АГАРО́ДНІКІ,

сяляне ў ВКЛ, якія пасяляліся на невял. дзялянках зямлі, за што абавязваліся выконваць пэўныя павіннасці. Агароднікі давалі па 3 маргі (1 морг — 0,71 га) зямлі і сялілі вёскамі па 10—20 двароў паблізу фальваркаў. За надзелы агароднікі адпрацоўвалі на землеўладальніка 1 дзень у тыдзень без каня, а іх жонкі — 6 дзён за лета. У час валочнай памеры ў катэгорыю агароднікаў пераводзілі чэлядзь. У 18 — 1-й пал. 19 ст. агароднікамі называлі сялян, якія мелі толькі хату і агарод.

т. 1, с. 71

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АТЛА́САЎ (Уладзімір Васілевіч) (каля 1661—64—1711),

рускі землепраходзец. Сібірскі казак. У 1697—99 здзейсніў паходы на Камчатку, заснаваў астрог Верхнекамчацкі, абклаў данінай мясц народы. У 1701 за далучэнне Камчаткі да Расіі атрымаў чын казацкага галавы. Упершыню рознабакова апісаў прыроду і насельніцтва Камчаткі, даў звесткі пра астравы і землі паблізу ад Камчаткі і Чукоцкага п-ва, пра Курыльскія а-вы і Японію. Забіты ў час бунту служылых людзей. Імем Атласава названы бухта і вулкан на Курыльскіх а-вах.

т. 2, с. 74

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЁРДСЛІ, Бердслей (Beardsley) Обры Вінсент (24.8.1872, г. Брайтан, Вялікабрытанія — 16.3.1898), англійскі мастак-ілюстратар. Вучыўся ў Вестмінстэрскай маст. школе (1891). Зазнаў уплыў Э.Бёрн-Джонса, звяртаўся да прыёмаў яп. гравюры. Развіваў сімвалічныя тэндэнцыі мастацтва позніх прэрафаэлітаў. Шматлікія малюнкі Бёрдслі (іл. да час. «Жоўтая кніга», які ён выдаваў у 1894—95, і «Савой», 1896, да «Саламеі» О.​Уайльда, 1894), адметныя вытанчанасцю і дэкар. элегантнасцю вобразаў, віртуознай гульнёй тонкіх ліній і сілуэтаў, адыгралі важную ролю ў фарміраванні графікі стылю «мадэрн».

т. 3, с. 136

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЖАСТО́ЎСКІ (Ігнацы) (1823—75),

адзін з кіраўнікоў паўстання 1863—64. З роду Бжастоўскіх. Вучыўся ў Мінску і Маскве, атрымаў юрыд. адукацыю. Працаваў старшынёй палаты крымінальнага суда ў Магілёве. У маі 1862 удзельнічаў у з’ездзе «белых» у Вільні як прадстаўнік Магілёўскай губ. У час паўстання чл. грамадз. камісіі ў Сенненскім пав., магілёўскі паўстанцкі ваявода. Распаўсюджваў сярод сялян нелегальную л-ру на бел. і польск. мовах. У канцы 1863 арыштаваны, пасля следства сасланы ў Енісейскую губ., там і памёр.

т. 3, с. 138

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«БІБЛІОТЭ́КА ВАРША́ВСКА»

(«Biblioteka Warszawska»),

польскі навук.-літ. штомесячнік. Выдаваўся ў 1841—1914 у Варшаве на польск. мове. Да заснавання час. «Атэнэум» (1876) быў адзіным у Варшаве навук. выданнем энцыклапедычнага характару. Друкаваў працы па гісторыі, філасофіі, этнаграфіі, л-ры, мастацтве, геаграфіі, прам-сці, біяграфіі польск. і зарубежных дзеячаў, хроніку, крытычныя артыкулы, агляды перыяд. друку, бібліягр. звесткі. Змяшчаў таксама артыкулы па гісторыі, фальклоры, этнаграфіі, геаграфіі і гаспадарцы Беларусі. Выйшла 295 тамоў (кожны том складаўся з 3 сшыткаў).

