значны ўклад у палацавае буд-ва зрабілі архітэктары саксонскай (М.Д.Пёпельман, І.Яўх, Я.С.Бекер) і італьянскай (А.Гену) школ.
Петрапаўлаўская царква ў Мінску.Касцёл і кляштар бернардзінак у Мінску. Сучасны Святадухаўскі кафедральны сабор.Касцёл і кляштар бернардзінцаў у Гродне.Мікалаеўская царква ў Магілёве. 1665—72.Ратуша ў Віцебску. 1775.Архірэйскі палац у Магілёве. 1762—85.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СІ́РЫЯ (Сурыя), Сірыйская Арабская Рэспубліка (Аль-Джумхурыя аль-Арабія ас-Сурыя),
дзяржава ў Зах. Азіі. Мяжуе на Пн з Турцыяй, на У з Іракам, на Пд з Іарданіяй, на З з Ізраілем, Ліванам і абмываецца Міжземным морам. Пл. 185,2 тыс.км², у т. л. 1370 км² акупіравана ў 1967 Ізраілем (Галанскія вышыні). Нас. 16,3 млн.чал. (2000). Афіц. мова — арабская. Сталіца — г.Дамаск. Падзяляецца на 18 мухафаз. Нац. свята — Дзень эвакуацыі (17 крас.).
Дзяржаўны лад. С. — рэспубліка. Дзейнічае канстытуцыя 1973. Кіраўнік дзяржавы — прэзідэнт, якога выбірае парламент і зацвярджае ўсенародны рэферэндум на 7 гадоў. Вышэйшы орган заканад. ўлады — аднапалатны парламент (250 дэпутатаў), які выбіраецца ўсеагульным галасаваннем на 4 гады, выканаўчы орган — Савет Міністраў на чале з прэм’ер-міністрам, якога прызначае прэзідэнт.
Прырода. Большая частка тэр. С. раўнінная ці платопадобная (верхняя частка Месапатамскай нізіны на У, Сірыйская пустыня на ПдУ). На З невял. горныя хрыбты: Эд-Друз (да 1800 м), Антыліван з масівам Эш-Шэйх, або Хермон (выш. 2814 м), Эль-Гарбі (да 1830 м), Ансарыя і інш. Паміж хрыбтом Ансарыя (на З) і гарамі Эз-Завія (на У) тэктанічная ўпадзіна Эль-Габ. Уздоўж Міжземнага м. вузкая нізінная і раўнінная паласа. Карысныя выкапні: нафта, газ, марганцавыя і поліметал. руды, фасфарыты і інш. Клімат на З субтрапічны, міжземнаморскі; на Укантынент., засушлівы. Сярэдняя т-растудз. на ўзбярэжжы 12 °C, на У 4 °C, ліп. адпаведна 26 і 34 °C. Ападкаў на большай частцы тэр. 100—200 мм, на зах. схілах гор да 1000 мм і больш за год (выпадаюць з ліст. да крас.). Рэк мала. Найб. рэкі: на У — Еўфрат з прытокамі і Тыгр, на З — Эль-Асі. Расліннасць пераважна паўпустынная і пустынная, на З у гарах хмызнякі, лясы (3% тэр.) з вечназялёнага дубу, алепскай хвоі і інш. Жывёльны свет пустынь і паўпустынь. З драпежнікаў звычайныя паласатая гіена, воўк, шакал, каракал, ліс-фенек; з капытных — антылопы і дзікі асёл. Шмат грызуноў і паўзуноў. Ёсць запаведнікі і заказнікі.
Насельніцтва. Каля 90% складаюць сірыйскія арабы (сірыйцы). Жывуць таксама курды (каля 6,5%, пераважна на У), армяне (каля 3%, у гарадах), выхадцы з суседніх краін, чэркесы, туркмены, цыганы і інш. Мусульман 83% (з іх 82% суніты, 18% шыіты), хрысціян каля 14% (правасл., католікі, мараніты і інш.). Сярэдняя шчыльн. 88 чал. на 1 км². На ўзбярэжжы і ў далінах рэк, у перадгорных аазісах шчыльн. перавышае 300 чал. на 1 км², у пустынях і паўпустынях каля 10 чал. на 1 км² і менш, ёсць качэўнікі і паўкачэўнікі. Натуральны прырост каля 3% за год. У гарадах жыве 52% насельніцтва. Найб. гарады (тыс.ж., 1994): Дамаск — 1550, Халеб — 1591, Хомс — 644, Латакія — 307, Хама — 229. У сельскай гаспадарцы занята 40% працаздольных, у прам-сці —20%, у абслуговых галінах — 40%. Шмат сірыйцаў працуе ў нафтаздабыўных краінах Персідскага заліва.
