СТРЫГО́ЛЬНІКІ паслядоўнікі рэлігійнага ератычнага руху ў наўгародска-пскоўскіх землях у 2-й пал. 14 ст., на чале якога стаяў дыякан Карп па прозвішчу Стрыгольнік (адсюль назва). Адмаўлялі ўвесь інстытут тагачаснай царквы: святароў, канстанцінопальскага патрыярха, царк. таінствы, догмат аб уваскрэсенні мёртвых. Ідэалам С. лічылі апостальскую царкву, і ў рамках першапач. хрысціянства ўстанаўлівалі годнасць чалавека, яго права быць настаўнікам веры ў жыцці. Духоўныя і свецкія ўлады ў 1375 утапілі лідэраў С. у р. Волхаў. Нягледзячы на смяротныя пакаранні, С. працягвалі дзейнасць і ў 1-й чвэрці 15 ст.
т. 15, с. 214
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ТАПАГРА́ФІЯ ВАЕ́ННАЯ,
галіна тапаграфіі, якая выкарыстоўваецца ў ваен. справе для атрымання інфармацыі аб мясцовасці ў інтарэсах баявой дзейнасці войск. Уключае: распрацоўку тэорыі і практыкі тапографа-геадэзічнага забеспячэння баявых дзеянняў, у т. л. арганізацыі і методыкі тапагр. падрыхтоўкі войск: вывучэнне тапагр. карт, аэраздымкаў і інш. дакументаў пра мясцовасць і іх выкарыстанне для кіравання войскамі; распрацоўку спосабаў і сродкаў разведкі мясцовасці, арыентавання і вымярэнняў пры падрыхтоўцы да баявых дзеянняў; складанне баявых графічных дакументаў і інш. Т.в. грунтуецца на дасягненнях геадэзіі, картаграфіі і асновах ваен. навукі.
П.П.Явід.
т. 15, с. 428
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ТАРДЭСІЛЬЯ́СКІ ДАГАВО́Р 1494,
пагадненне паміж Іспаніяй і Партугаліяй аб падзеле сфер калан. захопаў у Зах. паўшар’і, заключанае 7 чэрв. ў г. Тардэсільяс (Іспанія). Дагавор удакладняў лінію падзелу, што станавілі булы рым. папы ад 1493. Паводле Т.д. дэмаркацыйная лінія праходзіла праз абодва полюсы Зямлі і перасякала Атлантычны ак. на адлегласці 370 ліг (больш за 2 тыс. км) ад самай зах. часткі а-воў Зялёнага Мыса (каля зах. ўзбярэжжа Афрыкі). Землі на У ад гэтай лініі прызнаваліся ўладаннямі Партугаліі, на З ад яе — Іспаніі. Т.д. скасаваны ў 1777.
т. 15, с. 440
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ТРУ́МБІЧ (Trumbić) Антэ (17.5.1864, г. Спліт, Харватыя — 17.11.1938),
харвацкі і югаслаўскі паліт. дзеяч. Д-р права (1890). Вучыўся ва ун-тах Заграба, Вены і Граца (Аўстрыя). З 1 894 чл. харвацкай (далмацінскай) Партыі права. У 1895—1918 дэп. Далмацінскага сабора і аўстр. парламента. Заснавальнік ліберальна-бурж. Харвацкай партыі (1905), якая выступала за харвацка-сербскае збліжэнне. З 1915 старшыня Паўднёваславянскага камітэта; ад яго імя падпісаў Корфскую дэкларацыю 1917 аб стварэнні Каралеўства сербаў, харватаў і славенцаў (з 1929 Югаславія), міністрам замежных спраў якога быў у 1918—20.
т. 15, с. 536
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ТУРНА́ЕЎСКАЕ КАМСАМО́ЛЬСКАМАЛАДЗЁЖНАЕ ПАДПО́ЛЛЕ ў Вялікую Айчынную вайну.
Дзейнічала ў жн. 1943 — чэрв. 1944 у в. Турная Кобрынскага р-на Брэсцкай вобл. У канцы 1943 аб’ядноўвала 17 чал. (кіраўнікі У.А.Юхімук. П.П.Казлюк). Падпольшчыкі мелі сувязь з партызанамі, для якіх здабывалі звесткі разведкі, зброю, боепрыпасы, адзенне, харч. прадукты. Прымалі ўдзел у «рэйкавай вайне» на чыгунках на Пінск і Івацэвічы, распаўсюджвалі сярод насельніцтва зводкі Саўінфармбюро, вялі агітацыю сярод моладзі. У барацьбе з ням. фашыстамі загінулі 6 падпольшчыкаў. У памяць аб падпольшчыках у вёсцы пастаўлены помнік.
