Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КА́БЕЛЬ (ад галанд. kabel канат, трос) электрычны, адзін ці некалькі ізаляваных праваднікоў (токаправодных жыл), змешчаных у ахоўную (звычайна герметычную) абалонку. Выкарыстоўваецца для перадачы на адлегласць эл. энергіі (сілавы К.) або сігналаў (кабель сувязі). Злучаецца кабельнымі муфтамі. Пракладваюцца ў зямлі спец. машынамі — кабелеўкладчыкамі, у вадзе з дапамогай кабельных суднаў.
Сілавы К. звычайна трохжыльны, напружаннем да 500 кВ Жылы яго з медзі, алюмінію, часам са сталі; ізаляцыя — з дыэлектрыка, які аддзяляе жылы адна ад адной і ад абалонкі; абалонка — свінцовая, алюмініевая або з пластмасы; ахоўныя пакрыцці — прамочаная кабельная пража, стружачная метал. браня і інш. Сілавыя К. пракладваюць у спец. кабельных збудаваннях (каналах, тунэлях і г.д.), у зямлі (у спецыяльна абсталяваных траншэях), пад вадой. а таксама выкарыстоўваюць у шлангавым выкананні (для падключэння рухомых машын, напр. ліфтаў). Бываюць: з мнагаслойнай папяровай ізаляцыяй, прамочанай маслаканіфольным саставам; масланапоўненыя на напружанне 110—750 кВ (эл. трываласць шматслойнай папяровай ізаляцыі забяспечваецца малавязкім мінер. маслам пад ціскам 0,1—1,5 МПа); газанапоўненыя на напружанне 35—275 кВ (эл. трываласць забяспечваецца газам, звычайна азотам пад ціскам да 3 МПа, які ўводзіцца непасрэдна ў ізаляцыю або ўздзейнічае на абалонку жылы звонку); крыягенныя на напружанне да 500 кВ (жылы з медзі або алюмінію высокай чысціні ахалоджваюцца ў вадкім вадародзе ці азоце да крыягенных т-р — менш за 120 К); звышправодныя на напружанне да 500 кВ і больш (жылы з звышправаднікоў ахалоджваюцца да т-ры ніжэй за крытычную; эл. ізаляцыя — вакуум, вадкі гелій або сінт. матэрыялы, насычаныя холадаагентам). Існуе больш за 1000 тыпаў К. На Беларусі К. выпускаюць акц. т-вы «Гомелькабель» (гл.Гомельскі кабельны завод) і «Мазыркабель» (гл.Мазырскі кабельны завод).
Разнавіднасці сілавых і кантрольных электрычных кабеляў: а — браніраваны для сілавых і асвятляльных установак; б — камбінаваны гнуткі для падачы электраэнергіі да землярыйных і горназдабыўных машын; в — шлангавы асабліва гнуткі для ліфтавых установак; г — масланапоўнены ў стальным трубаправодзе для пракладкі праз водныя перашкоды і інш.; д — браніраваны газанапоўнены пад ціскам дляЛЭП высокага напружання; е — кантрольны для далучэння электрычных прылад і прыстасаванняў кіравання і аховы; 1 — токаправодная.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АРЭ́СТАЎ (Іван Георгіевіч) (нарадзіўся 18.3.1928, вёска Каралеўшчына Заходнядзвінскага раёна Цвярской вобласці, Расія),
беларускі вучоны ў галіне ветэрынарыі. Доктар ветэрынарных навук (1979), прафесар (1981). Скончыў Віцебскі ветэрынарны інстытут (1952). З 1962 працуе ў ім. Працы па фармакалогіі і таксікалогіі фосфарарганічных злучэнняў, ферментных прэпаратах і іх выкарыстанні для прафілактыкі хвароб і павышэння прадукцыйнасці жывёл, па паразіталогіі свіней, вывучэнні фармакалагічных сродкаў для лячэння і прафілактыкі хвароб страўнікава-кішачнага тракту.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АЎТАГАСПАДА́РКА,
прадпрыемства, якое самастойна распараджаецца сваімі фін. сродкамі, рухомым саставам (грузавымі і легкавымі аўтамабілямі, аўтобусамі і інш.), рамонтна-абслуговай базай (майстэрні, склады, адм.-быт. памяшканні і інш.), тэрыторыяй, абсталяванай для захоўвання тэхнікі (гаражы, павеці, участкі для падагрэву рухавікоў і інш.). Бываюць ведамасныя (абслугоўваюць тэхнал. працэс пэўнага прадпрыемства ці перавозяць сваіх работнікаў) і агульнага (перавозяць людзей на вызначаных маршрутах ці грузы па заяўках заказчыкаў) карыстання.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АЎТАДРЫЗІ́НА (ад аўта... + дрызіна),
самаходны сродак рэйкавага транспарту для перавозкі службовага персаналу, механізмаў і матэрыялаў на невял. адлегласць. Мае рухавік унутранага згарання магутнасцю 180 кВт, скорасць 50—90 км/гадз. Падзяляюцца на пасажырскія, грузавыя (з пад’ёмным кранам грузападымальнасцю да 3,5 т), мантажныя (з вышкай для мантажных работ); бываюць няздымныя і здымныя, адкрытыя і закрытыя. Да аўтадрызіны пры неабходнасці прычапляюць 1—2 платформы або вагоны. Аўтадрызіна выцесніла дрызіну.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АЧО́С,
верхняе мохавае і травяное покрыва на тарфяных балотах, якое лёгка аддзяляецца ад торфу. Слой звязаны каранямі жывой травяністай расліннасці, рызоідамі, сцёбламі і галінкамі імхоў. У Беларусі таўшчыня ачосу звычайна 10—15 см, найб. 50 см. У ім канцэнтруецца макс. колькасць мікраарганізмаў (і пажыўных рэчываў для іх), адбываюцца асн. працэсы торфаўтварэння. Пры здабычы торфу ачос нарыхтоўваюць асобна або заворваюць. Прыдатны для вырабу кармавых дражджэй, спірту і інш.