Гісторыя. С. — асяродак стараж. цывілізацый. У паняцце «гістарычная С.», т.зв. Вял. С., да пач. 20 ст. ўключаліся тэр. сучасных С., Лівана, Іарданіі і Ізраіля. Прыналежнасць найб.стараж. яе насельніцтва не вызначана. У сярэдзіне 4-га тыс. да н.э.тэр. С. засялілі народы семіцкага паходжання. Яны заснавалі гарады-дзяржавы, найб. значны з якіх — Эбла — дасягнуў росквіту ў 26—23 ст. да н.э. Каля 2000 да н.э. ў паўд.-зах.ч. С. пасяліліся ханаанеі, на ўзбярэжжы — фінікійцы; каля 1700 да н.э. на тэр. С. з’явіліся амарыты, каля 1500 да н.э. — арамеі, у 12 ст. да н.э. — яўрэі. У 16—13 ст. да н.э. С. — аб’ект барацьбы паміж Стараж. Егіптам, Хецкім царствам і Мітані. У 11—8 ст. да н.э. існавала Дамаскае царства, якое ў 732 да н.э. заваявана Асірыяй, у 612 да н.э. Вавілоніяй. З 539 да н.э. ў складзе Ахеменідаў дзяржавы. У 333 да н.э. С. заваяваў Аляксандр Македонскі. Яго пераемнікі Селеўкіды кіравалі С. ў 312—64 да н.э. На працягу наступных 700 гадоў С. была ў складзе Рымскай, потым Візант. імперый. Палесцінская частка Вял. С. — радзіма хрысціянства, якое ў 4 ст.н.э. стала дзярж. рэлігіяй. У 630-я г. С. заваявалі арабы (гл. Арабскія заваяванні). З гэтага часу іслам прыняты большасцю насельніцтва, а араб. мова стала адзінай мовай народа С. У 661—750 С. — паліт. і культ. цэнтр Амеядаў халіфата, пасля ўсталявання ў 750 Абасідаў халіфата цэнтр дзяржавы перамясціўся ў Ірак. У 10—11 ст. С. пад уладай розных мусульм. дынастый. У канцы 11 ст. ў С. ўварваліся крыжакі, якія захапілі прыбярэжныя р-ны. У канцы 12 ст. егіпецкі султан Салах-ад-дзін нанёс крыжакам паражэнне і стаў правіцелем б.ч.тэр. С. У 1260—1516 С. пад уладай егіпецкіх мамлюкаў. У 1516 С. заваявалі туркі-асманы, і яна на 400 гадоў увайшла ў склад Асманскай імперыі. Вял.геагр. адкрыцці і новыя марскія шляхі ў краіны Усходу паменшылі значэнне С. як цэнтра транзітнага гандлю. У 2-й пал. 19 ст. ў С. ўзнік культ.-асветніцкі рух «Нахда» («Адраджэнне»), да пач. 20 ст. яна была адным з цэнтраў барацьбы за араб. незалежнасць. У 1-ю сусв. вайну сірыйцы разам з інш.араб. народамі ўзнялі паўстанне супраць туркаў і падтрымалі Вялікабрытанію ў абмен на яе падтрымку ідэі араб. незалежнасці. Але пасля вайны Ліга Нацый падзяліла ў 1920 Вял. С. на мандатныя тэрыторыі паміж Францыяй і Вялікабрытаніяй; да Францыі адышла тэр. сучаснай С. Франц. панаванне, палітыка яе адміністрацыі, скіраваныя на поўнае падпарадкаванне С., выклікалі шэраг паўстанняў. Найб. з іх — Сірыйскае нацыянальнае паўстанне 1925—27 — прымусіла франц. ўлады да ўступак. У маі 1930 выдадзена канстытуцыя, якая абвясціла С. рэспублікай пры захаванні вярх. улады Францыі. Ва ўмовах 2-й сусв. вайны (у чэрв. 1941 брыт. войскі і часткі «Свабоднай Францыі» ген. Ш. дэ Голя выбілі з тэр. С. армію рэжыму «Вішы»), франц. адміністрацыя 27.9.1941 заявіла аб прызнанні незалежнасці С., 23.12.1943 падпісана адпаведнае франка-сірыйскае пагадненне. У жн. 1943 выбраны першы прэзідэнт незалежнай С. — Ш.Куатлі. Суверэннай дзяржавай С. стала пасля вываду франц. і брыт. войск 17.4.1946 — гэты дзень адзначаецца ў С. як нац. свята.
Як і інш.араб. краіны, С. выступіла супраць рашэння ААН пра падзел Палесціны і ўтварэнне дзяржавы Ізраіль, сумесна з імі прыняла ўдзел у араба-ізраільскай вайне 1948—49: Ваен. няўдачы пахіснулі аўтарытэт урада С. У сак. 1949 група афіцэраў здзейсніла дзярж. пераварот, паклаўшы пачатак 20-гадоваму перыяду ваен. пераваротаў. Імкнучыся рэалізаваць ідэю адзінства ўсіх арабаў, С. ў лют. 1958 аб’ядналася з Егіптам у Аб’яднаную Араб. Рэспубліку (ААР). Спробы кіруючых колаў Егіпта ўсталяваць кантроль над адзінай дзяржавай прывялі ў вер. 1961 да выхаду С. з ААР і абвяшчэнні яе Сірыйскай Араб. Рэспублікай. Ваен. пераварот 8.3.1963 прывёў да ўлады Партыю арабскага сацыялістычнага адраджэння (Баас). Баасісцкі ўрад перадаў пад кантроль дзяржавы б.ч. прам-сці і знешняга гандлю. У выніку паражэння С. ў араба-ізраільскай вайне 1967 ч. сірыйскай тэр., у т. л. Галанскія вышыні, захоплена Ізраілем. У ліст. 1970 да ўлады ў партыі і краіне прыйшоў ген. Х.Асад (у сак. 1971 ён абраны прэзідэнтам С.). Пасля араба-ізраільскай вайны 1973 С. вярнула ч. акупіраваных тэрыторый, але большая ч. Галанскіх вышынь засталася пад кантролем Ізраіля, які ў 1981 афіцыйна іх анексіраваў. З 1976 С. ажыццяўляе ваен. прысутнасць у Ліване, у 1982 удзельнічала на яго тэр. ў вайне супраць Ізраіля. У 1979 С. асудзіла мірныя дагаворы паміж Егіптам і Ізраілем (гл.Кэмп-Дэвідскія пагадненні 1978). У час ірана-іракскай вайны 1980—88 урад С. падтрымаў Іран, а ў час Кувейцкага крызісу 1990—91 сірыйскія войскі ўдзельнічалі ў антыіракскай кааліцыі. Гал. мэта знешняй палітыкі С. — вяртанне Галанскіх вышынь і ўрэгуляванне блізкаўсходняга канфлікту. Аднак сірыйска-ізраільскія перамовы 1990-х г. па гэтых пытаннях скончыліся безвынікова. Пасля смерці ў чэрв. 2000 Асада прэзідэнтам стаў яго сын Б.Асад. С. — чл.ААН (з 1945), Лігі араб. дзяржаў (з 1945). Дыпламат. адносіны С. з Рэспублікай Беларусь усталяваны ў жн. 1993.
Паліт. партыі: Партыя араб.сацыяліст. адраджэння, узначальвае Прагрэс.нац. фронт (ПНФ), у які таксама ўваходзяць Араб.сацыяліст. саюз, Рух араб. сацыялістаў, Сірыйская камуніст. партыя і інш.; усе арг-цыі, якія не ўваходзяць у ПНФ, забаронены.