т. 16, с. 49
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
УКЛО́НСКІ Аляксандр Сяргеевіч (5.11.1888, г. Гомель — 16.2.1972),
савецкі мінералог і геахімік. Акад. АН Узбекістана (1943). Скончыў Маскоўскі ун-т (1914). З 1920 праф. Сярэднеазіяцкага ун-та (Ташкент), адначасова з 1930 у Сярэднеазіяцкім політэхн. ін-це. Навук. працы па геахіміі неарган. злучэнняў і прыродных вод, праблеме парагенезісу серы і нафты. Прапанаваў геахім. класіфікацыю прыродных мінералаў, увёў уяўленне аб перамешчаных мінералах Распрацаваў аптычны метад даследавання мінералаў — метахраматызм.
Тв.:
Проблемы минералогии и геохимии Избр. тр. Ташкент, 1982.
Літ.:
Биографический словарь деятелей естествознания и техники Кн. 2. М., 1959;
А.С.Уклонский. Ташкент, 1968.
т. 16, с. 191
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
УЭ́СЕКС (Wessex),
раннесярэдневяковае каралеўства англасаксаў на ПдЗ Англіі. Засн. ў пач. 6 ст. саксамі ў ходзе англасаксонскага заваявання Брытаніі. З 740 пад уладай Мерсіі. У 825 яго кароль Эгберт вызваліўся з-пад улады Мерсіі і аб’яднаў б.ч. краіны, якая з гэтага часу стала наз. Англіяй. У канцы 9 ст. пасля цяжкага змагання са скандынавамі кароль Альфрэд Вялікі вымушаны заключыць дагавор аб падзеле краіны (ПдЗ з У. застаўся пад яго ўладай). У гіст. л-ры праўленне Альфрэда традыцыйна лічыцца завяршэннем гісторыі У. і пачаткам гісторыі Англіі.
т. 16, с. 297
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ФАУНІСТЫ́ЧНЫ КАДА́СТР,
сістэматызаваны збор звестак аб сукупнасці відаў дзікіх жывёл, якая гістарычна-эвалюцыйна склалася на пэўнай тэрыторыі (акваторыі). Аб’ект уліку — жывёлы, што пастаянна, часова або выпадкова існуюць у стане натуральнай свабоды на тэр. краіны. Уключае звесткі пра катэгорыі колькасці і распаўсюджанасці віду, гасп. статус, тэндэнцыі змены стану. Прызначаны для інфармавання пра аб’екты жывёльнага свету з мэтай захавання іх біял. разнастайнасці, кантролю за зменамі ў жывёльным свеце, распрацоўкі мер па рацыянальным выкарыстанні дзікіх жывёл і ўзнаўленні рэдкіх і знікаючых відаў і інш.
П.І.Лабанок.
т. 16, с. 337
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ФІ́ЗІКА БЕТО́НУ,
раздзел навукі аб будаўнічых матэрыялах, што пераважна разглядае фізіка-мех. ўласцівасці бетону ад дзеяння знешніх і ўнутр. сіл пры розных напружаных станах. Вырашае тэарэт. пытанні тэхналогіі бетону, прапаноўвае новыя метады кантролю якасці і разліку саставу бетону з улікам яго тэхнал. і структурных уласцівасцей, метады кантролю якасці бетону, распрацоўвае метады мадэльных даследаванняў напружанага стану бетону і жалезабетону і інш. На Беларусі даследаванні па Ф.б. праводзяцца з 1959 у Бел. НДІ буд-ва і Бел. нац. тэхн. ун-це.
Літ.:
Ахвердов И.Н. Основы физики бетона. М., 1981.
Я.М.Кавалёў.
т. 16, с. 373
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ФІЛАФЕ́Й,
рускі публіцыст 1-й пал. 16 ст., адзін з ідэолагаў іасіфлян. Манах Елеазарава манастыра ў г. Пскоў. Аўтар шматлікіх пасланняў да вял. кн. Васіля III, цара Івана IV і інш. асоб. У лістах да Васіля III найб. паслядоўна выклаў канцэпцыю «Масква — трэці Рым» (пераемнасць Масквы як сусв. паліт. і царк. цэнтра пасля страты гэтай ролі «другім Рымам» — Канстанцінопалем і, адпаведна, улады маскоўскіх вял. князёў ад рым. і візант. імператараў, «богаабранасць» рус. народа і г.д.), якая разам з «Паданнем аб князях уладзімірскіх» пакладзена ў аснову афіц. ідэалогіі рас. самадзяржаўя.
т. 16, с. 390
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)