А.​Ф.​Літвіновіч.

т. 3, с. 139

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВЯ́ЗЫНКА,

гарадзішча 2—5 ст. штрыхаванай керамікі культуры каля в. Вязынка Маладзечанскага р-на Мінскай вобл. Пляцоўка ўмацавана валам, абарончай драўлянай сцяной (за час існавання тройчы аднаўлялася пасля пажараў), з паўн.-зах. боку — ровам. У 2 будаўнічых гарызонтах выяўлены ямы-паграбы і рэшткі драўляных жытлаў: у ніжнім — вял. 3-камернага з падковападобным агнішчам, у верхнім — верагодна, жытлаў слупавой канструкцыі.

Знойдзены фрагменты глянцаванага і падглянцаванага посуду, рабрыстых і слоікападобных пасудзін, жал. прылады працы, гліняныя прасліцы і інш.

т. 4, с. 341

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДУБ, дубок,

выдзеўбаная дубовая лодка, вял. човен. Рабілі пераважна ў бас. Дняпра і Прыпяці, дзе яны хадзілі да канца 19 ст. Памеры залежалі ад дыяметра ствала дрэва і прызначэння. Выкарыстоўваўся для перавозкі грузаў і людзей, рэгулявання сплаву лесу (плытоў), у якасці платформы для парома. Прыпяцкія Д. ў час разліву замянялі паромы, маглі перавозіць 2 параконныя вазы. З-за драпежнага вынішчэння гаёў у 2-й пал. 19 ст. рабілі дашчаныя Д. з хвоі і асіны.

Н.​І.​Буракоўская.

т. 6, с. 239

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«ДЫНА́МА»,

стадыён у Мінску. Адкрыты ў 1934, рэканструяваны ў 1939. Асн. збудаванні ў час Вял. Айч. вайны разбураны. Новы стадыён пабудаваны ў 1947—54 (арх. М.​Колі, М.​Паруснікаў і інш.). Рэканструяваны ў 1978—80 (арх. С.​Баткоўскі, М.​Гаўхфельд, Л.​Гельфанд, Ю.​Спясіўцаў) да Алімпійскіх гульняў 1980 для папярэдніх спаборніцтваў па футболе. На трыбунах больш за 50 тыс. месцаў. Каля аднаго з уваходаў на тэр. стадыёна размешчана дэкар. скульптура «Бег» (1980, скульптар В.​Занковіч).

Стадыён «Дынама» ў Мінску.

т. 6, с. 284

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДЭЗЕРЦІ́РСТВА (ад франц. déserteur),

воінскае злачынства, якое заключаецца ў самавольным пакіданні вайск. часці або інш. падраздзялення з мэтай ухілення ад ваен. службы. Паводле заканадаўства Рэспублікі Беларусь Д. лічыцца таксама няяўка ваеннаслужачага з той жа мэтай на службу пры назначэнні, пераводзе, з камандзіроўкі, водпуску або з лячэбнай установы. Адказнасць за Д. настае незалежна ад працягласці часу, на працягу якога ваеннаслужачы знаходзіўся па-за межамі часці ці месца службы. Д. караецца пазбаўленнем волі, у ваенны час — нават пакараннем смерцю.

т. 6, с. 326

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДЭСПАТЫ́Я,

тое, што дэспатызм, адна з форм дыктатуры. Была пашырана ў стараж.-ўсх. (Асірыя, Вавілонія, Егіпет, Індыя, Іран, Кітай і інш.) і сярэдневяковых краінах — Багдадскім (Абасідаў) халіфаце (8—9 ст.), Візант. імперыі (да 12 ст.), Асманскай імперыі (14—16 ст.), дзяржаве Вялікіх Маголаў у Індыі (16—17 ст.) і інш. У цяперашні час у пераносным сэнсе ўжываецца вытворнае ад Д. слова «дэспат», якім пазначаюць самаўладнага, бязлітаснага чалавека, які не лічыцца ні з чыімі думкамі і жаданнямі.

т. 6, с. 358

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)