Гаспадарка. С. — аграрна-індустр. дзяржава сярэдняга ўзроўню развіцця. Валавы ўнутр. прадукт 41,7 млрд.дол. (1998), каля 2600 дол. на душу насельніцтва; на сельскую гаспадарку прыпадае каля 28%, на прам-сць — каля 20%, на сферу паслуг — каля 52%. У эканоміцы вядучая роля дзярж. сектара, на долю якога прыпадае каля 50% нац. даходу, 75% кошту прамысл. прадукцыі і 70% асн. сродкаў вытворчасці. Дзяржава цалкам кантралюе сферу фінансаў, Горназдабыўную прам-сць, энергетыку, чыг. і авіяц. транспарт. Прыватны сектар дамінуе ў сельскай гаспадарцы, рознічным гандлі, сферы паслуг, аўтатранспарце, жыллёвым будаўніцтве. Сельская гаспадарка — асн. галіна эканомікі. Характэрны сялянскія гаспадаркі, ёсць кааператывы і буйныя дзярж. гаспадаркі. У выніку агр. рэформы буйное землеўладанне абмежавана, памешчыцкія землі выкуплены і размеркаваны за плату сярод сялян. Пад ворывам і шматгадовымі насаджэннямі каля 6 млн.га, у т. л. каля 1 млн.га арашаецца; каля 8 млн.га (тэр. пустынь і паўпустынь) выкарыстоўваецца пад пашу. Штогод збіраюць 4—5 млн.т пшаніцы, каля 2 млн.т ячменю, 200 тыс.т кукурузы, 300 тыс.т сачавіцы, 1,5 млн.тцукр. буракоў, 400 тыс.т вінаграду, 350 тыс.т апельсінаў, 430 тыс.т памідораў. Асн. земляробчыя раёны на ўзбярэжжы, у далінах рэк, перадгор’ях. Тэхн. культуры (бавоўнік, цукр. буракі і трыснёг, тытунь) вырошчваюць на арашальных землях. Асн. раён пладаводства (абрыкосы, інжыр, цытрусавыя), агародніцтва, вінаградарства, бахчаводства — на ПнЗ. Там жа аліўкавыя гаі. Жывёлагадоўля пераважна экстэнсіўная, у значнай ступені качавая і паўкачавая. У 1997 пагалоўе (тыс. галоў): буйн. раг. жывёлы — 905, авечак — 15 000, коз — 1200. Гадуюць таксама вярблюдаў, коней, аслоў і мулаў. Птушкагадоўля (у 1997—21 млн. курэй). Марское і рачное рыбалоўства. У прам-сці пераважаюць сярэднія і дробныя прадпрыемствы. Гарнарудная прам-сць прадстаўлена здабычай нафты і прыроднага газу, фасфарытаў, жал. руды, серы, каменнай солі, буд. матэрыялаў. Штогод здабываюць каля 30 млн.т нафты і 5 млрд.м³ газу. Асн. раёны здабычы на ПнУ (Тэль-Румайлан, Карачук, Сувайдзія і інш.). Электраэнергія (у 1998—17,5 млрд.кВт∙гадз) прыкладна пароўну выпрацоўваецца на ГЭС (буйнейшы Еўфрацкі гідраэнергетычны комплекс) і ЦЭС на нафце і газе. Найбольш прадпрыемстваў харч. і лёгкай прам-сці працуюць на ўласнай сыравіне. Развіты бавоўнаачышчальная, тэкст. і швейная (Дамаск, Халеб, Латакія, Хама, Хомс і інш.), харч. (мукамольная, мясаперапрацоўчая, алейная, вінаробная, цукр., кансервавая, безалкагольных напіткаў; Дамаск, Халеб, Латакія і інш.), гарбарна-абутковая, тытунёвая галіны. Важнае значэнне маюць нафтаперапр. (Баніяс, Хомс, Эль-Камышлы), хім. (Хомс), металургічная (Хама, Хомс), цэм. (Дамаск, Халеб, Хама, Хомс) галіны прам-сці. Ёсць з-ды трактаразборачны (Халеб) і электраматораў (Латакія), ф-кі мінер. угнаенняў (Хомс) і дываноў (Халеб), прадпрыемствы ваен. прам-сці. У Дамаску электракабельны з-д, прадпрыемствы электроннай, фармацэўтычнай і шкляной прам-сці. Шырока развіты саматужны выраб парчы, біжутэрыі, маст. рэчаў з медзі, золата, серабра, дрэва і інш.; апрацоўка скур і ручное дыванаткацтва. Транспарт чыг., аўтамаб., марскі, трубаправодны. Даўж. чыгунак 1998 км, аўтадарог 41,4 тыс.км, унутр. водных шляхоў (рэкі Еўфрат і Эль-Асі) 970 км, нафтаправодаў 1304 км (у т. л. транзітныя з Ірака і Саудаўскай Аравіі), прадуктаправодаў 515 км. У краіне 134 тыс. легкавых, 219 тыс. грузавых аўтамабіляў і аўтобусаў, 5 буйных аэрапортаў, у т. л.міжнар. ў Дамаску і Халебе. Гал. марскія парты Латакія, Баніяс, Тартус. Выкарыстоўваюцца таксама парты Лівана. У 1998 экспарт склаў 4,2 млрд.дол., імпарт 5,7 млрд.дол. У экспарце пераважаюць нафта і нафтапрадукты (каля 40% па кошце), тэкстыль, адзенне і скураныя вырабы (каля 30%), некат. харч. тавары, тытунь і інш.; у імпарце — машыны, абсталяванне, трансп. сродкі, металы, хімікаты, драўніна. Гал.гандл. партнёры: Італія, Германія, Францыя, Турцыя, Ліван, інш. арабскія краіны. С. — краіна развітога турызму. Штогод наведвае каля 2 млн. турыстаў пераважна з Турцыі і арабскіх краін. Асн. аб’екты — узбярэжжа Міжземнага м., Дамаск, Халеб, рэшткі ант.г. Тадмар (Пальміра). У 1998 турызм прынёс даход у 1,36 млрд.дол. Грашовая адзінка — сірыйскі фунт.
Узброеныя сілы. Уключаюць рэгулярныя ўзбр. сілы (складаюцца з сухап. войск, ВПС і ППА, ВМС; каля 320 тыс.чал.) і ваенізаваныя фарміраванні (жандармерыя) — 8 тыс.чал. (2000). Вярх. галоўнакамандуючы — прэзідэнт. Камплектаванне паводле прызыву. У сухап. войсках 215 тыс.чал., 4650 танкаў, каля 4,7 тыс. баявых машын пяхоты і інш. браніраваных машын, больш за 1,9 тыс. самаходных гармат і гармат на буксірнай цязе, 480 рэактыўных сістэм залпавага агню і інш. У ВПС і ППА каля 100 тыс.чал., у т. л. ў ППА каля 60 тыс.чал., 589 баявых самалётаў, 72 баявыя верталёты, каля 450 зенітных ракетных комплексаў. У ВМС 6 тыс.чал., 10 баявых караблёў, 18 катэраў, у т. л. 10 ракетных, 24 верталёты.
Архітэктура, выяўленчае і дэкаратыўна-прыкладное мастацтва. Ад эпохі неаліту вядомы наскальныя выявы ў Дэмір-Капу, каменныя і гліняныя антрапаморфныя статуэткі, ляпная размаляваная кераміка, паселішчы 5—4-га тыс. да н.э. (Угарыт, Тэль-Халаф). На тэр. С. развіваліся стараж.маст. культуры Б. Усходу: вавілона-асірыйская, фінікійская, хецкая і інш. Іх спалучэнне з мясц. традыцыямі надало своеасаблівасць мастацтву стараж. С. — сір. перыяду эліністычнага, рым. [Дура-Еўрапас, Тадмар (Пальміра), Бусра] і ранневізант. (Русафа, Кальб-Лузех) мастацтва. У 4—6 ст. склалася мясц. ранневізант. маст. традыцыя. Культавая архітэктура адметная наватарскімі манум. формамі (манастырскі комплекс Кал’ат-Семан, створаны вакол калоны св. Сімяона Слупніка), дамінуючай стала 3-нефавая базіліка з высокім сярэднім нефам, з аркадамі на нізкіх слупах (Кальб-Лузех), купальныя базілікі розных тыпаў (царква ў Русафе). Выяўл. мастацтва таго часу прадстаўлена разьбой па камені і косці, мазаікамі падлог, экспрэсіўнай кніжнай мініяцюрай (Евангелле Рабулы). Пасля араб. заваявання (7 ст.) С. — адзін з цэнтраў станаўлення арабскай культуры. У часы праўлення Амеядаў пачалася стылістычная адаптацыя стараж. мастацтва і дойлідства да сярэдневяковай маст. стылістыкі ісламу. У архітэктуры на аснове стараж.-рым. і візант.буд. вопыту распрацаваны тып шматкалоннай мячэці, перабудаванай з хрысц. базілікі. Захоўваліся запазычанні з ордэрнай сістэмы, канструкцыі арачных і купальных перакрыццяў. У інтэр’еры храма цэнтр. месца заняў вял. двор, завершаны з супрацьлеглага боку галерэяй на аркадах; у гал. сцяне рабілася свяшчэнная ніша — міхраб. Узорнай стала Амеядаў мячэць у Дамаску. Свецкая рэзідэнцыя халіфа (палац у пустыні) мела выгляд крэпасці, абнесенай абарончымі сценамі, з квадратным дваром пасярэдзіне. Фасад палаца меў брамы, завершаныя зубчастымі байніцамі, машыкулямі (замак у Каср аль-Хейр аль-Гарбі). У аздабленні будынкаў захаваліся элініст. і ранневізант. традыцыі (мазаікі мячэці Амеядаў), зарадзілася сістэма арнаменту — арабескі. У 10 ст. сфарміравалася аблічча сярэдневяковага араб. горада з падзелам на ўмацаваныя кварталы. З’явіліся кварталы-кірмашы з крытымі вуліцамі, караван-сараі, медрэсэ (ан-Нурыя ў Дамаску), марыстаны (бальніцы; Нур-ад-дзіна ў Дамаску), лазні з купаламі. На тэр. С. захаваліся руіны крыжацкіх замкаў (Крак-дэ-Шэвалье). Пры Айюбідах (з 1187) высокага тэхн. ўзроўню дасягнулі і фартыфікацыйныя збудаванні (цытадэлі ў Дамаску, Халебе). Пашырыліся формы ярусных мінарэтаў, аздабленне сцен нішамі, арнаментальнымі рамамі. У пластычных мастацтвах развіваліся арнамент і каліграфія. У 13—14 ст. дасягнула росквіту кніжная мініяцюра (рукапісы «Каліла і Дымна» і інш.). У дэкар.-прыкладным мастацтве вылучаліся кераміка з размалёўкай люстрам, маст. вырабы са шкла (з эмалевымі размалёўкамі) і металу, аздобленыя чаканкай, сярэбранай інкрустацыяй і гравіроўкай, разьба па дрэве (міхрабы, мінбары), маст. тканіны. У асманскі перыяд (1516—1918) мастацтва развівалася пад уплывам тур. дойлідства: мячэці квадратныя ў плане, з вял. сферычным купалам, 4 мінарэтамі па вуглах (мячэць Такія Сулейманія ў Дамаску, 16 ст., арх. Сінан), паліхромная кераміка з буйным кветкавым узорам. Асабліва пышным стаў арх. дэкор. Набылі пашырэнне 1-камерныя маўзалеі «цюрбе». Для традыц.нар. жылля на Пд ужывалі блокі з вулканічнай лавы, на Пн будавалі купальныя жытлы з цэглы-сырцу. У нар. мастацтве пашыраны натуралізаваны расл. арнамент на кераміцы, тканінах, метале, ткацтва бязворсавых дываноў з характэрнымі для пэўнай мясцовасці арнаментам і колеравай гамай. Узнікла інкрустацыя па дрэве серабром, перламутрам і вярблюджай косцю (мінбары, столікі, скрынкі і інш.). У 1920—30-я г. будавалі ў духу еўрап. стыляў, ішла мэтанакіраваная рэканструкцыя гарадоў. У 1950-я г. ўзмацніліся пошукі аб’яднання сучасных канструкцый з нац. формамі (арх. Вахбі аль-Харыры і інш.). Мастакі С. (Т.Тарык, М.Кірша, М.Джалаль) успрынялі традыцыі еўрап.рэаліст. мастацтва, франц.акад. школы і імпрэсіянізму. Адзін з вядучых манументалістаў С. — А.М.Шама (вучань рас. мастака А.Дайнекі). Сярод найб. значных мастакоў 2-й пал. 20 ст.: Л.Каялі, А.Катраміз, Х.Замрык, Н.Набаа, А.Нашваці, І.Хімат, Н.Шаўра і інш. Развіваюцца традыц. віды нар. мастацтва: вышыўка шоўкам, серабром, золатам па аксаміце, воўне і бавоўне, пляценне з каляровай саломы, апрацоўка металу, дрэва, інкрустацыя перламутрам, косцю, каляровымі пародамі дрэва, кераміка.
Літ.:
Новейшая история арабских стран Азии, 1917—1985. М., 1988;
Сирийская Арабская Республика. М., 1997;
Корнилов В. Секретная война: Хроника сирийской кампании 1941 г. // Крылья Родины. 1994. № 7—8;
Яшкин Г.П. Под жарким солнцем Сирии // Воен.-ист. журн. 1998. № 4;
Сидорова Н.А., Стародуб Т.Х. Города Сирии. М., 1979;
Богданов А.А. Художники Сирии. М., 1981.
М.С.Вайтовіч, Г.С.Смалякоў (прырода, насельніцтва, гаспадарка), У.С.Кошалеў (гісторыя), І.Г.Елісееў (узброеныя сілы), Я.Ф.Шунейка (архітэктура, выяўленчае і дэкаратыўна-прыкладное мастацтва).
Герб і сцяг Сірыі.Да арт.Сірыя. Міжземнаморскае ўзбярэжжа.Да арт.Сірыя. Ландшафт на захадзе краіны.Да арт.Сірыя. Старая крэпасць у г. Хомс.Да арт.Сірыя. Мініяцюра «Ушэсце святой Марыі» з Евангелля Рабулы. 586.Сірыя. Мячэць Амеядаў у Дамаску.Да арт.Сірыя. Керамічныя ваза і збанок з Ракі. 13 ст.Сірыя. Цытадэль у г. Халеб. 13—16 ст.Сірыя. Традыцыйныя жытлы ў г. Халеб.Да арт.Сірыя. Т.Тарык. Савет халіфа аль-Мамуна. 1918.
Сельская гаспадарка Беларусі — важная галіна нар.-гасп. комплексу. Ад яе стану залежыць харчовая бяспека краіны, яна пастаўляе асн. масу сыравіны для харчовай і часткова для лёгкай прамысловасці. На долю сельскай гаспадаркі ў 2003 прыпадала 11% валавога ўнутр. прадукту, 15,9% асн. фондаў, 15,2% вытв-сці прадукцыі і паслуг; у ёй занята 12,2% працаздольнага насельніцтва. Нягледзячы на крызісныя з’явы ў эканоміцы 1990-х г., многія с.-г. прадпрыемствы апынуліся ў цяжкім становішчы, значна пагоршаным дэпапуляцыяй сельскага насельніцтва і наступствамі Чарнобыльскай катастрофы 1986.
На Беларусі с.-г. дзейнасць узнікла, як мяркуюць, у канцы неаліту (канец 5-га — пач. 4-га тыс. да н.э.). Археолагі выявілі наяўнасць у тыя часы свойскіх жывёл (буйная рагатая жывёла, свінні, авечкі) у бас. рэк Прыпяць і Сож. Паўсюдна на тэр. Беларусі жывёлагадоўля і земляробства ўсталяваліся ў бронзавым веку. У жывёлагадоўлі жал. веку ўжо былі пашыраны буйная і дробная рагатая жывёла, свінні і коні; у земляробстве ўсталявалася падсечна-агнявая(лядная) сістэма. Асноўнымі с.-г. культурамі былі пшаніца і ячмень; вырошчвалі таксама проса, гарох, віку. У канцы 1 тыс.н.э. падсечна-агнявая сістэма замянілася ворыўнай, валоданне зямлёй стала абшчынным, а вядзенне гаспадаркі — індывідуальным. Эвалюцыя сельскай гаспадаркі ішла шляхам дыферэнцыяцыі ўладальнікаў зямлі, ростам прыватнай уласнасці, фарміраваннем сацыяльна-эканам. шматукладнасці гаспадаркі, што спрыяла паступоваму пераходу да феадалізму. У 13—14 ст. сфарміраваліся асн. віды феадальнага землеўладання (княжацкае, баярскае, царкоўнае), іх формы (вотчыны, маёнткі) і адпаведныя ім формы феадальнай залежнасці сялян. Земляробства было асн. заняткам амаль 90% сялянства. З гэтай галіною цесна звязана і жывёлагадоўля, якая мела мясны і мяса-малочны кірункі, давала харч. прадукты, сыравіну, угнаенні, пастаўляла цяглавую сілу. Вырошчвалі жыта, авёс, пшаніцу, ячмень, грэчку, проса, гарох, сачавіцу, лён-даўгунец, каноплі. Ураджайнасць збожжавых культур была нізкая: 4—5 ц/га. Неад’емнай часткай сельскай гаспадаркі заставаліся разнастайныя промыслы: бортніцтва, паляванне, рыбалоўства, рамёствы.
У канцы 15 ст. пачаўся ўздым сельскай гаспадаркі Беларусі, узнікалі фальваркі, арыентаваныя на вытв-сць таварнай прадукцыі, пашырыліся жалезныя с.-г. прылады, што значна павысіла прадукцыйнасць земляробчай працы. У канцы 16 — пач. 17 ст. праведзена першая аграрная рэформа, якая ўдасканаліла сістэмы землекарыстання і феадальных павіннасцей у выглядзе валочнай памеры. У зах. і цэнтр. частках Беларусі сялянская гаспадарка стала індывідуальнай: абшчыннае землекарыстанне замянілася падворным. Рэформы ў сельскай гаспадарцы Беларусі стымуляваліся значным попытам на збожжа і інш.с.-г. прадукцыю ў краінах Еўропы, ростам колькасці насельніцтва ў бел. гарадах, узнікненнем станоўчай рыначнай кан’юнктуры.
2-я пал. 17 — І-я пал. 18 ст. з прычыны частых войнаў і іх наступстваў (разбурэнне гаспадаркі, скарачэнне колькасці насельніцтва) характарызавалася заняпадам сельскай гаспадаркі Беларусі. У выніку значна скараціліся аб’ёмы вытв-сці і плошчы апрацоўваемых зямель, асабліва ў дзярж. уладаннях. Паменшылася плошча сярэдняга сялянскага надзелу (часам да 1/6) Пасля далучэння Беларусі да Рас. імперыі (канец 18 ст.) новаўтвораныя бел. губерні ўцягнуты ў яе гасп. сістэму, на іх тэрыторыях запанавала буйнапамеснае дваранскае землеўладанне. Пашырэнне рынкаў збыту с.-г. прадукцыі стымулявала рост яе вытв-сці Павялічылася ўдзельная вага тэхн. культур (лён-даўгунец, каноплі), бульбы; вызначыліся раёны пэўнай спецыялізацыі сельскай гаспадаркі. Аднак адсталыя аграрныя адносіны, заснаваныя на прыгонніцтве, не маглі падтрымліваць высокія тэмпы развіцця с.-г. вытв-сці, і ўжо ў сярэдзіне 19 ст. адбылося зніжэнне ўраджайнасці с.-г. культур і пагалоўя жывёлы, заняпад маёнткаў. Напярэдадні рэформы 1861 памешчыкі валодалі 70% зямлі, на долю сялянскіх гаспадарак прыпадала каля 27%, таварнасць сельскай гаспадаркі забяспечвалася пераважна таннай рабочай сілай. Радыкальная аграрная рэформа 1861 у асноўным дасягнула мэты ў зямельных адносінах і землекарыстанні, хоць недахоп зямлі, нізкая культура земляробства, вял. падаткі не дазвалялі большай частцы сялян весці самаст.гасп. дзейнасць. У першыя паслярэформенныя гады збожжавая гаспадарка была гал. таварнай галіной сельскай гаспадаркі Беларусі. Нізкая ўраджайнасць збожжавых культур, вырошчванне таннага збожжа ў чарназёмнай зоне Расіі і Украіны, а таксама вял. яго ўвоз у Еўропу з ЗША, Канады, Аргенціны і Аўстраліі зрабілі нявыгаднай яго таварную вытв-сць. У выніку асн. галіной на Беларусі стала малочная жывёлагадоўля, арыентаваная на вытв-сць масла і сыроў; важнымі таварнымі галінамі сталі льнаводства і танкарунная авечкагадоўля. Сельская гаспадарка Беларусі, асабліва ў Гродзенскай губ., набывала рысы капіталіст. вытв-сці. За 10 гадоў Сталыпінскай рэформы толькі ў зах. губернях было ўтворана каля 130 тыс. хутароў і водрубаў (12% усіх сялянскіх двароў). Напярэдадні 1-й сусв. вайны Беларусь была аграрнай краінай — каля 75% яе жыхароў былі заняты ў с.-г. вытв-сці, на долю якой прыпадала 57,5% нац. прыбытку. У 1913 сабрана 2,5 млн.т збожжа, 33 тыс.т ільновалакна, 4 млн.т бульбы, атрымана 219,3 тыс.т мяса (у забойнай вазе), 1,4 млн.т малака. У 1911—13 39% таварнай прадукцыі давалі льнаводства і канапляводства, 35% — жывёлагадоўля. Вайна значна пагоршыла стан сельскай гаспадаркі, прывяла да скарачэння пасяўных плошчаў на 15,6%, хатняй жывёлы — на 11,4%, збору жыта і пшаніцы — на 30%.
Рэвалюцыі 1917, грамадз. вайна і інтэрвенцыі не спрыялі аднаўленню вытв-сці. У гэты перыяд завяршыўся эвалюцыйны этап развіцця сельскай гаспадаркі, пачаўся даволі працяглы рэвалюцыйны шлях. Гэта рэвалюцыйнасць была выклікана неабходнасцю разбурэння былых аграрных адносін і пераадольвання значнага адставання ўзроўню вытв-сці с.-г. прадукцыі ад узроўняў еўрап. краін. Асн. прынцыпамі ў развіцці сельскай гаспадаркі сталі прынцыпы т.зв. дзяржаўнага сацыялізму. Эканам. разбурэнне патрабавала ўжо ў першыя гады сав. улады актыўнага дзярж. рэгулявання гаспадаркі, надзвычайных метадаў кіравання. Але «ваенна-камуністычныя» прынцыпы гаспадарання супярэчылі эканам. законам і не спрыялі развіццю сельскай гаспадаркі. Дэкрэт аб зямлі і законы аб яе сацыялізацыі карэнным чынам змянілі землекарыстанне. Ужо ў 1918 пачаўся перавод індывідуальнай сістэмы гаспадарання на калектыўную. У 1920 пасяўныя плошчы складалі 2/3 даваенных, валавы збор збожжа — менш за 1/2, бульбы і льновалакна — 1/3 збораў 1913. Колькасць коней скарацілася да 80%, буйной рагатай жывёлы — да 65,8%, свіней — да 44%. Валавая прадукцыя сельскай гаспадаркі складала каля палавіны даваеннага аб’ёму.
У гэты час Беларусь была падзелена на 2 часткі (заходнюю і ўсходнюю), кожная з якіх развівалася ў розных сац.-эканам. умовах. На тэр.БССР развал сельскай гаспадаркі быў абумоўлены не толькі аб’ектыўнымі фактарамі, выкліканымі войнамі і інтэрвенцыямі, але і тагачаснай эканам. палітыкай «ваеннага камунізму», якая ігнаравала дзеянне эканам. законаў, пры ёй панаваў ваенна-адм. ціск на сялянства, харчразвёрстка, адсутнічалі стымулы да вытв. працы ў сялян.
З пераходам да новай эканам. палітыкі (нэп) пачалі выкарыстоўвацца эканам. стымулы, умацавалася сялянская індывідуальная гаспадарка. Спробы рэфармавання сельскай гаспадаркі ў сярэдзіне 1920-х г. былі скіраваны на развіццё серадняцкіх гаспадарак, на дасягненне рыначных адносін паміж горадам і вёскай. У землекарыстанні існавалі такія формы, як пасёлкі і хутары; калектыўныя гаспадаркі ў 1927 аб’ядноўвалі менш за 1% сялянскіх гаспадарак. Практыкавалася арэнда зямлі і праца па найме Ужо да 1925 адноўлены даваенныя памеры пасяўной плошчы, ураджайнасць і, адпаведна, валавыя зборы с.-г. культур Аднак у канцы 1920-х г. рост аграрнай вытв-сці запаволіўся. Спробы яго павелічэння бачыліся ў згортванні нэпа і ўзмацненні камандна-адм. сістэмы кіравання. У 1929 пачаўся карэнны пералом у жыцці вёскі праз калектывізацыю, якая суправаджалася раскулачваннем, рэпрэсіямі супраць сялянства, асабліва заможнага. Ужо ў 1935 у калгасах знаходзілася 85,6% гаспадарак, абагульнена 92,3% пасяўных плошчаў. Адчужэнне сялянства ад асн. сродкаў вытв-сці і вынікаў працы прывяло да падзення аб’ёмаў вытв-сці с.-г. прадукцыі. Збор збожжа ў 1932 у параўнанні з 1928 паменшыўся на 16,4%, бульбы — на 6,6%, ільновалакна — на 10,9%, пагалоўя буйной рагатай жывёлы — на 28,9%, свіней — на 30,7%, авечак — на 38,9%. Калектывізацыя сельскай гаспадаркі БССР мела і станоўчыя вынікі: узбуйнілася землекарыстанне, што дазволіла ўкараняць механізацыю с.-г. працэсаў, севазвароты, хім. сродкі аховы раслін і інш. Для забеспячэння с.-г. работ стваралася сетка машынна-трактарных станцый (МТС). З’явіліся н.-д. ўстановы, значна палепшылася якасць насення, жывёлы і інш.
Эканоміка Зах. Беларусі мела аграрны характар: 80% насельніцтва было занята ў сельскай гаспадарцы (у Польшчы — 63%). Панавала прыватная ўласнасць на зямлю, існавалі буйныя памешчыцкія латыфундыі. Аграрныя рэформы 1920—30-х г. былі скіраваны на развіццё капіталізму. Частка памешчыцкіх і дзярж. зямель падлягала парцэляцыі (продажу дробным уласнікам) і камасацыі (хутарызацыі). Ліквідацыя сервітутаў (права сялян сумесна карыстацца пашай і лясамі) падарвала малочную жывёлагадоўлю. Камасацыя нагадвала рас. Сталыпінскую зямельную рэформу, але ў адрозненне ад яе ўсе выдаткі па выхадзе на хутары неслі сяляне. Да 1939 у Зах. Беларусі на хутары расселена каля 70% сялянскіх гаспадарак.
У пач.Вял.Айч. вайны акупацыйныя ўлады захавалі калгасную сістэму, у 1942 калгасы пераўтварылі ў абшчыны, а з 1943 праводзілі надзяленне сялян зямлёй. Асн. мэта аграрнай палітыкі акупантаў была накіравана на рабаванне харч. рэсурсаў Беларусі, што выклікала актыўнае процідзеянне насельніцтва. З утварэннем партыз. зон аднаўлялася вытв-сць у калгасах і саўгасах. У гады вайны сельская гаспадарка Беларусі панесла вял. страты: разбурана 10 тыс. калгасаў, 92 саўгасы, 316 МТС; пасяўныя плошчы скараціліся на 40%, пагалоўе буйной рагатай жывёлы — на 49%, коней — на 61%, свіней — на 89%, авечак і коз — на 78%, амаль поўнасцю разбурана матэрыяльна-тэхн. база сельскай гаспадаркі.
У пасляваенны перыяд прыняты шэраг мер па матэрыяльным стымуляванні, удасканаленні планавання і арганізацыі с.-г. вытв-сці, перавод яе на інтэнсіўны шлях развіцця; праведзена калектывізацыя і ў зах. частцы Беларусі. У 1954 дасягнуты даваенны ўзровень пасяўных плошчаў і аб’ёмаў жывёлагадоўчай прадукцыі, з 1950 па 1955 падвоілася колькасць трактароў (21,2 тыс.шт.).
За 1956—65 матэрыяльная база сельскай гаспадаркі ўмацавалася. У 1958 МТС рэарганізаваны, а іх тэхніка перададзена калгасам. У 1960 валавы збор збожжа перавысіў узровень 1953 на 36 %, вытв-сць мяса і малака — на 70%, яец — на 50%. У 1965 у рамках эканам. рэформы зроблена спроба паскарэння развіцця сельскай гаспадаркі, выхаду яе на інтэнсіўны шлях. У якасці першачарговых мер прадугледжвалася змена сістэмы нарыхтовак с.-г. прадукцыі, умацаванне матэрыяльна-тэхн. базы, пашырэнне гасп. самастойнасці калгасаў і саўгасаў Аднак па-ранейшаму захоўваліся адм.-камандныя метады кіравання, умяшанне ў дзейнасць с.-г. прадпрыемстваў. У 1965 пасяўныя плошчы дасягнулі 6 млн.га, ураджайнасць збожжавых культур у параўнанні з 1950 вырасла з 7,9 ц/га да 11,5 ц/га, бульбы — з 109 ц/га да 121 ц/га, агародніны — з 116 ц/га да 172 ц/гаВытв-сць мяса павялічылася ў 2,1 раза, малака — у 2,5 раза, яец — у 1,9 раза. Раслі інтэнсіфікацыя с.-г. вытв-сці, валавая прадукцыя, грашовыя даходы і аплата працадня. Паглыбілася спецыялізацыя сельскай гаспадаркі Беларусі ў агульнасаюзным падзеле працы. У 1965 на яе долю прыпадала 13,8% агульнасаюзнай вытв-сці бульбы, 23,8% ільновалакна, 5,7% малака, 5,1% мяса. Сельская гаспадарка перайшла на інтэнсіўны шлях развіцця; стала ажыццяўляцца маштабная меліярацыя балот і пераўвільготненых зямель.
У 1970-я — 1-й пал. 1980-х г. у выніку спецыялізацыі і канцэнтрацыі на аснове міжгасп. кааперацыі і аграпрамысловай інтэграцыі адбыўся рост с.-г. вытв-сці, але з-за экстэнсіўных метадаў кіравання ён быў недастатковым. Тэмпы прыросту раслінаводства і жывёлагадоўлі не забяспечвалі патрэбы насельніцтва ў прадуктах, абвастрылася харч. праблема.
Спробы радыкальных пераўтварэнняў сельскай гаспадаркі ў 2-й пал. 1980-х г. не далі станоўчых вынікаў. Звышцэнтралізаванае кіраванне і манапалізм у вытв-сці не спрыялі развіццю вытв. сіл. Пагоршылася дэмаграфічная сітуацыя ў сельскай мясцовасці (перавага людзей пенсіённага ўзросту, адмоўны прырост насельніцтва, адток працаздольных у гарады і інш.). Агульны паліт. і эканам. крызіс, Чарнобыльская катастрофа абвастрылі супярэчнасці ў сельскай гаспадарцы.
З набыццём Рэспублікай Беларусь незалежнасці парушэнне адзінай эканам. прасторы, разрыў былых эканам. сувязей адмоўна паўплывалі на спецыялізацыю сельскай гаспадаркі і аб’ёмы вытв-сці с.-г. прадукцыі.
Часткова стабілізаваць становішча ў сельскай гаспадарцы краіны дазволілі рэалізацыя Праграмы неадкладных мер па выхадзе эканомікі Рэспублікі Беларусь з крызісу і Асноўных напрамкаў сацыяльна-эканам. развіцця Рэспублікі Беларусь. У апошнія гады аграпрамысловы комплекс Беларусі стабільна забяспечвае харч. бяспеку і нарошчвае экспарт с.-г. прадукцыі. Шэраг гаспадарак па сваіх эканам. паказчыках выйшаў на агульнаеўрап. ўзровень. Але ў цэлым аграрны комплекс Беларусі не адпавядае гэтаму ўзроўню, у т. л. і з-за розніцы ў прыродных умовах. У адрозненне ад большасці еўрап. краін Беларусь знаходзіцца ў зоне рызыкоўнага земляробства. Паводле ацэнак Харчовай і сельскагаспадарчай арганізацыі ААН (ФАО) біякліматычны патэнцыял Беларусі ацэньваецца ў 100—121 бал (у Германіі 125—140, Аўстрыі 140—150, Балгарыі 150—170 балаў).
У наш час пры станоўчых тэндэнцыях у вытв-сці с.-г. прадукцыі застаюцца нізкімі прадукцыйнасць раслінаводства і жывёлагадоўлі, захоўваецца высокі узровень выдаткаў на вытв-сць і, як вынік, нездавальняючае становішча ў сельскай гаспадарцы многіх раёнаў краіны. У 2003 колькасць стратных гаспадарак у параўнанні з 1990 павялічылася ў 187 разоў і дасягнула 1,5 тыс. (67,3% агульнай іх колькасці). У выпадку немагчымасці гаспадаркі самастойна выконваць вытв. працэсы праводзіцца яе структурная трансфармацыя: перадача шляхам продажу альбо арэнды маёмасці гаспадаркі камерцыйным структурам або інш. юрыдычным асобам; далучэнне да эканамічна моцнай с.-г. арганізацыі; стварэнне на тэр. бесперспектыўнай гаспадаркі сялянскіх (фермерскіх) гаспадарак з далейшым іх аб’яднаннем у саюзы (асацыяцыі); перавод на інш. віды дзейнасці, у т. л. нясельскагаспадарчай.
Разбурэнне сістэмы дзярж. датацый сельскай гаспадаркі і рост стратнасці галіны прывялі да рэзкага скарачэння закупак тэхнікі і да дэградацыі матэрыяльна-тэхн. базы (гл.табл. 1). У 2003 на 1 тыс.га ворыва прыпадала 13 трактароў (у 1,5 раза менш, чым у 1995), нагрузка на адзін трактар плошчы ворыва за гэты перыяд вырасла ў 1,5 раза і склала 75 га. Значна вырасла нагрузка і на інш. тэхніку, у т. л. на камбайны ў 1,4 раза. Закупкі новай тэхнікі, больш прадукцыйнай і дасканалай, у значнай ступені паправілі сітуацыю.
Асновай сучаснай сельскай гаспадаркі з’яўляецца энергетыка. За гады існавання калект. гаспадарак быў дасягнуты значны прырост энергетычных магутнасцей у калгасах і саўгасах. Ужо ў 1967 усе калгасы і саўгасы, а таксама ўсе населеныя пункты з колькасцю двароў больш за 10 былі электрыфікаваны. Ажыццяўляецца газіфікацыя сельскай мясцовасці, асабліва ў раёнах, пацярпелых ад аварыі на Чарнобыльскай АЭС. З 1990 знізіліся энергетычныя магутнасці, у т. л. ў разліку на 100 га пасяўных плошчаў, вырасла энергаўзброенасць аднаго работніка (гл.табл. 2). З-за недахопу грашовых сродкаў і памяншэння колькасці аўтамабіляў, трактароў і камбайнаў адбываецца падзенне аб’ёмаў набытага для асн. дзейнасці гаручага. За 1990—2003 спажыванне бензіну паменшылася ў 6 разоў, дызпаліва ў 2,6. Найб. механізаваныя галіны — збожжавая гаспадарка і жывёлагадоўля, асабліва на буйных жывёлагадоўчых комплексах.
Асноўныя вытворцы с.-г. прадукцыі — калект. гаспадаркі рознага тыпу (акцыянерныя таварыствы, асацыяцыі, кааператывы), сялянскія і фермерскія гаспадаркі. На 1.1.2004 у краіне 2230 с.-г. прадпрыемстваў (у 1985 іх было 2676), 2493 фермерскія гаспадаркі. На долю фермерскіх гаспадарак прыпадае 2% с,г. угоддзяў і 1,2% валавога збору збожжа, 0,6% вытв-сці малака, 0,7% мяса. Значная роля ў вытв-сці с.-г. прадукцыі належыць асабістым дапаможным гаспадаркам. У 2003 яны выраблялі 90,9% бульбы, 85% агародніны, 27% мяса і 35% малака. Аднак гэтыя аб’ёмы ў значнай ступені залежаць ад падтрымкі індывідуальных вытворцаў с.-г. прадпрыемствамі ў апрацоўцы зямлі, забеспячэнні кармамі жывёлы асабістых сялянскіх гаспадарак.
У краіне створаны сельскія пасёлкі з даволі высокім узроўнем інфраструктуры, пабудаваныя паводле генпланаў: Верцялішкі ў Гродзенскім р-не, Сноў у Нясвіжскім, Леніна ў Горацкім, Крупіца ў Мінскім, Сарачы ў Любанскім, Казловічы ў Слуцкім, Малеч у Бярозаўскім р-не і інш.
На Беларусі з даваенных часоў склалася сетка навуч. і навук. устаноў у галіне сельскай гаспадаркі. У сістэме дзейнічаюць НДІ земляробства, глебазнаўства і аграхіміі, бульбаводства, плодаагародніцтва, аховы раслін, жывёлагадоўлі, меліярацыі і лугаводства і інш., комплексныя абласныя с.-г. доследныя станцыі, эксперым. гаспадаркі, Бел.с.-г. акадэмія, галіновыя універсітэты і акадэміі, каледжы і інш.Навук. і кадравае забеспячэнне мае высокі патэнцыял і не страціла сваіх магчымасцей у наш час.
У сувязі з неспрыяльнымі эканам. фактарамі і сац. ўмовамі замацаванне кваліфікаваных кадраў у сельскай мясцовасці невялікае. Толькі 2/3 выпускнікоў ВНУ і 1/2 тэхнікумаў і каледжаў прыбываюць на месца працы. У большасці гаспадарак існуюць вакантныя месцы спецыялістаў розных кірункаў. Недастаткова высокі ўзровень кваліфікацыі кіраўнікоў і спецыялістаў: асобы з вышэйшай адукацыяй сярод іх складаюць толькі 1/3, з сярэдняй спецыяльнай адукацыяй — больш за палавіну.
Табліца 1 Парк сельскагаспадарчай тэхнікі (ва ўсіх катэгорыях гаспадарак, тыс. штук)
1985
1990
1995
2000
2002
2003
Трактары
116,2
113,4
97,4
72,9
62,4
58,8
Грузавыя аўтамабілі
64,8
74
63,3
42,5
38,7
35,9
Камбайны, у т. л.
збожжаўборачныя
33,9
30,3
22,5
17,1
13,8
13,3
бульбаўборачныя
10,1
8,7
7,2
3,1
2,5
2,2
буракаўборачныя
0,8
1,7
1,5
0,8
0,6
0,8
сіласа- і кормаўборачныя
11
9,3
8,9
7,2
5,7
5,0
ільноўборачныя
4,8
4,7
3,2
1,8
1,4
1,2
Плугі
48,7
42,4
30,8
20,5
17,3
16,5
Сеялкі
38
37,4
27,6
17,6
14,7
13,6
Культыватары
52,9
56,1
38,2
26,1
22
20,8
Касілкі
37,4
29,7
18,7
15,2
12,5
11,8
Жняяркі
6,7
5,4
3
1,6
1,4
1,3
Машыны для ўнясення ўгнаенняў
32,9
32,1
24,9
16,2
13,2
12,2
Табліца 2 Энергетычныя магутнасці (ва ўсіх катэгорыях гаспадарак)